ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Круглы стол “Даследаванне правененцый у Беларусі”
Пасяджэнні Генеральнай асамблеі асацыяцыі EIFL

Жыцця загадкавы палёт

Жыцця загадкавы палёт
Іншыя навіны

Да 65-годзя з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц перакладаў на рускую мову вершы паэтэсы – і нечакана адчуў патрэбу вярнуцца да тых жыццёвых абставін, у якіх нараджаліся яе натхнёныя радкі. Так узніклі фрагментарныя нататкі.


Так узніклі фрагментарныя нататкі.

27 лістапада 1988 года газета “Звязда” змясціла некралог з нагоды смерці Яўгеніі Янішчыц, падпісаны кіраўнікамі ўрада і кампартыі Беларусі, міністэрстваў культуры і адукацыі, знакамітымі дзеячамі літаратуры і мастацтва. У ім гаварылася, што беларуская літаратура панесла цяжкую страту – заўчасна памерла вядомая паэтэса, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, член прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі. Прыгадваўся яе актыўны ўдзел у дзейнасці Камітэта абароны міру, Таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Адзначалася, што яна была ў складзе дэлегацыі нашай краіны на ХХХVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Як і належыць, пералічваліся лаканічныя факты яе нядоўгага жыцця, назвы нешматлікіх, але вядомых кніг…

Памятаю, з якой узрушанасцю чыталі мы гэтыя радкі, бо ведалі з нейкай трывожнай няпэўнасцю і тое, чаго ў іх не было. Яўгенія Іосіфаўна амаль у 40 год трагічна загінула. Неяк самі сабой прыгадваліся прарочыя радкі:

Жывіце і любіце,
Свой беражыце дом.
Як птушку ў зеніце,
Мяне застане гром.
Зямля – мая калыска,
Табе адной відаць,
Што немагчыма нізка
Ні падаць, ні лятаць.

Прарочым здаваўся і ўвесь верш, звернуты да сына-школьніка. Нават назва твора – “На ўсякі выпадак” – цяпер насцярожвала. Здзіўляла нехарактэрная для паэтэсы амаль празаічная, верлібравая інтанацыя, якой дасягалася сапраўды бязмежная шчырасць.

Сын, як заўсёды,
Акуратна рабі ўрокі:
Дысцыпліна – харошая якасць
Не толькі поспеху ў школе.
* * *
І яшчэ: будзь прывязан,
Як можаш,
Да верных сяброў па сэрцы
(Не дай табе Божа мяняць іх на новых),
Бо можа так здарыцца,
Што заўтра –
Не выйду табе насустрэчу.
Мама.

25 лістапада 1988 года яна сапраўды ўпершыню не выйшла насустрач сыну. Застаўся нацягнутым шнур на балконе, на які вешала ў той дзень памытую бялізну. Можа, аступілася неасцярожна, выпадкова сарвалася… Зрэшты, жыццёвыя акалічнасці слыннай паэтэсы былі ў гэты час не самыя спрыяльныя. Трагічная смерць бацькі, развод з мужам – паэтам Сяргеем Панізнікам, амаль не прыхаваная зайздрасць абдзеленых такім талентам вершатворцаў. Ды і аўтамабільная аварыя пад Магілёвам, пасля якой давялося вучыцца не толькі хадзіць, але і жыць па-новаму, ніяк не спрыяла аптымізму. Менавіта тады ці не ўпершыню выдыхнулася: “Я і сама паміж вятроў уся палёт суровы”.

Яна любіла знікаць, нікому нічога не патлумачыўшы. Аднойчы такое здарылася і ў кампаніі, што сабралася ў нумары маскоўскага атэля. Яна выдатна ведала, што менавіта тут у свой час трагічна загінуў Янка Купала. Непрыкметна сышла. Хтосьці занепакоіўся і знайшоў яе на высокім балконе. У адказ пачуў: “Пакінь. Тут я гэтага не зраблю. Я зраблю гэта ў іншы час і ў іншым месцы…” Прыблізна тады ж Яўгенія Іосіфаўна папярэдзіла паэтэсу Соф’ю Шах, чый паэтычны зборнік рыхтаваўся да друку ў кніжным дадатку да часопіса “Маладосць”: “Калі хочаш паспець, каб я была тваім рэдактарам, паспяшайся ўлічыць мае заўвагі...”
“Я не надала гэтым словам асаблівага значэння, – прыгадвае Соф’я Мікалаеўна, – хаця і паспяшалася. Адрэдагаваць яна паспела, а падпісаць у друк – не. Гэта зрабіў іншы рэдактар”.

І ўсё ж не верыцца. Хаця б таму, што і кніга выбраных твораў “У шуме жытняга Святла” заканчваецца такім аптымістычным акордам:

Глядзі, як заранка трапеча
Пад шапкай зялёнай галля!
Мы будзем з табою навечна –
Карэньчык,
Каменьчык,
Зямля.

Класічнымі для беларускай паэзіі сталі і такія яе радкі:

Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.

Яўгенія Янішчыц выдатна адчувала, што “інакш і жыць немагчыма”. Аднак яшчэ ў дваццацігадовым узросце піша верш, прысвечаны бабулі Паланеі, прасякнуты народнай быліннасцю. Заканчваецца ён афарыстычна: “У бабулі Паланеі пяць сыноў і пяць магіл…”. А праз год з’явіўся верш таксама класічнага гучання – “Ля ложка хворай маці”.

Ты ляжыш не на ложку,
а ў жытнёвым полі.
Мама!
Так мне рукі твае не балелі ніколі.
То пасланы ў пакоі не ходнікі –
саматканыя сцежкі-дарогі.
Мама!
Так ніколі твае не балелі мне ногі.

Псіхалагічным рэфрэнам паэтэса надзвычай таленавіта дасягае недасягальнага: “Я прыйшла, як заўжды, цішынёю тваёю сагрэцца. Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца…” Ёй баліць доля маці і яе слова. Гэта не проста пераўвасабленне, а жывое гучанне народнай песеннасці. Прыклады такой лірычнай пранікнёнасці – на кожнай старонцы прыгаданай кнігі. Але шмат у якіх творах – яшчэ большая прастора паэтычнага абагульнення. Ёсць яно і ў заглаўным вершы:

І покуль дыхае планета,
Не вынішчаецца да тла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.

Разуменне паэзіі ў яе было малітоўна святое. І ў той жа час яна падсвядома адчувала спрадвечны трагізм наканаванасці лёсу паэта. Звяртаючыся да яго, прамаўляе:

Ты залатую мрою не дагоніш,
А толькі словам немату загоіш
І выйдзеш зноў – без слова і пяра…
І ты душу сасмяглую напоіш
Сівой расою з роднага двара.

Не, аптымізм яе не быў вонкавым. Глыбінны, а таму амаль заўжды з пераадоленнем трагізму. Нават у вершы “Жывём!”, які пазначаны клічнікам, чытаем:

Мой боль! І хто ў мяне адніме
Пламенне, зыркае да слёз:
Адных – ва ўдушлівай гардыні,
Другіх – у чуласці наскрозь…

Яна пранізліва адчувае, як “сышліся бур і стрэсаў стрэлкі”, што “праз радыяцыю жывём”, а на нас глядзяць “з ціхай вераю вякі”. Але зноў і зноў ратуе адчуванне незямнога палёту на “голас ліры”:

І кожны дзень – гарачы вырай
Здзіўленняў, радасці, клапот.
Так я іду на голас ліры,
Дзе ўсё – фантазія, палёт.

Яна нібыта сама сабе зайздросціць: “Які шчаслівы лёс паэта – з нябачных промняў вобраз ткаць, і заміраць на схіле лета, і ў вольным слове ўваскрасаць…” А заканчваецца гэты прарочы верш радкамі, якія пасля трагічнага сыходу паэтэсы прыгадваліся найбольш часта: “Жыццё маё, і там, на схіле, ты ўсё – загадкавы палёт”.

Цяпер многія даследчыкі творчасці Яўгеніі Янішчыц здзіўляюцца: чаму ў кнізе выбранага няма ніводнага верша з другога па ліку паэтычнага зборніка «Дзень вечаровы»? І зроблена гэта па волі самой паэтэсы. Найбольш грунтоўна і пераканаўча аналізуе гэты факт Тамара Аўсяннікава ў артыкуле «Абнадзееныя дні», што змешчаны ў часопісе “Маладосць”. Спрабуючы разгадаць дружнае маўчанне магчымых рэцэнзентаў гэтага зборніка, яна прыгадвае словы Дзмітрыя Бугаёва: “Кнігі, як і людзі, маюць неаднолькавы лёс. На «Снежныя грамніцы» з’явілася больш дзясятка рэцэнзій. А на зборнік «Дзень вечаровы» аператыўная крытыка не адгукнулася…” Тым не менш менавіта ён атрымаў камсамольскую прэмію Беларусі. Вядомы літаратуразнаўца слушна сцвярджае, што ўзнагарода – за “шчырасць і глыбіню”, за сапраўдную таленавітасць. Але запозненае прызнанне не магло перапыніць шматлікіх перасудаў: маўляў, кніга слабейшая за папярэднюю, а ўганаравана прэміяй. І гэта таксама было не лепшым дадаткам да яе тагачасных жыццёвых абставін.

Абгрунтоўваючы непаўторную паэтычную індывідуальнасць “Дня вечаровага”, Тамара Аўсяннікава слушна гаворыць, што ў вершах з’явілася больш філасофскай развагі і жыццёвай мудрасці, а таксама таго, што чамусьці саромеліся гучна называць патрыятызмам.

Цяпер, калі са мной зямля –
Мае палі, мае дубровы,
Я свята верую, што й шлях,
Абраны мной, беспамылковы.

Усё часцей паэтэса задаецца пытаннем, што значыць яна для Бацькаўшчыны: “Хто я ў лясах тваіх, Радзіма? Радзіма, хто я у палях?” Звяртае ўвагу даследчыца і на верш “Памяці Ёзаса Янішчыца”. Гэта першы муж Жэнінай маці, які не вярнуўся з вайны. Прозвішча бацькі – Патапчук. І колькі ўпэўненасці ў сваёй паэтычнай будучыні трэба было мець, каб сказаць: “Расстралянаму прозвішчу абяцаю жыццё…” Але ж сама просіць дапамогі ў прыроды, каб аберагала яе да таго самотнага часу, пакуль не стане “памяццю зялёнай ля ясяльдзянскага сяла”.

І нельга не пагадзіцца, што “Дзень вечаровы” – кніга сапраўднай паэзіі. “Шкада, – заключае Тамара Аўсяннікава, – што Жэня так балюча ўспрымала папрокі і крытыку ў адрас другой кнігі…”

“А вонкава яе жыццё выглядала, што называецца, на зайздрасць і на дзіва, – напіша пасля адзін з блізкіх сяброў яе. – Прыгожая – і не проста прыгожая, а ўзнёсла грацыёзная, нібыта не сялянскае дзяўчо, а князёўна, блакітная кроў. Таленавітая – і не проста таленавітая, а пазначаная боскім дарам. Пры славе, у еўропах і амерыках бывала, лаўрэат высокіх прэмій, заўсёды навідавоку… Душа яе не хацела і не магла жыць па звыклых законах большасці. Як гэта ні банальна. Я не думаю нават, што ёй шчасна жылося, хораша пачувалася ў паэзіі. Бо яна была абраным, сапраўдным паэтам…”

Зрэшты, знешне сапраўды ўсё было “на зайздрасць і на дзіва”. Як толькі ні называлі яе: “палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца”. Родам Яўгенія Янішчыц з вёскі Рудка Пінскага раёна. Мясціны на рэчцы Ясельдзе. Гэтая мілагучная назва вельмі падабалася юнай паэтэсе. Нават некаторыя свае лісты яна падпісвала “Ясяльдзянка”.

Яшчэ ў сёмым класе паспрабавала скласці верш, прысвечаны Якубу Коласу. А 21 верасня 1965 года адбыўся паэтычны дэбют: шэсць вершаў былі надрукаваныя ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Гэта натхніла і надало ўпэўненасці.

Дыктуе дзень на ўлонні лета
Ёй пра палі і сенажаць.
…Дзяўчынцы хочацца ў паэты,
Што ў катаржанкі – дзе ж ёй знаць?!

А потым – гады вучобы на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Актыўна ўдзельнічала ў літаратурным аб’яднанні “Узлёт”. І сведчаннем яе самабытнага шчодрага таленту сталі кнігі “Снежныя грамніцы”, “Дзень вечаровы”, “Ясельда”, “На беразе пляча”, “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы”, “У шуме жытняга святла”. “Гэта паэзія, якая нячутна, накшталт сонечнага святла, уваходзіць у цябе, каб выклікаць у душы і сэрцы такі ж вясенні сонечны настрой, каб і ты быў падуладны яе магічным чарам, прычасціўся да радасці і ўрачыстасці жыцця», – адгукнуўся Ніл Гілевіч. Анатоль Грачанікаў адзначыў у яе вершах не толькі першароднасць пачуццяў і думак, але і безабароннасць перад людзьмі і светам.

“Чытаючы яе, дакранаешся да чалавека шчырага і чулага, годнага і ўразлівага, самаахвярнага і вельмі самотнага”, – зазначыла Ніна Мацяш. З такім выказваннем ахвотна пагаджаешся, прыгадваючы: “Дзень добры, мама! Гэта зноўку я, уся твая гаркота і надзея”. Або: “Вось вясна сатчэ свае красёнцы, / дол абудзіць пошчак салаўя. / Ўсё міне, а будзе сын і сонца. / І між іх зямлёю буду я”. Трывожнае прадчуванне не пакідала яе. І яно, як гэта, на жаль, бывае ў сапраўдных паэтаў, спраўдзілася.

На надмагільным помніку яна такая ж прыгожая, якой была. З крыламі за спінай. Не ўтрымалі, аднак, яе анёлавы крылы ў загадкавым палёце жыцця. І толькі вершам дадзена ніколі не губляць спрадвечных вышынь паэзіі.

Аўтар публікацыі: Ізяслаў Катляроў.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”, 22.11.2013.

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам