ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Таямніцы Яна Чачота
Электронныя інфармацыйныя рэсурсы ў дапамогу працы публічных бібліятэк: тэстуем і падпісваемся

Вечарына памяці Яна Чачота ў Райцы

Іншыя навіны

Як у Беларусі адсвяткавалі 225-ю гадавіну з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта і фалькларыста.

Не так шмат знойдзецца зорак беларускай культуры першай велічыні, чый дзень народзінаў святкуецца цягам месяца (!). Ян Чачот – менавіта з такіх. Бо ўрачыстасці ў яго гонар сёлета адбыліся – 24 і 25 чэрвеня, 6, 7, 8 і 17 ліпеня. А 24 ліпеня, яго імя яшчэ не раз будзе згадана падчас фэста “БібліяКомпас: арыенцір на карыстальніка”, які пройдзе ў Новай Мышы Баранавіцкага раёна. І які прымеркаваны да Года народнага адзінства і 225-годдзя з дня нараджэння Яна Чачота. Адкуль гэта блытаніна ў датах і дзе паставіць кропку, як святкавалі юбілей Чачота ў Беларусі і па-за яе межамі, мы сёння і распавядзем. Бо самым непасрэдным чынам спрычынілася да святкавання юбілея і наша газета.

Chachot-1.jpg

Уводзіны

“Пачынальнік новай беларускай літаратуры, піянер беларускай фалькларыстыкі, той, хто вярнуў у беларускую мову літару “Ў”, той, хто сабраў і выдаў амаль 1000 беларускіх народных спеваў у часы, калі гэта было абсалютна неўдзячнай справай, той, хто прагнуў вызвалення і шчасця беларускаму народу” – гэта ўсё аб ім, аб Яне Чачоце. Падрабязна аб ім і аб родзе Чачотаў мы распавялі ў папярэдніх нумарах “К” (гл. № 26, 28, 2021). Таму тут мы спынімся толькі на даце, калі ж належыць святкаваць яго дзень нараджэння.

Згодна са знойдзенымі архіўнымі дакументамі, нарадзіўся Ян Чачот 17 ліпеня 1796 года ў Малюшчыцах (Малюшычы, Карэліцкі раён). 24 чэрвеня, 7 ліпеня, хоць і даволі папулярныя сярод чачотазнаўцаў, на вялікі жаль, даты памылковыя. Таму, каб усім разам, без рознагалосся, годна адсвяткаваць чарговы буйны юбілей (250-годдзе), пра адвечны прынцып “старыны не рухаем, навіны не ўводзім” давядзецца забыць. Хаця б гэтым разам.

Ад Мадрыда да Пінска

Спробы сабраць звесткі пра тое, калі і дзе святкаваўся юбілей, паказалі, што акрамя Беларусі, адбылася імпрэза ў гонар Яна Чачота нават у сталіцы Іспаніі. Так, 25 чэрвеня ў Пасольстве Беларусі ў Мадрыдзе адбыўся літаратурны вечар, які быў падрыхтаваны сумесна са Усеіспанскай асацыяцыяй беларусаў “EsBelarus”. У Беларусі ж, на радзіме Яна Чачота, святкавалі па-рознаму.

Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей 24 чэрвеня размясціў на сваім сайце матэрыял, прысвечаны Яну Чачоту, у якім сцвярджалася, што нарадзіўся ён менавіта 24 чэрвеня. Пінская гарадская і Цэнтральная раённая бібліятэкі спыніліся на даце 7 ліпеня. Баранавіцкая Цэнтральная раённая бібліятэка таксама абрала менавіта гэту дату. Таму, у Новай Мышы, дзе Ян Чачот правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады, ускладанне кветак да помніка паэту адбылося 7 ліпеня, а літаратурнае свята правялі 8-га. 7 ліпеня адзначылі дзень нараджэння Чачота і на яго Малой радзіме, на Карэліччыне. А ў Вольнаўскай сельскай бібліятэцы літаратурная вечарына прайшла 6 ліпеня. Дарэчы, у Вольна, у свайго сябра, вядомага архітэктара і скульптара Рафала Слізня, Ян Чачот пражыў некаторы час пасля вяртання з высылкі.

Chachot-2.jpg

Ад Карэліч да Райцы, праз Малюшыцы

Мерапрыемства, якое 17 ліпеня вырашылі правесці мы, складалася з трох частак. Распачалося яно а 11-й гадзіне ў Карэлічах. У скверы, ля помніка Яну Чачоту (аўтар – скульптар Алесь Шатэрнік), гасцей з Мінска вітала начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Казарэз, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Анжаліка Шастак пачыталі нам вершы песняра і падзяліліся ўспамінамі, як 25 год таму, на Малой радзіме Яна Чачота святкавалі яго 200-годдзе. З боку гасцей выступілі чачотазнаўцы – дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры МДАМ Ірына Бурдзялёва, музыказнаўца-беларусіст, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык БДАМ Святлена Немагай, і завадатар імпрэзы, аглядальнік рэдакцыі газеты “Культура” Зміцер Юркевіч, які перадаў у фонды Карэліцкай ЦРБ кнігу гісторыка-архівіста Змітра Дразда “Таямніцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, у якой маюцца згадкі пра сваяцкія сувязі двух класікаў беларускай літаратуры – Чачота і Марцінкевіч.

Працяг святкавання распачаўся а 12-й гадзіне ў аграгарадку Малюшычы (ранейшыя Малюшыцы). На ганку Дома культуры, гасцей урачыста прывіталі традыцыйным караваем – дырэктар Валянціна Гіз, загадчыца бібліятэкі Таццяна Аляшкевіч, дарэчы, яшчэ і выдатная траўніца, акампаніятар Марына Ашманкевіч і арганізатар культурных мерапрыемстваў Святлана Кудзіна. З боку гасцей выступілі Ірына Бурдзялёва і Святлена Немагай, а Зміцер Юркевіч перадаў у падарунак бібліятэцы і музею кнігі пра Яна Чачота аўтарства вядомага пісьменніка Кастуся Цвіркі (і таму з аўтографамі аўтара), а таксама некалькі важных дакументаў, датычных сувязі Яна Чачота і Малюшычаў. Імпрэза завяршылася экскурсіяй у “пакойчык траўніцы” і “шведскім сталом” з смачнейшай гарбатай з беларускіх зёлак.

А далей, ужо ўсе разам, удзельнікі і госці ўрачыстасці ў гонар Яна Чачота адправіліся ў музей-сядзібу “Райца”, дзе і адбылася асноўная частка святкавання. Чаму менавіта ў Райцы? Бо тут, побач з Малюшычамі, нейкім цудам захавалася сядзіба роду Раецкіх, пабудаваная яшчэ напачатку ХІХ стагоддзя! Сядзіба, у якой мог бываць і Ян Чачот (і яго малодшы калега паэт Адам Міцкевіч). Сядзіба, якой пазней валодаў унук Марылі Верашчакі (першае каханне Адама Міцкевіча), граф Францішак Путкамер.

Сённяшнія гаспадары сям’я мастакоў з Мінска – Вера і Аляксандр Салдатавы, якія ласкава пагадзіліся на прапанову правесці на падворку сядзібы імпрэзу, такую важную для ўсёй Беларусі.

Ад Райцы да Свіцязі

Адкрыў імпрэзу кіраўнік вядомага гурта “Ліцьвіны” дудар Уладзімір Бербераў, які выканаў прывітальны марш на фоне мастацкай выставы. Выстава, якая складалася з прац мастачкі-графіка Марыі Сыракваш і твораў славутага беларускага майстры Алеся Родзіна. Апошні падрыхтаваў для гэтай імпрэзы адмысловую серыю прац, прысвечаных Яну Чачоту.

Праграма “Вечарыны памяці Яна Чачота” складалася з трох асноўных частак. Спярша адбыліся выступы чачотазнаўцаў, якія пазнаёмілі сабраўшыхся з найбольш цікавымі і важнымі фактамі радаводу, жыцця і творчасці Яна Чачота, а менавіта – вядучага імпрэзы і аўтара гэтых радкоў Змітра Юркевіча, гісторыка-архівіста Змітра Яцкевіча, Ірыны Бурдзялёвай, намесніка генеральнага дэрэктара НББ Алеся Сушы, Святлены Немагай, філолага Алены Афанасьевай, краязнаўцы Алеся Абрамовіча (які ў мінулым годзе зрабіў сенсацыйную знаходку, адшукаўшы “камень Міцкевіча” (“К” № 18, 2021).

Не ўсе з заяўленых у праграме ўдзельнікаў змаглі далучыцца да святочнай імпрэзы праз занятасць, анамальна спякотнае надвор’е і стан здароў’я. Таму з такімі прызнанымі чачотазнаўцамі, як пісьменнік Кастусь Цвірка і оперны спявак Віктар Скарабагатаў былі падрыхтаваны відэа-звароты да гасцей імпрэзы. Наведаў імпрэзу і вядомы рэжысёр і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Пасля “гістарычнай часткі” адбыўся выступ школы танцаў “Капітэль” якая прадставіла тэатралізаваную дзею з жыцця філамацкага згуртавання – спектакль “Vivat, Чачот!” (успаміны маладога Адынца пра саміх філаматаў, іх гульні, захапленні і сапраўднае сяброўства). І гэта было ўзнёсла!

А далей надышла чарга канцэртнай праграмы, у якой бралі ўдзел дудар Уладзімір Бербераў, Марыя Аднадворцава і Ганна Разіна (праграма народных песняў, распетых на тэксты з фальклорных зборнікаў Яна Чачота), Святлена Немагай і саліст БДК Тамара Рэмез (праграма “Вершы Чачота, музыка Манюшкі: паслухаем і паспяваем”), а таксама таленавітая спявачка Патрыяцыя Свіціна.

Напрыканцы імпрэзы былі танцы ад гуртоў “Нага за нагу” (беларускія традыцыйныя танцы) і Алены Каліноўскай, кіраўніцы танцавальнага курсу ў Школе традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда”.

Навальніца, з маланкамі і грымотамі, якая пад вечар змяніла спёку, не толькі не адмяніла свята, але надала яму асаблівы, рамантычны характар.

Нібы апошняй кропкай у святкаванні стаў выезд удзельнікаў і арганізатараў “Вечара памяці” на возера Свіцязь. Дзе роўна апоўначы, пад зорным небам і пад плёскат набягаючых хваляў, Уладзімір Бербераў граў на дудзе, і нам, і героям баладаў Яна Чачота і Адама Міцкевіча.

P.S. Хочацца выказаць падзяку суарганізатарцы мерапрыемства харэографу Алене Прохаравай! А таксама гаспадарам сядзібы – Аляксандру і Веры Салдатавым, якія далі магчымасць правесці імпрэзу ў сядзібе!

P.P.S. Карыстаючыся нагодай, лічу неабходным нагадаць, што сёлета ўзімку юбілей і ў іншага славутага філамата, архіпрамяністага – Тамаша Зана! Час распачаць падрыхтоўку!

Аўтар публікацыі: Зміцер Юркевіч.
Крыніца: Культура

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам