ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Візіт Жан-Жака Мары
На арбіце часу

З печы – у друкарню!

З печы – у друкарню!
Іншыя навіны

Прэзентацыя выдання Ларысы Мятлеўскай, этнографа, артысткі, вядучай кулінарна-гістарычнага шоу “Беларуская кухня”, адбылася 7 красавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.


Аўтар шмат гадоў збірала і аднаўляла сакрэты прыгатавання нацыянальных страў, шукала іх у кнігах XIX стагоддзя.

Сыр, аказваецца, можна вырабляць з яблыкаў, грушы – запякаць з мёдам, а ў фарш дадаваць арэхі! Беларуская кухня – гэта не толькі бульба ды яечня з салам. Нашы продкі мелі багатую фантазію і вытанчаны густ, а вячоркі за сталом ператвараліся ў сапраўдны рытуал. Добрая сотня рэдкіх старажытных рэцэптаў увайшла ў новую кнігу “Беларускі кулінарны сшытак № 1”, што з’явілася ў выдавецтве “Бяловагруп”.

Частка рэцэптаў знойдзена падчас вандровак па вёсках Беларусі, у гутарках з мясцовымі гаспадынямі. Вытрымкі з кулінарнай кнігі самой Ларысы Мятлеўскай чаргуюцца з “фамільнымі” шэдэўрамі-ласункамі ад бабуль. У яе сям’і панавала цудоўная традыцыя перадаваць рэцэпты з пакалення ў пакаленне.

“Інтарэс да гатавання ў мяне прачнуўся недзе ў 12 гадоў, калі бацька купіў у «Саюздруку» кнігу «Хатняя кулінарыя». Гэта былі прыкладна 1970-я гады. Потым кнігі з рэцэптамі кудысьці зніклі. Даводзілася вышукваць ідэі для новых страў у газетах, распытваць сябровак і суседак. Дзяцінства маё прайшло на вёсцы, таму я рана даведалася, што такое смак хатняй печы. Назірала за бабуляй і маці. Вілы і чапялу, аднак, давялося патрымаць у руках пазней, калі я трапіла на кулінарна-гістарычнае шоу «Беларуская кухня». На працы адчуваю сябе вельмі шчаслівай, бо няма нецікавых для мяне рэчаў і фактаў у традыцыйнай беларускай культуры”, – распавяла Ларыса Мятлеўская.

Дырэктар выдавецтва “Бяловагруп” Кацярына Аксёнава зазначыла, што з пачаткам перадачы Ларысы Мятлеўскай кідала ўсе хатнія справы. А потым зразумела: інфармацыю, якой валодае вядучая, трэба абавязкова сабраць у кнігу. Выданне мела тыраж у пяць тысяч асобнікаў і настолькі спадабалася аўдыторыі, што кнігу пераклалі на італьянскую і рускую мовы. Акрамя таго, кніга будзе прадстаўлена на сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2015” у Мілане ў пачатку мая. Стравы, апісаныя ў “Беларускім кулінарным сшытку № 1”, гатуюцца вельмі лёгка і з добра знаёмых беларусам прадуктаў. У большасці рэцэптаў пазначана, дзе і калі яны былі запісаны. Дадатковы каларыт кнізе надаюць «кавалачкі» народнай мудрасці: прыказкі, прымаўкі, парады, тлумачальны слоўнік для незразумелых выразаў, каментары наконт выбару і апрацоўкі прадуктаў і сервіроўкі стала. “Беларускі кулінарны сшытак № 1”, дарэчы, распачаў цэлую серыю пад назвай “Гастранамічная вандроўка па Беларусі”.

Хуткім часам з’явяцца кулінарныя зборнікі Ларысы Мятлеўскай, прысвечаныя стравам з цёртай і тоўчанай бульбы, беларускай выпечцы, сакрэтам квашання і закатак.

Падчас прэзентацыі выдання дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч расказала пра кулінарныя слабасці беларускага Песняра: пончыкі з вішнямі, каўбаскі ды паляндвіцу. Па яе словах, у Купалавым доме заўсёды гатаваўся абед з нацыянальнымі стравамі – на дваццаць пяць чалавек! Кніга Ларысы Мятлеўскай атрымалася ва ўсіх сэнсах смачнай: змест гарманічна дапоўнілі прыгожыя графічныя малюнкі.

“Беларускі кулінарны сшытак № 1” стане ўпрыгожваннем любой кухні і выратаваннем гаспадынь, якія жадаюць парадаваць і здзівіць гасцей, а таксама прыйдзецца даспадобы ўсім, хто цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй.

Аўтар публікацыі: Марыя Войцік.

Крыніца: газета “Літаратура і мастацтва”

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам