ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Бібліятэка атрымала падарункі з малой радзімы Уладзіміра Дубоўкі і Кузьмы Чорнага
Паэт-марыніст з Капыльшчыны: новы віртуальны рэсурс

Як Статуты ВКЛ паўплывалі на развіцце сусветнай прававой думкі

Як Статуты ВКЛ паўплывалі на развіцце сусветнай прававой думкі
Іншыя навіны

У наш час адбываецца выключна важная падзея ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі – канстытуцыйная рэформа, якая вызначыць перспектывы далейшага фарміравання беларускай дзяржавы. Гэта дае падставы і нават патрабуе ад нас звярнуць увагу на развіццё канстытуцыйнага будаўніцтва ў гісторыі нашага народа і пераасэнсаваць адзін з найважнейшых помнікаў прававой і кніжнай культуры Беларусі – Статут ВКЛ, які нярэдка называюць правобразам айчыннай Канстытуцыі, протаканстытуцыяй, а часам – нават першай Канстытуцыяй.

Здавалася б, Статут з’яўляецца ці не найлепш даследаваным айчынным тэкстам і кніжным помнікам XVI ст., якому прысвечаны тысячы публікацый айчынных і замежных даследчыкаў. Я. Юхо, Т. Доўнар, Г. Галенчанка, А. Радаман, У. Падалінскі, Л. Голубева, Г. Праневіч, В. Галубовіч, С. Лазутка, У. Мякішаў, Ю. Бардах, С. Вансевічус і іншыя здолелі зрабіць прынцыпова новы крок у кірунку вывучэння Статута ВКЛ, якое распачалося больш чым стагоддзе таму назад у працах ранейшых аўтараў (І. Лапо, Ф. Леантовіч, І. Маліноўскі, С. Пташыцкі і інш.).

Аднак пры гэтым Статут звычайна фігуруе толькі ў асобных аспектах і кантэкстах – як прававы акт, як гістарычная крыніца, як помнік палітычнай культуры, як сведчанне ўзроўню развіцця беларускай мовы ў тагачасным грамадстве, нават як твор графічнага мастацтва, але яго комплексная ацэнка як кніжнага помніка дагэтуль не зроблена.

Статут ВКЛ 1566 г
Статут ВКЛ 1566 г.

Да таго ж у пераважнай большасці выпадкаў Статут ВКЛ успрымаецца як нешта статычнае, узніклае ў 1588 г. на старабеларускай мове і выдадзенае віленскай друкарняй братоў Мамонічаў пры падтрымцы канцлера Льва Сапегі. Пры гэтым не бярэцца ў разлік працяглая гісторыя бытавання Статута, яго афіцыйнага выкарыстання на працягу двух з паловай стагоддзяў, шматлікіх перакладаў, перавыданняў, дапрацовак і дапаўненняў.

Сёння ў масавую свядомасць праз публікацыі навукоўцаў прыходзіць асэнсаванне таго факта, што дзякуючы з’яўленню Статута ВКЛ нашы продкі былі аднымі з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Статут ВКЛ, складзены па-беларуску і зацверджаны ў 1588 г., меў многія рысы сапраўднай Канстытуцыі і пры гэтым уяўляў сабой кадыфікаваны звод асноўных законаў краіны. У сувязі з гэтым надзвычай важным выглядае асэнсаванне Статута ВКЛ як доўгатрывалай і зменлівай з’явы ў кантэксце яго пашырэння праз шматлікія выданні і рукапісы, а таксама перакладаў на іншыя мовы.

Пачатак тэксту Трэцяга Статута.
Пачатак тэксту Трэцяга Статута

Як вядома, Статут ВКЛ неаднаразова перавыдаваўся. Прывілей на яго выданне атрымаў асабіста Л. Сапега, які меў права выдаць яго ў любой друкарні, але выбар свой ён спыніў на віленскай друкарні Мамонічаў (з гэтага часу ў выданнях Мамонічаў ён пачаў называцца «звирхним паном друкарни»). Менавіта тут у 1588, каля 1592–1593 і каля 1600 гг. выйшлі першыя тры выданні Статута на старабеларускай мове. Прычым усе тры з’явіліся пад аднымі выхаднымі данымі – 1588 г., што таксама мае пэўнае значэнне для даследчыкаў кніжнай культуры Беларусі.

Першыя выданні Статута ВКЛ на польскай мове пабачылі свет у друкарні Лявона Мамоніча ў 1614, 1619 і каля 1623 г., прычым у апошнім выданні былі захаваны выхадныя звесткі папярэдняга (з датай «1619»). Выданні Статута на польскай мове мелі новыя тытульныя аркушы, прысвячэнні, алфавітныя рэестры, складзеныя С. Галянскім. Паводле тлумачэнняў перакладчыка, далучаных да выдання, пераклад быў зроблены са старабеларускай мовы даслоўна, каб забяспечыць дакладнасць перакладу, а не прыгажосць слова.

