ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Больш за паўсотні дрэў высадзілі ў Парку пісьменнікаў у Мінску
Жыхары і госці Берліна змогуць пазнаёміцца з кніжнай спадчынай Скарыны

З дваранамі не сябраваў, хаўрусаваў з галотай пінкавіцкай

З дваранамі не сябраваў, хаўрусаваў з галотай пінкавіцкай
Іншыя навіны

Заўтра – 135 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Што памятаюць жыхары Пінкавічаў пра Якуба Коласа.


Вандроўкі па коласаўскіх мясцінах занялі б, бадай, не адзін дзень. Сярод шырока вядомых куточкаў, у першую чаргу тых, што на Стаўбцоўшчыне, выдаюцца не надта раскручаныя месцы. Напрыклад, Пінкавічы, што ў Пінскім раёне. У народным вучылішчы, якое працавала ў гэтай вёсцы, выкладаў з верасня 1904 года па студзень 1906-га Канстанцін Міцкевіч. На Піншчыну малады настаўнік прыехаў пасля атрымання адукацыі ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. А ў Пінкавічах і да нашага часу жыве памяць пра класіка.

Асноўнае месца, да якога вядуць коласаўскія сцежкі ў паселішчы, гэта ўласная школа, дзе выкладаў будучы класік. Ад яе, на жаль, застаўся толькі фундамент: у 1990 годзе на гістарычным падмурку таго самага народнага вучылішча пабудавалі цяперашні музей Якуба Коласа. Дарэчы, ён з’явіўся ў вёсцы нашмат раней – у 1962-м. За арганізацыю музея ў свой час узяўся малады настаўнік Іван Калоша. Калі ён прыйшоў працаваць, то вельмі здзівіўся таму, што ў школе імя Якуба Коласа, куды яго накіравалі, акрамя мемарыяльнай дошкі, няма аніякага куточка, прысвечанага паэту. Заўзяты энтузіяст пісаў: “Перада мною стаяла задача выклікаць цікавасць да асобы паэта і яго творчасці”. І закіпела праца. А ў 1972-м, калі святкавалі 90-годдзе Коласа, у музей прыязджаў нават родны брат класіка Юзік. Ён быў частым госцем літаратурных вечарын, якія ладзіліся ў музеі. Цяпер пра яго ўнёсак у захаванне справы брата ў Пінкавічах нагадвае бярозка, якую пасадзіў дзядзька Юзік. Яна ўпрыгожвае двор музея.

Малады настаўнік Канстанцін МіцкевічСёння справы сельскага музея – у гэтым годзе яму прысвоены статус народнага – вядзе метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна Жанна Верыч. Яна хоць і не карэнная жыхарка Пінкавічаў, аднак ведае многае пра тое, што памятаюць пра класіка вяскоўцы. Напрыклад, тую пару, калі школе надавалі імя песняра. Якуба Коласа на гэтую падзею, зразумела, запрашалі. Аднак класік, верагодна, хварэў, таму даслаў толькі ліст. “Вельмі сумую па вашай вёсцы”, – зазначаў у прывітальным адрасе Канстанцін Міхайлавіч. А на сустрэчу сабраліся яго былыя вучні, іншыя аднавяскоўцы. Дарэчы, у наш час успаміны яго падапечных, якія захаваны ў экспазіцыі, – сапраўдныя рарытэты. З цікавых экспанатаў – і рускамоўны буквар выдання яшчэ канца пазамінулага стагоддзя, па якім выкладаў Колас.

А зусім нядаўна калекцыя літаратурна-краязнаўчага музея папоўнілася цікавымі асобнікамі: на імпрэзу, якая была прымеркавана да атрымання культурным абъектам статуса народнага, прыязджала ўнучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна. Меў намер прыбыць на прэзентацыю і сын Коласа Міхась, аднак у свой 91 год не адважыўся на доўгі пераезд. Перадаў кнігу з аўтографам і павіншаваў з падзеяй.

Дык вось, у той самай калекцыі фотаздымкаў з асабістага архіва сям’і класіка ёсць эксклюзіўныя. Да прыкладу, фота, дзе Якуб Колас разам са сваім сватам Янкам Маўрам. На здымку тым класік у звычайнай дамашняй вопратцы.

Дарэчы, пінкавіцкія вяскоўцы, якія памяталі настаўніка, заўважалі, што ён заўсёды стараўся апранацца проста, але з густам. Быў вельмі прыязны да звычайных людзей. Захаваліся, дарэчы, успаміны дачкі пана Алены Шумакевіч, якая казала пра стасункі будучага пісьменніка з вясковаю грамадою так: “Ён быў не такі, як усе настаўнікі-інтэлігенты, хаўрусаваў з галотай пінкавіцкай. З намі, дваранамі, не сябраваў”.

Стары будынак Пінкавіцкай школы

Цікава, што надта добразычлівае стаўленне да звычайных вяскоўцаў пацвярджалі і факты. Па просьбе сялян Пінкавічаў, ад іх імя, Канстанцін Міцкевіч напісаў прашэнне тагачаснаму ўладальніку мясцін Сігізмунду Скірмунту. Гэта быў ліст з шэрагам патрабаванняў: аддаць у поўнае карыстанне азёры і балоты, з прадастаўленнем права лоўлі рыбы, збору чароту; вярнуць для бескаштоўнага карыстання пашу ва ўрочышчы Гусак; пры задавальненні азначаных патрабаванняў выдаць ім належны дакумент.

Вяскоўцы ўспаміналі, у прыватнасці, былы вучань Міцкевіча Мікіта Козіч, як сяляне часта паўтаралі словы Коласа: “Пан ловіць рыбу – і вы лавіце, і вы маеце права”. Казалі пінкаўцы і пра петыцыю. Пан, як аказалася, доўга адказу не даваў. А сяляне сабралі некалькі невадаў і пачалі лавіць рыбу. Рабілі яны гэта больш за тыдзень, пакуль пан Скірмунт не выклікаў з Пінска казакаў. Некалькі чалавек арыштавалі тады, забралі ў іх рыбу і невады. Гэта было зімою 1905 года.

Народны літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа ў Пінкавічах

Зразумела, абурэнню тагачаснага пана не было межаў, і Коласа ўзялі, як кажуць, у абарот. Усё скончылася тым, што ў рэшцэ рэшт настаўнік аказаўся за кратамі. Шлях гэты, па вялікім рахунку, пачаўся з Пінкавічаў. Справа ў тым, што ў аднаго з жыхароў Аляксандра Лоя былі хрэсьбіны. Туды гаспадар запрасіў гасцей, у тым ліку папа і дзяка. Канстанцін Міцкевіч на ўрачыстасці быў на пачэсным месцы: ён у той дзень стаў хросным бацькам для сына Аляксандра Лоя Мікалая. Выпіўшы некалькі кілішкаў, грамада зашумела, пачалі спяваць песні. Дзяк Хацяноўскі прапанаваў нагрэць самавар.

– Замест гасудара давай сюда самавара! – сказаў настаўнік.

Гэты выраз пачуў дзяк, перапытаў у Коласа, ці не пачулася яму рэпліка. Канстанцін Міхайлавіч пацвердзіў, што не пачулася.

– За зневажанне цара вы будзеце адказваць! – пагражаў дзяк.

А назаўтра раніцай хадзіў з паперай у руках па вёсцы, шукаючы тых, хто мог бы пацвердзіць яго пісаніну. Але з сялян ніхто таго не зрабіў, быццам бы ніхто нічога не чуў. Не адмовіўся пакінуць аўтограф толькі поп Шумакевіч. Якуб Колас пасля гэтага быў арыштаваны.

Зразумела, сведкаў тых падзей знайсці не ўдалося, але ж і сёння ў Пінкавічах жыве чалавек, які ведаў пра Коласа з вуснаў відавочцаў. Гэта Павел Лой, сын таго самага хлопчыка Мікалая, якога пахрысціў настаўнік. Справа ў тым, што з будучым кумам тагачасны царкоўны стараста Аляксандр Лой сябраваў. Якуб Колас нават пэўны час жыў і сталаваўся ў яго хаце. Доўга ў доме Лояў захоўваліся нават сшыткі, спісаныя настаўніцкім почыркам. Але ж іх спалілі яшчэ ў далёкія 1930-я.

Цяпер пінкаўцу Паўлу Лою 85 гадоў, на жаль, ён не вельмі добра сябе адчувае. Адзінае, што змог адзначыць – што Якуб Колас дапамагаў жыхарам вёскі, нават калі стаў знакамітым:

– Пасля вайны мы засталіся без бацькі. Улады абкладвалі нейкімі падаткамі. Такі лёс напаткаў амаль усіх жыхароў Пінкавічаў, бо людзі тут былі заможныя, гаспадары, а для Саветаў, зразумела, “кулакі”. Падаткі настолькі высокія, што маці, якая адна гадавала пецярых дзяцей, проста не змагла іх выплаціць. Яна напісала Якубу Коласу з просьбай даць параду. Адказ не прыйшоў, аднак падаткі з Лояў патрабаваць перасталі…

Аўтар публікацыі: Таццяна Ускава

Крыніца: "СБ – Беларусь сегодня"

Чытайце таксама:

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам