ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Літаратурна-музычная сустрэча
Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні

З дудкаю праз стагоддзі

З дудкаю праз стагоддзі
Іншыя навіны

Відаць, ведалі ў ЮНЕСКА пра “краіну паэтаў”, калі ў 1999 годзе зацвердзілі новае свята.


Сусветны дзень паэзіі можна лічыць святам Беларусі – “краіны паэтаў”. Не толькі таму, што наша зямля паэтаў нараджала багата. Так атрымалася, што 21 сакавіка, калі адзначаецца свята, супадае з днём нараджэння аднаго з выдатных паэтаў Беларусі ХІХ стагоддзя – Францішка Багушэвіча, які ўсім сваім жыццём і творчасцю зацвердзіў: ёсць беларуская літаратура. А сёлета Сусветны дзень паэзіі супадае яшчэ і са 175-й гадавінай паэта.

“Паэзія можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека”, – палічылі ў ЮНЕСКА. А наш Багушэвіч ведаў пра гэта ад пачатку, калі толькі зразумеў, як можна распараджацца словам, каб і сэнс быў, і карысць для іншых:

Вецер дзьме і вые,
Што аж мыслі рвуцца,
Змоўклі песні тые,
Што іграў на дудцы.
Раз яшчэ зайграю
У астатняй хвілі
Для тых, што жаль маю,
Што мяне забылі…

Гэта сёння мы чамусьці падзяляем людзей на “фізікаў” і “лірыкаў”. Можа быць, у Беларусі гэтая формула не працуе: тут кожны лірык па-свойму. Прынамсі Багушэвіч і дапамагае абвергнуць сучасны стэрэатып: паступаў вучыцца ён на фізіка-матэматычны факультэт у Пецярбургу, працаваў следчым і адвакатам. А ў гісторыю ўвайшоў найперш як паэт, аўтар зборнікаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, чалавек, які заклаў падмурак для нацыянальнай літаратуры. Для ўсіх тых, хто быў потым, у стагоддзі ХХ, якое пачыналася для нашай паэзіі з прыходам магутных творцаў. Меў рацыю паэт Алесь Гарун: тут “сам народ – пясняр”.

Паэтаў і зараз у нас шмат. Але гэта, здаецца, той варыянт, калі колькасць і якасць роўныя па вартасцях і значнасці. І ёсць, безумоўна, у сучасных беларускіх паэтах нешта ад Францішка Багушэвіча: яны жывуць з гэтай творчасцю, але робяць і паспяваюць значна больш, у іх шмат спраў, клопату, у іх ёсць сэнс, у суладдзі з якім яны выбудоўваюць адносіны да жыцця і рэчаіснасці, што потым адлюстроўваецца ў іх паэзіі. Пра тое, як сумясціць творчасць з “прозай жыцця” разважалі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча Андрэй Адамовіч, Георгій Барташ, Павел Касцюкевіч, Уладзімір Пыльчанка, Цімох Авілін, Павел Селівончык, Сяргей Башлыкевіч. Яшчэ напярэдадні свята, пра якое таксама можна сказаць: яно не толькі ў гонар паэзіі. З грэчаскай мовы слова паэзія перакладаецца як “творчасць”. Таму імпрэза ў музеі прайшла з удзелам пісьменнікаў, музыкаў.

Паэзія – больш чым паэзія. Паэты – больш чым паэты… Як цудоўна, што сёлета гэты Дзень выпаў на суботу, калі выхадныя дні можна сапраўды правесці паэтычна. Знайсці час схадзіць у кнігарню, падабраць сабе зборнік вершаў (ці твораў), пачытаць. Пачытаць і даведацца нешта пра тых, хто сёння ўвасабляе працяг Багушэвіча. І можна тады зразумець: у нас што ні паэт – тое асоба. Што ні асоба – тое Сусвет. Дзень паэзіі яшчэ і таму – Сусветны…

Аўтар публікацыі: Ларыса Цімошык.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

НАН Беларусі аб’явіла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году якасці

15 Кра 2024

Арганізатарам конкурсу выступае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, якая запрашае да ўдзелу школьную, студэнцкую і рабочую моладзь, творчых людзей, навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, настаўнікаў, дзеячаў культуры, аспірантаў і магістрантаў. Удзельнікамі конкурсу могуць быць як асобныя грамадзяне, так і аўтарскія калектывы.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам