ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Беларускія дзекабрысткі ХХ стагоддзя: тры гісторыі, ад якіх слёзы на вачах
Моладзевы летнік на радзіме Васіля Быкава

“Вар’ят”-перакладчык

“Вар’ят”-перакладчык
Іншыя навіны

Цяжка знайсці чалавека, які ні разу не чуў пра выдатнага французскага філосафа-асветніка XVIII стагоддзя Вальтэра. Таксама шмат хто ведае, што сапраўднае імя філосафа было Франсуа-Мары-Аруэ. Але малавядомы той факт, што ў яго было больш за 160 псеўданімаў!

Напрыклад, пад імем Бурдзільён (Іосіф) гэты вялікі філосаф напісаў брашуру пра супярэчнасці паміж цэрквамі ў Польшчы, якая, як і многія іншыя творы Вальтэра, была перакладзена на рускую мову. У Расіі яна выйшла пад назвай “Опыт исторический и критический о разгласиях церквей в Польше сочинен Иосифом Бурдильлионом, профессором права общенародного, а с французского переведен В. Т.” (СПб., 1768). Асобнік гэтага выдання захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (АРКіР ЦНБ НАН Беларусі).

Брашура мае два пераклады на рускую мову. Тэкст нашага выдання быў перакладзены вядомым паэтам і філолагам Васілём Трэдзіякоўскім, пра што сведчаць ініцыялы “В.Т.” на тытульным аркушы.

Нягледзячы на тое, што арыгінал быў падпісаны адным з псеўданімаў Вальтэра, сапраўднае імя аўтара не было таямніцай для перакладчыка. Так, у прадмове да перакладу “У вестцы ад перакладу” ён пісаў: “Небольшая сия тетрадь, сочиненная в превосходное почтение Греческому Православию пред Римскою церковью и в толикуюж славу и хвалу Самодержице нашей Великой, Прещедрой Екатерине II… хотя и возвещает в заглавной своей Титле Автора себе Иосифа некоего Бурдильлиона; но мнится, что сие имя есть подменное вместо прямого сочинителева, и что истинный сея книжки Автор есть один из славнейших во всей Европе Филолог французский”. З гэтым сцвярджэннем, мабыць, не мог пагадзіцца адзін з чытачоў асобніка “Опыта исторического” з фондаў АРКіР ЦНБ НАН Беларусі. У канцы прадмовы, насупраць слова “французск”, ім зроблены рукапісны запіс чарніламі – “сумасшедший”. Таксама ў канцы прадмовы тым жа, мяркуючы па почырку, уладальнікам зроблены запіс: “– никогда! ибо дуракамъ можно делать такое посвященiе”. Гэты рукапісны тэкст адносіцца да заключнай часткі “...ад перакладу”. Хто ж з’яўляецца аўтарам такой рэзкай крытыкі слоў В. Трэдзіякоўскага?

Можна сцвярджаць, што ўладальнікамі брашуры да таго моманту, як яна трапіла ў фонд акадэмічнай бібліятэкі, былі прынамсі тры чалавекі. Пра гэта сведчаць экслібрысы — уладальніцкія знакі на старонках асобніка.

Паспрабуем высветліць, ці мог хто-небудзь з іх пакінуць згаданыя вышэй запісы.

Адзін з экслібрысаў абвяшчае: “изъ книгъ П.А. Ефремова. № шк. пол.”. Гэты ўладальніцкі знак паведамляе нам, што ў XIX стагоддзі кніга належала Пятру Аляксандравічу Яфрэмаву (1830–1907) – вядомаму бібліяфілу, бібліёграфу, рэдактару, літаратуразнаўцу, выдаўцу, гісторыку рускай літаратуры, публікатару і каментатару твораў рускіх класікаў. Вядома, што яго калекцыя кніг налічвала больш за 20 тысяч асобнікаў (уключаючы збор яго бацькі – прафесара геаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта). Пасля смерці П. Яфрэмава яго кніжная калекцыя была падзелена. Частку яе купіла Акадэмія навук, частка патрапіла, як і ў выпадку з асобнікам з АРКіР, у рукі вядомага букініста Васіля Іванавіча Клачкова. Пра гэта сведчыць папяровы ярлык з надпісам: “Антикварная книжная торговля В. И. Клочкова. СПб., Литейный пр. 55”.

Васіль Клачкоў (1861–1915) быў адным з прагрэсіўных кнігагандляроў свайго часу. Таксама ён быў адным з заснавальнікаў “Кружка любителей русских изящных изданий”. В. Клачкоў выпусціў самую вялікую на той час колькасць антыкварных каталогаў – больш за 600. Яго магазін часта наведвалі вядомыя пісьменнікі, антыквары, бібліяфілы, у тым ліку і П. Яфрэмаў. Валодаючы найбуйнейшай у Санкт-Пецярбургу букіністычнай крамай на Ліцейным праспекце, В. Клачкоў заўсёды імкнуўся весці сваю справу найбольш паспяховым чынам.

Маючы ў сваёй “біяграфіі” такіх знакамітых уладальнікаў, як П. Яфрэмаў і В. Клачкоў, нядзіўна, што гэтая кніга знайшла не менш годнага наступнага ўладальніка. Трэцім уладальнікам кнігі-“вандроўніцы” стаў Аляксандр Васільевіч Кокараў. У экзэмпляры маецца штэмпельны сюжэтны экслібрыс, які суправаджаецца надпісам: “из книг А. В. Кокорева”. Асноўнымі абласцямі навуковых інтарэсаў вучонага-літаратуразнаўца Аляксандра Кокарава (1883–1965) былі старажытнаруская і руская літаратура XVIII стагоддзя. Звестак пра яго бібліятэку не знойдзена, але, улічваючы сферу дзейнасці вучонага, можна меркаваць, што ў яго калекцыі было нямала цікавых і каштоўных кніг грамадзянскага друку.

Прааналізаваўшы інфармацыю аб уладальніках асобніка выдання з фондаў АРКіР, а таксама даследаваўшы рукапісныя запісы, чыё аўтарства вядома па іншых кнігах, можна выказаць здагадку, што запісы, пра якія гаварылася вышэй, належаць хутчэй за ўсё Пятру Яфрэмаву. Чаму вядомаму бібліяфілу не спадабаліся словы Васіля Трэдзіякоўскага, застаецца толькі здагадвацца.

Аўтар публікацыі: Валерыя Навуменка, навуковы супрацоўнік ЦНБ НАН Беларусi.

Крыніца: Звязда


Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам