ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн
Вайна і мір: у бібліятэцы адкрылася новая выстава

Валянціна Паліканіна. Ратавальная сіла слова

Валянціна Паліканіна. Ратавальная сіла слова
Іншыя навіны

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса "Беларусь" яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе "Гаспадыня". Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

На пытанне пра тое, як ставіцца да розных узнагарод, Валянціна Пятроўна адказвае так: "Стаўлюся з вялікай адказнасцю. Тым быльш што гэтая ўзнагарода цалкам літаратурная, бо заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання Францыск Скарына меў ступень доктара “сямі вольных мастацтваў”, куды ўваходзілі дыялектыка, рыторыка, граматыка... Медаль яго імя ў свой час атрымалі Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Сяргей Грахоўскі і іншыя знакамітыя творцы. Быць у іх ліку – вялікі гонар. І я вельмі ўдзячна маім калегам-літаратарам, кіраўніцтву Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніцтву краіны за тое, што палічылі мяне вартай такой узнагароды".

Валянціна Паліканіна піша пераважна па-руску. У школе, а гэта была мінская № 2 з літаратурным ухілам, выкладанне вялося на рускай, таму яна з дзяцінства стала больш блізкай  – менавіта па-руску думалася і стваралася. А першыя дзіцячыя вершыкі сталі з’яўляцца, калі будучай паэтэсе было толькі чатыры з паловай гады. Тады яна прасіла бацьку хутчэй запісаць, "не тое думка ўцячэ". Ужо пазней, скончыўшы філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, марыла пра рэдактарства. "Праца са словам мне падавалася таямнічай, вельмі важнай, – кажа пісьменніца. – Я і цяпер беражліва, з глыбокай пашанай стаўлюся да слова. Але люблю і рускую, і беларускую: гэта мовы-сваячкі, яны натхняльныя, лексічна багатыя, вельмі прыгожыя і дзівосна меладычныя".

Вершы паэтэсы можна аднесці да традыцыйнай плыні перш-наперш тэматычна: каханне, бацькоўскі дом, сям’я… "Не магу судзіць тых, хто піша пра будзённае – відаць, набалела, – заўважае Валянціна Паліканіна. – Але некаторых слоў знарок не выкарыстоўваю, хоць таксама выказваю свой погляд на падзеі сучаснасці. Вершы заўсёды – адлюстраванне эпохі, яе бядот і перамог. Але паэзія каштоўная сваёй пазачасавасцю, асаблівай творчай правідэнцыяльнасцю, прарывам праз гады, а часам і праз стагоддзі. Усё гэта  – уласцівасці класічнай паэзіі". Татальнага ж уплыву на сваю паэзію Валянціна Паліканіна ніколі не адчувала: "абышлося без капіравання чужой манеры і пераймальніцтва". Але заўсёды блізкай была творчасць Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай, Булата Акуджавы, Уладзіміра Сакалова, Генадзя Русакова. Сярод любімых у беларускай паэзіі – Максім Танк, Сяргей Грахоўскі, Янка Сіпакоў: за вобразнасць і сілу пачуццяў. Пісьменніца ўпэўнена: і сярод сучаснікаў ёсць шмат добрых паэтаў, і многім з іх яна ўдзячна за пераклады сваіх вершаў на беларускую мову. Перакладае і сама – на рускую. Сведчанне – кніга перакладаў "Признание в любви", што пабачыла свет у выдавецтве "Чатыры чвэрці". Дарэчы, у "Мастацкай лiтаратуры" запланаваны выхад новай кнігі для дзяцей "Всех сильнее доброта". "Я веру ў духаносную сілу слова і імкнуся, як мае героі, "добрым словом мир спасать", – распавядае аўтар.

Нягледзячы на тое, што паэзія Валянціны Паліканінай напоўнена жаноцкім трапятаннем, парывамі радасці і суму, тонкім адчуваннем жывога і светлага, творца ўпэўнена: раздзяленне паэзіі на мужчынскую і жаночую  – чыстая ўмоўнасць. "Паэзія ці ёсць, ці няма,  – разважае яна.  – Пра тое, што ўзрушвае да глыбіні душы, гавораць: “Гэта сапраўдная паэзія”. Вядома, мае значэнне, хто аўтар. Мужчынскія вершы ўражваюць глабальнасцю тэматыкі, эмацыянальным напружаннем, трапнай вобразнасцю. У жанчын творы больш інтуітыўныя, шчырыя, пранізаныя паўтонамі… Для мяне важна, каб у паэзіі прысутнічала ўсё пералічанае".

Што тычыцца крытыкі, то яна павінна быць канструктыўнай, інакш гэта падобна на звядзенне рахункаў, спагнанне злосці… Насамрэч, пакрыўдзіць страшна любога чалавека, а ўжо творцу – асабліва, таму што ён незвычайна чуллівы. "Такіх людзей не крыўдзіць трэба, а паважаць: праз іх прыходзіць у свет найважнейшая інфармацыя, яны ўлоўліваюць токі будучыні", – падкрэслівае паэтэса. Яшчэ Максім Горкі пісаў, што жыхары апраметнай "пакутліва зайздросцяць, назіраючы езуіцкі спрыт, з якім людзі ўмеюць ганьбіць адзін аднаго". Без любові немагчымы ні жыццё наогул, ні літаратура, ні крытыка.

Супрацьстаянне дабра і зла  – лейтматыў творчасці Валянціны Паліканінай, хоць, сапраўды, на ім трымаецца ўся літаратура, пачынаючы з антычнасці. Аднак у паэзіі аўтаркі пануюць рэлігійныя матывы. З часоў юнацтва Валянціна Паліканіна асабліва любіць творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Льва Талстога, Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага. "Іх літаратура працята праваслаўем... Вера  – падмурак любой творчасці, – лічыць паэтэса. – Без гэтага твор, нібы замак на пяску, рассыпаецца".

Аўтар: Яўгенія Шыцька.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам