ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як роўна 400 гадоў таму беларусы выдалі “Буквар языка словенска”
Навука для ўсіх бясплатна

Яшчэ адзін Касцюшка!

Яшчэ адзін Касцюшка!
Іншыя навіны

Летась у выдавецтве “Тэхналогія” ў серыі “Нашы славутыя землякі” выйшла кніга А. Раманчук і В. Ярмоленкі “Архонт мёртвага горада. Кароль Касцюшка-Валюжыніч”, прысвечаная вядомаму археолагу, заснавальніку і першаму дырэктару музея старажытнага Херсанеса Каралю Касцюшку-Валюжынічу.

Пачатак жыццёвага шляху

Каро́ль Касцюшка-Валюжыніч нарадзіўся 2 мая (20 красавіка ст. ст.) 1847 года ў родавым маёнтку Новае Сяло Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у беларускай шляхецкай сям’і.

Атрымаўшы добрую хатнюю адукацыю, у жніўні 1859 года, у 12 гадоў, Кароль Касцюшка-Валюжыніч паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Інстытута Корпуса горных інжынераў у Пецярбурзе. У той час гэта была прэстыжная закрытая вайсковая навучальная ўстанова, якая славілася высокім узроўнем адукацыі.

Няма сумневу, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч з часам стаў бы выдатным горным інжынерам. Для гэтага ў яго было ўсё – і здольнасці, і імкненне. Але скончыць Горны інстытут яму не давялося. 20 верасня 1865 года ён быў звольнены з 5-га падрыхтоўчага класа – магчыма, праз свае “касцюшкаўскія” ідэалы, а паводле іншых сведчанняў – проста як сваяк (няхай сабе і далёкі) вядомага правадыра паўстання.

Праца на чыгунцы

Паводле аўтабіяграфіі, вярнуўшыся ў Новае Сяло, Кароль “працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоўскім фальварку”. Ён добра ведаў нямецкую мову, і гэта дапамагло праз тры гады, у 1868 годзе, уладкавацца на працу ва ўправу Дынабург-Віцебскай чыгункі на пасаду памочніка галоўнага інжынера. Праца была звязаная з улікам матэрыяльных каштоўнасцей. Касцюшку-Валюжынічу даводзілася наведваць Каўказ і Урал, Сярэднюю Азію і Сібір – грузы з таварных цягнікоў у Расеі, як і цяпер, часта прападалі, і ён выязджаў на неабсяжныя прасторы імперыі па судовых справах.

Гады вучобы ў сырым Пецярбургу, неспрыяльныя ўмовы працы, няспынныя пераезды цягнікамі драматычна адбіліся на яго здароўі. У 1879 годзе Кароль змушаны быў паехаць у Севастопаль лячыцца ад хваробы лёгкіх. Там пачаў працаваць ва ўправе Лазова-Севастопальскай чыгункі (спачатку на пасадзе канторшчыка, а пасля – старшага бухгалтара-рахункавода). Увосень 1881 года ён пакінуў службу з уласнага жадання, а налета перанёс цяжкую аперацыю: з прычыны абсцэсу яму было выдалена лёгкае. Лекары рэкамендавалі назаўжды пасяліцца ў Крыме, і ён набыў дом у Севастопалі, дзе і пражыў да канца жыцця.

Страбон памыляўся?

Мы не ведаем, калі дакладна ў нашага земляка ўзнікла цікавасць да Антычнасці, але ўжо ў 1882 годзе ён заснаваў Гурток аматараў гісторыі і старажытнасцей Крыма з музеем і бібліятэкай.

У 1888 годзе, паводле рэкамендацыі віцэ-прэзідэнта Адэскага таварыства гісторыі і старажытнасцей У. Юргевіча, яго запрасілі да вядзення работ у Херсанесе. Касцюшка стаў памочнікам выдатнага расейскага візантыніста Н. Кандакова, кіраўніка раскопак да 1891 года.

Каб прадэманстраваць важнасць раскопак і прыцягнуць да іх увагу ўплывовых асоб, а найперш – імператарскай сям’і, трэба было адразу сабраць як мага больш цікавых знаходак. Касцюшка гэта добра разумеў. Ужо ў першы год работ яму ўдалося выявіць сведчанні ранняга існавання Херсанеса на беразе Каранціннай бухты. І хоць гэта былі яшчэ не самыя старажытныя знаходкі, яны выклікалі сумнеў у сведчанні старажытнагрэчаскага географа і гісторыка Страбона, які пісаў пра два Херсанесы – старажытны і новы.

Касцюшка-Валюжыніч адзначаў: “Невялікія раскопкі 1890 года і тапаграфія мясцовасці паказалі, што ранні Херсанес мог быць толькі на невялікім паўвостраве ў вышнявіне Казачай бухты. Ці доўга існаваў? Ці быў шматлюдным? Адказы адмоўныя. У III стагоддзі да нараджэння Хрыстова Херсанес знаходзіўся ўжо там, дзе мы яго бачым у цяперашні час”. У ходзе дыскусіі, на вынік якой у значнай меры паўплывалі археалагічныя даследаванні 1888–1891 гадоў, было даведзена, што Херсанес ад самага пачатку існаваў на тым самым месцы, што і ў рымскім і візантыйскім перыядах.

Сенсацыйныя знаходкі

У 1889 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў даследаванні адкрытай ім “базілікі ў базіліцы”, якая атрымала такі назоў ад таго, што пазнейшы храм (Х стагоддзя) пабудаваны тут на руінах даўнейшага (VІ стагоддзя).

Бадай, самая сенсацыйная эпіграфічная знаходка Караля Касцюшкі-Валюжыніча – мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нараджэння Хрыстова. Верхняя і ніжняя часткі былі знойдзеныя ім у 1890–1891 гадах, а невялікі фрагмент – у 1899 годзе. Даследнік гэтага ўнікальнага помніка В. Латышаў пісаў, што сваёй захаванасцю “клятва херсанесітаў перасягае афінскую”, а паводле паўнаты зместу ёй няма роўных на ўсім абшары старажытнагрэчаскай цывілізацыі.

Мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нар. Хр.

Мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да Нар. Хр.

У 1893–1894 гадах Касцюшка-Валюжыніч адкрыў фрагмент старажытнага абарончага муру ў паўднёва-заходнім куце гарадзішча і пачаў яго планамернае вывучэнне. Фартыфікацыйную агароджу Херсанеса да апошніх дзён жыцця ён лічыў адным з самых важных аб’ектаў даследаванняў.

У 1897 годзе Касцюшка раскапаў вялікі крыжападобны храм, пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Гэтая старажытная пабудова атрымала назву “храм з ківотам”, бо ў ім быў знойдзены рэліквар з мошчамі.

Крыжападобны храм («храм з ківотам»), пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Сучасны аэрафотаздымакКрыжападобны храм (“храм з ківотам”), пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Сучасны аэрафотаздымак

У 1898 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў першыя археалагічныя даследаванні так званай Вежы Зянона – аднаго з ключавых элементаў фартыфікацыі Херсанеса. Вежа атрымала назву ад імя візантыйскага імператара, які ў 488 годзе фундаваў умацаванне гарадскіх сцен, пра што сведчыць знойдзены на вежы надпіс. Гэта абарончае збудаванне вельмі добра захавалася, што робіць яе каштоўнай гістарычнай крыніцай і выдатным архітэктурна-гістарычным помнікам.

Вежа Зянона. Сучасны здымакВежа Зянона. Сучасны здымак

Канфлікты і перашкоды

Жыццё нашага героя было нялёгкім, а часам вельмі цяжкім. Яму даводзілася пераадольваць і супраціў манастырскага начальства, і абыякавасць Вайсковага ведамства, і нават неразуменне кіраўніцтва Археалагічнай камісіі.

Усё, што несла шкоду Херсанесу, ён успрымаў як асабістую драму – узвядзенне манастырскіх будынкаў, пабудова артылерыйскіх батарэй на гарадзішчы… Для манастырскага начальства ён, як каталік, быў чужым чалавекам. Яны трактавалі ўсю візантыйскую спадчыну як праваслаўную. Тым часам падзел хрысціянства на Усходнюю і Заходнюю цэрквы, як цярпліва тлумачыў ім Касцюшка, адбыўся толькі ў 1054 годзе. Але яго і слухаць не хацелі. Адзін з настаяцеляў манастыра пісаў даносы, вінавацячы яго, каталіка, у свядомай варожасці да праваслаўнага манастыра. А старшыня Археалагічнай камісіі граф А. Бобрынскі даводзіў яму, што інтарэсы Вайсковага ведамства (работнікі якога, дарэчы, нажываліся на продажы старажытных знаходак) стаяць вышэй за археалагічныя. Да таго ж некаторыя ганарыстыя навукоўцы, бываючы ў Херсанесе праездам, крытыкавалі ягоныя раскопкі, што, маўляў, вядуцца без пэўнага плана, і сістэму захоўвання экспанатаў у музеі.

Кароль Касцюшка-Валюжыніч суправаджае імператара Мікалая ІІ з імператрыцай на экскурсіі па руінах Херсанеса. 1902 год

Кароль Касцюшка-Валюжыніч суправаджае імператара Мікалая ІІ з імператрыцай на экскурсіі па руінах Херсанеса. 1902 год

Мара ўсяго жыцця

Зразумела, у тых умовах стварыць у Херсанесе музей было вельмі складана. І ўсё ж у 1892 годзе ў збудаваным на беразе Каранціннай бухты будынку адкрыўся Склад мясцовых старажытнасцяў.

На пачатку ХХ стагоддзя нарэшце было прынята рашэнне аб узвядзенні спецыяльнага будынка для музея, але набліжалася руска-японская вайна. І К. Касцюшка-Валюжыніч разумеў, што ў гэты час цяжка спадзявацца на саліднае фінансаванне будаўніцтва. “Жудасна становіцца ад думкі, – пісаў навуковец, – што не дажыву да новага музея. А мне так хацелася б самому ўсё ўладкаваць і спарадкаваць у новым будынку. Калі праект стварэння Херсанескай археалагічнай станцыі не сустрэне спачування, то справе далейшага навуковага даследавання Херсанеса будзе нанесены смяротны ўдар. Выхаваўчае значэнне раскопак будзе страчанае, і за Херсанесам застанецца толькі адна роля – пастаўляць матэрыялы для археалагічных архіваў”.

“Я не здраджу Херсанесу…”

Пры канцы верасня 1907 года каля Ялты, на мысе Ай-Тадор, пачаліся раскопкі рымскай фартэцыі Харакс. У часе наведвання гэтых раскопак К. Касцюшка-Валюжыніч трапіў пад доўгую залеву і прастудзіўся, што мела трагічныя наступствы. Больш за месяц хвароба працякала вяла, але пад канец лістапада абвастрылася. Як на тое, у пакоі, дзе знаходзіўся хворы, было вельмі сыра і халодна. Моцны запаленчы працэс закрануў адзінае лёгкае. Самаахвярны даследнік не дажыў да адкрыцця асобнага адмысловага будынка для музея. 27 снежня К. Касцюшка-Валюжыніч памёр ад вострай пнеўманіі і сепсісу ў лякарні Чырвонага Крыжа.

Незадоўга да смерці даследнік напісаў старшыні Маскоўскага археалагічнага таварыства графіні П. Уваравай: “Як архонт мёртвага горада, я пасяліўся на яго руінах, заўсёды знаходжуся там і хацеў бы нават быць пахаваным у Херсанесе”. І з горкай іроніяй дадаў: “…але, як паганец (паводле меркавання тутэйшых святых айцоў), вядома, не заслужыў такога гонару”. Аднак жа сталася іначай. Касцюшку-Валюжыніча пахавалі ў двары манастыра, непадалёк ад цэнтральнай плошчы старажытнага горада. Гэта было прызнаннем яго вялікіх заслуг перад навукай.

На магіле, на сціплым пастаменце з шэрага каменю, узвышаецца мармуровая калона з раскопак Херсанеса. Яна стаіць як сімвал 20-гадовай працы дзеля аднаўлення гісторыі старажытнага горада.

З даўніх часоў у студэнтаў, якія прыязджаюць на археалагічную практыку ў Херсанес, існуе традыцыя: прамаўляць словы вернасці Херсанесу ля магілы К. Касцюшкі-Валюжыніча, паўтараючы Прысягу херсанесцаў: “Я не здраджу Херсанесу…”. Гэтыя словы адлюстроўваюць жыццёвае крэда нашага героя. У адным з пасланняў у Археалагічную камісію ён пісаў: “Я так адданы справе даследавання Херсанеса і, як фанатык, так далёка зайшоў, што вяртання няма! Для мяне развітацца з Херсанесам – усё роўна, што развітацца з жыццём”.

Вынікі навуковай дзейнасці

Ад самага пачатку раскопак у Херсанесе і да канца зямных дзён Касцюшка-Валюжыніч самааддана служыў любімай справе. За ўсю гісторыю вывучэння гарадзішча ніхто не адкрыў гэтулькі помнікаў, не пакінуў пасля сябе такога велізарнага ліставання і дасканалай, з пазіцый таго часу, дакументацыі, як К. Касцюшка-Валюжыніч.

Вынікі ягонай дзейнасці ўражваюць. Ён ажыццявіў маштабныя раскопкі плошчы старажытнага горада: адкрыў жылыя кварталы і вуліцы, крамы і майстэрні, грамадскія будынкі і багата дэкараваныя цэрквы з мазаічнымі падлогамі, сістэму водазабеспячэння і капітальныя абарончыя збудаванні.

Навуковая спадчына К. Касцюшкі-Валюжыніча складае велізарны архіўны фонд (больш за 5 тысяч адзінак захоўвання) – гэта копіі рукапісных справаздач, накіраваных у Археалагічную камісію, фатаграфіі і чарцяжы, якія дакументуюць працэс раскопак, ліставанне з вядучымі навуковымі ўстановамі, гісторыкамі і прыватнымі асобамі.

Старонка справаздачы Караля Касцюшкі-Валюжыніча пра вынікі раскопак

Старонка справаздачы Караля Касцюшкі-Валюжыніча пра вынікі раскопак

Невычэрпная працаздольнасць Касцюшкі і бязмежная любоў да Херсанеса заклалі аснову вядомага цяпер на ўвесь свет запаведніка, які з’яўляецца ўнікальным гістарычным комплексам і нязменна вабіць да сябе шматлікіх гасцей з розных гарадоў. Гэта не толькі гарадзішча, унесенае ў 2013 годзе ў спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Херсанес стаў адным з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў, дзе працуюць гісторыкі з розных краін. Яшчэ не адно пакаленне гісторыкаў будзе звяртацца да навуковай і творчай спадчыны першага загадчыка гарадзішча, выкарыстоўваць сабраныя ім матэрыялы і даследаваць помнікі, адкрытыя нашым вялікім суайчыннікам.

Экспанаты ў Сховішчы старажытнасцейЭкспанаты ў Сховішчы старажытнасцей

Паляк ці ліцвін?

Нашы заходнія суседзі па сваёй даўняй звычцы ўсіх беларусаў-каталікоў запісваюць у палякі. Не мінула такая доля і Караля Касцюшку-Валюжыніча. Для іх ён “польскі археолаг”, “з старажытнага польскага роду”, “гадаваўся ў польскай сям’і”. А каб ні ў каго не заставалася сумневаў у паходжанні нашага героя, яны парупіліся зрабіць і падаравалі Херсанескаму музею бюст навукоўца з польскім надпісам. Што на гэта можна сказаць? Адказ даў сам Касцюшка. У адным з нядаўна знойдзеных архіўных дакументаў ягонай рукою пазначана “…не хаваю сваёй ліцвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання”.

Праблема ўшанавання памяці на радзіме

Дзіцячыя гады нашага героя прайшлі ў бацькоўскім маёнтку Новае Сяло, які размяшчаўся на правым беразе Дзвіны пры вусці рэчкі Росіца, паблізу сённяшняй беларуска-латвійскай мяжы, побач з мястэчкам Друя.

Цяпер гэтае некалі люднае паселішча дажывае свой век. Пад шатамі лісцёвага лесу – былога прысядзібнага парку – сёння можна пабачыць, але ў вельмі занядбаным стане, тое, што раней было панскай сядзібай, з сажалкай і невялікім азярцом сярод палявога раздолля. Дом у цэлым захаваў першапачатковы выгляд (размяшчэнне пакояў, аконныя і дзвярныя прахоны, ганак, варыстая печ – усё, як і раней), толькі даўнейшы гонтавы дах стаў шыферны. Аднак з фотаздымка, які пераслаў нам пасля выхаду кнігі “Архонт мёртвага горада” гісторык-краязнавец Антон Бубала, відаць, што стан гэтага дома сёння катастрафічны. Тэрмінова патрабуецца кансервацыя і наданне яму статусу ахоўнага аб’екта гістарычна-культурнай спадчыны.

Сядзіба Касцюшкаў-Валюжынічаў. Здымак 2006 г.Сядзіба Касцюшкаў-Валюжынічаў. Здымак 2006 г.

Адзін з аўтараў кнігі “Архонт мёртвага горада” Валер Ярмоленка, вялікі энтузіяст аднаўлення родавай сядзібы нашага героя, не дачакаўся выхаду яе ў свет. 22 верасня 2015 года яго не стала. І цяпер няма каму ўзяць на сябе клопат у гэтай важнай справе.

А што далей?

Для мяне як для вядучага рэдактара гэтай кнігі цалкам відавочна, што Кароль Касцюшка-Валюжыніч – асоба, вартая ўшанавання. Таму я звярнулася ў Грамадскае аб’яднанне “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” да старшыні – Антона Астаповіча. Вельмі ўдзячная яму за хоць і песімістычны, але хуткі і шчыры адказ. Па ўсім відаць, што спадар Антон – чалавек слова, які стараецца не даваць пустых абяцанак. Ён аргументавана давёў, што перспектывы захаваць сядзібу вельмі змрочныя, што гэта амаль немагчыма. На яе аднаўленне патрэбны сродкі, а іх няма і не будзе. І нават калі здарыцца цуд і знойдзецца фундатар, ніхто не захоча даваць грошы, пакуль не вызначаны юрыдычны статус гэтага месца. Гаворка ідзе пра наданне статусу нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці месцу былой сядзібы Касцюшкі-Валюжыніча. У Таварыства займацца гэтай справай няма магчымасці ды матэрыяльных рэсурсаў, да таго ж ёсць план працы на год, а таксама некалькі праектаў, па якіх Таварыства мае абавязкі перад людзьмі і ўладамі.

Няўжо ўсё так змрочна і бесперспектыўна? Няўжо сярод амаль 10-мільённага народа не знойдуцца людзі – і сярод чыноўнікаў, і сярод бізнесоўцаў – якія возьмуць на сябе клопат і адказнасць разварушыць гэтую справу? Якая б занядбаная ні была сядзіба, але яна ёсць! Ад дома Тадэвуша Касцюшкі застаўся адзін падмурак, а яго ж адбудавалі. Лепей жа сёння хоць закансерваваць, чым заўтра ўзнаўляць на пустым месцы. Колькі на гэта трэба грошай? Мабыць жа, нямала, бо нічога не робіцца задарма. Але ж гэта не замак, не палац, а ўсяго толькі драўляны дом. Ці, можа, будзем чакаць, калі ініцыятыву праявяць палякі, якія і грошы знойдуць, і напішуць потым на мемарыяльнай таблічцы “вялікі польскі археолаг”?..

Цяпер шмат гавораць пра патрыятызм. Але без спраў гэтыя словы становяцца пустым гукам. Пацвярджайма сваю любоў да Радзімы канкрэтнай справай!

Аўтар публікацыі: Алеся Станкевіч.

Крыніца: Наша ніва
Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

22–28 красавіка 1944 года. 19 тыдняў да вызвалення

23 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам