ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Пявучыя струны душы
Пяць рэформ, якіх патрабуе школьны курс літаратуры

Замак у падарунак

Замак у падарунак
Іншыя навіны

Мiргалi за адчыненым акном
бясконцыя агнi.
О, жыццё!

Жонка Караткевiча не магла жыць без дэтэктываў. Самы дарагi падарунак сваёй каханай – “Чорны замак Альшанскi” – пiсьменнiк рыхтаваў дзесяць год.

УК і ВК.jpg

40 гадоў таму ляглi на паперу гэтыя радкi – апошнiя словы новага рамана Уладзiмiра Караткевiча “Чорны замак Альшанскi”.

Да твора ёсць прысвячэнне: “В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю”.

В.К. – гэта жонка пiсьменнiка, Валянцiна Караткевiч. Уладзiмiр Сымонавiч пазнаёмiўся з ёю, калi паехаў у Брэст на чытацкую канферэнцыю. На мерапрыемства прывялi студэнтаў, а iх куратарка Валянцiна Нiкiцiна сядзела i чытала польскi дэтэктыў. Караткевiча, безумоўна, закранула такая падкрэсленая няўвага. Пасля сустрэчы iх пазнаёмiлi, i Валянцiна Нiкiцiна паблажлiва параiла: “Чаму б вам не напiсаць дэтэктыў? Ну хаця б такi, як «Дзiкае паляванне караля Стаха»”.

Пасля высвятлення, што госць i ёсць аўтар згаданага твора, Валянцiна запрасiла Караткевiча на каву. А таму, вядома, было надзвычай цiкава, што яго новая знаёмая – вядомы гiсторык.

Калi пазней яго пыталiся, чаму ўзяўся за дэтэктыўны жанр, Караткевiч адказваў:

– Ведаеце, я паабяцаў напiсаць дэтэктыў Валянцiне Бранiславаўне, маёй вернай спадарожнiцы жыцця, у першы дзень нашага знаёмства. I я, як рыцар, павiнен стрымаць сваё слова.

Валянцiна Караткевiч сапраўды вельмi любiла дэтэктывы – яе пакой быў спрэс завалены iмi. I сама заяўляла: “Я ўгаварыла Валодзю, i ён напiсаў «Чорны замак Альшанскi» для мяне! Ён – мой рыцар, ён падарыў мне замак!”

Кадр4.jpg

Але, як кажа Адам Мальдзiс, была яшчэ прычына: “Караткевiч балюча перажываў знiжэнне чытацкай цiкавасцi да беларускай кнiжкi i лiчыў, што ўзняць гэтую цiкавасць можна i трэба як «нармалёвым» стаўленнем да вывучэння беларускай мовы, так i стварэннем кнiг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам.

– Мы ўсё пiшам пра тое, як «Ганна завiхалася ля печы», – казаў ён. – А трэба – пра незвычайнае, яркае, таямнiчае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч”.

Пiсаўся раман доўга, гадоў дзесяць. Там вельмi шмат асабiстага. I ўласны жартаўлiвы аўтапартрэт – “Светлы шатэн, вочы сiнiя, нос сярэднi, рот – шчылiнаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда – сумесь варага з познiм неандэртальцам, рукi граблямi, ногi доўгiя, нiбы ў палескага злодзея”. I iранiчная ацэнка ўласнай творчасцi, не без адцення крыўды на крытыкаў:

– Ну а гэты... Караткевiч? – спытаў Шаблыка.
– А нiшто сабе. Толькi чумавы нейкi, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Нiколi не ведаеш, чаго ад яго чакаць...

Сташка Рэчыц.jpg

Угадваецца i Валянцiна Бранiславаўна ў вобразе галоўнай гераiнi Сташкi Рэчыц, маладога археолага. Адам Мальдзiс таксама ёсць: яны з Караткевiчам жылi ў суседнiх дамах каля Старажоўскага рынку, дзе прадавалi ўсялякую жыўнасць. Так што “пад’езд старых кавалераў”, апiсаны ў рамане, мае канкрэтны адрас. Рэальны i выпадак, калi Алеся Гудаса з першага паверха (так названы Мальдзiс) праз вакно напаiлi гарэлкай мужыкi, якiя прыехалi на рынак. Цiкава iнтэрпрэтавалася гiсторыя замка ў Гальшанах, што стаў прататыпам Альшанскага. Да князя, якi забiў сваю жонку, вельмi падобны адзiн з уладальнiкаў Гальшан, Павел Стэфан Сапега, якога вiнавацiлi ў смерцi трох жонак.

Дапiсваў свой апошнi раман Караткевiч у трохпакаёвай кватэры на Карла Маркса, 36. Упершыню “псiхалагiчны дэтэктыў” быў надрукаваны ў часопiсе “Маладосць” у 1979–1980 гадах. У 1983-м кнiга выйшла ў цудоўным афармленнi мастака Пятра Драчова – менавiта з iм Караткевiч выправiцца ў сваю апошнюю вандроўку па Прыпяцi. Ужо не было ў жывых той, каму прысвечаны раман.

I менавiта за гэты твор Уладзiмiр Караткевiч пасмяротна атрымаў Дзяржаўную прэмiю iмя Якуба Коласа.

Паводле рамана зняты фiльм, i вось ужо якi год iдзе гаворка пра тое, каб яго перазняць.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Чытайце таксама:

“Падобны на вялікае дзіця...”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам