ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Навагодняя кругасветка”: з надыходзячым 2018-м!
Падзяка калектыву бібліятэкі

Зоркі і васількі сплятаюцца ў “Вянок” у Белдзяржфілармоніі

Зоркі і васількі сплятаюцца ў “Вянок” у Белдзяржфілармоніі
Іншыя навіны

Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Іосіфа Жыновіча адноўлена праграма “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча, створаная калісьці Уладзімірам Мулявіным і “Песнярамі”.


У 1991-м гэта быў не проста ўспамін пра беларускага лірыка Максіма Багдановіча. Гэта быў цыкл песень, які даваў магчымасць адчуць смак мовы – важная тэма, асабліва актуальная на той час. А 100-годдзе Багдановіча было яшчэ адной нагодай прыслухацца, услухацца. Пачуць. І засведчыць – ва ўвесь голас, – што ёсць нацыя, якая натхняла паэта Багдановіча. Нездарма праграма “Вянок”, створаная паводле яго вершаў “Песнярамі”, прагучала ўпершыню ў Бібліятэцы Аб’яднаных нацый у Нью-Ёрку. Нібыта маніфест – для іншых. Аднак патрэбна гэта было найперш на радзіме, якая тады ўсведамляла сябе.

Але праграма цалкам на радзіме была выканана “Песнярамі” толькі адзін раз: 9 снежня 1991 года ў Белдзяржфілармоніі. Вельмі прадуманая як па драматургіі, так і па музыцы, яна выводзіла вобраз паэта, прапаноўвала паразважаць пра яго лёс. Разважлівы тон задае песня “Ой, чаму я стаў паэтам”, і далей мы разам з ім (героем) думаем пра жыццё на радзіме і на чужыне, шукаем шчасця і марым пра каханне пад светлымі зоркамі. Ідзём за зоркай і імкнёмся наперад – не спыніць.

Вянок – гэта кола з кветак. І ў музычным “Вянку” ўсё так. Некаторыя песні з гэтай праграмы мелі свой лёс і ўжо былі папулярныя: “Вераніка” (Ігара Лучанка) і “Зорка Венера” (з музыкай Сымона Рак-Міхайлоўскага). Але праграма нарадзіла яшчэ шэраг хітоў, напрыклад задорную песняроўскую “Лявоніху”. А лірычныя “Слуцкія ткачыхі”? Таксама песня стала гучаць як самастойны твор. Яшчэ некалькі цудоўных лірычных песень гучалі потым у выкананні розных беларускіх артыстаў. Зварот да твораў з цыкла “Вянок” так ці інакш быў. Асабліва калі трэба было ўспомніць Паэта: гучалі пранікнёныя прыгожыя песні “Па-над белым пухам вішняў” ці “У Максіма на кашулі вышыты галубкі”. На гэта папрацаваў кампазітар і аранжыроўшчык Ігар Палівода, стварыўшы рок-оперу “Максім”, – гэта ўжо крыху іншая гісторыя, але таксама натхнёная Багдановічам.

Цяпер у нас ёсць магчымасць пачуць “Вянок” такім, як ён гучаў тады ў разуменні Уладзіміра Мулявіна. І ў гэтым ёсць самая вялікая інтрыга: бо музычны матэрыял цяпер аднаўляўся па захаваных рэпетыцыйных запісах. У “Песняроў” заўсёды быў моцны і адданы фан-клуб з вялікай колькасцю прыхільнікаў у розных гарадах былога Саюза. У прыватнай калекцыі Уладзіміра Пазняка з Масквы знайшоўся аўдыязапіс прагону праграмы “Вянок” у Белдзяржфілармоніі (1991 года). На падставе яго лічбавай копіі і па ініцыятыве яе ўладальніка “Вянок” аднаўляўся ў беларускім аркестры ў поўным аб’ёме: усе 15 песень.

Але 12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, прагучаць яны ў іншых аранжыроўках – Аляксандра Крамко, ён жа дырыжор канцэрта. У ХХІ стагоддзі музыка змянілася, і вядомыя творы могуць набываць новыя адценні. Тым больш, што гэтаму так ці інакш паспрыяюць і іншыя выканаўцы. Найперш аркестр імя Жыновіча, але гэта той калектыў, дзе вельмі паважліва і ашчадна ставяцца да літаратурнай спадчыны і яе музычнага ўвасаблення. Бяруць удзел у канцэрце рок-спявак Ян Жанчак (які асабіста адчуў песняроўскія традыцыі ў працы), Вячаслаў Ісачанка, Андрэй Шчыткавец і Сяргей Шкурдзэ (з гурта “Спадчына”), саліст аркестра імя І. Жыновіча Андрэй Коласаў, вакальны гурт “Дыямант”.

Акрамя канцэрта гледачоў чакае прэм’ерны паказ новага дакументальнага фільма “Пясняр. Сэрцам і думамі”, прысвечанага жыццю і творчасці У.Г. Мулявіна. Фільм прадставіць яго стваральнік – вядомы рэжысёр Уладзімір Арлоў. З творчасцю Уладзіміра Мулявіна яго звязвалі папярэднія рэжысёрскія працы, сярод якіх – самы першы музычны фільм “Песняры” (1971 г.) і фільм-канцэрт “А также цирк” (1983 г.). Фільм зняты на замову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Прадзюсер – Уладзімір Бокун.

Аўтар публікацыі: Ларыса Цімошык.

Крыніца: Звязда

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам