ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Гарадскія матывы
Фотаконкурс “#♥_nlb”

"Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, – звяры ўмеюць помніць дабрыню"

"Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, – звяры ўмеюць помніць дабрыню"
Іншыя навіны

Зразумела, і ў пісьменнікаў маюцца хатнія жывёлы – кошкі, сабакі, папугайчыкі, рыбкі...

Праўда, на тое і пісьменнікі, каб вылучацца ва ўсім. Чарльз Дыкенс трымаў крумкача па мянушцы Грып, Байран яшчэ студэнтам Кембрыджа завёў мядзведзя і выгульваў яго на ланцугу да агульнага застрашэння і абурэння, Шарль Бадлер прытуліў кажана, якога ўласнаручна карміў малаком і хлебам, а нарвежскі драматург Генрык Ібсен меў за гадаванца... скарпіёна.

Зразумела, хатнія жывёлы нярэдка робяцца героямі твораў сваіх гаспадароў. Не выключэнне і беларускія літаратары. Давайце паглядзім, каго яны сялілі ў дамах сваіх персанажаў.

Мядзведзь

Фота: pixabay.com

Уладзімір Караткевіч падзяляў густы Байрана ў дачыненні да хатніх гадаванцаў. Прынамсі, у апавяданні "Былі ў мяне мядзведзі" галоўны герой, мастак-анімаліст, сын лесніка, ажно двух мядзведзяў за жыццё прытуліў. Першага, Бурыка, яшчэ ў дзяцінстве.

Яго прынеслі мне ўзімку саракавога года. Прынёс палясоўшчык з Румеля, мужык з чырвонымі шчочкамі, кучаравымі вялізнымі вусамі і саладзейшымі вочкамі колеру турэцкага тытуню. Палясоўшчыкі ўспаролі мядзведзіцу – тады яшчэ паляванне на мядзведзяў не было забаронена, – забілі яе, двух медзведзянят пабралі сабе, а трэцяга занеслі бацьку.

Медзведзянятка было зусім маленькае, яго даводзілася з рук карміць, паіць... А калі Бурык пачаў падрастаць, гаспадары прывучалі яго, як паводзіцца ў лесе, здабываць ежу.

Марка спецыяльна, на вачах у яго, адкідаў і перакульваў камяні і калоды, браў чарвякоў, што спяшаліся ў зямлю, ды лічынак і харчыў імі Бурыка. Той аж чамкаў. З месяц нічога ў нас не атрымлівалася. І якая ж была радасць, калі ён упершыню паспрабаваў адцягнуць калоду. Невялікую. Ён быў гладзенькі, і сыты, і ўжо досыць моцны.

– Пакрыўдзілі мы яго, – сказаў Марка, – то трэба выправіць, як здолеем. Каб не збыткаваўся з яго лес, як выпусцім.

Мудрыя гаспадары патрапіліся Бурыку...

Пэўна, не адзін чалавек шчыкаў тады сябе за руку, убачыўшы, як купаюцца ў Водры або разам выходзяць на адхон хлопчык і мядзведзь, якога хлопчык вядзе за вуха.

Нават калі Бурык нашкодзіў, да мёда ў каморы дабраўся, не пакаралі:

– А чаго яго біць, – спакойна сказаў бацька і нібы растлумачыў: – Мядзведзь. Узялі, то цярпець маем. Мёд – гэта ўжо вышэй за яго і за дысцыпліну.

Бурык выратаваў жыццё героя, калі на таго пабег ашалелы бык... А потым яго выпусцілі ў лес...

...Маці дазволіла адвесці мядзведзя толькі ў нядзелю, усе тры дні адкормлівала яго, як кабана, і калі мы вялі Бурыка ў машыну – дырэктар, у падзяку за бугая, даў дзеля гэтага старэнькую саўгасаўскую палутарку, – цалавала яго ў морду і плакала.

Вось жыццё другога мядзведзя аказалася гарчэйшым... Ён удзельнічаў у здымках фільма пра тое, як да мастака-анімаліста трапляе медзведзянятка. Пасля здымкаў Тупа аддалі на станцыю юных натуралістаў... Але там вісусы пачалі яго мучыць, звер узбунтаваўся – і вярнулі яго на студыю. Дзе ён ледзь не здох... Пакуль той жа мастак не пабачыў яго і не забраў сабе.

...Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з найлепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў каля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?.. Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана.

Гаспадар завёз Тупа ў запаведнік – "жыць на волі і для волі".

У апавяданні два фіналы – чытач, як і галоўны герой, сам выбірае, у які верыць. У адным варыянце Тупа застрэльваюць, у другім ён шчасліва жыве ў лесе.

Цмок

Ну як жа абысціся без цмокаў, беларускіх драконаў! У кнізе Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях" ёсць гісторыя пра дворнага слугу Карпа, які хоча ажаніцца з прыгажуняй Агапкай, а для гэтага, паводле волі пана, трэба зарабіць пэўную колькасць грошай на гаспадарку. А для гэтага звяртаецца да Парамона, найстрашнейшага чараўніка.

Помнік Цмоку ў Лепелі.
Помнік Цмоку ў Лепелі

Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх Карпу, так раіць:

– Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро.

Так, урэшце, і сталася – цмок, якога Карпа выгадаваў і які зрабіў яго багатым, спаліў яго хату, бо пабожная Агапка, стаўшы жонкай Карпы, не захацела цярпець прысутнасць нячыстай сілы...

Кура Шчабятура

кура-шчабятура.jpg

Але не заўсёды чалавеку хапае мудрасці выбраць хатняга гадаванца па сваіх сілах. У фантастычнай аповесці Пятра Васючэнкі пра авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага хто толькі не з'яўляўся ў доме лянотных шляхетных паноў... Аднойчы галодныя паны сустрэлі Куру Шчабятуру, вялікую пярэстую птушку, якая прапанавала панам знесці для іх яйка.

– Што нам за наедак з твайго яйка, калі мы з панам Кубліцкім глытаем іх адразу цэлае рэшата, – пагардліва кажа пан Заблоцкі.

– Вось каб з яйка ды вывелася куранятка, – уторквае свае два шэлегі пан Кубліцкі.

– А што? Можна, каб вывелася. Бо я птушка заморская, яйкі не абы-якія нясу, – кажа Кура Шчабятура.

– А ў кураняці будуць усяго дзве ножкі? – трывожыцца пан Кубліцкі. – А ці можна, пані Кура, каб адразу чатыры нагі?

– Сорак, сорак, – сіпіць пан Заблоцкі. – Падавай нам кураня-сараканожку.

– Можна і гэта, – згаджаецца Кура. Але пану Заблоцкаму ніяк не ўладзіш.

– Каб і сала было на ім у далоню таўшчынёй! А ростам каб была з быка! Во!

– Добра, панове, – кажа Шчабятура. – Толькі я такую гаргару не бяруся наседжваць. Ужо самі, панове, як-небудзь старайцеся.

Знесла Кура Шчабятура на замову паноў яйка са стог вышынёю.

Хапіла клопату панам, пакуль па чарзе наседжвалі яго сваімі шырокімі азадкамі. Але вось у яйку нешта грукоча, нешта стукоча, як у малатарні, асыпаецца шалупінне – і перад панамі з'яўляецца куранятка. Няможна апісаць, што гэта быў за страхапуд. Гара гарою, наперадзе бычыныя рогі і свінячы лыч, назаду хвост, як у пеўня. Яно рохкае немым голасам, тады лопае скрыдламі – і паны валяцца на зямлю як падкошаныя. А пачвара з жудасным рохканнем прастуе на сарака лапах да лесу, ажно зямля за ёю курыцца.

З тае пары за рэчкай Парэчкай у пракаветнай пушчы завёўся страшэнны звер. Днём ён хаваецца ў нетрах, а ўвечары падкрадаецца да чалавечага жытла, душыць сабак, свіней, кароў. А як у небе поўня, дык рохкае на ўсю ваколіцу, і ад таго рохкання ў людзей валасы шапку падымаюць.

Вожык

Вожык.jpg

Янка Брыль распавядае пра істоту, якую беларусы нярэдка трымалі ў дамах.

Нашага вожыка тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. Спачатку вожык ляжаў як клубок. Як паклалі яго ў кутку, пад маім ложкам, так ён і ляжаў. Я наліў яму ў сподачак малака. А вожыку хоць бы што. Тады я лёг побач з ім на падлозе і пачаў назіраць.

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.

– Дурненькі ты, – сказала мама. – Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

І праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку нешта ціхенька заварушылася. Заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:

– Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.

Герой апавядання любіць свайго Тупціка, нават каб развесяліць, зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе.

А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, каб настрашыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны разам зрабілі:

– Пых!

Але гаспадары не захацелі пазбаўляць звярка волі назаўсёды, занеслі Тупціка ў агарод і выпусцілі.

Жораў

Zorau.jpg

Жораў з апавядання Цёткі "Міхаська" – адзін з самых запамінальных і шчымлівых герояў беларускай літаратуры. Ён робіцца адзіным сябрам сіраты Міхаські, якога з маленства цкуюць, збіваюць, мораць голадам... Хлопчык ні ад каго дабра і спачування не бачыў, рос азлобленым... Пакуль не адбіў ад вясковых хлапчукоў параненага жорава. Птушка і сірата сталі ратункам адно для аднаго. Разам сядзелі ў падпечку, разам цярпелі голад і злосць Міхаськавай мачыхі... Дзякуючы птушцы, якая шчыра адказвала на яго любоў, і Міхаська змяніўся... І стаўленне да яго людзей таксама. І калі бедны хлопчык памёр, жораў праводзіў яго ў апошнюю дарогу.

...зварухнуўся, азірнуўся па ўсіх кутах і выйшаў за дамавінай. Людзі дзівам задзівіліся і далі дарогу птушцы. Сумна, важна, як сплаканая маці, жораў першы пайшоў за Міхасём...

– В-е-е-чны па-а-кой... – застагнала песня над свежай магілай; жораў задрыжэў, колькі разоў пахіснуўся на нагах і лоп-лоп... узмахнуў шэрымі крыллямі і ўзняўся да палёту.

Паволі, цяжка птушка падымалася ў воблакі, бо несла з сабою вялікі жаль зоркам ясным, хмаркам белым...

– Кр-р, кр-р!.. – скардзілася гарачаму сонейку, – кр-р, кр-р!.. – расказвала напатканым брацейкам-жоравам...

Цяпер могілкі параслі ўжо дзёрнам, і там зялёна кругом. Як вокам сцяць – густы лес шуміць. На магілцы Міхася крынічка стаіць, і завецца яна Жураўліныя слёзы.

Воўк

Vachania.jpg

Пра племя неўраў, якое жыло ў беларускіх лясах – магчымых нашых продкаў, – антычныя храністы занатавалі, што яго людзі могуць ператварацца ў ваўкоў... Недарэмна ў нас столькі легенд пра ваўкалакаў. І ваўкі хоць і нячасты госць у хатах, але ж з'яўляюцца. Прыкладам, у апавяданні Алеся Пальчэўскага. Гэты беларускі пісьменнік зведаў шмат дачыненняў з дзікай прыродай – у 1930-х быў беспадстаўна арыштаваны, давялося жыць у сібірскіх лясах...

Аднойчы пайшоў я ў лес з дубальтоўкай за плячыма. Іду, углядаюся па баках і раптам натыкаюся на воўчае логава. Прыгледзеўся і бачу, што маленькае ваўчаня зашылася ў куточак і спалоханымі вочкамі глядзіць мне ў твар. Так і просіцца: "Не бі мяне, чалавеча, я ж маленькі..." Шкада мне яго стала. Драпежнік-то драпежнік, але зла яшчэ ніякага не зрабіў і віны за сабою не мае. Дык за што ж яго біць? Пры мне была паляўнічая сетка, злавіў я гэтае ваўчаня і панёс дахаты.

Паспрабаваў прыручыць ваўка і герой апавядання Віталя Вольскага "Ліпень":

Знаёмы кінамеханік з Узды прывёз мне неяк у ліпені ваўчаня. Малому было каля трох месяцаў. Ваўчаня было вельмі забаўнае. Усімі сваімі звычкамі і паводзінамі яно нагадвала сабаку. Калі я прыходзіў дамоў, ваўчаня кідалася мне насустрач, віляла хвосцікам, круцілася ля маіх ног, лажылася на спіну і, жартуючы, злёгку пакусвала мне рукі. Ноччу яно залазіла ў ложак і спала ў мяне ў нагах.

Я карміў яго поліўкай з кавалкамі хлеба, варанай гароднінай, касцямі і ўсім, што заставалася пасля абеду. Толькі сырога мяса не даваў яму ніколі.

Ваўчаня расло, рос і яго апетыт, а малады воўк можа з'есці ў тры разы больш, чым звычайны дваровы сабака такога ж росту. І гаспадар аддаў свайго выхаванца ў звярынец.

Вуж

Vuz.jpg

Мала хто любіць змей... Але на Беларусі асаблівыя адносіны да вужоў. Пісьменнік Анатоль Зэкаў піша:

У сівую даўніну нашы прашчуры сябравалі з вужамі і не крыўдзілі іх. Самі давалі вужам прытулак, кармілі іх хлебам і свежым малаком. Нікога не кусаў вуж, а поўзаў сабе па хаце, як сапраўдны гаспадар. Прысядуць людзі палуднаваць – і ён тут як тут, цягнецца галавой да ежы. Здаралася, хтосьці з дзяцей не вытрымліваў і біў вужаку лыжкаю па галаве. Той пакрыўджана сыкаў, адпаўзаў куды-небудзь у бок ад стала на хвіліну, а потым з іншага боку зноў сунуўся да міскі. Даўней людзі верылі ў тое, што калі з імі побач жыве вуж, то будзе шчасце і дастатак у хаце. А калі вуж паміраў, то гаспадары вельмі смуткавалі і рабілі з вужовага тлушчу свечку на ліхі дзень.

Пацвярджае тое і Іван Мележ у "Людзях на балоце":

Вужы жылі ледзь не на кожным селішчы пад падлогамі, у хлявах, у прыгрэбніках... вужоў у Куранях не баяліся.

Матка казала Васілю, што ў суседа Дамеціка вуж, які ўжыўся ў хляве, ссе карову, але Дамецікавы не гналі яго. Васіль не здзіўляўся гэтаму: як і ўсе ў Куранях, лічыў ён вужа добрай істотай, крыўдзіць якую – грэх...

Напэўна, і ў вашай хаце ёсць які-небудзь гадаванец, які натхняе і падымае настрой... Галоўнае, ставіцца з любоўю і павагай да кожнага Божага стварэння... Як падказвае і народная мудрасць.

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам