ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
II фестываль кнігі “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”
Чытка забароненай п'есы Кандрата Крапівы была прызначана на дванаццаць ночы

24 чэрвеня – 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага

24 чэрвеня – 120 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага
Іншыя навіны

Майстар беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы сваімі творамі стварыў шырокую панараму чалавечага жыцця на пераломных этапах гісторыі нашай краіны, выявіў багатыя вобразныя магчымасці беларускай мовы.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) захоўваецца самая буйная калекцыя твораў пісьменніка (як прыжыццёвыя, так і больш познія выданні) і літаратуры аб ім. Даведацца пра гэтыя дакументы можна праз электронны каталог. У зводным ЭІР “Нацыянальная бібліяграфія Беларусі” знаходзіцца інфармацыя і пра тыя публікацыі, якія ў НББ адсутнічаюць. Лічбавыя копіі асобных твораў К. Чорнага з перыядычных выданняў прадстаўлены у віртуальным рэсурсе “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”. Звесткі пра жыццё і творчасць пісьменніка можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях” і ў віртуальным праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”.

Кузьма Чорны (сапраўднае імя Мікалай Карлавіч Раманоўскі, 1900–1944) нарадзіўся ў вёсцы Боркі Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер в. Жабчава Капыльскага раёна Мінскай вобласці). Самым дарагім месцам на зямлі стала для пісьменніка мястэчка Цімкавічы, адкуль паходзілі бацькі і куды сям’я пераехала ў 1908 г. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Беларускім дзяржаўным універсітэце.

chorny7.PNG

З 1923 г. уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. У 1926–1931 гг. быў старшынёй літаратурнага аб’яднання “Узвышша”, з 1927 па 1931 г. – галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса.

chorny6.PNG

У 1938 г. Кузьма Чорны быў беспадстаўна арыштаваны, 8 месяцаў правёў у мінскай турме. У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, пісаў артыкулы, адозвы, фельетоны.

Свае творы пісьменнік падпісваў уласным прозвішчам, крыптанімамі М. Р., М. Р-скі, К. Ч., псеўданімамі Максім Алешнік, М. Біруля, Ігнат Булава з-пад Турава, Вясёлы, Сымон Чарапкевіч, К. Чорны і інш. Ён аўтар зборнікаў апавяданняў “Срэбра жыцця” (1925), “Па дарозе” і “Хвоі гавораць” (1926), “Вераснёвыя ночы” (1929), “Нянавісць” і Буры” (1930), “Вялікае сэрца” (1945), аповесцей “Лявон Бушмар” (1930), “Вясна” (1931), “Люба Лук’янская” (1937), “Насцечка” (1941) і інш.

У гісторыю беларускай літаратуры К. Чорны ўвайшоў і як майстар буйных празаічных твораў. Раманы “Сястра” (1927–1928), “Зямля” (1928), “Вецер і пыл” (1927–1929), “Ідзі, ідзі” (1930), “Бацькаўшчына” (1932), “Трыццаць год” (1934), “Трэцяе пакаленне” (1935), “Пошукі будучыні” (1943), “Вялікі дзень” (1941–1944), “Млечны шлях” (1944), “Сумліцкая хроніка” (1941–1944) лічацца сапраўдным дасягненнем айчыннай прозы, вылучаюцца глыбокім гісторыка-філасофскім зместам, напружаным, аналітычным псіхалагізмам. Некаторыя з раманаў засталіся незавершанымі. К. Чорны – таксама аўтар п’ес “Бацькаўшчына”, “Базылевічава сям’я”, “Ірынка” і інш. Ён пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. С. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага, М. Горкага, У. Караленкі.

Кузьма Чорны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалём. На яго радзіме (аграгарадок Цімкавічы Капыльскага раёна) заснаваны Літаратурны музей Кузьмы Чорнага – філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Імем славутага пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Нясвіжы, Бабруйску, Слуцку.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Чытайце таксама:


Навіны

Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

27 Ліп 2021

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося пленарнае пасяджэнне выставачна-асветніцкага мерапрыемства, прысвечанага 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага, і адкрыццё фотавыставы “Пецярбург Дастаеўскага”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мой чытацкі спіс: навошта ім дзяліцца і ў чым наогул сэнс

28 Ліп 2021

У эпоху Інтэрнэту ўсё наша жыццё навідавоку. Фотаздымкі з паездак, душэўныя пасты ў сацсетках, нататкі пра хобі і любімыя фільмы хутка становяцца здабыткам грамадскасці – і нават чытанне. Што прымушае нас весці свае чытацкія дзённікі? Пахвальба, жаданне самасцвердзіцца ці проста прага да самавыяўлення? Давайце разбірацца – у спісах, кнігах і саміх сабе.

Аўтарскі погляд

“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

23 Ліп 2021

22 ліпеня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”, на якой упершыню дэманструюцца разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю

23 Ліп 2021

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу, якія добрыя ілюстрацыі ў дзіцячых кнігах? Яны лёгкія, пяшчотныя, прыемныя воку і сэрцу – адно задавальненне... Праўда, мы зусім не ўспрымаем іх усур'ёз. У рэшце рэшт, гэта ж для дзяцей, а значыць, там шмат спрашчэнняў, умоўнасцей і зусім ніякай сур'ёзнасці, так? А вось і не. Кніжная ілюстрацыя можа быць сур'ёзнай, дакладнай і нават цалкам навуковай – не губляючы пры гэтым свайго чараўніцтва. Сёння мы пагаворым пра Сесіль Мэры Баркер, сапраўдную каралеву кветкавых фей, і пра батанічную ілюстрацыю.

Аўтарскі погляд

23 Ліп 2021

Пра бібліяаптэку мы яшчэ пагаворым. А зараз – пра рэчы не менш важныя. Свой першы твор Янка Купала напісаў па-польску, Якуб Колас – па-руску. Але кожны вярнуўся да родных вытокаў. Рашуча і канчаткова. Так бусел вяртаецца з выраю менавіта ў сваю буслянку…

Навіны бібліятэк

Бібліятэкарам