Пачатак тэксту Трэцяга Статута.
Пачатак тэксту Трэцяга Статута

Надзвычай каштоўны таксама і падрыхтаваны ў дзвюх частках варыянт выдання Статута ВКЛ, зроблены ў Санкт-Пецярбургу паралельна на польскай і рускай мовах у 1811 годзе.

На працягу перыяду афіцыйнага дзеяння Статута ВКЛ яго выданні актыўна выкарыстоўваліся. Трэба адзначыць, што як звод законаў Статут дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі і некаторых сумежных краёў не толькі ў перыяд існавання ВКЛ, але і пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі і захоўваў сваю правамоцнасць у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 г., а ў Віленскай, Мінскай і Гродзенскай – да 1840 г.

Важнай задачай сёння з’яўляецца выяўленне ўсіх захаваных асобнікаў – друкаваных і рукапісных, на старабеларускай мове і перакладных, у дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і замежных краін. Аналіз захаваных выданняў і рукапісных спісаў Статута ВКЛ зроблены ўдзельнікамі ІХ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў і апублікаваны ў зборніку канферэнцыі.

Вядома, што рукапісныя спісы Статута ВКЛ 1529 г. сёння захоўваюцца ў Расіі (Расійская нацыянальная бібліятэка), Польшчы (Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве, Курніцкая бібліятэка), Германіі (Бібліятэка сярэдняй школы г. Шульпфорт). Спісы Статута 1566 г. зберагаюцца ў Расіі (Расійская дзяржаўная бібліятэка, Расійская нацыянальная бібліятэка, Дзяржаўны гістарычны музей), Украіне (Нацыянальная бібліятэка Украіны імя У. І. Вярнадскага), Літвы (Бібліятэка Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук), Польшчы (Курніцкая бібліятэка) і інш. У тых жа, а таксама некаторых іншых бібліятэках можна знайсці спісы Трэцяга Статута ВКЛ 1588 г. На вялікі жаль, у зборах нашай краіны рукапісных спісаў Статута амаль не захавалася. Адным з выключэнняў з’яўляецца позні спіс, які датуецца ажно ХІХ ст. і сёння захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Выява генеалагічнага дрэва.
Выява генеалагічнага дрэва

Вядома, што да Другой сусветнай вайны ў зборах Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі) захоўвалася адно з першых кірылічных выданняў Статута, атрыманае ад вядомага беларускага гісторыка А. Сапунова. Падчас апошняй сусветнай вайны гэта выданне было вывезена за межы Беларусі, але не страчана. Сёння яно захоўваецца ў зборы Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф. Скарыны ў Лондане. У выніку да нядаўняга часу ў дзяржаўных зборах нашай краіны не было ніводнага кірылічнага выдання Статута ВКЛ. Толькі ў 2012 г. дзякуючы намаганням устаноў культуры і прыватных арганізацый, а таксама беларускай грамадскасці для збораў Музея гісторыі Магілёва было набыта кірылічнае выданне Статута.

Апрача друкаваных выданняў, вялікую каштоўнасць маюць рукапісныя спісы Статута ВКЛ, якія сведчаць пра пашырэнне «статутнага» права, пра асаблівасці выкарыстання Статута прадстаўнікамі розных станаў і рэгіёнаў краіны, пра моўныя працэсы на нашых землях.

Некаторыя з рукапісных спісаў абсалютна ўнікальныя. Напрыклад, на выстаўцы «Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі» ўпершыню прадэманстраваны спіс Статута ВКЛ 1588 г. у перакладзе на нямецкую мову, які захоўваецца ў адной з найстарэйшых бібліятэк Еўропы – Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта. Сам пераклад быў выкананы ў 1632 г., але дадзены рукапіс перапісаны пазней – у 1709 г. Ён з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях гістарычных Інфлянтаў і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў.

Да цяперашняга часу дайшла невялікая частка рукапіснай спадчыны прававога характару, але ёсць падставы меркаваць, што спісаў Статутаў ВКЛ налічвалася сотні. Толькі адзін рукапісны спіс Статута ВКЛ захаваўся ў Беларусі. Сёння ён у фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дадзены спіс датуецца канцом XVIII ст.

Афіцыйнае выданне перакладу Статута ВКЛ у Расійскай Імперыі.
Афіцыйнае выданне перакладу Статута ВКЛ у Расійскай Імперыі

Надзвычай важнай, хоць немагчымай для рэалізацыі з’яўляецца задача фізічна сабраць розныя асобнікі Статута і прадставіць іх шырокай грамадскасці. Гэта магло б дазволіць візуальна ўспрыняць і зразумець доўгі шлях функцыянавання Статута ВКЛ. На сёння яна часткова можа быць рэалізавана ў арганізацыі часовых выставак, на якіх маглі б дэманстравацца кніжныя помнікі з розных збораў і калекцый нашай краіны і замежжа.

Ідэя была апрабавана пры арганізацыі выстаўкі «Вялікі Статут Вялікага Княства», якая была адкрыта ў межах ІХ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў. У экспазіцыі, якая была створана на аснове фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Музея гісторыі Магілёва, былі прадстаўлены практычна ўсе выданні Статута ВКЛ, якія захоўваюцца ў нашай краіне.

Гэта ідэя атрымала працяг пры арганізацыі выстаўкі «Шлях да Канстытуцыі», якая прайшла ў Музеі кнігі ў сакавіку – красавіку 2019 г. і на якой былі прадстаўлены ўсе канстытуцыйныя акты ў гісторыі нашага народа за апошнія 500 гадоў. Выстаўка была прымеркавана да 490-годдзя Першага Статута ВКЛ, 100-годдзя Канстытуцыі Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі і 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя складалася з унікальных рукапісных і старадрукаваных помнікаў права, а таксама выданняў XIX–XXІ стст. Значная частка выстаўкі была прысвечана Статуту ВКЛ: прадстаўлены арыгіналы і факсіміле розных спісаў і асобнікаў Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг., у якіх упершыню зафіксаваны нормы канстытуцыйнага права. Сярод іншага можна было пабачыць Канстытуцыю Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 г., усе Канстытуцыі Савецкай Беларусі (у тым ліку першую 1919 г. і чатырохмоўную Канстытуцыю БССР 1927 г.). Пачэснае месца заняла Канстытуцыя нашай незалежнай дзяржавы 1994 г. у першапачатковым выглядзе і з улікам пазнейшых змен і дапаўненняў.

Урэшце апошняя падобная выстаўка пад назвай «Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі» адкрылася 16 сакавіка 2020 г. Галоўная ідэя дадзенага выставачнага праекта – паказаць Статут ВКЛ не толькі як нацыянальны канстытуцыйны акт, але і як правобраз еўрапейскай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права. Арганізатары спрабавалі паказаць Беларусь як краіну з багатай прававой і кніжнай культурай, якая была прыкладам для пераймання, якая мела вялікі ўплыў на культуратворчыя працэсы ў іншых краінах. З гэтай мэтай на выстаўцы дэманструюцца розныя выданні і пераклады Статута ВКЛ на іншыя мовы, якія былі створаны за ўвесь час афіцыйнага выкарыстання гэтага дакумента.

Патрабуе асэнсавання пытанне ўключэння вобраза статута ВКЛ у грамадскія працэсы сучаснай Беларусі: адукацыйны працэс, мастацкую літаратуру, выяўленчае мастацтва і інш. Праз гэта адбываецца актуалізацыя старажытнага помніка і яго рэвіталізацыя – вяртанне да жыцця ў новых формах, прыдатных да задач новага часу. Мы можам бачыць, як шырока інтэграваны вобраз Статута ВКЛ у беларускую літаратуру яшчэ з часоў В. Дуніна-Марцінкевіча і да нашых дзён.

Бясспрэчна, што Статут ВКЛ сёння ўжо не выконвае тыя функцыі, для якіх ствараўся першапачаткова. Сёння ён становіцца сімвалам і яркім вобразам, надзеленым рознымі сэнсамі. Статут ВКЛ успрымаецца беларусамі як сведчанне высокага ўзроўню развіцця прававой і палітычнай культуры нашых продкаў, як сімвал дамінуючага статусу беларускай мовы ў ВКЛ і абгрунтаванне прэтэнзій на спадчыну гэтай дзяржавы, як прыклад верацярпімасці і дэмакратыі, а самае важнае – як падстава для гонару і станоўчай ацэнкі патэнцыялу айчыннай культуры.

Праведзены аналіз дазваляе ўпэўнена сцвярджаць, што Статут ВКЛ з’яўляецца надзвычай каштоўным помнікам айчыннай культуры. Ён не толькі аказаў вялікі ўплыў на развіццё прававой думкі Беларусі і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна, стварыў спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай дзяржаўнасці, стаў важным дасягненнем у працэсе развіцця беларускай пісьмовай мовы, але таксама істотна паўплываў і на развіццё беларускай кніжнай традыцыі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што наша старажытная протаканстытуцыя была перанята ці выкарыстана многімі іншымі народамі пры фарміраванні прававой сістэмы розных краін. З гэтай мэтай яна перакладалася на замежныя мовы, на якіх таксама мела афіцыйнае выкарыстанне.

Аўтар публікацыі: Алесь Суша.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам