ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Новыя дакументальныя набыткі і знаходкі па генеалогіі
Сёння парэшткі Змітрака Бядулі перапахаваюць на Усходніх могілках Мінска

175 гадоў з дня нараджэння археолага, этнографа, гісторыка і фалькларыста Зігмунда Глогера (1845–1910)

175 гадоў з дня нараджэння археолага, этнографа, гісторыка і фалькларыста Зігмунда Глогера (1845–1910)
Іншыя навіны

Творчая спадчына Зыгмунта Глогера ўражвае разнастайнасцю аўтарскіх інтарэсаў і колькасцю вынікаў навуковай працы. Вучоны належыць да тых польскіх даследчыкаў, якія ўнеслі значны ўклад у вывучэнне беларускай гісторыі і культуры, народнай вусна-паэтычнай творчасці.

Зыгмунт Глогер нарадзіўся 3 лістапада 1845 г. у вёсцы Каменка Падляшскага ваяводства. Адукацыяй хлопчыка, акрамя запрошаных у сядзібу настаўнікаў, займаўся яго бацька – чалавек надзвычай шырокіх ведаў. Хатнюю навуку завяршыў прыватны пансіянат Ляшчынскага. У 1865 г. Зыгмунт паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт. У гэты час ён пазнаёміўся з пісьменнікам А. Плугам, будучым стваральнікам манументальнага шматтомніка “Беларускі народ” М. Федароўскім, мастаком М. Андрыёлі. У 1868 г. Зыгмунт стаў студэнтам Кракаўскага ўніверсітэта, дзе вывучаў гісторыю і археалогію.

Hlohier-1.jpg

Навуковая дзейнасць будучага таленавітага этнографа і фалькларыста пачалася ў 16 гадоў, калі ён, зацікавіўшыся побытам і вуснай народнай творчасцю, пачаў збіраць і запісваць абрады, легенды, этнаграфічныя звычаі. У 1869 г. выйшла першая кніга З. Глогера “Вясельныя ўрачыстасці” (“Obchody weselne”), у якой былі і запісы беларускіх народных абрадаў з Брэсцкага і Троцкага паветаў. Асаблівае месца займае зборнік “Польскі год у жыцці, традыцыі і песні” (“Rok polski w życiu, tradycyi i pieśni”), які ўяўляе сабой збор мастацкіх твораў, этнаграфічных запісаў і нарысаў. З. Глогер пісаў пра побыт, звычаі, абрады і вераванні беларускага народа ў артыкулах “Земляробчыя абрады” (1867), “Звычаі людзей з ваколіц Тыкоціна і Бельска” (1868), “Вясельныя назвы, выразы і прадметы, ужытыя пры вясельных народных абрадах на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай” (1877), “Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых” (1877) і інш.

У 1870 г. З. Глогер разам з жонкай, дачкой беларускага пісьменніка А. Ельскага, пераехаў у маёнтак Яжэва пад Тыкоцінам. Лёгкі на ўздым, вечна ў пошуках новых матэрыялаў, вучоны шмат падарожнічаў па родным краі. Сярод цікавых паездак было падарожжа ў Белавежскую пушчу (1881), вынікам якога стаў нарыс “Białowieża”. Матэрыялы пра Беларусь сабраны і ў кнізе “Далінамі рэк: апісанне падарожжаў уздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы” (“Dolinami rzek : opisy podróży wzdłuż Niemna, Wisły, Bugu i Biebrzy”), прадмову да якой напісала Эліза Ажэшка. Уражанні ад падарожжаў па Беларусі публікаваліся таксама на старонках іншых выданняў і артыкулаў (“Podróż Niemnem” і інш.). У Яжэве З. Глогер сабраў багатую бібліятэку, вялікую музейную калекцыю, у якой захоўваліся беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы са збораў Тышкевічаў, М. Федароўскага, А. Кіркора, А. Ельскага і інш.

Hlohier-2.jpg

У падрыхтаванай навукоўцам “Старапольскай энцыклапедыі” (“Encyklopedja staropolska ilustrowana”) змешчаны матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўляным і каменным дойлідстве, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, а таксама вялікая колькасць ілюстрацый. Будучы членам Гістарычнай камісіі Польскай акадэміі навук, Зыгмунт Глогер удзельнічаў у падрыхтоўцы многіх іншых энцыклапедычных выданняў таго часу.

Галоўнымі рысамі З. Глогера як вучонага былі выдатная працаздольнасць і непахісная мэтанакіраванасць. Дзякуючы гэтым якасцям было напісана каля 800 навуковых прац, якія з’яўляюцца краязнаўчай скарбніцай для сучасных даследчыкаў.

З 1983 г. у Польшчы праводзіцца конкурс і заснаваны медаль імя Зыгмунта Глогера за асаблівыя дасягненні ў даследаванні, ахове і развіцці культуры.

Інфармацыю аб жыцці і дзейнасці вучонага, звесткі аб яго работах і біяграфічных матэрыялах, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, можна знайсці ў такіх інфармацыйных рэсурсах як электронны каталог, анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”, Нацыянальная база даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сустрэча з адвакатам аб здачы і арэндзе кватэры

24 Кра 2024

19 красавіка ў рамках акцыі “Бібліяноч-2024” Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў была арганізавана і праведзена бясплатная тэматычная сустрэча з адвакатам “Здаём кватэру ўнаём без парушэння закона: асаблівасці заключэння дагавора найму”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам