ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларуская паэтка Вальжына Морт атрымала найвялікшую ў Канадзе прэмію за паэзію
Адкрыта рэгістрацыя на VIII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”

Янка Маўр на Пухавіччыне

Янка Маўр на Пухавіччыне
Іншыя навіны

З Пухавіцкім краем звязаны жыццё і творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў. У гэтай старонцы жылі і працавалі Якуб Колас, Міхась Чарот, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пятро Рунец, Валянцін Мыслівец, Алесь Пісарык, Алесь Цвях... 

Не так даўно ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга Наталлі Іванаўны Міцкевіч «Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа: успаміны». 

Аўтар – дачка славутага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра і нявестка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, жонка малодшага сына песняра – доктара тэхнічных навук Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. У кнізе гэтулькі падрабязнасцяў, цікавых акалічнасцяў з жыцця вядомых творцаў, легендарных мастакоў слова, што часам кніга ўяўляецца сапраўдным падручнікам па гісторыі беларускай літаратуры. 

І, канешне ж, так ці іначай аўтар не магла не выйсці на тэму пухавіцкага літаратурнага краязнаўства, бо абодва пісьменнікі ў розныя гады летавалі разам са сваімі сем’ямі ў вёсках Пухавіцкага края. 

«А ў пачатку трыццатых гадоў бацька вырашыў знайсці для летняга адпачынку ціхі куточак на роднай зямлі, дзе б ніхто не замінаў яму працаваць. Канечне, павінны быць рэчка і лдес. У вёсцы Турын Пухавіцкага раёна настаўнічаў Адліванчык, які ажаніўся з сястрой першай бацькавай жонкі. І бацька папытаў яго, ці няма дзе блізка такога куточка. Адліванчык прапанаваў хутар недалёка ад Турына, які называўся Лысай гарой. Там, на беразе старыцы Свіслачы, стаялі тры хацінкі, вакол якіх высіўся лес. Моста праз раку там не было, і гэтая мясціна была адасоблена ад іншых паселішчаў. Месца было сапраўды райскім...»

З расповяду Наталлі Іванаўны становіцца вядомым імя гаспадара хутара – Пракоп, які жыў у асноўным на кардоннай фабрыцы, дзе ў яго была другая хата. Праз Пракопа пісьменнік купіў на фабрыцы некалькі лістоў тоўстага кардона. З яго Пракоп «пабудаваў» для Янкі Маўра будку на самым беразе ракі. Якой жа была тая будка, пра якую раней, яшчэ нейкіх два – два з паловай дзесяцігоддзі я і сам чуў ад мясцовых турынскіх жыхароў? «... Каб ад дажджу не намакалі сцены, змайстравалі шырачэзны дах. У будцы змяшчалася толькі адно крэсла, а ў якасці стала служыла шырокая дошка, прымацаваная пад акном. У гэтай будцы бацька працаваў над сваімі творамі. Калі ж ён заседжваўся з намі пасля трапезы, мы ў жарт казалі: "Пайшоў у будку!" І ён паслухмяна ішоў туды...»

Янка Маўр з жонкай Стэфанідай, дачкой Наталляй і ўнукам Сяргеем. Гарадзішчы. 1949 г.
Янка Маўр з жонкай Стэфанідай, дачкой Наталляй і ўнукам Сяргеем. Гарадзішчы. 1949 г.

На хутары каля Турына сям’я пісьменніка адпачывала амаль кожнае лета да самай Вялікай Айчыннай вайны... І напачатку ў сям’і Маўра нават не ведалі, што ніжэй па Свіслачы лецішча аблюбаваў і Якуб Колас, з якімі Маўр быў знаёмы яшчэ з дарэвалюцыйных часін. 

Райскім куточкам называе Наталля Іванаўна мясціны каля Турына. Але ж былі не толькі радасныя імгненні, было не толькі і замілаванне прыродай, але і здараліся непрыемнасці. Пра адну з іх вось што расказвае Наталля Міцкевіч: «... аднойчы ад станцыі Пухавічы нас давёз сусед Пракопа, стары Кенька, у возе на сваім кані. Калі бацька зняў усе рэчы з воза, ён паслаў мяне да Кенькі, каб той забраў каня і павозку. А ў Кенькі каля хаты стаялі вуллі з пчоламі. І, калі я прыбегла на яго двор, на мяне напаў цэлы рой. Мне было толькі восем гадоў... Я махала рукамі, старалася адагнаць раз’юшаных насякомых, а яны яшчэ больш кусалі. Бацька ўбачыў і стаў крычаць мне, каб я бегла да рэчкі і нырнула ў ваду, што я і зрабіла. Але пчолы паспелі пакусаць мяне з ног да галавы. Цела ад укусаў распухла, страшэнна балела, паднялася высокая тэмпература. Бацькі былі ў жаху, ні бальніцы, ні доктара паблізу не было. Што рабіць? Пракоп прапанаваў звярнуцца па дапамогу да вядомай знахаркі. Ён перавёз на лодцы маці на другі бераг, і яны пабеглі да знахаркі. Тая дала маці бутэлечку з нейкай вадкасцю і наказала рабіць прымочкі на месцы укусаў, пакуль не спадзе пухліна. Два дні я была ў страшэнна цяжкім стане. Маці плакала, баялася, што я памру, але працягвала рабіць прымочкі. Я паправілася, але з тае пары баюся пчол, а ад мёду ўзнікае алергія. Усё цела пачынае свярбець...» .

Якуб Колас з Нявесткай Наталляй. 1955 г.
Якуб Колас з нявесткай Наталляй. 1955 г.

Зазірнуўшы ў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», можна зразумець, што менавіта, якія канкрэтна творы пісаў Янка Маўр у гэты, «турынскі», перыяд. Зразумела, што найбольш прадуктыўным для пісьменніка быў менавіта летні час. У 1930–1941 гг. Янка Маўр друкуе ў часопісах «Іскры Ільіча», «Полымя рэвалюцыі», газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва» урывак з новай кнігі «Амок», урывак з кнігі «Аповесць будучых дзён», урывак з аповесці «ТВТ», п’есы «Памылка», «Хата з краю» ( у калектыўным зборніку «П’есы»), апавяданні «Савецкая кватэра», «Драўлянае апавяданне», «Чужаземец», «Мая ёлка», «Каршун», «Сям’я», «Бярозавы конь», «Падарожжа ад школы да дому», «Справа пятага «Б», «Новае жыццё», «Чэснае піянерскае», «Слёзы Тубі» , «Начальнік артылерыі», «Як Соня па доктара хадзіла», «На крызе». Што да кніг, то ў гэтае дзесяцігоддзе пабачылі свет «Палескія рабінзоны» (першае выданне датавана 1930-м, да Вялікай Айчыннай вайны аповесць выходзіла яшчэ тройчы), «Слёзы Тубі» (тры выданні – 1930, 1935, 1938), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ, або Апавяданне пра тое, як маладыя героі ўзбунтаваліся супроць уціску рэчаў і збілі з панталыку дзядзьку Данілу, цётку Мар’ю, нават міліцыянера і, нарэшце, увесь свет; як яны навучыліся бачыць тое, чаго другія не бачаць, і як Цыбук здабываў ачкі» (1934). Другім выданнем у 1933 г. убачыла свет кніга «Чалавек ідзе» (першае выданне – 1927). Другім і трэцім выданнем – «Сын вады» (у 1932 і 1938; першае – у 1928). Таксама другім і трэцім выданнем – аповесць «У краіне райскай птушкі» (у 1932 і 1933; першае – у 1928). Пэўна ж, 1930-ыя гады былі для Янкі Маўра самым узнёслым творчым перыядам. 

Літаратуразнаўца Іван Чыгрын сведчыць пра той час у лёсе Я. Маўра: «З 1930 пісьменнік-прафесіянал, жыў з літаратуранй працы. У 1934 годзе на ўсебеларускім конкурсе на лепшую кнігу для дзяцей яго аповесць "ТВТ" адзначана прэміяй. Удзельнік 1-га ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў (1934)...»

А да пухавіцкай тэмы ў сваіх успамінах Наталля Міцкевіч звяртаецца яшчэ неаднойчы. «Сваёй дачы ў Канстанціна Міхайлавіча не было, таму дзяцей на лета адвозілі ў вёску – паблізу ад Радашковіч, пасля – ад Ракава. Калі ж Міхась набыў аўтамабіль, мы аблюбавалі для адпачынку вёсачку Беразянка, дзе да вайны адпачывала сям’я Коласа. Немцы спалілі гэтую вёску...» І далей: «Пасля вайны тыя беразянцы, якія неяк уратаваліся ад смерці, адбудавалі хаты, толькі вёсачка парадзела больш чым напалову. З вайны вярнуўся муж Зосі – Лёня, без рукі, перанёс цяжкія аперацыі. Уладкаваўся працаваць лесніком, адбудаваў на старым месцы дом, а поруч пабудавала дом Саша. Мы спыніліся ў доме Лёні Шчэрбы, у 1939 годзе ў яго хаце летаваў Колас са сваёй сям’ёй. На лета я брала з сабой пляменніка Андрэя...» З успамінаў Наталлі Іванаўны мы даведваемся пра тое, што разам з імі летаваў у Беразянцы і яе брат – славуты фізік, акадэмік Фёдар Фёдараў. Цікавы і такі факт. Міхась Канстанцінавіч у адзін год запрасіў у Беразянку сваю стрыечную сястру Веру. Яна прыехала ў пухавіцкую вёску са сваімі знаёмымі – артыстамі Вялікага тэатра оперы і балета. «Яны былі тут некалькі дзён, і ў гэтыя дні па Беразянцы разлівалася цудоўная музыка. Мы і жыхары вёскі з асалодаю слухалі яе...»

«Старэйшыя дзеці разам з намі, – піша Наталля Іванаўна Міцкевіч, – амаль штодня хадзілі на маляўнічую Свіслач. Гэтым мясцінам Канстанцін Міхайлавіч прысвяціў шмат вершаў, ды і ў Міхася ўспамінаў было многа. Цяпер ён са сваімі "спадарожнікамі" – стрэльбаю і фотаапаратам – абыходзіў гэтыя мясціны. Назбіралася мноства здымкаў – на некалькі альбомаў – і чароўных краявідаў, і людзей, з якімі мы тут сустракаліся і сябравалі. На здымках і мой бацька, які прыязджаў сюды на некалькі дзён. Мы там шчасліва летавалі каля дзесяці год. Беразянка пусцела, людзі пакідалі яе. А калі ў Свіслач хлынулі сцёкавыя воды з мінскіх адстойнікаў – прарвала дамбу, – падысці да рэчкі было немагчыма, метраў за сто да яе стаяў страшэнны смурод. Якраз у гэты год у Беразянку са сваёй сям’ёй прыязджаў Арсень, з якім Фёдар дзяліўся сваім захапленнем ад гэтых мясцін.

Наш летні адпачынак у Беразянцы скончыўся. Хутка яна зусім апусцела. Зося перабралася ў Падбярэжжа, там жыў яе сын Коля, які стаў механізатарам. Саша з’ехала ў Зацітаву Слабаду. Цяпер на месцы вёскі Беразянка вырас лес і цяжка знайсці рэшткі падмуркаў хат ці калодзежныя ямы...». Арсень – гэта яшчэ адзін сын Маўра, брат Наталлі Іванаўны. 

Крышачку пра саму Наталлю Іванаўну Міцкевіч. Нарадзілася ў 1924 годзе. Пайшла з жыцця ў 2012 годзе. У 1954 годзе абараніла дысертацыю на годнасць кандыдата тэхнічных навук. І доўгія гады працавала ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася ў эвакуацыі ў Казахстане, у Алматы. І пра гэты перыяд жыцця таксама падрабязна расказала ў сваіх успамінах. 

Наталля і Міхась Міцкевічы. 1955 г.
Наталля і Міхась Міцкевічы. 1955 г.

Кніга ўспамінаў Наталлі Міцкевіч папярэдне друкавалася ў часопісе «Полымя». Асобнае выданне ўспамінаў падрыхтаваў да друку муж дачкі Янкі Маўра – доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч.

Аўтар публікацыі: Алесь Карлюкевіч.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам