ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Навагодняе ператварэнне з імідж-стылістам Кацярынай Макар
Максіму Багдановічу прысвячаецца: юбілейны выпуск “Роднага слова”

Ва­сіль Тка­чоў пра пісь­мен­ні­каў Го­мель­шчы­ны: «Мне заўсёды шанцавала на добрых людзей»

Іншыя навіны

Літаратура не бывае правінцыйнай і сталічнай, яна бывае таленавітай і не... Заўсёды ў рэгіёнах жыло шмат выдатных пісьменнікаў, кожнага класіка натхняла яго малая радзіма.

Праславілася літаратарскімі імёнамі і Гомельшчына. Пра сустрэчы з адметнымі асобамі, якія там жылі і працавалі, распавядае вядомы пісьменнік, драматург, гумарыст, сённяшні гамяльчанін Васіль Ткачоў.

Пра Івана Шамякіна

Іван Шамякін і Сцяпан Александровіч на Гомельшчыне
Іван Шамякін і Сцяпан Александровіч на Гомельшчыне

— Сам я равеснік дачкі Івана Пятровіча, Таццяны, а пра гэта, дарэчы, згадаў і Шамякін на маім творчым вечары ў Доме літаратара, куды, на маё здзіўленне, патрыярх нашага прыгожага пісьменства завітаў і папрасіў слова... Было гэта ў лютым 1995 года. Тое слова потым гучала па рэспубліканскім радыё, Уладзімір Дзюба зрабіў перадачу. Тут, у нашым пісьменніцкім доме, і адбываліся, як правіла, нашы кароткія сустрэчы. І не было яшчэ такога выпадку, каб, запрыкмеціўшы мяне, Іван Пятровіч не падышоў, не пацікавіўся: «Ну, як там наша Гомельшчына?» А неяк народны пісьменнік запрасіў мяне да сябе на кватэру — «на кубачак кавы». Мы і сапраўды пілі каву і гаманілі. Менш пра літаратуру, больш — пра жыццё, пра родную нам Гомельшчыну.

Да літаратуры, згадваў Іван Пятровіч, сур’ёзна ставіўся яшчэ ў школьныя гады. Перачытваў усё, што траплялася пад рукі. Набіраўся смеласці, прасіў кніжкі то ў дырэктара, то ў настаўнікаў, хоць і ў іх запас быў не надта... Нешта спрабаваў і сам пісаць. Больш вершы. Не трэба тлумачыць, пра што... А ўжо калі трапіў у Гомель, то даведаўся, што пры «Гомельскай праўдзе» працуе літаб’яднанне. Пачаў яго наведваць.

Іван Шамякін з жонкай Марыяй Філатаўнай на Гомельшчыне.
Іван Шамякін з жонкай Марыяй Філатаўнай на Гомельшчыне

Там панавала таварыская атмасфера. Хоць і сустракаліся аматары паддаць перцу без дай на тое прычыны. У газеце, прыгадваў класік, працаваў Яўменаў, сам не літаратар, але любіў, калі гуртаваліся вакол газеты маладыя паэты, празаікі. Разам з Іванам Шамякіным наведвалі тыя заняткі будучыя вядомыя паэты Кастусь Кірэенка, Дзмітрый Кавалёў, Леанід Гаўрылкін. Яны крыху старэйшыя былі за яго, ужо друкаваліся. І ці трэба гаварыць, як ён ім зайздросціў? Неяк, прызнаўся Іван Пятровіч, разбіраў свае рукапісы на дачы і натрапіў на абадраны сшытак, юнацкі дзённік за сакавік — май 1939 года. Дык вось, у ім ён вычытаў, як у гуртку разбіралася яго апавяданне. Шкадаваў, што чамусьці не пазначыў, як яно называлася, а памяць назву не зберагла. Яго раскрытыкаваў нейкі Мікула... Хто ён такі — нават у твар не запомніў... Усіх запомніў, а яго — не... Але ён не ўнік у тое, што малады Іван Шамякін напісаў, і таму гаварыў непераканаўча.

Пра Івана Сяркова

Іван Сяркоў з выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Мы — хлопцы жывучыя».
Іван Сяркоў з выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Мы — хлопцы жывучыя»

— Гэта дзякуючы яму я трапіў у Каралішчавічы (разам з Анатолем Сысам) на нараду маладых пісьменнікаў. А пазней, калі ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры была пастаўлена драма «Сівы бусел» па маёй першай п’есе, ён сказаў мне прыкладна так: «Магіляўчане спектакль паглядзелі, а чым мы, гамяльчане, горшыя? Дай мне тэлефон дырэктара тэатра, распытаю, што там атрымалася за цацка, калі ўсе газеты пішуць?» Я даў нумар тэлефона светлай памяці Алы Паўлаўны Барысавай, яна была не толькі дырэктарам тэатра, але і выконвала ў спектаклі адну з галоўных роляў. І неўзабаве магіляўчане прыехалі на гомельскую студыю і запісалі спектакль.

Толькі ж не гэтым, мабыць, запомніўся мне Іван Сяркоў, у першую чаргу сваёй патрабавальнасцю, прынцыповасцю. А справа вось у чым. Ужо выйшла і праграмка абласнога тэлебачання, дзе асобным тэкстам паведамлялася, што перад пачаткам спектакля выступіць сам драматург. А драматург не выступіў. «Што ты мямліў? Як дзіця. Не, не будзем даваць твой уступ. Не салідна для драматурга... Разгубіўся, словы глытаеш...» — такі прысуд зрабіў Сяркоў. За што я толькі ўдзячны яму: ён навучыў мяне думаць перад камерай.

Пазней я вёў на тэлебачанні «Літаратурную гасцёўню», яна ішла ў прамым эфіры, а я, седзячы ў студыі, адчуваў прысутнасць побач галоўнага рэдактара тэлебачання Івана Кірэевіча Сяркова, які, ведаў, за ўсім гэтым сочыць у сваім кабінеце: тэлевізар у яго быў заўсёды ўключаны, і калі ішлі тракты альбо трансляваліся перадачы гомельскай студыі, ён прыліпаў да экрана. Мабыць, нерваваўся. Мабыць, радаваўся ўдачы. І ў такія хвіліны шмат курыў. Звычайна «беламорыну».

Ніколі пасля перадачы не хваліў, але і не папракаў. Відаць, у душы недзе ён і радаваўся, што выразаў тады мяне з эфіру: на карысць пайшло чалавеку...

Неяк Іван Сяркоў расказаў, як стаў ён пісьменнікам. Ці не ў той час гэта было яшчэ, калі працаваў у гомельскай раённай газеце «Маяк», яна месціцца і да сённяшняга дня ў Навабеліцы. Насупраць будынка рэдакцыі быў якраз «Блакітны Дунай», там прадавалася заўсёды свежае піва, і таму іншы раз журналісты з горада прыязджалі сюды, каб не толькі апаражніць па куфлі напою, але і пра жыццё паманіць. Ціха, утульна, а галоўнае — падалей ад вока начальства. Газетчыкі і тэлевізійшчыкі смакавалі піва, баілі байкі. Асабліва ўдаваліся байкі Сяркову. Леанід Гаўрылкін (ён працаваў ужо на тэлебачанні, пераехаў з Церахоўкі, дзе пасля ўніверсітэта рабіў у раёнцы) і параіў тады яму пісаць, сур’ёзна заняцца літаратурнай творчасцю.

Падштурхнуў, адным словам. 

Сустракаю Івана Кірэевіча на тэлестудыі, выгляд не надта каб. 

З Масквы ўчора патэлефанавалі, ноч не спаў: там Санька памёр...

«Мы з Санькам у тыле ворага»...

Пісьменнік не прыдумаў Саньку. Дружбакамі заставаліся яны ўсё жыццё.

Паэт і рэдактар на той час «Тэлефільма» Раман Тармола расказваў мне, здзіўляючыся прынцыповасці Івана Сяркова: «Сцэнарый кінафільма па аповесці «Мы — хлопцы жывучыя» Іван Сяркоў напісаў сам. У ходзе работы над фільмам рэдактары прымушалі яго змяніць некаторыя мясціны. Сяркоў наадрэз адмовіўся і запіхаў сцэнарый у сумку, чым даў зразумець: не згодны — не трэба. Рэдактура адступіла, а мы пачалі яшчэ больш паважаць Івана Кірэевіча. Звычайна аўтары сцэнарыяў заяўлялі: «Я сваё напісаў, а далей што хочаце, тое і рабіце».

Сяркоў валодаў рэдкім дарам — пісаць з гумарам пра сур’ёзныя рэчы. На вялікі жаль, гэты дар быў скарыстаны не да канца. Не слухалася правая рука, рэдкія запісы рабіла жонка. Аслаб зрок.
І ў той месяц, калі пісьменніка не стала, я прыехаў да яго.

Калі развітваліся, нейкая сіла пацягнула мяне тады да яго, мы абняліся. Аказалася — развіталіся назаўсёды... Больш я Сяркова не бачыў. Акрамя як у труне. Яе ўстанавілі на студыі тэлебачання. На вачах усіх, хто ведаў Івана Кірэевіча, я бачыў слёзы: так развітваюцца звычайна з роднымі, блізкімі людзьмі...

Пахавалі пісьменніка ў Пакалюбічах, на пагорку, з якога адкрываюцца надзвычай прыгожыя мясціны — шырокі луг, люстра Сожа...

Іван Кірэевіч пакінуў нам цудоўныя аповесці «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя» і «Мы з Санькам — артылерысты», якія вельмі палюбіліся чытачам. Над назвай апошняй аповесці мы думалі разам. Круцілася ў нашых галовах і такая: «Мы з Санькам — салагі». Усё ж апошняе слова было за аўтарам.

Пра Уладзіміра Верамейчыка

Уладзімір Верамейчык
Уладзімір Верамейчык

— «Я не ў тылах, я не завяў (няхай нікому не здаецца). Я правільны акоп заняў, як падказала маё сэрца», — напісаў у адным з вершаў Уладзімір Верамейчык.

Творчы лёс Уладзіміра Верамейчыка склаўся ўдала. У дваццаць гадоў малады паэт, салдат на той час, быў выкліканы з Арменіі на нараду маладых пісьменнікаў у Каралішчавічы. На імя камандзіра часці прыйшла адпаведная тэлеграма за подпісам Петруся Броўкі. Гэта дапамагло.

Прыхільна былі сустрэты першыя спробы пяра Уладзіміра Верамейчыка. Вось як пра той шчаслівы час напісаў паэт у сваёй аўтабіяграфіі: «На адзін дзень я ўсё ж спазніўся. Да ўдзельнікаў семінара далучыўся ў музеі Янкі Купалы, там упершыню сустрэўся з жонкай вялікага песняра — Уладзіславай Францаўнай. Разам са мной ехалі Уладзімір Караткевіч, Еўдакія Лось, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Юрась Свірка і іншыя. Кожны дзень ішло абмеркаванне творчасці таго ці іншага паэта. Пра мае творы дакладваў Васіль Вітка, і былі, на мой погляд, сустрэты яны прыхільна. Кастусь Кірэенка, які працаваў у часопісе „Беларусь“, падышоў да мяне і папрасіў некалькі вершаў. Потым чатыры з іх былі надрукаваны ў „Беларусі“, і Бураўкін прыслаў мне часопіс у Кіравакан. Радасці маёй не было мяжы...»

Служба яшчэ працягвалася, а малады паэт жыў думкамі пра БДУ імя У. І. Леніна, куды вырашыў паступіць. Паспяхова здаў уступныя экзамены, стаў студэнтам філалагічнага факультэта. Гады вучобы праляцелі хутка. Уладзімір Верамейчык папрасіўся на Палессе — туды, дзе нарадзіўся, дзе вырас. На ўсё жыццё заставаўся верны вёсцы, дзецям, якіх вучыў да канца свайго жыцця ў Ведрыцкай школе Рэчыцкага раёна.

Я нярэдка па яго прапанове выступаў перад вучнямі гэтай школы. Уладзімір Міхайлавіч, згадваю, смяяўся нароўні з дзецьмі, калі я апавядаў нешта вясёлае, іншы раз толькі закрываў твар далоняй. Відаць, хацеў перад вучнямі выглядаць як заўсёды строгім і патрабавальным. А неяк расказаў, як запрасіў ён на сустрэчу пісьменніка-казачніка з Рэчыцы, той зацікавіў аўдыторыю, а гэта былі малодшыя школьнікі, а калі раптам заспяваў, то дзеці спалохаліся і некаторыя нават схаваліся пад сталы...

Гумарыст Уладзімір Міхайлавіч быў яшчэ той!

Не стала Уладзіміра Верамейчыка ў 1999 годзе. Ён пакінуў нам некалькі паэтычных кніг, зборнік гумарэсак, кнігу нарысаў... І добрую памяць пра сябе.

Мне заўсёды, скажу шчыра, шанцавала на добрых людзей.

Пра землякоў з Гуты

— Праект «Мы — родам з Гуты» пачаўся не з мяне. Трэба сказаць дзякуй земляку і стрыечнаму брату Васілю Касакову, ён жыве ў Кіеве, капітан першага рангу ў адстаўцы, кандыдат гістарычных навук. А я ўжо як магу дапамагаю гэтаму апантанаму чалавеку. А ў нашай вёсцы жылі добрыя людзі, многія не вярнуліся з вайны. Захаваць памяць пра іх — наша задача. Так, я планую ў найбліжэйшы час паставіць на могілках стэлу-помнік, на якой будуць прозвішчы ўсіх землякоў, якія знайшлі свой апошні прытулак далёка ад бацькоўскага кутка. Калі мы гэта не зробім сёння, то хто зробіць заўтра? Такіх людзей трэба помніць. Дарэчы, Гута ганарыцца сваім ураджэнцам Героем Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёрам Піліпам Ерафеевічам Жгіровым... Недзе пад Санкт-Пецярбургам пахаваны і мой дзядзька Васіль Данілаў, у гонар якога я і нашу сваё імя. Прадбачу той час, калі і яго прозвішча ўбачу на стэле...

Запісала Людміла Рублеўская.
Крыніца: Звязда

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам