ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
У Дзень бібліятэк павіншавалі лепшых па прафесіі (+відэа)
Новы выпуск зборніка “Здабыткі”

17 верасня – 190 гадоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага

17 верасня – 190 гадоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага
Іншыя навіны

У верасні 1830 г. на адной з нарад у гродзенскага генерал-губернатара было прынята рашэнне аб заснаванні ў горадзе Гродна бібліятэкі, якая стала першай публічнай бібліятэкай на сучаснай тэрыторыі Беларусі.

HA NB-imia-J.F.-Karskaha.jpg

Аснову яе фонду склалі добраахвотныя ахвяраванні гарадской шляхты. Доступ да бібліятэчных дакументаў быў адкрыты толькі невялікай катэгорыі асоб: чыноўнікам, дваранам і памешчыкам. Доўгі час бібліятэка не мела свайго памяшкання, фонд амаль не папаўняўся, ад дзяржавы не паступалі грашовыя сродкі. Каб палепшыць стан установы, па прапанове губернатара служачыя горада ў 1859 г. ахвяравалі па 1 % ад свайго заробку. На сабраныя грошы былі выпісаны перыядычныя выданні і набыта некалькі дзясяткаў кніг.

У 1865 г. Міністэрствам унутраных спраў быў зацверджаны статут бібліятэкі, а з 1877 г. яна пачала атрымліваць урадавую субсідыю. Бібліятэкай кіравала праўленне, у склад якога абавязкова ўваходзілі дырэктар Гродзенскай мужчынскай гімназіі і рэктар мясцовай духоўнай семінарыі. Характэрна, што з бібліятэкай звязаны лёс бацькі знакамітага беларускага паэта Максіма Багдановіча: А.Я. Багдановіч, навуковец, педагог, грамадскі дзеяч, узначальваў праўленне ў 1892–1895 гг. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці бібліятэкі і вядомы гарадзенскі гісторык, выкладчык, краязнаўца Я.Ф. Арлоўскі.

Adam_Bagdanovich.jpg

Адам Багдановіч

Пасля ўсталявання ў 1920 г. савецкай улады бібліятэка аб’яднала фонды многіх ліквідаваных устаноў, сюды паступалі таксама каштоўныя кнігі і рукапісы з прыватных калекцый. 1 мая 1940 г. бібліятэка была адкрыта для шырокай публікі, кнігі сталі выдавацца бясплатна. Дакументны фонд павялічыўся да 35 тыс. экз., а колькасць чытачоў дасягнула 4 тыс.

У гады Вялікай Айчыннай вайны большасць дакументаў была незваротна страчана, і толькі невялікая частка фонду захавалася дзякуючы супрацоўніку бібліятэкі М.А. Чарвякоўскаму. Тым не менш, ужо на дзясяты дзень пасля вызвалення горада бібліятэка пачала працаваць. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, кнігі выдаваліся, чытальная зала была пастаянна перапоўнена. З кожным годам аўтарытэт бібліятэкі павышаўся, у 1957 г. ёй было прысвоена імя Я.Ф. Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі, ураджэнца Гродзеншчыны.

Karski.jpg

Сёння абласная навуковая бібліятэка з’яўляецца вядучым інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам, лідарам бібліятэчнай палітыкі ў Гродзенскай вобласці. Да яе ўніверсальнага фонду, аб’ём якога складае больш за 600 тыс. экз. дакументаў на розных носьбітах, электронных інфармацыйных рэсурсаў звяртаецца звыш за 40 тыс. карыстальнікаў. Акрамя таго, ім прадастаўляецца доступ да сусветных ЭІР праз віртуальную чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ).

Бібліятэка паспяхова функцыянуе як метадычны і навукова-даследчы цэнтр вобласці. За добрасумленную, творчую дзейнасць калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і дыпломамі, а па выніках працы 2008 г. стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага працягвае заставацца адным з важных звёнаў бібліятэчнай сістэмы краіны, выконваючы высакародную місію па ўзбагачэнні інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі.

Звесткі як пра саму бібліятэку, так і пра дакументы, ёй прысвечаныя, адлюстраваны ў розных інфармацыйных рэсурсах НББ (фактаграфічная база даных “Беларусь у асобах і падзеях”, электронны каталог і інш.). Матэрыялы да папярэдніх юбілеяў галоўнай бібліятэчнай установы Гродзенскай вобласці публікаваліся на старонках бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” (2000, № 1; 2005 г., № 5).

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам