ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Семінары ў Оршы па рэсурсах адкрытага доступу і віртуальнай чытальнай залы НББ
Адкрыты доступ да біяграфічнай БД Prabook

Заакіянскі дэбют Багдановіча

Заакіянскі дэбют Багдановіча
Іншыя навіны

У 1916 годзе ў Скрэнтане (ЗША, штат Пенсільванія) выйшаў нарыс Максіма Багдановіча “Угорская Русь” у перакладзе на ўкраінскую мову Антона Рэвюка.

“ЛіМ” ад 10 жніўня 2018 года ўжо падзяліўся гэтай сенсацыйнай знаходкай. А цяпер адзін экзэмпляр малафарматнага, у далонь, выдання, разлічанага на шырокую аўдыторыю, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У. І. Вярнадскага.

“Угорская Русь” дэманструе асобныя грані таленту класіка беларускай літаратуры, яго рускамоўную творчасць. Нарыс створаны ў кантэксце шэрагу падобных навукова-папулярных прац, запатрабаваных у Расійскай імперыі ў час Першай сусветнай вайны і звязаных з тагачаснай актуалізацыяй славянскага пытання. У аўтара гэтых радкоў было некаторае шкадаванне адносна таго, што ў 1916 годзе ў ЗША быў апублікаваны пераклад не ўласна беларускамоўнай творчасці “песняра чыстай красы”. Гэтае пачуццё развеялася, калі быў выяўлены паэтычны, больш ранні, пераклад.

Хрэстаматыйны верш “Краю мой родны! Як выкляты Богам…” успрымаецца сёння як праграмны ў кантэксце ўсёй грамадзянскай лірыкі паэта. Працяглы час ён быў у ліку асноўных рэпрэзентатыўных твораў пры дамінуючым сацыялагічным падыходзе да аналізу спадчыны класіка беларускай літаратуры. У Поўным зборы твораў М. Багдановіча друкуецца пад назвай, узятай з зачыннага радка (т. 1, 1992, с. 107).

Пры жыцці паэта верш публікаваўся некалькі разоў. Упершыню пабачыў свет у газеце “Наша ніва” 17 (30) верасня 1909 года – без назвы, за подпісам Максім Б-віч. Наступны раз гэты безназоўны твор быў надрукаваны на старонках “Беларускага календара «Нашае нівы» на 1912 год” (Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1912). Ім пачынаўся літаратурны раздзел названага выдання – “З Роднай Нівы”, які складаўся з паэтычнай і празаічных частак.

У першай, паэтычнай, частцы побач з Багдановічавым былі змешчаны наступныя вершы (у парадку публікавання): “Жніво” Янкі Купалы, “Над калыскай” Якуба Коласа, “З чужыны” Цёткі, “Песня дзеўчаці” Андрэя Зязюлі, “Кабзар” Каруся Каганца, “Вецер” Алеся Гаруна. Далей ішлі ўзоры творчасці Канстанцыі Буйло, Цішкі Гартнага, Гальяша Леўчыка, Альберта Паўловіча і іншых аўтараў. Наўмысна прыводзім гэты пералік, каб падкрэсліць наступнае: перад чытачом паўставала разнайстайная палітра прыгожага пісьменства, плён творчасці мастакоў слова, якія вызначалі аблічча беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя.

Верш Багдановіча, адпаведны настрою эмігранцкай масы беззямельнага сялянства з Аўстра-Венгерскай імперыі, упершыню займеў назву ў перакладзе на ўкраінскую мову (лакальны варыянт, адрозны ад літаратурнай), які быў апублікаваны ў паэтычнай калонцы газеты “Свабода” (укр. “Свобода”) 19 лістапада 1914 года, найстарэйшым перыядычным выданні ўкраінскай эміграцыі, што бесперапынна выходзіць з 1893 года да нашага часу. У названым нумары газеты Багдановічаў верш быў змешчаны побач з падборкай чытырохрадкоўяў (“Люди-б сонце заступили…”, “Я так її люблю…”, “Свою Україну любіть…”, “І на оновленій землі…”) і вершам-дыптыхам “Молитви” Тараса Шаўчэнкі:

Чи зборемо горе? (З білоруського)

Краю мій рідний! Як виклятий Богом —
Тілько ти зносиш недолї.
Хмари, болота... Над збіжем убогим
Вітер гуляє на волї.

Поруч там села розкинулись рідні.
Жалем стискаються груди!
Тополї, берези, хатини бідні.
І всюди понурії люди.

Страх, що зробили їх чорні руки,
Винесли сильні спини.
Сила примусила витерпіть муки
Пущі, розлоги, долини.

Кинь тільки оком ти до того люду,
Стиснеть ся серце від горя:
Тілько побачиш нещастя усюди
Смутку і слїз цїлі моря.

Пісня свіває як вдовицї сина,
Йвася, коханє згубило,
Там, де понура схилилась калина, −
Бідного хлопця могила.

В казках-гутірках про щастє, про згоду
Серце новин не почує.
Здавило диханє народу,
Смуток усюди панує.

Филями скрізь розлило ся як море,
Рідний наш край затопило…
Братя! Чи зборем громадськеє горе,
Братя! Чи стане нам сили?!

Падказкі адносна таго, з якім беларускім выданнем меў справу невядомы перакладчык, дае аналіз гэтых дзвюх публікацый. У “Нашай ніве” верш праходзіў за подпісам Максім Б−віч; у “Беларускім календары «Нашае нівы» на 1912 год” імя аўтара названа поўнасцю – Максім Багдановіч, як і ў перакладзе на ўкраінскую мову.

Канчатковую пэўнасць у адназначным першынстве календара дае тэксталагічны аналіз дзвюх публікацый верша. Першы радок нашаніўскай публікацыі “Край мой радзімы! Як выкляты Богам…” у наступнай перадрукоўцы мае іншы варыянт гучання – “Край ты мой родны! Як выкляты Богам…”, што больш адпавядае ўкраінскаму перакладу: “Краю мій рідний! Як виклятий Богом…”.

Паколькі імя пераклачыка зафіксавана не было, пытанне яго высвятлення патрабуе асобнага даследавання. На нашу думку, гэта можа быць Антон Латоцкі (укр. Антін Лотоцький; 1881–1949), пісьменнік, педагог, які цесна супрацоўнічаў з украінска-амерыканскай газетай “Свабода”. З сабраных біяграфічных звестак вядома, што вучыўся ён на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта, супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты “Діло”, на старонках якой публікаваліся матэрыялы, прысвечаныя беларускай тэматыцы, найбольш змястоўным сярод іх было даследаванне “Адраджэнне беларускага пісьменства” Іларыёна Свянціцкага, якое ў 1908 г. выйшла ў Львове асобнай брашурай. На час вучобы прыпадае этап творчай сцверджанасці маладога аўтара і вызначэння тэматычных прыярытэтаў: выдадзена некалькі кніг, дамінуючай становіцца гістарычная тэматыка. Умацаванне патрыятычнага духу сярод моладзі з дапамогай твораў пра гераічнае мінулае продкаў прадвызначыць важную грамадскую ролю А. Латоцкага як дзіцячага пісьменніка ў час, калі яго родныя землі знаходзіліся ў складзе розных краін – Аўстра-Венгрыі, Польшчы, Савецкага Саюза, а кнігі выходзілі ва ўмовах розных дзяржаўных ідэалогій і нацыянальнай палітыкі. На схіле жыцця Антон Латоцкі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Украіны.

Аўтар публікацыі: Мікола Трус.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам