ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Адам Мальдзіс – верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Францыска Скарыны – застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў
Парыў да святла

Як краязнаўцы адкрываюць віртуальную прастору і сацыяльныя сеткі

Як краязнаўцы адкрываюць віртуальную прастору і сацыяльныя сеткі
Іншыя навіны

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша – вядомая ў беларускай культуры асоба. Бібліятэказнаўца, арганізатар бібліятэчнай справы, кнігазнаўца, скарыназнаўца. Ініцыятар многіх кніжніцкіх, бібліятэчных праектаў. І таму, відавочна, многія яго думкі, меркаванні і ў дачыненні да праблем айчыннага краязнаўства могуць паказацца надзвычай цікавымі. Але ж мяркуйце самі...

– Што вы асабіста ўкладваеце ў вызначэнне «краязнаўства»?

– Слова «краязнаўства» знаёмае амаль кожнаму і, на першы погляд, не патрабуе асаблівых тлумачэнняў. І ў той жа час гэтае слова і акрэсленая ім з'ява не такія простыя, як магло б падавацца на першы погляд.

Я б не хацеў уводзіць тут нейкае новае азначэнне для паняцця «краязнаўства». Справа ў тым, што ў айчыннай гуманітарыстыцы навукоўцы нярэдка імкнуцца прыдумляць усё новыя і новыя азначэнні. Праз гэта яны паказваюць свой «уклад» у навуку, навізну сваіх даследаванняў. Пры гэтым сутнасна справа мала ў чым мяняецца.


Пад краязнаўствам трэба разумець вывучэнне якога-небудзь краю, асобных мясцовасцяў, раёнаў з пункту гледжання іх прыроды, гісторыі, эканомікі, быту і г. д., якое выконваецца пераважна мясцовымі сіламі. Тут важныя некалькі аспектаў. Па-першае, краязнаўства – гэта не абавязкова навука ці галіна навуковых ведаў. Па-другое, яно мае комплексны і міждысцыплінарны характар, бо ў межах краязнаўчых даследаванняў адбываецца апісанне і вывучэнне таго ці іншага рэгіёна з розных бакоў – прыродныя рэсурсы, кліматычныя асаблівасці, гаспадарчая дзейнасць насельніцтва, эканамічны патэнцыял, гісторыя рэгіёна, традыцыі і звычаі мясцовых жыхароў, культурная спадчына і многае іншае. Па-трэцяе, тэрмін «краязнаўства» найчасцей выкарыстоўваецца для вывучэння не цэлых краін ці нават частак свету, а лакальных тэрытарыяльных адзінак – асобных населеных пунктаў, раёнаў ці мясцовасцяў, якія выдзелены найчасцей не як палітычная адзінка (краіна ці саюз краін), але і на падставе іншых крытэрыяў: прыродная адасобленасць, характарыстыкі культурнага жыцця, агульныя моўныя рысы насельніцтва і г. д. Чацвёртая асаблівасць краязнаўства – найчасцей яно з'яўляецца вынікам работы мясцовых ініцыятыўных груп ці адзінкавых даследчыкаў. У той жа час мэтанакіраванае вывучэнне таго ці іншага рэгіёна з боку знешніх прафесійных навукоўцаў (напрыклад, падчас этнаграфічных, археалагічных геалагічных і іншых экспедыцый) краязнаўствам не лічыцца. Гэта не азначае, што краязнаўства абавязкова мае аматарскі статус. Зусім не! Яно можа выконвацца прафесіяналамі і па навукова абгрунтаванай методыцы, даючы пры гэтым сур'ёзныя навуковыя, практычныя ці шырэй – значныя для грамадства вынікі. Але нярэдка краязнаўства трымаецца на ініцыятыве мясцовых жыхароў, апантаных цікавасцю да роднага краю, захопленых ідэяй праславіць дарагія іх сэрцу мясціны. І нават калі яны не маюць акадэмічнай адукацыі і прафесійнага навуковага вопыту, то гэта кампенсуецца агнём любові да радзімы, што гарыць у іх сэрцах.


– Краязнаўства, несумненна, – значная частка выхаваўчай работы ў школе, увогуле ў грамадстве. Наколькі гэта асэнсоўваецца тымі людзьмі, якія часам і па службовых абавязках павінны займацца клопатамі выхавання?

– Магу меркаваць, што ў асноўным асэнсаванне яе значнасці прысутнічае ў большасці навучальных устаноў. Не заўсёды, але ўсё ж вельмі часта менавіта настаўнікі і выкладчыкі школ, гімназій, каледжаў, тэхнікумаў, ліцэяў і, безумоўна, вышэйшых навучальных устаноў з'яўляюцца галоўнымі ініцыятарамі краязнаўчай работы. Яны звычайна маюць асаблівую цікавасць і любоў да роднай вёскі ці горада і пры гэтым здольныя яе перадаць сваім вучням, запаліць агеньчык любові да роднай зямлі. У многіх рэгіёнах Беларусі ў навучальных установах сёння ёсць прадметы радзімазнаўства ў лакальным яго вымярэнні: маладзечназнаўства, полацказнаўства і г. д. Нярэдка праваднікамі гэтых і іншых краязнаўчых ініцыятыў выступаюць настаўнікі. Яны ахвяруюць сваім вольным часам, сіламі і нават грашыма, каб зладзіць тыя ці іншыя мерапрыемствы, выпусціць навучальны дапаможнік, стварыць турыстычны буклет, сайт, суполку ў сацыяльных сетках і г. д.


– Як бы вы ацанілі сённяшні стан беларускага краязнаўства? Гэта – пад'ём, пэўны рэнесанс альбо стагнацыя і занядбанасць?

– Мы нярэдка параўноўваем тое, што маем, з уласнымі ідэальнымі ўяўленнямі ці найлепшымі нацыянальнымі ці замежнымі практыкамі. І на фоне такога параўнання хочацца сказаць, што нам яшчэ далёка да дасканаласці... Калі глядзець на пытанне з больш высокай перспектывы, то сітуацыя выглядае не тое што нядрэннай, але і заўважныя вельмі прыемныя тэндэнцыі... Нават у мае школьныя гады – канец 1980-х – 1990-я гады – нават тады многае па інерцыі працягвала ранейшыя традыцыі. Тады мала хто ў Беларусі ведаў пра нашых выдатных землякоў – мастакоў, навукоўцаў, пісьменнікаў... Нават дзеячы, якія займелі сусветную славу, як Марк Шагал, Хаім Суцін, Іван Хруцкі, Адам Міцкевіч, Леў Сапега, Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка і іншыя, шырокай грамадскасцю слаба асацыіраваліся з Беларуссю, з іх родным краем. Я памятаю, як мяне дзівіла, што ў ранейшых падручніках усё было пра Маскву і Ленінград, пра Волгу і Дон, пра Пушкіна і Талстога, пра Чайкоўскага і Балакірава... І на іх фоне рэдкія беларускія імёны і гарады прадстаўляліся як перыферыйныя з'явы, вартыя ўвагі толькі ў другую чаргу.


З таго часу шмат што змянілася. Але таксама гэта адбылося не адразу. Памятаю, нават калі я паступаў і вучыўся ва ўніверсітэце – у канцы 1990-х і ў пачатку 2000-х гадоў, зноў жа, я ніяк не мог зразумець, чаму ў маім родным горадзе Мінску няма (не было на той час) ні свайго гарадскога музея, ні краязнаўчых канферэнцый, прысвечаных гісторыі і культуры нашай сталіцы. Не было шмат чаго, што сёння ўспрымаецца як норма і звычайнасць...

– Што найбольш уражвае ў краязнаўчых здабытках апошняга дзесяцігоддзя?

– А вы толькі зірніце: прайшло не так шмат часу – і ўсё гэта мы ўжо маем. Я б сказаў, што сёння мы назіраем сапраўдны выбух цікавасці да роднай зямлі з боку жыхароў самых розных куточкаў Беларусі. Беларусы навучыліся паважаць сваю культуру, ведаюць уласную гісторыю. Яны пачалі ўспрымаць свой родны край не як перыферыю вялікіх імперый ці цывілізацый, а як цэнтр адліку, як крыніцу натхнення продкаў, сярод якіх было нямала слаўных землякоў.


Найбольшым здзяйсненнем для краязнаўства апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца адкрыццё краязнаўцамі віртуальнай прасторы і магчымасцяў сацыяльных сетак. Перад гэтым многія краязнаўцы-аматары збіралі ў хатніх умовах розныя папкі з выразкамі з газет, нататкі, успаміны, што ляжалі стосамі і часта ў такім выглядзе заставаліся ляжаць да моманту іх знішчэння нашчадкамі гэтых краязнаўцаў, якім гэтыя папкі былі ўжо без патрэбы. Камп'ютары дазволілі многім збіраць і сістэматызаваць каласальныя аб'ёмы краязнаўчых звестак, больш зручна і хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю, апрацоўваць яе і надалей выкарыстоўваць. З'яўленне сацыяльных сетак дазволіла ствараць суполкі па інтарэсах, хутка знаходзіць землякоў, колішніх калег, суседзяў і сваякоў, нават калі яны раз'ехаліся па ўсім свеце, ствараць аматарскія і прафесійныя артыкулы пра свой родны край, дзяліцца фотаздымкамі ў неабмежаванай колькасці, імгненна перасылаць паведамленні і атрымліваць адказ, арганізоўваюць дыскусіі па розных краязнаўчых пытаннях. Гэта не толькі істотна дапоўніла інфармацыйнае поле краязнаўчых даследаванняў, прадстаўленае ў большасці артыкуламі ў газетах і асобнымі кніжнымі выданнямі, але і прывяло да пераходу краязнаўства на якасна новы ўзровень.


– Зусім нядаўна мы бачылі развіццё такога агульнадзяржаўнага праекта як Год малой радзімы... І гэта доўжылася тры гады. Якім бачыцца галоўны плён у межах гэтай праграмы?

– Клопат пра патрыятычнае выхаванне, фарміраванне любові да роднага краю, падтрымка мясцовых ініцыятыў і спрыянне захаванню сувязяў грамадзян з родным куточкам успрымаюцца як вельмі пазітыўны і неабходны кірунак дзейнасці любой цывілізаванай дзяржавы. У гэтым кантэксце ініцыятыва правядзення Года малой радзімы заслугоўвае безумоўнай падтрымкі. Важны вынік – стымуляванне сацыякультурнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў мясцовага насельніцтва, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Менавіта ў гэтым галоўны, заўважны і планаваны вынік.

Ёсць і іншы вынік – паступовы і мэтанакіраваны рост у свядомасці грамадства разумення таго, што родная зямля – ці гэта маленькая вёска, ці шматлюдны мегаполіс – з'яўляецца найбліжэйшай і найважнейшай крыніцай, якая на працягу жыцця дае чалавеку натхненне, сілу, падтрымлівае яго.


Мінулае стагоддзе кардынальна памяняла, нават паламала традыцыйны ўклад жыцця беларусаў. У гэты час у нашай краіне адбывалася імклівая ўрбанізацыя: мільёны людзей паслядоўна перасяляліся з вёсак у гарады. Уявіце сабе, яшчэ сто гадоў таму назад беларусы ў пераважнай большасці былі сялянскім этнасам, большасць людзей была занятая ў сферы сельскай гаспадаркі, нават культурнае жыццё ў асноўным развівалася ў самай цеснай сувязі з каляндарным цыклам сельскагаспадарчых работ. Вясковы ўклад жыцця быў адвечнай формай існавання, сфарміраванай усёй ранейшай шматтысячагадовай традыцыяй у рамках гісторыі беларускага этнасу. І раптам усе традыцыі пераламаліся, засталіся непатрэбнымі, выкінутымі на перыферыю гаспадарчага і культурнага жыцця. Замест хатніх гаспадарак з'явіліся калгасы і саўгасы, потым фермы, якія пры меншай колькасці работнікаў давалі большы вынік. Індустрыялізацыя, механізацыя амаль цалкам выцесніла чалавека, настойліва паказала яму, што патрэбы ў такой колькасці людзей на вёсцы больш няма. Да таго ж героямі найноўшага часу ўсё часцей пачалі станавіцца інжынеры, кіраўнікі заводаў і фабрык, героі тэлеэкранаў, чыноўнікі з вялікіх гарадоў, бізнесмены, прадстаўнікі сучасных і перспектыўных прафесій, у ліку якіх сельскія жыхары сябе бачылі ўсё больш і больш рэдка. У выніку надзеяй і мэтай для многіх вясковых дзетак было «вырвацца з вёскі ў горад», пераехаць падалей ад «адсталага» патрыярхальнага ўкладу дзядоў і бацькоў. І ў многіх атрымлівалася. Як вынік: замест сельскага народа сто гадоў назад беларусы сталі адным з найбольш гарадскіх, урбанізаваных народаў. Амаль кожны пятых жыхар краіны сёння жыве ў сталіцы... У гарадах пражывае большасць насельніцтва краіны. Самае істотнае – нават тыя, хто з вёскі не выехаў, нярэдка ўскладаюць надзею на магчымасць перабрацца ў вялікі горад – ці хоць і не ў вялікі, але ў горад. Страчаны давер да вёскі, да зямлі-карміцелькі, да роднага куточка, які яшчэ нядаўна быў здольны кожнага надзяліць жыццёвай сілаю. У выніку насельніцтва вёсак сёння, асабліва аддаленых, старэе, моладзі становіцца ўсё менш. Найперш з-за пераканання, у многім памылковага, што перспектыў вёска дае зусім няшмат.

Пераламіць такі стэрэатып даволі складана. І не толькі таму, што апошнія дзесяцігоддзі ўсяляк падтрымлівалі яго існаванне, але і таму, што дагэтуль горад фактычна застаецца прывабным і перспектыўным месцам: вышэйшыя заробкі, большы выбар кірункаў прафесійнай дзейнасці, шырэйшыя магчымасці для самарэалізацыі. Калі ж не рабіць нічога, то мы можам страціць вёску, а разам з ёй – сувязь са сваімі каранямі. Думаецца, што такія ініцыятывы, як Год малой радзімы, з'яўляюцца адным з крокаў да пераадолення гэтай праблемы.


– Краязнаўства – заўсёды постаці, арганізатары краязнаўчай работы ў рэгіёнах. Каго б вы вылучылі з сучаснікаў – знакавых персанажаў у беларускім краязнаўстве?

– Пытанне вельмі складанае, і адказаць на яго, думаецца, я не здолею. Сапраўды, краязнаўства – гэта найперш постаці. І вельмі многае залежыць ад іх актыўнасці, здольнасцяў, падтрымкі. І ўсё ж параўнаць краязнаўцаў між сабою амаль немагчыма. Паспрабую растлумачыць. Калі да цябе ніхто раней не займаўся вывучэннем роднай вёскі, то гэта работа зойме ў цябе вельмі шмат часу і дасць адносна абмежаваны вынік, але навізна, а таму і агульная значнасць гэтай работы будзе высокай. А з іншага боку, пра многія нашы буйныя гарады і асобныя рэгіёны сёння нескладана скласці вялікую і добра ілюстраваную кнігу, бо падобныя даследаванні ўжо даўно і вынікова праводзяцца. Таму – бяры, складай, апрацоўвай і атрымаеш вынік. Ды як можна параўнаць даследчыка палескай вёскі і краязнаўцу, які цікавіцца вялікім горадам? Нават даследчыкаў двух суседніх вёсак між сабою параўнаць складана. А хто лепшы краязнавец: каторы кнігі піша ці які робіць радыёперадачы? Які стварыў краязнаўчую экспазіцыю ў мясцовым музеі ці той, што масава водзіць захапляльныя экскурсіі па сваім рэгіёне? А можа настаўнік сельскай школы, які здолеў прывіць дзецям любоў да роднай вёскі і раёна, даў ім веды пра зямлю бацькоў і тым самым выхаваў сапраўдных патрыётаў? Альбо малады блогер ці стваральнік суполкі ў сеціве, якая сабрала мноства ўраджэнцаў пэўнага населенага пункта, якія масава дзеляцца ўспамінамі, фотаздымкамі, іншымі звесткамі, ствараючы такім чынам жывую і шматгранную гісторыю малой радзімы?


Краязнаўства, па сутнасці, – лакальная ініцыятыва. Далёка не ўсе нават з ліку вельмі яркіх і таленавітых краязнаўцаў вядомыя на нацыянальным узроўні. Магу прыводзіць шмат прыкладаў цудоўных аматараў і прафесіяналаў, якія многае зрабілі для вывучэння і папулярызацыі ведаў пра свой родны горад, вёску ці раён. Аднак для большасці чытачоў «Звязды» альбо «Полымя», «Маладосці», іншай асветніцкай перыёдыкі яны будуць мала вядомымі. У гэтым сэнсе публіка значна лепш ведае дзеячаў-арганізатараў, якія, так бы мовіць, працуюць «на звядзенні», а таксама медыйных асоб. Згадайма Уладзіміра Гілепа і яго паплечнікаў з Беларускага фонду культуры (на чале з Тадэвушам Стружэцкім), якія на працягу многіх ужо гадоў выдаюць «Краязнаўчую газету». Ёсць таленавітыя фатографы-краязнаўцы, якія аб'ехалі ўсю Беларусь і прымусілі усіх захапляцца багаццямі роднай зямлі. Назаву толькі пару імёнаў, разумеючы, што іх спіс можна было б доўга працягваць, – Сяргея Плыткевіча і Анатоля Клешчука. Згадаем аўтараў папулярных краязнаўчых тэлепраектаў, за якімі з задавальненнем сачылі тысячы, калі не мільёны, гледачоў. Цудоўныя краязнаўчыя тэлепраекты ствараюцца рэгіянальнымі тэлеканаламі...

– А я б назваў і пастаўскага настаўніка, пісьменніка Ігара Пракаповіча... Са Слуцка – збіральнік памяці пра Вялікую Айчынную вайну Васіль Тышкевіч... Нельга апошнія семдзесят гадоў краязнаўства Беларусі ўявіць без Адама Мальдзіса...

Аўтар публікацыі: Кастусь Ладуцька.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам