ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як родны дом. Да 75-годдзя адкрыцця першай экспазіцыі музея Янкі Купалы
Рыхтуйцеся да чэленджу!

Янка Купала на значках

Іншыя навіны

Фалерыстыка – гэта калекцыянаванне значкоў, ордэнаў, медалёў і іншых нагрудных знакаў. А той, хто гэтым займаецца, адпаведна называецца фалерыст.

Цікава, напрыклад, колькі было выпушчана значкоў, прысвечаных Народнаму паэту Беларусі Янку Купалу? Бо народнаму кабзару Украіны Тарасу Шаўчэнку прысвячалася больш за 1 000 значкоў. А вось нашаму Янку Купалу да гэтай лічбы вельмі далёка. Тым не менш, купалаўскія значкі таксама выпускаліся і многія фалерысты іх маюць у сваіх калекцыях.

Janka-Kupala.jpg

Купалаўскія значкі – гэта мініяцюры, выкананыя на метале, на якіх змешчаны партрэты Песняра ці схемы мясцін, назвы ўстаноў, звязаных з яго імем, даты. Такія значкі з’яўляюцца адной з праяў папулярызацыі асобы і творчай спадчыны Янкі Купалы. Значкі, прысвечаныя нашаму класіку, вядомы ў выкананні прафесійных і самадзейных мастакоў. Яны даволі разнастайныя і цікавыя.

Першы значок, прысвечаны Янку Купалу, выпусціў Мінскі доследна-эксперыментальны завод імя Гастэлы ў 1962 годзе дыяметрам 15 мм. На ім адлюстраваны партрэт Песняра (профіль направа) па акружнасці, а ўнізе напісана дата: 1882–1942. Значок быў выпушчаны ў некалькіх колерах.

У гэтым самым годзе быў выпушчаны яшчэ адзін значок – барэльефны партрэт Янкі Купалы (профіль направа), унізе змешчана лаўровая галінка і даты: 1882–1942. Гэтыя памятныя значкі прысвячаліся 80-м угодкам нашага Песняра.

Праз дзесяць гадоў беларусы зноў успомнілі пра Янку Купалу і выпусцілі ажно пяць значкоў. На першым значку на фоне ліры змешчана разгорнутая кніга, уверсе лічба “90”, а ўнізе напісана: Я. Купала. Другі значок таксама ўяўляў з сябе разгорнутую кнігу, на левай старонцы яе на чорным фоне змешчаны партрэт Янкі Купалы, на правай старонцы белага колеру чорнымі літарамі напісана Янка Купала, ёсць там таксама лаўровая галінка і даты: 1882–1972.

Трэці значок памерам 17х13 мм уяўляе з сябе чорны фон з партрэтам Песняра і ўнізе подпіс: Янка Купала. Значкі аформіў мастак Янка Раманоўскі. Чацвёрты значок быў выпушчаны ў форме разгорнутай кнігі з партрэтам паэта і словы: Я.Купала. Пяты значок аформіў мастак Г.Максімаў. На фоне разгорнутай кнігі наўскос ляжыць вінтоўка, у якой замест штыка – пяро, на левай старонцы значка надпіс: Янка Купала.

У 1973 годзе ўпершыню значок з выявай Янкі Купалы выйшаў па-за межамі краіны ў Нью-Ёрку. Ён быў прысвечаны ўстанаўленню ў Араў-парку ў 1970-м годзе ў мястэчку Манро недалёка ад Нью-Ёрка помніка чатыром пісьменнікам: Янку Купалу, Аляксандру Пушкіну, Уолту Уітману і Тарасу Шаўчэнку. Значок быў выпушчаны адпаведным культурным цэнтрам, што стварыў сам мемарыял.

Значок-партрэт Янкі Купалы выпускаўся ў розных колерах у 1977 і 1981 гадах. Профіль партрэта скіраваны налева. Фон значка быў зялёны, шэры, чорны, чырвоны і сіні.

Купалаўскія значкі выпускалі і літаратурныя музеі. Так, купалаўскі музей у 1981 годзе парадаваў аматараў творчасці Песняра сваім першым значком. На цёмна-зялёным фоне быў змешчаны партрэт Янкі Купалы, а з левага боку тэкст: “Музей Я.Купалы”. Унізе – Мінск. Літаратурны музей Янкі Купалы здзівіў і яшчэ адным значком з тэкстам “Літаратурны музей Янкі Купалы”. Аздоблены ён лаўровым лістком. Фон меў некалькі колераў.

Да 110-годдзя Янкі Купалы ў 1992 годзе выпускаўся арыгінальны значок. Ён быў прысвечаны Вязынцы, дзе нарадзіўся беларускі Песняр. На значку лацінкай напісаны тэкст: Janka Kupala. Wiazynka. І лічба: 110.

Праз год быў выпушчаны значок з картай-схемай купалаўскіх мясцін на Аршаншчыне. У верхняй частцы яе на жоўтым фоне ёсць надпіс “Купалаўскі мемарыяльны запаведнік”. Пад ім на зялёным фоне пазначаны жоўтымі кружкамі населеныя пункты Орша, Копысь, Ліпкі і чырвонай кропкай Ляўкі.

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі” – гэта філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які знаходзіцца за 500 метраў ад вёскі Ляўкі Аршанскага раёна. У Ляўках у 1935 – 1941 гадах на дачы жыў і працаваў Янка Купала. Лірычныя вершы “Сонцу”, “Алеся”, “Лён”, “Сосны”, “Госці”, “Вечарынка”, “Сыны” і іншыя, напісаныя паэтам у гэты перыяд, складаюць так званы “Ляўкоўскі перыяд”.

У 1982 годзе грамадскасць Беларусі адзначала 100-годдзе з дня нараджэння Народнага паэта Янкі Купалы. Рыжскае вытворчае аб’яднанне народных мастацкіх промыслаў і сувеніраў “Дайльрада” выпусціла прыгожы значок у форме барэльефнага партрэта Янкі Купалы, па акружнасці значка напісаны тэкст: “Янка Купала. 100 гадоў з дня нараджэння”. Аўтар значка Г.Максімаў. Таксама ў ЗША выпускаўся значок да 100-годдзя двух Песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа. На значку змешчаны два партрэты Песняроў і на англійскай мове напісаны тэкст: “Byelorussian Poets Kypala Kolas”. Хутка сярод фалерыстаў разыйшоўся і значок, на якім адлюстраваны Янка Купала і Якуб Колас з нагоды 100-годдзя з дня іх нараджэння.

Да 50-годдзя Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы купалаўцы таксама выпусцілі значок. Ён складаецца з лічбы 50, лаўровага ліста, і слоў: “Тэатру Янкі Купалы”.

Да 110-годдзя народнага паэта беларусы парупіліся і выпусцілі добры купалаўскі значок з партрэтам Песняра і гадамі жыцця: 1882–1942…

Магчыма два – тры купалаўскія значкі я не ўлічыў у гэтым допісе. Але, як бачыце, на жаль, іх не дужа шмат выходзіла. Тым не менш, і купалаўскія значкі – гэта асобная старонка ў беларускай фалерыстыцы.

Аўтар публікацыі: Сяргей Чыгрын.
Значкі з калекцыі аўтара

Крыніца: Культура

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам