ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Брытанская канстытуцыя як прававы феномен
1 жніўня – 100 гадоў з дня нараджэння В.К. Бандарчыка, вядомага беларускага вучонага-этнографа

"Жонка Купалы ратавала бацьку некалькi разоў…": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя

Іншыя навіны

Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, крытык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, заслужаны работнік культуры. Гэта ўсё – Сяргей Грахоўскі.

Васіль Быкаў, Леанід Прокша, Сяргей Грахоўскі і Міхась Лынькоў

– Таццяна Сяргееўна, які першы твор бацькі вы прачыталі і ў якім узросце?

– Яго першы твор я прачытала па-беларуску, калі ўжо і забыла родную мову. Калі мне было чатыры-пяць гадоў, мы жылі ва Урэччы, і я там размаўляла па-беларуску. Потым у Сібіры яе забыла. А калі ў 1955 годзе бацьку дазволілі адтуль з’ехаць, ён застаўся, каб атрымаць канчаткова “чыстыя” дакументы. І ён тады ізноў пачаў творчую працу. Раней  гэтага сабе не дазваляў, каб не травіць душу. Яму хацелася пісаць па-беларуску, ды гэта было небяспечна, бо яго судзілі як нацыяналіста. Ён пісаў толькі нешта для школы, для самадзейнасці.

Адзін з першых вершаў бацькі, які я прачытала, вельмі люблю. Называецца “Плынь”.

Вецер насустрач, насустрач імклівая плынь.
Хлопец у чоўне, смуглявы і рослы,
Прагна глядзіць і плыве ўдалячынь –
Толькі рыпяць і згінаюцца вёслы…
Шчасце ў кожнай тваёй перамозе,
Шчасце – адолець і вецер, і град,
Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе,
Спынішся – плынню адгоніць назад.

– Калі вы зразумелі, што ваш бацька не такі, як усе? Што ён – пісьменнік…

– Мне заўсёды здавалася, што ў кожнага бацька – нейкая велічыня. Ніколі не думала, што мой больш варты нейкай павагі, чым іншыя.

Адзінае, я саромелася, калі пыталіся: “А хто твой бацька?” Не гаварыла, што ён пісьменнік. Мне здавалася, што гэта неяк нясціпла. Казала: “Працуе ў рэдакцыі. Літаратурны работнік”. А брат Саша, наадварот, любіў казаць: “Мой бацька – пісьменнік”.

Разумела: лёс яго мог скласціся так, што ён назаўсёды застаўся б загадчыкам гаспадаркі ці вартаўніком у школе. 

Увогуле ў нашай сям’і не было пагардлівых адносін да людзей, якія не сталі нейкай там велічынёй. Наадварот, да іх з павышанай увагай адносіліся, таму што гэта была маральная сутнасць маіх бацькоў. 

Аднойчы маці вярталася з Поўдня з Сашам і аддала плашч чалавеку, якому не было на што легчы на вакзале.: “Да цьфу на плашч! Што, чалавек будзе спаць на запляванай падлозе?”. Раніцай той падняўся і сказаў: “Такіх жанчын больш няма”. 

Марыя: – Мне таксама не вельмі падабалася, калі ў школе задавалі пытанне, хто мой дзед. Я вельмі сціпла сябе вяла, саромелася прызнацца, што ён пісьменнік. Калі вучылася ў пятым класе, у школьнай хрэстаматыі па літаратуры быў верш дзеда “Маці”. І мне было трохі няёмка. У школе, вядома, ведалі, што Сяргей Грахоўскі – мой дзед. Мне здаецца, у час вучобы было шмат чаканняў ад мяне як ад яго ўнучкі. Гэта трошкі прыгнятала.

І яшчэ ў школьнай праграме старэйшых класаў быў выдатны верш, прысвечаны маёй бабулі: “Як я жыў без цябе…”

Безумоўна, мы былі ў дзядулі першымі слухачамі таго, што ён пісаў. Любіў нам чытаць і чакаў ад нас нейкай канструктыўнай крытыкі. Прыслухоўваўся, давяраў нашаму густу. Бывае, разбурчыцца: ну што ты хочаш? Неяк балюча ўспрымаў, а потым глядзіш – і пераробіць нейкую страфу ў канцы.

Таццяна: – Некалькі вершаў мне прысвечаны. Адзін з іх, пра нашу сібірскую хату, вельмі люблю, ён называецца “Мой лепшы твор”. Я яго чытала, калі адзначалі бацькава васьмідзесяцігоддзе.

За Уралам, за белай тайгою
Кожнай шыбай, зашклёнай ільдом,
Пазірае ў завею з тугою
Мной калісьці пастаўлены дом…

Бывалі ў бацькі такія вершы, якія адразу бралі ў палон. Некаторыя трэба многа разоў чытаць, услухоўвацца, і толькі потым іх разумееш. 

Паэзія яго з гадамі набірала моц. Ён жа многа прапусціў, для паэта пачынаць у 43 гады – гэта трагедыя. Лепшае ўжо не напісана, маладосць не вернеш. І тым не менш у сталасці бацькам напісана некалькі класічна цудоўных вершаў.

– Ці ўспамінаў Сяргей Грахоўскі дзяцінства?

– Безумоўна. Наогул, уся яго лірыка пра прыроду – гэта ўспаміны пра юнацтва і дзяцінства.

Ён усё жыццё марыў напісаць пра маленства, каб гэта было цікава. І вось нешта ў яго не атрымлівалася. Заўсёды было так: калі што-небудзь заплануе, то зробіць. А вось гэтыя аповесці, звязаныя з дзяцінствам, ён і напісаў, і надрукаваў, але адчуваецца, што ён імі быў не вельмі задаволены.

– Маленства не было змрочным?

– Не. Хоць яно было жабрацкае, вельмі галоднае. 

Сяргей Іванавіч вельмі любіў сваё дзяцінства, юнацтва, Бобрыкаў, да якіх заязджалі пісьменнікі. І з Петрусём Броўкам бацька пазнаёміўся, калі яшчэ быў хлапчуком. Броўка прыязджаў да Бобрыкаў у госці, сябраваў з Янкам Бобрыкам – стрыечным братам бацькі. Яны разам ездзілі на будоўлі. Прычым з нейкімі ленінградскімі пісьменнікамі завярнулі ў Глуск, там выступілі, пагасцявалі, паелі дранікаў, вяндлінкай закусілі. А малы Сяргей Грахоўскі з печы за гэтым назіраў.

– Пазней бацька з Броўкам сустракаўся?

– Так. Былі ў сяброўскіх адносінах, у педінстытуце бацька вучыўся разам з будучай жонкай Броўкі Лёляй. Гэта быў перыяд яшчэ толькі знаёмства закаханых, і Сяргей Іванавіч быў у іх, так бы мовіць, даверанай асобай. Бацька і Купалу ведаў даволі блізка. Яму даручалі браць у класіка інтэрв’ю. І Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, вельмі многа для бацькі зрабіла. Фактычна дапамагла яму вярнуцца ў літаратуру. Два разы бацьку ратавала…

Калі ён вярнуўся ў Мінск пасля лагера, яму трэба было аднавіць копіі дыпломаў. Выпадкова сустрэў Уладзіславу Францаўну разам са сваім рэктарам, настаўнікамі з педінстытута. І Уладзіслава Францаўна заставіла іх, не адкладаючы на заўтра, усё зрабіць для бацькі. Такім чынам, ён хутка аднавіў свае дакументы.

Пасля Сібіры ў бацькі не было надзеі, што ён увойдзе ў літаратуру, марыў, каб яму далі месца ў вёсцы – выкладаць. Але Міністэрства адукацыі не дало згоды. Сказалі, што з такой анкетай ён ім не падыходзіць. Хоць і быў рэабілітаваны.

Сябры дапамаглі бацьку надрукаваць некалькі вершаў у “Маладосці”, у тым ліку там быў і верш, прысвечаны Купале. І потым ён зайшоў у Музей імя Купалы. Сустрэў там Уладзіславу Францаўну, яна завяла яго ў Літфонд: “Янка любіў гэтага хлопца, дапамажыце яму. Уладкуйце на працу, забяспечце жыллём”. Так Уладзіслава Францаўна ўратавала бацьку другі раз.

– З кім з пісьменнікаў яшчэ сябраваў Грахоўскі?

– З Пальчэўскім, Скрыганам, Хведаровічам – людзьмі агульнага лёсу. З тых, хто не быў у лагерах, – з Міколам Лобанам. Вельмі яго паважаў і цудоўны яму прысвяціў верш. І з Нілам Гілевічам сябраваў. Вялюгіна вельмі паважаў. З вялікай павагай і імпэтам ставіўся да паэзіі Куляшова. Заўсёды казаў, што ён – паэт еўрапейскага ўзроўню…

– Ці былі нейкія традыцыі ў сям’і, закладзеныя бацькамі?

– Сяргей Іванавіч любіў сямейныя зборы, вячоркі, застолле. Калі я выйшла замуж, пакуль быў жывы бацька, кожны выхадны ў яго гасцявала. Гэта была абавязковая традыцыя. Безумоўна, ён любіў усе святы. Сам ёлку прыбіраў, і за горад ездзілі.

– Ці любіў падарожнічаць?

– Вельмі, аб’ездзіў увесь Савецкі Саюз. Прымаў удзел у розных днях літаратуры: Ясенінскіх, Някрасаўскіх, Пушкінскіх, Купалаўскіх, Коласаўскіх, Блокаўскіх.

Вельмі многа вандраваў. Нават за мяжой давялося пабыць. У яго была дзіцячая цікавасць да ўсяго. І ўменне захапляцца, радавацца. Заўсёды звяртаў нашу ўвагу: “Паглядзіце, якое неба! Паглядзіце, якія воблакі! Паглядзіце, якая траўка!” У Сібіры захапляўся прыгажосцю прыроды. У яго хапала сілы і энергіі там маляваць. Нават некалькі яго малюнкаў захавалася.

– Ці дома ёсць нейкія асаблівыя фотаздымкі?

– У бацькі так склалася жыццё, што асабістага фотаархіва ніколі не было. І калі вярнуўся ў Мінск, некаторыя здымкі нехта з родзічаў, сяброў падарылі. Больш таго, адзін з яго школьных сяброў з Глуску, калі пачалася вайна, закапаў свае дакументы і здымкі ў зямлю. Заадно і бацькавы лісты. Пасля вайны іх адкапаў і некалькі здымкаў аддаў бацьку.

Таму фотаздымкаў нямнога, і мы іх рупліва зберагаем. Дарэчы, створаны сайт Сяргея Грахоўскага: www.grahouski.org.

– А якія стравы ён любіў?

– Паколькі яго жыццё было цяжкае, казаў: “Я столькі гадоў галадаў, што люблю ўсё”. Але асабліва яму падабаліся простыя беларускія стравы. І ён умеў іх гатаваць. Калі мы дзяржалі парсюкоў у Сібіры, ён сам рабіў вяндліну, каўбасу. І падсмейваўся над карэннымі сібіракамі, бо яны гэтага рабіць не ўмелі. Бацька нават казаў, што маю маці вучыў гатаваць. А потым яна сама навучылася і ўмела лепш за яго.

– Ці былі ў бацькі дрэнныя звычкі?

– Ён смаліў многа. Хаця пасля першага інфаркту, які атрымаў недзе ў 61 год, кінуў. Жыццё ў яго было такое – без цыгарэты ў лагеры цяжка. 

– Ці расказваў ён пра нейкія свае мары?

– У яго былі звычайныя мары для пісьменніка: “Хачу яшчэ пра гэта і пра тое напісаць. Хто, калі не я?”

І калі ён пісаў прозу, мы заўсёды гаварылі: “Бацька, навошта табе гэта? Ты – паэт, і проза – не тваё”. Цяпер разумею, што добрых вершаў напісана шмат, а яго аўтабіяграфічная, дакументальная проза – вельмі вялікая каштоўнасць. Ён стварыў цэлы літаратурны пласт, які прысвяціў трагедыі беларускай культуры 1936–1955 гадоў XX стагоддзя. Бацька стараўся не прапусціць ні аднаго юбілея рэпрэсаваных і загінуўшых пісьменнікаў.

– А былі нейкія захапленні, акрамя літаратуры?

– Вельмі любіў музыку, фальклор, народныя песні. Ён быў вельмі спартыўны. Плаваў, хадзіў на лыжах. Пакуль у Мінску быў снег і каткі, ён нават пасля сваіх інфарктаў туды хадзіў… Яшчэ любіў грыбы збіраць, а ягады – не. Хоць у Сібіры мы з ім збіралі маліну і парэчкі (у маці не было ні часу, ні сіл), таму што садоў там няма.

– Знакамітым людзям наканавана дапамагаць іншым…

– Бацька дапамагаў. Пісаў хадайніцтвы аб рэабілітацыі рэпрэсаваных. Калі пачалася перабудова, нават улез у справу моладзі, якую пасадзілі за тое, што ў час вайны сабралі беларускі гурток, вывучалі родную мову, вершы чыталі. Ён дабіваўся для тых дзяўчат і хлопцаў рэабілітацыі. 

Калі мы жылі ў Сібіры, ён хадайнічаў, каб плацілі пенсіі ўдовам, жабракам, хоць гэта было для яго небяспечна. Яго гэтым упікалі. 

Бацька дапамагаў усім, з кім сядзеў у лагеры. Яму пісалі з усяго СССР, ён адпраўляў і рэчы, і грошы. Нават дасылаў грошы начальніку лагпункта, у якім сядзеў. Той быў станоўчы чалавек і вельмі бацьку паважаў. Ён быў зусім хворы, спіўся ад гора, ад адчування ўласнай віны. Але бацька лічыў яго сумленным чалавекам…

Калі будаваўся Наваполацк, Сяргей Іванавіч туды ездзіў некалькі гадоў, пісаў, кніжку выдаваў. Адтуль прыязджала кранаўшчыца, яна ў нас жыла, таму што вучылася завочна ў тэхнікуме.

Бацька некаму кніжкі адпраўляў, іншаму – халадзільнік грузіў. Камусьці – дзіцячыя рэчы. Калі было яго стагоддзе, у “Полымі” я давала падборку яго лістоў: там сталовай няма, трэба пабудаваць. Ці дапамагчы ўдаве пісьменніка. Камусьці – тэлефон правесці. Іншаму – кватэру трэба даць. І неабавязкова літаратарам, бывала, што людзям з вуліцы дапамагаў. Наогул, яго сацыяльная дзейнасць была бязмерная. Едзе ў Каралішчавічы, бачыць, што не ўбралі жыта, а ўжо снег ляжыць. Знаходзіць каму патэлефанаваць, не злезе, пакуль не скосяць.

А Мінскам як цікавіўся! І з архітэктарамі сябраваў, мастакамі, кампазітарамі. Кожны прыгожы дом калі пабудуюць, абавязкова паедзе і паглядзіць. Архітэктару патэлефануе, падзякуе. Яму ўсё было цікава. Усюды ўлезе, давядзе, пракантралюе, каб зрабілі, калі паабяцалі. Усе справы былі яго. 

– Таццяна Сяргееўна і Марыя, дзякуй за цікавую сустрэчу. Усяго вам самага найлепшага!

(Заканчэнне. Пачатак – у публікацыях 31 ліпеня і 1 жніўня 2020 г.)

Пра літаратуру і літаратараў 1920–1930-х гг. чытайце ў праекце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваным да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928).

Аўтар публікацыі: Вера Гнілазуб Вера.
Фота з архіва сям’і Сяргея Грахоўскага.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам