ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
На філфаку БДУ адбылася прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення першага ў свеце “Буквара”
“Pencil & пэндзаль”: запрашаем на выстаўку кніжнай графікі Паўла Татарнікава

“Зямелька мая дарагая...”

“Зямелька мая дарагая...”
Іншыя навіны

Дарогамі класіка. Літаратурная экскурсія ў вёску Малая Люцынка, дзе жыў і працаваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

І ўсё ж восень – самая лепшая пара для падарожжаў па нашай краіне. Летняя спякота змяняецца прахалодай, расплаўлены асфальт – чырвона-жоўтым дываном сухога лісця. Пад яго шамаценне так добра думаецца і марыцца. Асабліва калі стаіш на падмурку дома паэта, драматурга, рэжысёра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Хата згарэла, а прыступкі засталіся

У вёску Малая Люцынка Валожынскага раёна, дзе ён жыў і плённа працаваў 44 гады, мы завіталі разам з краязнаўцамі: кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры Валянцінай Гіруць-Русакевіч, а таксама настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Пяршайскай школы Ядвігай Калясінскай. Дарэчы, апошняя вырасла на зямлі Дуніна-Марцінкевіча. Хата яе бацькоў знаходзіцца акурат насупраць двара, дзе размяшчаўся фальварак пісьменніка. Аб тым, што маёнтак тут калісьці быў, сёння нагадваюць толькі некалькі прыступкаў, падмурак ды барэльеф з выявай знакамітага дудара.

Мае спадарожніцы распавядаюць, як пабудова выглядала раней. Настаўніца прыгадвае, што пра хату казала яе маці, якая хадзіла ў школу да ўнучак Марцінкевіча:

– Дом быў невялікі, але вельмі ўтульны. У ім заўсёды чулiся гоман, смех, гучала музыка. Тыя, хто займаўся, калі жыў пісьменнік, здзіўлялiся, як у такіх умовах можна было працаваць. Але куфар з рукапісамі быў заўсёды поўны. На жаль, ён згарэў разам з хатай на пажары, які здарыўся тут пасля смерці гаспадара. А вось абгарэлая падлога часткова захавалася. Дакраніцеся да яе, адчуеце неверагодную энергію. Калі сюды завітваюць нашчадкі пісьменніка, яны цалуюць зямлю.

“Дах – лата на лаце”

Барэльеф з’явіўся на падмурку ў 1986 годзе. З гэтай нагоды ладзілі вялікае свята, выступаў Пяршайскі народны тэатр: тут упершыню ажылі Дунінскія персанажы з “Ідыліі”, “Пінскай шляхты”, “Залётаў”.

dm.jpg

Дом бацькоў Ядвiгi Калясiнскай – акурат насупраць двара, дзе стаяла хата Дунiна-Марцiнкевiча

Калі стаіш з заплючшанымі вачыма на прыступках і нібы рыхтуешся ўвайсці ў хату, вельмі добра ўяўляеш, як Вінцэнт Іванавіч піша за сталом верш "Люцынка, альбо Шведы на Літве":

Дом стаіць на пагорку –
лес вакол, алешнік,
Сад за домам, а ў садзе –
грушы, чарэшні.
З ганка ступіш і бачыш –
лес воддаль, яліны...
Дзеліць лес напалам
стужка сіняй Люцыны...

Мяркуючы па тым, што аўтар піша пра свой фальварак, ён жыў сціпла.

Яшчэ далей відаць
двор вялікі магната,
А за гаем направа –
старэнькая хата.
Незайздросная хата,
дах – лата на лаце
Ды затое свая, нібы родная маці.

А вось як апісвае Дунінскія "харомы" статыстычны даведнік 1846 года: “Дом з сасновага дрэва, пад гонтаю. Даўжыня восем, шырыня чатыры сажні. Пры сядзібе – карчма і млынок. Абедзве гэтыя забудовы з яловага дрэва. Млынок невялікі – два сажні ўдоўжкі, два ўшыркі”.

Ліпу абдымалі ўшасцярых

Неад’емнай часткай сядзібы была ліпа. На жаль, зараз яе ўжо няма, але мае спадарожніцы яе яшчэ памятаюць. Ядвіга Зігмундаўна стаіць на месцы, дзе расло дрэва:

– Калі мы былі малыя, то часта гулялі ў яго цяньку. Каб ахапіць ствол, трэба было чалавек шэсць. Не менш, чым мы, ліпу любіў і аўтар. Ён узгадвае яе ў паэме “З-над Іслачы, або Лекі на сон”:

Прыгожыя ў зямлі Аўзонаў
букі і яліны,
Аж неба дасягаюць
мо ix верхавіны,
Ды ліпа, ўласнаю
пасаджана рукою,
Мне здасца прыгажэйшай
і прытым такою,
Што часта
горкія хвіліны асалодзіць
І потнае чало
па працы ахалодзіць.
Яе густое голле
хмарам не ўгражае,
Дык хай яго паўночны вецер
не пужае,
Хай ліпе гурбы снегу
не гнятуць карэння,
І хай яна нас цешыць
зеленню й цвіценнем.
Дазволь свабодны ход
яе жывучым сокам,
Тады й яе чало узнімецца высока.

Кажуць, што пад сваёй ліпай пісьменнік і памёр у снежні 1884-га з кубкам гарбаты ў руках.

– Не верыцца мне нешта, каб 76-гадовы чалавек пайшоў зімой піць гарбату на марозе, – сумняваецца Валянціна Францаўна. – Дакладных звестак, як гэта здарылася, няма.

dm_1.jpg

Ад усіх запіраўся ў каморку

Кажуць, да пераезду Дуніна-Марцінкевіча ў Люцынку ў 1840 годзе яна была глухім, забытым Богам кутком. Калі пісьменнік тут пасяліўся, усё ажыло: дочкі наладзілі школку, паэт заняўся тэатрам і нават стварыў хор. “Ці любілі яго мясцовыя жыхары?” – цікаўлюся ў краязнаўцаў.

– Уявіце сабе, што пазыку пісьменніка на 700 срэбных манет пасля яго смерці аддаў у банк нейкі няграматны чалавек з Люцынкі, – кажа Ядвіга Зігмундаўна.

Тое, што сяляне адносіліся з павагай да Вінцэнта Іванавіча, сцвярджае ў сваіх успамінах пісьменнік, яго былы вучань Ядвігін Ш.: “Умеў нябожчык заахвочваць нас да навукі, умеў строіць жарты, быў для нас добрым; любілі і шанавалі яго акалічныя сяляне і суседзі, але з пісаннем сваім, з думкамі сваімі ад усіх запіраўся ў каморку!”

Нават праз два стагоддзі жыхары Валожыншчыны шануюць творы Дуніна-Марцінкевіча як вялікі скарб. Ядвіга Зігмундаўна ўспамінае:

– Калі ў 2007 годзе памёр мой бацька, на пахаванне прыйшла мясцовая жыхарка. Яна сказала некалькі добрых слоў пра нябожчыка, а потым устала і на памяць прачытала “Люцынка, альбо Шведы на Літве”, чым здзівіла ўсіх прысутных.

Апошні прытулак

Развітваемся з фальваркам пісьменніка і рухаемся да былога фальварка Жаброўскіх “Тупальшчына”. На пагорку раскінуліся могілкі даўніх сяброў Дуніна-Марцінкевіча. У гэтым месцы знайшоў апошні прытулак і сам дудар. Раней на магіле стаяў драўляны крыж з надпісам “Тут спачываюць Вінцэнт, Марыя, Цэзарына Дуніны-Марцінкевічы”, а ў 1957 годзе пабудавалі помнік з мармуровай дошкай. Зараз за ім даглядаюць мясцовыя жыхары, работнікі культуры і вучні навакольных школ.

Дунін-Марцінкевіч заўсёды актуальны, упэўнена настаўніца:

– Як кажуць мае вучні, ён бессмяротны. Хіба ж гэта не так, калі кручкатворства, хабарніцтва, бюракратыя (тэмы, якія аўтар падымаў у сваіх творах) за гэтыя два стагоддзі нікуды не дзеліся.

О, зямелька мая дарагая, ці мала
Ад сваіх ты й ад ворагаў
гора зазнала!
Як тапчу я нагою
мурог твой зялёны
Ці з юначым свавольствам
бягу па загонах,
Дык з трывогай мяне
папярэджвае сэрца:
Асцярожна, каб веліч былога
не сцерці!

Аўтар публікацыі: Вольга Дуброўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе:  рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Кра 2024

Для наведвальнікаў залы мастацтваў (пам. 306) у межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі” падрыхтавана новая кніжная экспазіцыя “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы”, прымеркаваная да 60-годдзя гродзенскай мастачкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам