ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У полі зроку эканаміста: па старонках перыядычных выданняў
Семінары віртуальнай чытальнай залы ў Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце

Загадка Барадуліна

Загадка Барадуліна
Іншыя навіны

Пры жыцці Рыгора Іванавіча, а дакладней, падчас апошняй яго траціны, падавалася: усё пра яго напісана ім самім: не было “тых дзірак і адтулін, з якіх не лез бы Барадулін”. Ён займаў ільвіную частку беларускай літпрасторы, яго кнігі выходзілі штогод і нават у год па дзве, яго вылучылі на Нобелеўскую прэмію, прыцягвалі да ўсіх магчымых праектаў, запытвалі думкі, а ён ствараў сабе шэдэўры і экспромты... Пры тым многае ў жыцці Барадуліна выклікае здзіўленне, пытанні, сумнеў. Шмат у чым належыць разбірацца дапытлівым даследчыкам, каб аддзяляць міф пра Барадуліна ад праўды пра яго.

Загадка нараджэння

На Вушаччыне, скуль паходзіць паэт, распаўсюджаны міф, што Рыгор – з яўрэйскай сям’і, з якой дзіця чамусьці выхавалі Іван і Акуліна Барадуліны, а ў іх саміх перад вайной ці то памёр ці то загінуў сын прыкладна такога ж узросту.

Іван Барадулін быў другім мужам Акуліны Іванаўны. Па першым яе мужу, як і па іншым сыне, таксама маем загадкі.

Бацькі.jpg

Бацькі – Іван Рыгоравіч і Акуліна Андрэеўна Барадуліны. 1930-я гг., Вушачы

Загадка носа

Рыгор Іванавіч сцвярджаў: у яго малога нос быў роўны, ледзь не кірпаты. А затым, праз глупства, праз цвік, што туды трапіў, працяглае нагнаенне і запозненую аперацыю, стаў такім, якім яго ведаюць усе.

Адзіны фотаздымак з даваеннага часу, дзе, як лічыцца, Рыгор з мамай, кажа толькі пра тое, што нос у малога на здымку нядоўгі, але шырэйшы за матчын.

З мамаю Акулінай.jpg

З мамаю Акулінай Андрэеўнай. Вушачы, 1939 г.

Загадка дэбюту

У падрабязна занатаваным дзённікамі (з восьмага класа (1951–1952 гг.) і да смерці) барадулінскім жыцці адсутнічаюць (хочацца спадзявацца, пакуль) дзённікі 1953–1954 – калі ён скончыў школу і паступіў у БДУ.

Пры сціплым вушацкім юнацтве, афіцыйны паэтычны дэбют Барадуліна на ўзроўні рэспублікі адбыўся, калі ён быў дзевяцікласнікам. 24 мая 1953 года рэспубліканская камсамольская газета “Чырвоная змена” змясціла яго верш “Пра работу” пад псеўданімам Алесь Чабор. Чабор і тое, як ён пахне, тады прызнана ўсхваляў яшчэ не народны, але наменклатурна галоўны паэт БССР, зямляк Барадуліна па малой радзіме Пятрусь Броўка. Не катэгарычна, што Рыгор стаў Чаборам менавіта праз Броўку і што Броўка спрычыніўся да таго дэбюту. Ды маем тут загадку.

Паводле даследчыцы Любові Гарэлік, дэбютаваў Барадулін з вершамі ў шматтыражцы БДУ “За сталінскія кадры” ў тым жа 1953-м. Чаму БДУ, калі Рыгор яшчэ быў школьнікам? Мо памылка з годам? І пра тую акалічнасць загадка намі не разгаданая.

Студэнт БДУ.jpg

Студэнт філфака БДУ Рыгор Барадулін. 1955 г.

Загадка студэнцтва

У часы барадулінскага студэнцтва яго калегі ў “абшчагах” жылі ва ўмовах, блізкіх да казармы: пакойчыкі засяляліся шматлюдна. Рыгор больш за год пражыў у “абшчазе” з двума суседзямі. Іншымі насельнікамі яго пакойчыка былі грамадзяне Польшчы Аляксандр Баршчэўскі (вядомы як паэт Алесь Барскі) і Мікола Гайдук.

Загадка Грышы Блішчынскага

Наўрад ці Васіль Быкаў даваў героям сваіх твораў выпадковыя імёны. Наўрад ці выпадковае знешняе (доўгі нос), зямляцкае, прафесійнае і гукайменнае падабенства Рыгора Барадуліна і Грыгорыя Блішчынскага, які “незадоўга да пачатку вайны... з бацькамі перабраўся жыць у мястэчка” ды “імкнуўся ва ўсім апярэджваць другіх, калі гэта было выгадна яму, і гарнуцца да тых, хто ў чым-небудзь быў мацнейшым”, з быкаўскай аповесці “Здрада” самага пачатку 60-х...

Быў, праўда, іншы Грыша Б. – рэзкі напачатку крытык творчасці Быкава Рыгор Бярозкін, з якім пасля і Васіль Уладзіміравіч, і Барадулін няслаба пасябравалі. Ды на маю суб’ектыўную думку, маладога Барадуліна ў Блішчынскім нашмат больш. Плюс Бярозкін земляком Быкава не быў.

Аповесць “Здрада” Барадулін, мяркую, прачытаў. І правёў работу над сабой, каб паводзінамі і ўчынкамі да Блішчынскага падобным не быць.

“Бог, мама, Быкаў... За словам Быкава іду...”, – пісаў Рыгор Іванавіч. І сапраўды ішоў.

Барадулін - Быкаў.jpg

Рыгор Барадулін з Васілём Быкавым

Загадка нецярпімасці і повязі

“Повязь” – адзін з паэтычных зборнікаў Ніла Гілевіча. З маладосці і да самай смерці Барадуліна гэтыя паэты пазбягалі адзін аднаго. Пазбягалі збольшага праз барадулінскую нецярпімасць...

Не ў кожным народзе нецярпімасцю выхваляюцца. А ў беларусаў – звыклая справа. Барадулін выхваляўся, што разбурыў сяброўства Ніла Гілевіча і Быкава, што не даў здзейсніцца, нягледзячы на некалькі спроб, у выдавецтве “Мастацкая літаратура” выхаду поўнага збору твораў Аркадзя Куляшова... Напэўна, лічыў тое слушным.

Але чаму?

Паспрабуем аргументаваць з самага вядомага.

Да Гілевіча магла быць банальная рэўнасць. Калі Рыгор пазнаёміўся са сваёй будучай адзінай жонкай Валянцінай Манасзон, у той была адна беларуская кніжка паэзіі, і аўтарам яе быў Гілевіч.

Рэўнасць магла быць і да дзесяцігоддзяў цёплага сяброўства Гілевіча і Быкава. Як для беларускай жанчыны нясцерпная сімпатыя яе абранніка хоць да якой з канкурэнтак, так і для Рыгора Іванавіча, выхаванага і ўсхвалянага мамай, не магло быць іншых вялікіх паэтаў у сябрах у галоўнага сябра.

З Куляшовым загадкі болей. Можа, сядзела яшчэ юначая крыўда, калі ў доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах, каб сфатаграфавацца з элегантна апранутым студэнтам Барадуліным, Куляшоў не стаў пераапранаць сваю звычайную не надта ахайную піжаму?

А можа, тое была адплата за інсульт Рыгора Бярозкіна?

Бярозкін сябраваў з Барадуліным. Да Куляшова ж ставіўся проста добра. І пасля смерці Аркадзя Аляксандравіча, на вечарыне памяці, дзе быў і Барадулін, у доўгай прамове расцаніў куляшоўскую творчасць як эпігонскую... Чалавеку кніжнай культуры Бярозкіну цяжка было зразумець “дзікага” Куляшова, які, у адрозненне ад яго з Барадуліным, мала чытаў кніжак, мала вучыўся, шмат чаго элементарнага з літаратуры не ведаў і пры тым быў моцным, таленавітым, арыгінальным шахматыстам, паэтам, мысляром.

Прамову Бярозкіна здымала тэлебачанне. Падчас рэдагавання-мантажу там паспяхова прыбралі крытычныя пасажы... Неўзабаве па выхадзе перадачы на ТБ Бярозкіна напаткаў інсульт...

Тактычная перамога прыхільнікаў Куляшова абярнулася стратэгічным паражэннем са спробамі выдання збору яго твораў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе доўгі час “руліў” Рыгор Барадулін.

Такія вось повязі...

Загадка адлегласці ад дзяцей

Барадулін стварыў безліч калыханак. Яго жонка Валянціна іх не спявала ніводнай, хоць і лічыла мужа вялікім паэтам. З уласнай малой дачкой ён, са слоў жонкі, прагуляўся раз, і тое па піва. Марыў пра вялікую сям’ю, але не вучыўся нават элементарна даглядаць малых...

Яго разважанні пра тое, як трэба пісаць для дзяцей, рэальна каштоўныя. Але чаму выдатны тэарэтык так і не праявіў на практыцы мудрасці апекі малых у побыце, гульнях, падарожжах?

Імаверна, тут хаваецца нейкая таямніца паэтавага дзяцінства, нейкая тагачасная траўма... Загадка.

З дачкой Ілонай.jpg

Рыгор Барадулін з дачкой Ілонай. 1960-я гг.

Загадка абсцэннай лексікі

Барадулін паслядоўна і праз большую частку жыцця ішоў да Бога. У апошнія дзесяцігоддзі стаў дбайным вернікам. І пры тым працягваў апантана любіць салёныя брыдкія жарты, показкі, вершыкі. Упарта даводзіў, што на яго роднай Вушаччыне так спрадвеку і так правільна – не па-ханжаску...

Імаверна, гэткае стаўленне перашкодзіла яму стварыць сапраўды велічныя, гераічныя паэмы, гімны, песні... У яго высокія памкненні ці не штораз пры развіцці тэкстаў упляталася прыземленае, дробнае, другараднае... Таму, можа, і яго таўшчэзная таміна духоўнай паэзіі не пацягнула Нобеля – у ёй мяшанка развіцця і хістанняў, збочванняў, скочванняў з мудрасці ў балбатню... Ды як сведчанне творцы пра сваю духоўную дарогу кніга “Ксты” вельмі пажаданая для прачытання тымі беларусамі, якія духоўны кірунак абіраюць.

Загадка народнага прызнання

Беларускі нацыянальны характар падобны да характару Дзядзькі Рыгора: паэтычнасць, бачанне прыгажосці ў зямным, засяроджанасць на абмежаваным коле людзей і абмежаванай прасторы, ірацыянальная нецярпімасць да адных і такая ж ірацыянальная цярпімасць да іншых, імкненне да парадку ў знешнім, абагаўленне маці і жанчыны, імкненне шмат зарабляць, але ўласнымі намаганнямі, менавіта “зарабляць”, а не “здабываць грошы”...

Тое мая адгадка на загадку Барадуліна. Але ці пагодзіцеся?

Аўтар публікацыі: Андрэй Мельнікаў.
Крыніца: Будзьма беларусамі!

Навіны

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам