ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Кнігі ў дар школе № 38 і яслям-саду № 92
Лекцыя даследчыка старажытных манускрыптаў Скота Кэрала

Жыццё з рубцом на сэрцы

Жыццё з рубцом на сэрцы
Іншыя навіны

У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя цяжка знайсці асобу больш таямнічую, чым Аляксандр Амвросьевіч Каратай, вядомы нам як паэт Максім Лужанін.

На фоне сваіх шумных і адкрытых калег ён заўсёды быў надзіва стрыманым. Калі гаварылі гучна – адказваў сцішана, калі пераходзілі на шэпт – лічыў за лепшае прамаўчаць. Выпрабаванні, якія выпалі на долю Лужаніна, ператварылі яго ў хітрага Уліса, які на пытанне жудаснага дзяржаўнага Паліфема “хто ты?” адказваў нязменным “ніхто”. І гэтую рэпутацыю “пісьменніка-nemo” ён пранёс праз усё жыццё.

Лужанін меў даволі тыповую для савецкага літаратара біяграфію: нарадзіўся ў вёсцы, рана навучыўся чытаць, скончыў сямігодку, педагагічны (класіка!) тэхнікум, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ, працаваў у часопісах і на радыё. Давяршае гэтую пастараль той факт, што першым творам Лужаніна стаў верш на смерць Леніна, які быў напісаны для школьнай насценгазеты.

У сапраўднае літаратурнае жыццё ўраджэнец Случчыны Аляксандр Каратай акунуўся падчас вучобы ў педагагічным тэхнікуме. Сустрэчы з тагачаснымі літаратурнымі зоркамі абумовілі выбар пісьменніцкага шляху. Дарэчы, у гэтыя часы і з’явіўся псеўданім Максім Лужанін. Сам пісьменнік звязваў з’яўленне псеўданіма са сваім малым ростам: падчас заняткаў па фізкультуры яго заўсёды ставілі ў самы канец шарэнгі, за дзяўчатамі, таму двухсэнсоўнае “Каратай” засмучала яго. Новае ж імя надало маладому паэту ўпэўненасці.

Лужаніна прынялі ў “Маладняк” (з якога ён, аднак, выйшаў) і “Узвышша”, але было б перабольшаннем сказаць, што хлопцу прадказвалі вялікую будучыню. Праз яго раннія вершы праходзіў пафасны нерв, але не было іскры, якая магла б запаліць чытача. Тым не менш, “папяровыя” недахопы кампенсаваліся падчас яскравых жывых выступленняў. Ён быў франтам: люлька, шалік, брыты чэрап. Вядома ж, “касіў” пад Маякоўскага. І не толькі знешне: вершы кшталту “Дзень гневу” з пасажамі пра асадку, якая “пераростае ў гнеўны штых” і нянавісць да “вадкай нэўтральнасьці”, немагчыма спісаць толькі на абставіны эпохі. У гады бестурботнага юнацтва Лужанін быў вясёлым, камунікабельным, вострым на язык маладзёнам, які яшчэ не цураўся шумных кампаній. Прырода надзяліла яго мужчынскай прыгажосцю, і можна не сумнявацца, што экстравагантны Адоніс з вачыма Жана Марэ звярнуў не адну дзявочую шыю.

Максiм Лужанiн-1.jpg

Максiм Лужанiн. На адвароце надпіс: “Сяргею Дарожнаму. У знак многiх нашых разыходжанняў i сварак i ў знак, што я цябе люблю, Сярожка! Макс. 9/IV 31 г.”. З фонда ДМГБЛ

Пісьменнікі таго пакалення луналі ў адносна вольным літаратурным небе, але на мяжы 1920–1930-х гадоў іх крылы трапілі пад востра заточаны ідэалагічны нож. Не пазбег гэтага і Лужанін, на якога абрынуліся разгромныя водгукі крытыкаў з абвінавачаннямі ў мімікрыі і напісанні “маральна гнілых” вершаў. Бязлістасныя мойры ўжо звярнулі ўвагу на нітку яго лёсу. У 1933 годзе Лужаніна арыштавалі па справе “Беларускай народнай грамады” і асудзілі на два гады папраўча-працоўнага лагера. Ён быў высланы ў Марыінск (сёння горад у Кемераўскай вобласці Расійскай Федэрацыі). Сам пісьменнік, па зразумелых прычынах, не любіў згадваць гэты перыяд жыцця. Аднак у адным з позніх інтэрв’ю ён паспрабаваў згладзіць вуглы і патлумачыў свой арышт тым, што тады яшчэ не ўмеў “пісаць дакладна і выразна”, што, напэўна, дало шматлікім нядобразычліўцам магчымасць для адвольнай трактоўкі яго творчасці. Між тым, і сёння гісторыя з высылкай Лужаніна да канца не зразумелая.

У краязнаўчым музеі Марыінска ёсць экспазіцыя, прысвечаная Сіблагу – папраўча-працоўнаму лагеру ў Заходняй Сібіры. Сярод іншых экспанатаў там можна пабачыць стэнд, на якім размешчаны біяграфічныя звесткі пра тых прадстаўнікоў савецкай інтэлігенцыі, якіх бязлітасны Молах сталінскай рэпрэсіўнай машыны некалі загнаў у гэты богам пакінуты кут. Беларускае вока адразу чапляецца за знаёмае імя: Ян Скрыган. Падаецца, што недзе побач павінен быць і Максім Лужанін, але дзіўным чынам стваральнікі экспазіцыі пакінулі яго паза ўвагай. Магчыма, справа ў тым, што замест двух гадоў ён правёў у Марыінску толькі некалькі месяцаў, пасля чаго быў вызвалены. Адразу ўзнікае жорсткае, але заканамернае пытанне: чаму? Па шырокім мінным полі адказаў на яго трэба ісці асцярожна. Тым не менш, у пісьменніцкім асяроддзі шэптам выказваліся непрыемныя для Лужаніна здагадкі.

Чаго граху таіць: наша савецкае мінулае – гэта недаследаваны акіян. Аднаму толькі Богу вядома, якія таямніцы захоўваюцца пад тоўшчай гэтых цёмных вод. Час ад часу бурлівыя хвалі выкідваюць на бераг жудасных пачвар, якія сціскаюць у сваіх кіпцюрастых лапах то халодны маўзер ката, то абгрызены аловак даносчыка. Аднак як цяжка тут не памыліцца! Зачыненыя дзверы архіваў савецкіх органаў дзяржбяспекі спрыяюць распаўджванню домыслаў. Нечае жыццё было атручана гэтым няведаннем, нечае (будзем шчырымі) наадварот – выратавана. Таму можна пагадзіцца з Маркам Твэнам: праўду варта падаваць так, як падаюць паліто, а не кідаць у твар, як мокры ручнік.

Узвышша.png

Літаратурнае згуртаванне “Узвышша”. У 1-м шэрагу злева направа: Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка, Уладзімір Дубоўка, Максім Лужанін, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва. (Мінск, 1928). З фондаў БДАМЛМ

Пасля вяртання з Сібіры Лужанін у 1935–1941 гадах працаваў рэдактарам-арганізатарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні (“Машвыд”). Разам з ім у Маскву прыехаў і асуджаны па той жа справе Змітрок Астапенка, які, аднак, неўзабаве быў паўторна арыштаваны за “антысавецкую дзейнасць”. Гэтыя шэсць год – чарговая белая пляма ў біяграфіі Лужаніна.

У жніўні 1941 года пісьменнік прызваны ў Чырвоную Армію, накіраваны ў Падольскае пяхотнае вучылішча. У складзе 1075-га стралковага палка 316-й стралковай дывізіі ўдзельнічаў у баях пад Сталінградам, быў кантужаны. Але самае цікавае, што падчас вайны ён служыў і ў ваеннай камендатуры Масквы. У лістападзе 1943 года былы рэпрэсаваны лейтэнант Лужанін нават быў удастоены падзякі ад высокапастаўленага чэкіста – каменданта Масквы генерал-маёра Кузьмы Сінілава (дарэчы, ураджэнца Лоеўшчыны). У характарыстыцы Лужаніна за той жа год прысутнічаюць словы пра яго адданасць “справе партыі Леніна – Сталіна”. Чым займаўся Лужанін у Маскве – невядома. Спектр абавязкаў ваеннай камендатуры быў надзвычай шырокі: ад аховы парадку ў горадзе да барацьбы з тымі, каго камендант Сінілаў у адной са сваіх дакладных запісак на імя шэфа НКУС Берыі называў “варожым, антысавецкім элементам”.

Як бы там ні было на самой справе, але ў 1944 годзе Лужанін быў дэмабілізаваны і нарэшце вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў у рэдакцыях газеты “Звязда” і газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну” (са снежня 1945 года – часопіс “Вожык”). Зноў стаў актыўна друкавацца. Аднак гэта быў ужо зусім іншы чалавек – замкнёны, асцярожны, маўклівы. Замест жывога твару – набор антычных масак. Ад былога Лужаніна засталіся толькі элегантнасць і любоў да прыгожага жыцця (наколькі гэта было магчымым у тагачасных абставінах). У сталіцы БССР яго сустрэлі насцярожана – непрыемныя чуткі распаўсюджваліся вельмі хутка. Пры гэтым, аднак, выдадзены ў 1945 годзе зборнік вершаў Лужаніна “Шырокае поле вайны” (першы за 13 год!) быў мякка раскрытыкаваны.

Максім Лужанін-1942.jpg

Максім Лужанін. 1942 год

У 1946 годзе ў складзе рэпатрыяцыйнай камісіі Лужанін ездзіў па лагерах DP (ад displaced person – “перамешчаныя асобы”), дзе заклікаў былых савецкіх грамадзян, якія апынуліся ў зоне акупацыі заходніх саюзнікаў, да вяртання ў СССР. Няма сэнсу тлумачыць, што на радзіме гэтых людзей збіраліся сустракаць зусім не з хлебам і соллю. Сам Лужанін пра гэта цудоўна ведаў. Прынамсі, калі ў лагеры DP у Рэгенсбургу ён наведаў Антона Адамовіча (былога “ўзвышаўца”), то нібыта папярэдзіў яго, што ў “краіне Саветаў” рэпатрыянтаў чакае Сібір.

У 1947 годзе Лужанін стаў асабістым сакратаром Якуба Коласа, аднак чыя гэта была ініцыятыва, дакладна невядома. Тым не менш, на цэлых дзевяць гадоў ён ператварыўся ў галоўнага літаратурнага памочніка народнага паэта. Сам Колас, верагодна, здагадваўся, што Лужаніна да яго прыставілі не проста так, але ставіўся да такой апекі спакойна. Ніякіх праблем з памочнікам у яго не ўзнікала.

На самой справе Лужанін аказаўся абсалютна на сваім месцы. Яго характару цалкам адпавядала роля чалавека “ў ценю”. Начытаны, інтэлігентны, не пазбаўлены добрага густу літаратар стаў правай рукой Коласа, якому дапамагаў з карэспандэнцыяй і рэдагаваннем твораў. Нават быў першым чытачом і крытыкам апошняга тома коласаўскай трылогіі “На ростанях”. Уражанні ад штодзённых гутарак з жывым класікам набылі матэрыяльную форму ў выглядзе аповесці-эсэ “Колас расказвае пра сябе”, якая і дагэтуль з’яўляецца ледзь не лепшай яго біяграфіяй. Наўрад ці будзе вялікім перабольшаннем сказаць, што гэтая жывая, такая нетыповая для Лужаніна кніга стала яго галоўным творчым поспехам. Сімвалічна, што ў 1965 годзе ён атрымаў за яе літаратурную прэмію імя Якуба Коласа.

За гады сумеснай працы ў Лужаніна склаліся цёплыя адносіны са сваім літаратурным начальнікам, хаця сябрамі іх назваць цяжка. Хутчэй, гэта былі адносіны паміж настаўнікам і вучнем.

Пасля смерці Канстанціна Міхайлавіча Лужанін увайшоў у рэдакцыйную калегію кінастудыі “Беларусьфільм”, з 1967 па 1971 год быў яе галоўным рэдактарам. Напісаў сцэнарыі да мастацкага фільма “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы і дакументальнага фільма “Народны паэт” пра Якуба Коласа. Разам з Аркадзем Куляшовым стварыў сцэнарый да мастацкага фільма “Першыя выпрабаванні” (па матывах трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”) і “Запомнім гэты дзень”. Падчас працы Лужаніна галоўным рэдактарам “Беларусьфільма” былі зняты такія вядомыя мастацкія стужкі, як “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Я, Францыск Скарына”, “Крушэнне імперыі” і інш.

Адзначыўся Лужанін і ў якасці перакладчыка. Дзякуючы яму на беларускай мове загаварылі героі такіх твораў, як “Жыццё Кліма Самгіна” М. Горкага, “Гора ад розуму” А. Грыбаедава, “Вечары на хутары ля Дзіканькі” М. Гогаля, “Маладая гвардыя” А. Фадзеева, “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву” А. Радзішчава, “Яны змагаліся за радзіму” М. Шолахава і інш. Ён пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, І. Буніна, А. Міцкевіча, У. Маякоўскага, У. Сыракомлі. Ю. Тувіма. На 91-м годзе жыцця стварыў пераклад “Чорнага чалавека” С. Ясеніна. Праўда, пагаворвалі, што значная частка гэтых перакладаў належала яго жонцы – Яўгеніі Эргардаўне Пфляўмбаўм (Лужанін як член Саюза пісьменнікаў мог разлічваць на значна большыя ганарары, чым яна). Гэта была неверагодная жанчына, чыё жыццё і творчасць заслугоўваюць асобнага даследавання. Пасля арышту Лужаніна яна паехала за ім у Сібір, прадаўшы сваю багатую бібліятэку, каб набыць квіток. Больш таленавітая, чым муж, яна, па прычынах, якія не мела жадання (а можа, і магчымасці) агучваць, доўгі час не друкавала свае вершы. Самабытны талент Яўгенія Эргардаўна паклала на алтар кар’еры мужа. Ужо пасля яе смерці ў 1996 годзе Лужанін заняўся разборам архіваў сваёй жонкі і паспеў скласці зборнік яе вершаў.

Яўгенія Пфляўмбаўм.jpg

Яўгенія Пфляўмбаўм

У 1960-я гады Лужанін увайшоў у лік аўтарытэтных літаратараў. З 1967 па 1985 гады з’яўляўся членам Вярхоўнага Савета БССР. Між тым, нягледзячы на высокі афіцыйны статус, па-сапраўднаму масцітым пісьменнікам ён так і не стаў. Яго шмат друкавалі, запрашалі на сустрэчы з піянерамі, студэнтамі і творчай інтэлігенцыяй, шматлікія пісьменніцкія кангрэсы, але ў якасці самастойнай велічыні не ўспрымалі. І ён гэта адчуваў, наракаючы на тое, што калісьці яго забудуць. Калі дзяржава, якой Лужанін доўгі час аддана служыў, пачала развальвацца, на яго зноў звярнулі ўвагу. Тым не менш, чытацкую публіку цікавіў не сам пісьменнік, а бездань яго памяці. Жывы сведка гісторыі нашай краіны шмат пра што мог расказаць нашчадкам, аднак нават у гэты адносна вольны час ён не адрозніваўся шматслоўнасцю.

Максім Лужанін памёр у кастрычніку 2001 года, пакінуўшы пасля сябе шмат загадак. Калісьці падчас працы на XXIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Максім Лужанін перанёс інфаркт, які быў залечаны ў амерыканскай клініцы. Сваю публіцыстычную кнігу пра амерыканскі побыт ён назваў “Рэпартаж з рубцом на сэрцы”. Але падаецца, што гэты шрам быў для яго далёка не першым…

“На хвалі часу, у плыні жыцця” – праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса “Маладосць”.

Аўтар публікацыі: Кірыл Мяцеліца.

Крыніца: Маладосць

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіць кніжная выстаўка “І радасць, і турботы, і святло…”, прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння Максіма Лужаніна.

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам