На старонках незвычайнага выдання няма ніводнай друкаванай літары, а ўвесь матэрыял узяты з нататнікаў Рыгора Барадуліна.
Матэрыял для новай кнігі “Лепей” Рыгора Барадуліна збіраў і апрацоўваў беларускі журналіст і блогер Глеб Лабадзенка. У выніку атрымалася больш чым кніга – цэлы кейс з рукапісамі вершаў, эксклюзіўнымі фотакарткамі (амаль усе – раней нідзе не друкаваліся) і дыскам з аўдыякнігай, вершы для якога агучвала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
– Самае неверагоднае ў гэтай кнізе тое, што са 103 вершаў толькі 20 – за 1952–1991 гады. Усе астатнія – гэта вершы мінулых 20 год, а каля трыццаці з іх напісаныя за апошнія два-тры гады. А гэта вельмі важны момант: дзядзька Рыгор працягвае пісаць вершы, і гэта не проста паэт, якія “застаўся ў вечнасці”, ды ўсё на тым. Апошнія вершы ў кнізе былі напісаныя спецыяльна для гэтага выдання. Проста неверагодныя, ад якіх дах зносіць! – расказвае Глеб.
Назвай для кнігі стаў надпіс з першай старонкі самага новага нататніка Рыгора Барадуліна. Гэта слова “Лепей”.
Апроч малюнкаў, калі дэталёва разглядаць кніжку, можна заўважыць эпіграмы, цытаты з нейкіх размоў (напрыклад, з Васілём Быкавым), нумары тэлефонаў ды нейкія думкі, якія паэт хутка занатаваў на старонках нататнікаў. Тут можна знайсці адзін белы верш, што для Барадуліна – вялікая рэдкасць.
– Вершы для дыску чытала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. На маю думку, гэта ўвогуле самае лепшае, што магло здарыцца. Гэта чалавек аднаго пакалення з Барадуліным, і яна чытае вершы так, як сам паэт звык чуць іх цягам жыцця. І менавіта так іх раней чыталі на канцэртах ці па радыё. Ёсць на дыску і яшчэ адна цікавостка: справа ў тым, што адзін верш чытае сам Барадулін. Але не з пачатку, а з сярэдзіны. Таму, каб гэта знайсці, прыйдзецца паслухаць дыск цалкам.
Усе 23 фотакарткі для выдання ўзятыя са старой валізы, да якой шмат год у доме Барадуліных ніхто не дакранаўся. Менавіта з ёй народны паэт некалі прыехаў паступаць у Мінск з Ушаччыны. Зверху – унікальная маленькая картка з прызнаннем у каханні будучай жонцы Валянціне Міхайлаўне. |
Пры падрыхтоўцы кнігі і вывучэнні іншых выданняў журналіст быў вельмі здзіўлены тым, што нават у сучасных выданнях славутыя вершы паэта чамусьці змяняліся рэдактарамі без узгаднення з аўтарам:
– Здавалася б, цэнзура была толькі за савецкім часам, а выявілася, што нават у незалежнай Беларусі рэдактары дазваляюць сабе ўступаць у "суаўтарства" з паэтам. І гэта пры тым, што змяняючы нават коску, трэба раіцца з аўтарам, бо сэнс можа змяніцца. Цяпер друк рукапісаў дазваляе перадаць вершы ў іх першасным варыянце, такімі, якімі яны былі створаныя.
У сераду, 11 снежня, у кнігарні "Кніжны салон" пройдзе прэзентацыя кнігі "Лепей". Па стане здароўя сам Рыгор Барадулін быць там не зможа. Таму мерапрыемства стане проста ўрачыстым пачаткам распаўсюду кніг. У гэты ж дзень пачне працу новы сайт baradulin.by, прысвечаны творчасці паэта.
– Цяпер ён напаўняецца інфармацыяй, але хочацца, каб да гэтага далучаліся іншыя людзі: магчыма, у вас ёсць нейкае відэа, фотаздымкі з Барадуліным, ці вы можаце дапамагчы ў алічбоўцы кніг, якіх пакуль няма ў Сеціве, – расказвае Глеб Лабадзенка. – Вядома, на сайце будуць і вершы, асабліва тыя, якіх няма ў кніжках ці часопісах. Канешне, я мог бы зрабіць гэта сам, але тыя рэчы, што робяцца талакой, маюць зусім іншую энергетыку.
Апроч сям’і паэта, у кніжным наборы сустракаюцца фотаздымкі толькі двух іншых людзей – Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Гэта таксама надзвычай блізкія людзі ў жыцці Барадуліна. |
Выдаваўся зборнік талакой – уласных сродкаў на яго выданне не было, таму колькасць накладу ў асноўным складалася з папярэдніх замоў на кнігу праз уласны сайт журналіста. Аднак пэўная доля кніг друкавалася "на запас", таму купіць незвычайны зборнік у бліжэйшы час зможа любы ахвочы. Прэзентацыя кнігі "Лепей" пройдзе ў гэту сераду, 11 снежня, у кнігарні "Кніжны салон" (Мінск, вул. Калініна, 5) ад 17.00 да 19.00. Там можна будзе набыць новую кнігу Рыгора Барадуліна.
Аўтар публікацыі: Ксенія Ельяшэвіч.
Крыніца: TUT.by
Чытайце таксама:
- Представлена новая книга Бородулина “Вушацкі словазбор”
- Рыхтуецца да друку кніга рукапісаў Барадуліна
- Издан новый сборник поэзии Рыгора Бородулина “Анима”
- Штрыхi да партрэта Рыгора Барадулiна
- Презентация нового сборника стихов Рыгора Бородулина
- Вышел сборник поэзии Рыгора Бородулина “Халодная памяць вады”
- Вышла книга избранной поэзии Рыгора Бородулина “Перакуленае/Опрокинутое”
- Презентация новой книги Рыгора Бородулина “Навошта”
- Презентация книги Рыгора Бородулина “Послал бы тебе душу…”
- У “Акадэмкнізе” – галасы У. Караткевіча, Л. Геніюш і Р. Барадуліна
- Рыгор Бородулин издал книгу детских стихов