ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
7 кастрычніка споўнілася 230 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча, мовазнаўца-лексікографа, фалькларыста, этнографа, археографа
Семінар-практыкум па методыцы работы з Рэгіянальным зводным электронным каталогам

Янка Брыль: працяг біяграфіі

Янка Брыль: працяг біяграфіі
Іншыя навіны

Выдавецтва "Мастацкая літаратура" пачало рэалізацыю важнага для беларускага асветніцтва праекта: да чытача прыйшоў першы том дзесяцітомнага Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля.

"Быць чалавекам свайго часу трэба, дакладней кажучы – нельга не быць. Але ж як гэта важна быць яшчэ і над часам, быць тым, хто бачыць далей наперад, вышэй – у агульначалавечае". Уся творчая дарога Янкі Брыля – шлях да самога сябе, жаданне разабрацца ў перыпетыях грамадскага жыцця, спроба асэнсаваць рэчаіснасць. Праз апавяданні і аповесці, праз раман "Птушкі і гнёзды", праз лірычныя запісы і мініяцюры. Янка Брыль усім сваім лёсам выявіў захопленасць мастацкім словам, прыўнёс у нашу чытацкую свядомасць хараство і красу беларускага прыгожага пісьменства. Гэта відаць і па тых цёплых, шчодрых на моўныя фарбы тэкстах, якія склалі першы том запланаванага дзесяцітомніка. Апавяданні і лірычныя замалёўкі, якія ўвабралі творы 1937–1966 гадоў, – як своеасаблівы экзамен, што спадарожнічаў жыццю розных пакаленняў беларускіх чытачоў. У памяці з ранейшых знаёмстваў і адкрыццяў – брылёўскія "Ліпа і клёнік", "Memento morі", "Казачок", "Зялёная школа", "Галя"... Колькі тут шчырасці, сардэчнасці, душэўнасці!.. Такога блізкага да чытача пісьменніка ў беларускай літаратуры трэба яшчэ пашукаць: Янка Брыль умеў быць адкрытым як ніхто, у малых, някідкіх на першы погляд з'явах ён знаходзіў вялікі сэнс, філасофію, вартасці якой прымушалі думаць, разважаць і нават гарэць перажываннямі. Брылёўскае слова рашуча ладзіла разломы розных ландшафтаў рэчаіснасці. Брылёўскае слова і зараз багатае на сучаснасць, сугучнасць звычайнаму, будзённаму і ўзнёсламу, радаснаму сённяшніх нашых дзён.

У рэдкалегію новага Збору твораў вялікага беларускага пісьменніка сучаснасці ўвайшлі вядомыя літаратуразнаўцы, літаратары, дачка Янкі Брыля – Наталля Іванаўна Семашкевіч. У другім томе таксама будуць апавяданні і лірычныя замалёўкі. У трэцім і чацвёртым – аповесці. Пяты том умяшчае раман "Птушкі і гнёзды". У шостым і сёмым – лірычныя мініяцюры. Восьмы – нарысы, літаратурныя партрэты. У дзявятым – літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, інтэрв'ю. Завяршае Збор твораў том эпісталярнай спадчыны. Мажліва, з часам мы яшчэ дачакаемся і выдання дзённікаў пісьменніка, над якімі, як вядома, ён працаваў усё жыццё.

Аўтар публікацыі: Мікола Раўнапольскі.

Крыніца: Звязда

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам