ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Гонка легенд: як гэта было
Заключны этап падарожжа ў свеце дзіцячай прозы і паэзіі

Як папрыгажэць бібліятэцы без змен у ранжыры

Як папрыгажэць бібліятэцы без змен у ранжыры
Іншыя навіны

Сёння бібліятэкі знаходзяцца на пераломным, можна сказаць, этапе існавання.


Публічныя бібліятэкі ўсё больш прымаюць на сябе функцыю клубнай установы, у іх рабоце дамінуе культурна-масавы сегмент. А вось абслугоўванне чытачоў кнігай (асабліва ў раённых і гарадскіх бібліятэках) сыходзіць на другі план. Як пазбегнуць канфлікту?

Я – бібліятэкар са стажам, бачыла самыя лепшыя часы развіцця бібліятэчнай справы. Але сітуацыя змянілася. Да ўсяго названага вышэй дадам, што ў нас ёсць вельмі моцныя канкурэнты. Напрыклад, сэрвісы “Google”: “Google Books”, што сканіруе і збірае вялікую частку кніг у сусветных бібліятэках, “Google Play”, што прапануе больш за 4 мільёны кніг і тысячы фільмаў, песень і розных дадаткаў. Ці можа з гэтым параўнацца звычайная бібліятэка? Дык якая будучыня нас чакае пры такім раскладзе? І чым можа дапамагчы рэклама, пра якую ў чарговы раз гаворыцца на старонках “Культуры”?

Зразумела, бібліятэкі не будуць такімі, якімі мы іх ведалі і ведаем сёння. Памятаеце, чытачы некалі па асабістым жаданні, без бібліятэчнай рэкламы запісваліся ў чаргу, каб пачытаць тую ці іншую кнігу, нават “блат” шукалі сярод бібліятэкараў. Мы тады вялі картатэкі чытацкага попыту, каб яго задаволіць, усталёўвалі чаргу, каб выключыць гэты самы “блат”. Асабліва гэта тычылася перабудовачнага часу, калі не хапала экзэмпляраў модных тады Уладзіміра Дудзінцава (“Белыя адзенні”), Васіля Гросмана (“Жыццё і лёс”), Анатоля Рыбакова (“Дзеці Арбата”), Аляксандра Салжаніцына (“Архіпелаг ГУЛАГ”) і іншых. Трохі пазней была чарга і на творы нашай беларускай пісьменніцы Наталлі Батраковай. І яна доўжылася, пакуль усе не перачыталі “Тэрыторыю душы”, “Плошчу згоды”, “Імгненне бясконцасці”. На цікавую чытачам літаратуру і рэклама непатрэбная – тут “сарафаннае радыё” стала спрацоўвае. А яшчэ ў тыя часы суперпапулярнымі былі літаратурна-мастацкія часопісы, чытанне іх сведчыла аб культуры, інтэлігентнасці чалавека.

Праблемы з задавальненнем чытацкага попыту ёсць і цяпер. Праўда, іншага кшталту. У згаданыя мной часы попыт рана ці позна можна было задаволіць, бо фонды адносна добра камплектаваліся. Усё залежала ад асобы бібліятэкара, яго сумленнасці і разваротлівасці. Цяпер інфармацыю пра навінкі мастацкай літаратуры чытачы вельмі часта шукаюць у інтэрнэце (там рэклама спрацоўвае на ўсе сто), а вось пачытаць хочуць кнігу бібліятэчную. Зразумела, бо кошты ў кнігарнях для большасці – недасягальныя. У нас жа сродкаў на аператыўнае набыццё гэтай літаратуры няма. Адсюль – чытацкая незадаволенасць бібліятэкай. Як пазбегнуць канфлікту?

Самая дзейсная рэклама ў публічных бібліятэках, на маю думку, – індывідуальная, назавем яе так. У вёсках і мястэчках правакацыйная рэклама, якая прапаноўвацца газетай, не спрацуе – бессэнсоўная справа! А тых аднаго-двух чытачоў, хто зацікавіўся б заляжалай у фондах кнігай, мы знойдзем і так, бо на месцы знаёмыя адзін з адным, ведаем інтарэсы кожнага, бо, у адрозненне ад вялікіх гарадоў, працуем з ім індывідуальна. І тут не схлусіш, бо заўтра сустрэнешся з чалавекам на вуліцы, у краме.

А вось кніжную выстаўку я разглядаю як самы дзейсны сродак рэкламы. Праўда, пры ўмове, што яна будзе шэдэўрам бібліятэчнага майстэрства. Возьмем нашу Навагрудскую раённую бібліятэку. Час прымусіў на гарадскіх мерапрыемствах ладзіць відовішчныя кніжныя выстаўкі-панарамы. Можна сказаць, гэта традыцыя, закладзеная ў 2012-м. За час эксперыментаў майстэрства бібліятэкараў удасканалілася настолькі, што яны ў сціслыя тэрміны могуць зрабіць не проста выстаўку, а шыкоўную экспазіцыю. Нашы супрацоўнікі Іна Шаўчук і Святлана Чубрык сталі майстрамі-дызайнерамі, для рэкламы кнігі яны выкарыстоўваюць рэчы, прадметы, характэрную тэме магнітна-сувенірную прадукцыю з хатніх калекцый. З апошніх работ найбольшую цікавасць уяўляе цыкл выставак “Літаратурны глобус”. У бібліятэцы ўжо прэзентаваліся Англія, Францыя, ЗША, чытачам была прапанавана літаратура пра гэтыя краіны. І людзі цягнуцца да нашых выставак, а калі экспазіцыі арганізуюцца на плошчы альбо ля бібліятэкі, тут натоўпы збіраюцца.

У сценах бібліятэкі яркія выстаўкі таксама прывабліваюць чытачоў, усіх – ад малога да вялікага. Вось, напрыклад, дэманстрацыя апошняй выстаўкі цыкла “Фарбы падарожнага лета” супала з часам, калі выпускнікі школ і сярэдніх навучальных устаноў горада падпісвалі ў бібліятэцы абхадныя лісты. Моладзь нельга было адарваць ад гэтага праекта! Між іншым, па назіраннях нашых работнікаў, хлопцы з’яўляюцца больш удумлівымі чытачамі, а дзяўчаты больш лёгкімі да ўдзелу ў бібліятэчных мерапрыемствах. І тут вельмі важна, які бібліятэкар сустрэнецца на іх жыццёвым шляху. Калі да вышэй разрэкламаванай выстаўкі падключыцца бібліятэкар і правядзе гэтым выпускнікам прафесійны агляд прадстаўленай літаратуры, атрымаецца значна лепшая рэклама, чым тая, што робяць прадаўцы кніг у транспарце. Для транзітных пасажыраў дастаткова і такой рэкламы. А бібліятэкарам няма сэнсу там выступаць. Такая мая думка. Трэба працаваць са сваімі людзьмі, са сваімі патэнцыйнымі чытачамі. Увесь свет не ахопіш.

Часткова згаджуся з тым, што непапулярная – гэта кепска разрэкламаваная кніга. Калі ў нашай бібліятэцы на абанеменце арганізуецца чарговая кніжная выстаўка, чытачы праяўляюць непадробную цікавасць да таго, што дэманструе бібліятэка і, што асабліва каштоўна, бяруць гэтыя кніжкі чытаць. Зразумела, у бібліятэку ідуць зацікаўленыя пошукам добрай кнігі людзі. Але важна, калі пры гэтым яны давяраюць бібліятэкару, яго чытацкаму густу. Ведаюць, што калі тая ж самая Іна Шаўчук, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі, ім параіла, хай сабе не сам-насам, а праз выстаўку, яны не памыляцца ў выбары кнігі, а значыць, атрымаюць асалоду. Карацей, як і ў любой справе, у бібліятэцы ўсё залежыць ад спецыяліста, яго прафесіяналізму. А такая вось адрасная рэклама кнігі, якая зыходзіць ад чалавека, якому вераць, – найкаштоўнейшая.

Высокапрафесійныя бібліятэчныя кадры – вось пра што трэба клапаціцца сёння. Вось толькі на нашу невысокую зарплату на месцах не так лёгка прывабіць моладзь, якая магла б зрабіць слушную параду сучаснаму чытачу.

Кожная кніга мае свайго чытача. Зыходзячы з гэтага, сапраўды, нецікавых кніг не бывае. Нецікавая рэклама – гэта здараецца, але на гэта ўсё спісваць не трэба. Прысутныя нават адной і той жа мэтавай аўдыторыі па-рознаму ўспрымуць тую ж інфармацыю. Усё залежыць ад слухача, яго падрыхтоўкі, зацікаўленасці, ад яго жадання (нежадання) знайсці цікавае.

Разгледзім звычайны бібліяграфічны агляд літаратуры. Калі ён зроблены бібліятэкарам годна, то ўдзельнікі мерапрыемства, калі нават і не возьмуць кніг, але паслухаўшы разумнага чалавека, пашыраць свой кругагляд. Гэта таксама карысць, якую бібліятэка нясе людзям. У якасці прыклада – бліц-агляды “Мы не адны, калі ёсць кніга”, якія ў мінулым годзе праводзіла Навагрудская раённая бібліятэка. Былі наведаны тры арганізацыі горада – “Белдзяржстрах”, “Беларусбанк”, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Акцэнт рабіўся на рэкламе літаратуры па псіхалогіі, гісторыі, культуры, навінках мастацкай літаратуры. Падобнае практыкавалася і раней. Кожны такі выхад бібліятэкі меў вялікі поспех па ўспрыманні інфармацыі і зацікаўленасці. Але надалей перспектыва не такая вясёлая. Стаць актыўнымі чытачамі бібліятэкі людзі ленаваліся. Здавалася б, сучасныя ды дзелавыя. А хочуць, каб усё “на сподачку з аблямовачкай”, каб нават кнігу бібліятэкары прынеслі па месцы працы, хоць адлегласць паміж бібліятэкай і ўстановай ад 50 да 250 метраў. Як ёсць, так і кажу. Вось такія асобныя вынікі прапаганды кнігі. Хоць бяры і вяртайся да перасовак у арганізацыях і на прадпрыемствах горада.

І ўсё ж, бібліятэчная рэклама – справа неабходная. А рэкламуем мы не толькі кнігі, але і сябе. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі мэтанакіравана працуе па стварэнні станоўчага іміджу нашых устаноў, мы імкнёмся, каб кожная бібліятэка мела свой твар, сваю адметную асаблівасць, стараемся, каб яе адрознівалі і пазнавалі.

З гэтай нагоды гадоў колькі таму нашы бібліятэкі сваімі сіламі распрацавалі лагатыпы. Няхай сабе гэта і не прафесійныя мастацкія работы, але тым не менш зараз яны выкарыстоўваюцца на выдавецкай прадукцыі, на дошках інфармацыі і г.д. Нашы бібліятэкі папрацавалі над “сваім тварам”. І папрыгажэлі.

А раённая бібліятэка нават выпрацавала нешта кшталту брэнда, які, дарэчы, мае высокую рэпутацыю ў жыхароў горада. Гаворка – пра міні-галерэю “Імгненне”. Яна створана ў 2009 годзе. Тут ладзяцца выстаўкі мясцовых, часам – іншагародніх мастакоў і проста народных умельцаў. Напрыклад, летась было арганізавана пяць экспазіцый – выстаўкі вышытых карцін “Узвышанае і зямное” навагрудчанкі Галіны Баярчук і “Натхненне душы” Алены Сокал, удзельніка гуртка аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выстаўка “Колер кожнага дня” Мінскага клуба-студыі “Палітра радасці”, фотавыстаўка мінчанкі Алены Кулюкінай “Такім я бачу свет”, выстаўка жывапісу ў стылі “батык” “Казачныя мроі” Анжэлы Вашкевіч. На пачатку 2016-га тут выстаўляліся навагоднія паштоўкі, у асноўным 1980-х. Былі і сучасныя экзэмпляры. Асаблівую цікавасць выклікалі замежныя паштоўкі, у прыватнасці прысвечаныя святу Божага Нараджэння.

Цікавымі атрымаліся фотаэкспазіцыя “Навагрудчына: учора і сёння” і выстаўка карцін “Магія папяровых кветак” у тэхніцы “квілінг”, выкананых творчым гуртком “Зрабі сам” таго ж аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Такім чынам, наша “рэкордных памераў лыжка”, пра якую ўзгадваецца ў артыкуле “Культуры”, – гэта міні-галерэя “Імгненне”.

Праўда, калі разважаць па сутнасці, атрымліваецца, бібліятэка сваё імя робіць не праз кнігу, а праз мастацтва. Не кажу, што тое дрэнна, але пра гэта пісала вышэй: перастаноўка функцый бібліятэк па значнасці.

Што тычыцца звычайных сельскіх бібліятэк, тут самая лепшая рэклама – падворныя абходы. Як правіла, гэта нагода для прыватных гутарак, прыёму і выканання індывідуальных заказаў. А значыць – эфектыўны спосаб папулярызацыі кнігі. “Сам-насам” называецца. Паколькі згодна з адпаведным загадам дырэктара ў апошнюю сераду месяца ў Навагрудскай раённай бібліятэцы робяцца падворныя абходы, гэты дзень у пэўным сэнсе можна назваць “агульным рэкламным днём кнігі”.

Я разумею, што не ўпісваюся ў агульнапрынятую класіфікацыю відаў рэкламы, але мае развагі грунтуюцца на практычным вопыце. І ён пераконвае мяне, што сельскія бібліятэкі патрэбныя людзям. Ёсць рэклама ці яе няма. І якія б змены ў краіне і бібліятэчнай справе не адбываліся, мы павінны захаваць для сельскага жыхара гэты астравок культуры, адукацыі і, што найважнейшае, цэнтр чытання мастацкай літаратуры.

Аўтар публікацыі: Фаіна Малюжэнец, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі.

Крыніца: газета “Культура”, 16.07.2016.

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам