ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рамантыкі адраджэння. Максім Багдановіч і Міхай Эмінеску
З Днём Незалежнасці!

Загадкі Янкі Купалы. Скрыган пра Песняра

Загадкі Янкі Купалы. Скрыган пра Песняра
Іншыя навіны

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

21 чэрвеня 1986 года Ян Скрыган (на той час ужо нідзе не працаваў – год таму як здаў пасаду адказнага сакратара Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры) накіраваў гэты матэрыял на імя тагачаснага загадчыка аддзела культуры ЦК КПБ Івана Іванавіча Антановіча. У запісцы ад рукі ён пісаў: «Паважаны Іван Іванавіч! Чаму мы так доўга трымаем у тайне тое, што Янка Купала рэзаўся? Мы робім выгляд, што ніхто нічога не ведае, што нічога і не было. А між тым пра гэта ходзіць бог ведае колькі версій, адна за адну мудрэй.

То можа лепш было б хоць адну ды больш-менш пэўную? Яна зафіксавана ў перапісцы між сабою купалаўскіх родзічаў.

З Вашага дазволу можа варта было б дзе-небудзь надрукаваць вось гэты мой "Рубец"?

З паважаннем Ян Скрыган.

Тэл. 310 320».

І прыладзены вось гэты тэкст на трох друкаваных старонках.

Ян Скрыган

Рубец

ніколі я не ўмеў парыцца ў лазні і скрозь зайздросціў тым, хто залазіў на самы высокі палок. Я толькі дзівіўся, як заядлыя аматары з асалодаю хвасталі сябе там венікамі, потым скочваліся ўніз  – блішчастыя і гарачыя, як бы налітыя нейкаю неймавернаю нетутэйшаю чырвонаю сілаю. І аднаго разу мне пашанцавала. Ці, лепш кажучы, магло пашанцаваць.

У лазні Плаўскага, калі я сабраўся ўзяць білет, з-за глыбокага акенца на мяне запабегліва зірнулі спрактыкаваныя вочы магутнай гаспадыні-касіркі.

– Паслухайце, малады чалавек, – сказала яна, – а чаму вы не хочаце ўзяць цэлы нумар? Якраз пустуе, гэта ж такая раскоша. Нумар двайны, але пакуль што мыйцеся вы адны, я з вас і грошы вазьму за аднаго.

Праўда, гэта была раскоша. Нумар з парыльняю. На мяне аднаго. Эх, і памыюся ж я, і напаруся, колькі захачу і як захачу. Два аддзяленні. Першае – мыйня: медзяныя краны з гарачаю і халоднаю вадою, мураваныя тапчаны, на якіх напачатку аж нязручна садзіцца, бо нават пад гарачаю вадою на іх заўсёды чутна слізкая халаднаватасць; мураваная ванна, душ. Другое – парыльня: невысокая печ, у распаленую каменную пашчу якое трэба плескануць вады, а яшчэ лепш, кажуць, піва, каб не толькі шуганула пара, а каб на ўсю парыльню расплыліся найдзівоснейшыя пахошчы; аддаля ад печы, за перагародкаю, прыступкі з цёмна-рудых, тысячу разоў наскрозь прапараных і прашараваных дошак, а на самым версе – палок.

На скорую руку апаласкаўшыся ў мыйні, з душэўным трапятаннем я пераступіў парог парыльні і зачыніў за сабою дзверы. З чаго ж пачынаць?

Найперш я злазіў на палок, каб як след праняцца адчуваннем, што вакол мяне сёння ўсё незвычайнае. Але незвычайнасці ніякай не было. Пах сырых, як бы чутачку падапрэлых дошак. Трохі цяплей, як унізе, відаць, сёння тут яшчэ ніхто не мыўся. Злез, наліў у ражку вады, падумаў, што халоднай можа нядобра, прыбавіў цёплай. Лінуў у пашчу, нямнога, а калі перастала сіпець, падбавіў. Наладзіў так, што можна было лёгка сядзець на прыступках недзе блізкаватага верху. Падымуся вышэй, калі пара крыху спадзе. Бо кончыкі вушэй і ноздры пачынала шчыпаць. Трэба будзе часцей падбягаць сюды, каб нарэшце як след прывыкнуць, падумаў я. Гэта папраўдзе вунь якая асалода.

Недзе падчас вось гэтакіх маіх думак, калі я збіраўся залезці на самы палок, ціха адчыніліся дзверы і ў парыльню ўвайшоў Янка Купала. У адной руцэ ў яго бляшаная ражка, пад пахаю бярозавы венік, у другой – нейкая пасудзіна, не то вялікі кубак, не то келіх. Ён суняўся ў дзвярах. Цела стройнае, маладое, цягавітае. Не загарэлае.

Быстра знізу зірнуўшы на мае прыступкі і, мабыць, пераняўшы выраз майго здзіўлення ці можа нават зляканасці, ён тут жа сваім тонам заспакоіў мяне.

– Дык гэта ты так парышся?  – весела папытаўся ён. – У гэтакім холадзе? Не, чалавеча, такая работа не пойдзе. От зараз я паддам табе свае пары. І пагляджу, які ты парыльшчык.

Ён пашукаў вачыма, куды можна было б дзець бляшаную ражку і венік з-пад пахі. Вялікі келіх ён трымаў перад сабою, няйначай як змесціва яго збіраючыся плескануць у чарэнь печы, і нешта жартоўнае ўсё гаварыў і гаварыў, але я ўжо не чуў. Я няўцямна глядзеў на рубец, што ішоў знізу ўверх наўскасяк па яго жываце, зарубцаваны бугравата, вузламі, няроўна, бо рана сшывалася, мабыць, у спяшанні і не вельмі лёгка.

Я ўспомніў, як колькі немалога часу таму назад хадзілі ўпартыя чуткі, што Купала вельмі ж цяжка хварэў.

То дзякуй жа богу, што ён выжыў.

22.06.83 – 15.10.83.

* І хадзілі чуткі, што ў Купалы быў такі цяжкі прыступ запалення жоўцевага пузыра, што ў трансе, не памятаючы сябе, ён схапіў са стала нож і парэзаў сабе жывот.

Вось такі дакумент. Ці быў ён дзе-небудзь надрукаваны, я не ведаю, бо ні на тэксце, ні на запісцы Яна Скрыгана ніякіх паметак і даручэнняў Антановіча няма, што дзіўна было б для афіцыйнага дакумента. Значыць, гэта было перададзена як прыватнае паведамленне і просьба. А паколькі змест не надта публічны, то і даваць яму афіцыйны ход не выпадала. Так і захаваўся ён без усялякіх даручэнняў і без далейшага руху ні па цэкоўскіх кабінетах, ні па выдавецкіх.

Адна заўвага. Тэкст надрукаваны на машынцы, але не першы экзэмпляр, праўкі некаторых слоў зроблены ручкай. Але вось што цікава. На друкаваных старонках, справа, алоўкам зроблена нумарацыя, ды тыя тры старонкі, што маюцца, пазначаны лічбамі 5, 6 і 7. Значыць, быў і яшчэ нейкі матэрыял? А які – невядома.

Цікавыя назвы

maya_malitva.jpg

выпадкова вока зачапілася за назвы твораў Купалы, якія ўключаны ў Збор твораў. Не па сэнсе і змесце напісанага, а мо нават з-за фармальнай прыкметы. Шукаў яго верш «Мая малітва». Аказалася, падобных назваў вельмі шмат. Вось тое, што ўдалося засведчыць мне ў Зборы твораў.

«Мая малітва», 1906, т.1, с.83.
«Мая малітва», 1912, т.3, с.76.
«Мая вера», 1905 – 1916, т.4, с.53.
«Мая дзяўчынка», 1910, т.2, с.113.
«Мая доля», 1906 – 1912, т.3, с.101.
«Мая думка», 1910, т.2, с.128.
«Мая жонка», 1906 – 1912, т. 3., с.123.
«Мая навука», 1919, т.4, с.67.
«Мая хата з краю», 1906 – 1910, т.2, с.201.
«Мая хатка», 1905 – 1907, т.1, с.233.
«Мая эпітафія», 12.6.1906, т.1, с.79.
«Мае думкі», 1906 – 1910, т.2, с.167.
«Маё сонца правадыр», т.5, с.72.
«Маё цярпенне», 1915, т.4, с.7.
«Мои любимые писатели», т.8, с.201.
«Моим избирателям», т.8, с.201.
«Мой дом», 1910, т.2, с.112.
«Мой край», 1910, т.2, с.133.
«Мой пагляд і мэта», 1910, т.2, с.107.
«Мой цень», 1919, т.4, с.75.

Пакінем пакуль без аналізу зместу і часу напісання.

Аўтар публікацыі: Анатоль Бутэвіч.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Фонды яшчэ 37 бібліятэчных устаноў можна ўбачыць у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі

7 Жні 2020

68 тысяч бібліяграфічных запісаў на дакументы, якія захоўваюцца ў бібліятэках Шклоўскага і Крычаўскага раёнаў, папоўнілі рэгіянальны блок ЗЭК бібліятэк Беларусі – РЗЭК бібліятэк Магілёўскай вобласці.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

6 жніўня – дзень нараджэння беларускай друкаванай кнігі

6 Жні 2020

Беларускі першадрукар Францыск Скарына пачаў выдавецкую дзейнасць у 1517 годзе ў Празе. Першай кнігай стаў Псалтыр, у якім была пазначана дата завяршэння. Дзякуючы гэтаму мы ведаем не толькі год, а нават дзень нараджэння беларускай друкаванай кнігі – 6 жніўня 1517 года.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Тэатр Уладзіслава Галубка

7 Жні 2020

Сёлета 10 жніўня спаўняецца 100 гадоў з пачатку існавання Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра, арганізатарам і кіраўніком якога быў буйны дзеяч нацыянальнай сцэны, першы народны артыст Беларусі Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (1882–1937).

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

Да 180-годдзя загадкавага Альгерда Абуховіча

6 Жні 2020

У гісторыю беларускай літаратуры Альгерд Рышардавіч Абуховіч (псеўданім Граф Бандынэлі, даты жыцця 6 жніўня 1840 – 22 жніўня 1898) увайшоў як паэт, пісьменнік-рэаліст, перакладчык, адзін з пачынальнікаў жанру байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі.

Па старонках беларускага календара

Пра сучасную Беларусь распавядае новая выстава бібліятэкі

5 Жні 2020

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, найбуйнейшым інфармацыйным цэнтры рэспублікі, сабрана максімальная колькасць аб’ектыўнай інфармацыі пра нашу краіну. Новая тэматычная выстава “Беларусь сёння” адкрылася ў зале перыядычных выданняў (пам. 106).

Кніжныя выстаўкі

Беларускія кнігі перададзены аўтаноміі беларусаў Расіі

5 Жні 2020

3 жніўня ў рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі перададзена ў дар больш за 300 асобнікаў беларускіх выданняў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111