ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Невядомы раман Франсуазы Саган
Калядныя чытанні ў галоўнай бібліятэцы краіны

Залатая раніца

Залатая раніца
Іншыя навіны

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Залатая раніца беларускага адраджэння" адкрылася вечарам 27 лістапада ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Яна працягнецца да 18 студзеня пад знакам праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", які з’яўляецца, нагадаем, культурным прадуктам сумеснай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і часопіса “Маладосць”.

І выстава, і імпрэза, якая яе адкрывала, прысвечаны пісьменніцкім юбілеям. Круглыя даты адзначаны і яшчэ будуць адзначаны сёлета ў дачыненні да такіх усім нам вядомых імёнаў, як Міхась Лынькоў, Алесь Якімовіч, Мікола Хведаровіч, Зэлік Аксельрод, Сяргей Дарожны, Лукаш Калюга, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Аркадзь Куляшоў. Сярод гэтых брэндаў і Валерый Маракоў, чый дзень нараджэння супаў з першай прэзентацыяй праекта і быў адзначаны адпаведнай імпрэзай з дэманстрацыяй віртуальнай часткі праекта – унікальнага электроннага рэсурса НББ,  і Паўлюк Трус, пра якога распавядала ў юбілейны месяц у форме захапляльнай лекцыі даследчыца літаратуры Ганна Севярынец, і Адам Бабарэка, чый юбілей не так даўно быў адзначаны цэлай серыяй асобных мерапрыемстваў, у тым ліку асветніцкіх лекцый Ганны Севярынец і Віктара Жыбуля, і Алесь Дудар, якога будзем яшчэ ўспамінаць 27 снежня, а значыць, зноў збяромся ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, каб паслухаць адно аднаго, падзяліцца як даследаваннямі, так і проста ўражаннямі ад творчасці і жыцця.

zalataja-ranica-1.jpg

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Залатая раніца беларускага адраджэння" – сама па сабе падзея дастатковая і важная, нават не гаворачы пра яе адкрыццё. Але пра адкрыццё ўсё ж раскажам, і адразу, на самым пачатку, бо нельга не выказаць захапленне ні гучаннем у якасці песні гурта NAKA, няхай і ў запісе, верша Валерыя Маракова “Адышоўшым”, ні выступленнем навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, якія прыйшлі ў музей са сваім кіраўніком Іванам Міхайлавічам Герасімовічам, каб прачытаць для прысутных вершы нашых слаўных паэтаў. І з беларускай культурай, і з нашым іміджам у свеце, і з нашай годнасцю ўсё ў поўным парадку, калі сучасныя музычныя гурты спяваюць песні на вершы ранейшых паэтаў і калі такія стыльныя, інтэлектуальныя  хлопцы вывучаюць аўтамеханіку, а ў перапынках паміж асвойваннем дыягностыкі аўтамабіляў і асноў кіравання транспартным сродкам, ці, скажам, тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам і асновамі менеджменту (мы, ведаеце, зазірнулі ў іх расклад, у ім, дарэчы, фігуруе – увага! – прадмет “Беларуская мова / прафесійная лексіка”) вучаць на памяць вершы паэтаў-дваццатнікаў і так па-тадышняму, з прачуваннем эпохі іх дэкламуюць. Брава!

zalataja-ranica-2.jpg

Уласна выстава прысвечана перыяду так званай міжваеннай літаратуры, “бадай самаму плённаму ў гісторыі беларускай літаратуры і ў той жа час самаму невядомаму, нерасчытанаму, трагічнаму, па вызначэнні гісторыка літаратуры Анатоля Сідарэвіча, перыяду тэрарызаванай літаратуры, бо, як вядома, вялікая колькасць літаратараў была фізічна знішчана падчас культурнага генацыду канца 1930-х”. Так пачынала сваё выступленне загадчыца навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч. Адзначыўшы, як учэпіста і плённа дзяржаўныя ўстановы – музеі і бібліятэкі, – а таксама асобныя даследчыкі і грамадскія актывісты папулярызуюць літаратуру таго перыяду, ажыццяўляючы розныя праекты, што раскрываюць сярод іншага вартасць той, ранейшай творчасці, якая ў значнай ступені паўплывала на далейшае развіццё беларускай літаратуры, Эліна Свірыдовіч нагадала, што па сутнасці праект “Залатая раніца…”  налічвае ўжо дзесяць гадоў. “Распачаўся ён тады, калі ў нашым музеі прэзентавалася кніга выдавецтва “Беларусі кнігазбор” пад назвай “Расстраляная літаратура. З таго часу штогод музей арганізоўвае выставы пад такой назвай, ушаноўваючы памяць пісьменнікаў таго перыяду, юбіляраў”.

zalataja-ranica-3.jpg

Але сёлетняя выстава адрозная ад папярэдніх, сёлетняя праходзіць пад шыльдай праекта “На хвалі часу…”, і гэта дае магчымасць прадставіць матэрыялы і ў большай колькасці (бо трэба ўявіць, якімі фондамі для яе падрыхтоўкі можна распарадзіцца супольна), і ў алічбаваным фармаце, вытрымаўшы з густам і логікай баланс матэрыялаў капійных і арыгінальных.

Аўтар навуковай канцэпцыі выставы, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Святлана Кажамяка заклікала гасцей звярнуць увагу на паэтаў, прадстаўленых на выставе, як на маладых хлопцаў, якімі яны і прыходзілі ў літаратуру. “Што мы хацелі сказаць гэтай канцэпцыяй, навуковай і адначасова мастацкай? Мы хацелі паказаць юбіляраў года людзьмі свайго пакалення. Літаратарамі 1920-х яны сябе самі называлі, і мы іх так цяпер называем. Калі ж згадваць словы з верша Алеся Дудара, то яны – дзеці рэвалюцыі, сыны Кастрычніка”.

zalataja-ranica-4.jpg

Час, і рэвалюцыя, і Кастрычнік – абышліся з імі нядобра. Аўтар канцэпцыі просіць прысутных на адкрыцці экспазіцыі звярнуць увагу і на асабістыя рэчы ўзвышшаўцаў, і на малочна-белы абрус, за якім збіраліся літаратары пасля бурнага абмеркавання сваёй творчасці, і дружна гаварылі пра жыццё краіны, не толькі літаратурнае.

“Звярніце ўвагу на фотаальбом Міхася Чарота, – працягвае Святлана Кажамяка. – Мы наўмысна пакінулі яго пустым, бо… Час прайшоў, час струшчыў лёсы гэтых людзей, перакруціў іх, пераламаў. Але калі будуць ладзіцца такія вось праекты і выставы, якія мы з вамі ладзім, калі імёны гэтых людзей будуць прачытвацца і прамаўляцца, то альбом гэты перастане для нас быць пустым. Жыццё гэтых людзей працягнецца праз іх творчасць”.

zalataja-ranica-5.jpg

У мастацкім рашэнні выставы звяртае на сябе ўвагу літаральна кожная драбяза – так па-майстэрску, праз эмацыйнасць падышоў да яе афармлення мастак музея Генадзь Чысты. Але асабліва кідаюцца ў вочы лозунгі на кумачы. “Той час быў на іх вельмі багаты, – тлумачыць Святлана Кажамяка, – Але гэта літаратурныя лозунгі. Кожная арганізацыя прыходзіла ў свет са сваім маніфестам. Усе яны, літаратары 1920-х, верылі, што ім дадзена ўсё перайначыць, што пачнецца з іх новая гісторыя беларускай літаратуры”.

Наведаць выставу “Залатая раніца беларускага адраджэння” – значыць, не толькі даведацца больш і атрымаць у душу новае ўражанне, якое зробіць яе багацейшай, але і пацвердзіць, даказаць, прадэманстраваць, што яны, паэты-дваццатнікі, мелі рацыю, мелі права на свае меркаванні, мелі талент, які не згасне, мелі вершы, якія трэба чытаць, прамаўляць і спяваць.

Аўтар публікацыі: Святлана Воцінава.

Крыніца: Маладосць

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам