ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Святочны канцэрт да Дня абаронцаў Айчыны
Запрашаем прыняць удзел у практычным вебінары па дробным рамонце папяровых дакументаў

23 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, вядомага беларускага літаратуразнаўцы

23 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча, вядомага беларускага літаратуразнаўцы
Іншыя навіны

Вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык і педагог М.М. Піятуховіч быў адным з актыўных удзельнікаў працэсу станаўлення і развіцця беларускай літаратурнай навукі.

Міхаіл Мікалаевіч нарадзіўся 23 лютага 1891 г. у в. Алексінічы Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і праваслаўнага святара. Па сямейнай традыцыі атрымаў сярэднюю адукацыю ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 г. скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут і працягнуў навучанне на кафедры рускай мовы і славеснасці ў Петраградскім універсітэце, куды быў накіраваны для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1920 г. па сямейных абставінах быў вымушаны пераехаць у Адэсу, дзе жылі сваякі жонкі. У гэтым горадзе працаваў на розных адміністрацыйна-педагагічных пасадах.

У сувязі з утварэннем БССР і пачаткам працэсу беларусізацыі М.М. Піятуховіч у 1921 г. вярнуўся на радзіму і заняўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. Да 1934 г. жыў у Мінску, працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў педагагічным тэхнікуме. Пасля адкрыцця ў лютым 1922 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Мікалаевіч быў запрошаны чытаць лекцыі па дысцыплінах “Беларуская літаратура”, “Заходнееўрапейская літаратура” спачатку ў званні дацэнта, а з кастрычніка 1926 г. – у званні прафесара. У маі 1926 г. ён стаў дэканам педагагічнага факультэта.

Навуковая кар’ера М.М. Піятуховіча як крытыка і даследчыка беларускай літаратуры пачалася ў 1920-я гг. Яго першыя работы з’явіліся ў друку ўжо ў 1921 г. У верасні гэтага ж года навуковец стаў членам навукова-тэрміналагічнай камісіі, у лютым 1922 г. – даследчыкам, у 1925 г. – актыўным членам Інбелкульта, у 1929 г. – правадзейным членам Акадэміі навук БССР. Валодаючы вялікай працаздольнасцю, адначасова працаваў у Інбелкульце, на кафедры гісторыі беларускай літаратуры, і ў Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук.

У пачатку 1930-х гг. над вучоным навісла пагроза рэпрэсій з прычыны “непралетарскага паходжання” і падазрэння ў нацдэмакратызме. Таму ён вырашыў пакінуць Беларусь і разам з сям’ёй у 1934 г. (па іншых звестках, у 1936 г.) пераехаў на Каўказ. Жыў у Арджанікідзэ, працаваў выкладчыкам славяназнаўства (літаратуры) у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. Аднак рэпрэсіі не абмінулі і яго: 9 студзеня 1937 г. М.М. Піятуховіч быў арыштаваны і адпраўлены ў Мінск, дзе ў выніку быў расстраляны. Згодна з рашэннем Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР быў рэабілітаваны 27 снежня 1957 г.

За свой творчы шлях М.М. Піятуховічу ўдалося зрабіць многае. Ён даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, фальклор, творчасць Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., З. Бядулі, К. Чорнага, Я. Купалы, Я. Коласа, П. Труса, Ц. Гартнага, М. Чарота. Вынікам даследчай дзейнасці сталі шматлікія навуковыя артыкулы і шэраг кніг, прысвечаных беларускай літаратуры і фальклору. Сярод іх – “Францышак Багушэвіч, як ідэолёг беларускага адраджэньня і як мастак” (1925), “Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа” (1927), “Нарысы гісторыі беларускай літаратуры” (1928), “Лірыка і проза Ц. Гартнага” (1928), “Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове” (1928) і інш. Міхаіл Мікалаевіч быў аўтарам уступных артыкулаў да твораў П. Труса (1934, 1935), Ц. Гартнага (1930), зборнікаў Чатырохсотлецце беларускага друку: 1525–1925 (1926), “Сборник белорусской поэзии: в переводах русских поэтов” (1930).

pijatuchovicz_2.jpg

Навуковыя працы вучонага, зроблены ім агляд літаратурна-ідэалагічных плыней XIX–XX стст. мелі істотнае значэнне ў метадалагічных пошуках таго часу. Спадчына М.М. Піятуховіча была высока ацэненая айчыннай навуковай грамадскасцю і забяспечыла яму ганаровае месца ў гісторыі беларускага літаратуразнаўства.

Інфармацыю пра Міхаіла Мікалаевіча Піятуховіча можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Да юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: па старонках беларускіх газет 1921 года

14 Кра 2021

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае знаёміць з даўнімі падзеямі гуманітарнай сферы Беларусі, пра якія 100 гадоў таму ў артыкулах і нататках паведамлялі беларускія газеты.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

14 Кра 2021

На Youtube-канале «Кніга Беларусі» з’явілася відэа, у якім «ажылі» беларускія класікі. Сярод іх – Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і іншыя. Яны рухаюцца, міргаюць, пазіруюць перад камерай. Аўтар праекта і відэарэканструкцыі – Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны бібліятэк

13 Кра 2021

60 гадоў мінула з часу першага палёту чалавека ў космас. Тым самым першым быў Юрый Гагарын — чалавек з сонечнаю ўсмешкаю, якога з Беларуссю радніла не толькі паходжанне — нарадзіўшыся ў былых межах Вялікага Княства Літоўскага, на Смаленшчыне, Гагарын са школы ведаў купалаўскі верш «Хлопчык і лётчык», гаварыў, што ён і падштурхнуў яго да выбару прафесіі.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка Беларусі на вечары беларускай культуры ў Мадрыдзе (+відэа)

13 Кра 2021

9 красавіка ў Мадрыдзе адбылося ўрачыстае мерапрыемства – вечар беларускай культуры, прысвечаны 100-годдзю вядомых беларускіх пісьменнікаў І.П. Мележа і І.П. Шамякіна.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111