ГалоўнаяНавіныДа 100-годдзя літаб'яднання "Маладняк"
Вывучаем спадчыну Скарыны ў музеі
«Я пакінуў у дарозе многа…»

Увесь дзень – “Маладняк”

Іншыя навіны

Дзень “Маладняка” прайшоў 16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Дзень, як вядома, пачынаецца раніцай. Гэтай раніцай – змястоўнай, ні хвілінкі нікуды дарэмна – стаў круглы стол “Маладнякоўскімі крокамі”, на якім сабраліся толькі зацікаўленыя і толькі для таго, каб пагаварыць, па-першае, пра работу праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” (вядомага яшчэ і як “праект чатырох”), па-другое, пра жыццёвыя і творчыя шляхі “маладнякоўцаў”, іх вершы і лёсы, сяброў і настаўнікаў, іх ролю не толькі ва ўчарашняй, але і ў сённяшняй нашай літаратуры.

maladniak_maladosc_1x.jpg

Прывітальныя словы прагучалі ад намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алеся Сушы, дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіла Рыбакова і дырэктара – галоўнага рэдактара Выдавецкага дома “Звязда” Паўла Сухарукава.

Са своеасаблівымі (досыць вобразнымі і даволі эмацыйнымі) справаздачамі аб гадавой рабоце праекта выступілі галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава, загадчык навукова-асветніцкага аддзела ДМГБЛ Эліна Свірыдовіч і галоўны бібліёграф НББ Таццяна Лаўрык. Гэтая “справаздачная” частка з’явілася своеасаблівым двукроп’ем, за якім паслядоўна, у форме вельмі жывых, хоць пры гэтым і навуковых паведамленняў адбываліся выступленні даследчыкаў літаратуры і яе гісторыі – Анатоля Вераб’я, Віктара Жыбуля, Аксаны Данільчык, Дзмітрыя Давідоўскага, а таксама загадчыцы Літаратурнага музея Петруся Броўкі Наталлі Мізон і рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва” Таццяны Барадулі. Гаварылі пра Дубоўку і Броўку, сяброўства Уладзіміра Дубоўкі і Адама Бабарэкі, журботныя матывы лірыкі адных і моцныя ўзоры літкрытыкі іншых, распавядалі пра 115-гадовага студзеньскага юбіляра Уладзіміра Хадыку і іншых юбіляраў гадоў прабеглага і бягучага, закраналі трагічныя лёсы многіх паэтаў міжваеннага часу, а сярод іх – незайздросны, таксама ў нечым трагічны лёс адной паэткі – Зінаіды Бандарынай.

maladniak_maladosc_2x.jpg

На творчасці “маладнякоўцаў” адбіліся складаныя працэсы ў грамадстве, што рабіла паэзію рытарычнай, бязвобразнай, часам лірызму пазбаўленай. Як сказаў Анатоль Верабей, былі ў ёй няцмянасць і невыразнасць, зашыфраванасць думкі, што давала “багаты матэрыял для нападак”. Сама назва “Маладняк” мела на ўвазе тое значэнне гэтага слова, якое апісваецца выразам “малады лес”. Гаворка пра гэта зайшла па той прычыне, што паходжанне назвы не з’яўляецца, так бы мовіць, шырокавядомай інфармацыяй (і слушна заўважыў Міхаіл Рыбакоў: працы даследчыкаў – гэта важна, але важна і тое, што ведацьме “просты люд”, наведвальнікі музеяў), а сама назва выклікае пытанні, калі падысці да слова з пазіцыі слоўніка. Віктар Жыбуль унёс у сітуацыю пэўную яснасць, працытаваўшы верш Міхася Чарота, у нейкім сэнсе маніфест “Маладняка”:

А сягоння – чутны водгукі:
– Нам расці – дык мала дня!
Толькі тут узняцца мог такі
Волат лес – наш Маладняк.

Стройны лес і горды выгляд,
Нібы раць, што мкнецца ў бой.
Яго шум – што голас: «Выедам
Пастаяць за праўду галавой».

“Лясная, раслінная вобразнасць была вельмі распаўсюджана ў тагачаснай паэзіі, – сказаў даследчык. – З дапамогай гэтых вобразаў вялася і літаратурная палеміка. У прыватнасці, прыхаваная палеміка, скіраваная ў бок “Маладняка”, ёсць у “Казках жыцця” Якуба Коласа”. Гэтая “асобная тэма” можа развіцца да новай публікацыі, і добра будзе, калі яна разаўецца ў межах праекта. Прынамсі, на гэта ёсць спадзяванне. Пераходзячы непасрэдна да тэмы свайго выступлення – імёны юбіляраў 2010 года і “маладнякоўскія” фонды, – Віктар Жыбуль зноў спаслаўся на вобраз: “Яны нездарма параўноўвалі сябе з лесам – за пару гадоў “Маладняк” разросся да масавай арганізацыі, пра якую гаварылі: “Прыйшоў Чарот, а за ім шасцьсот”.

maladniak_maladosc_3x.jpg

Літаратуразнаўца Аксана Данільчык, якая на працягу дзесяці гадоў даследуе творчасць Зінаіды Бандарынай і адначасова займаецца гендарнымі праблемамі, адзначыла, што для любога даследчыка вельмі важна сістэмна вяртацца да таго матэрыялу, які ён аднойчы пачаў даследаваць. Гэта дазваляе, прынамсі, выпраўляць недакладнасці, якім па аб’ектыўных прычынах магло знайсціся месца ў папярэдніх публікацыях. Чым прывабная для даследчыцы постаць Зінаіды Бандарынай? “Яе паэзія адлюстроўвае ўсе супярэчнасці “маладнякоўскага” перыяду беларускай літаратуры”, – патлумачыла Аксана Данільчык. Тое, што Зінаіда Бандарына імкнулася праявіць і грамадзянскую пазіцыю, і пазіцыю сваю як асобы (яе называюць “неўтаймоўнай”, сама яна сябе называе “шалёнай Зінай”) выразна паказана ў артыкуле Аксаны Данільчык, які напісаны на падставе дакументаў і выходзіць у студзені ў часопісе “Маладосць”.

maladniak_maladosc_4x.jpg

Дзмітрый Давідоўскі распавядаў пра цеплыню адносін Дубоўкі і Бабарэкі.

Пра ўплыў “Маладняка” на паэзію Петруся Броўкі паведамляла Наталля Мізон.

Пра тое, як дзейнасць “маладнякоўцаў” адлюстравана на старонках “ЛіМа”, расказвала Таццяна Барадуля.

Асаблівую ўвагу прысутных звярнула на сябе ўдзельніца круглага стала Яўгенія Дзяркач, унучатая пляменніца “маладнякоўца” Міколы Нікановіча, некалі – аўтарка “Маладосці”. Прынесеныя ёю дакументы адназначна зацікавілі даследчыкаў.

maladniak_maladosc_5x.jpg

Дзень, як вядома, завяршаецца вечарам. Дзень “Маладняка” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі завяршыўся цудоўным вечарам, на якім гучалі вершы і музыка – у выкананні тэатра “Жывое слова” і сайд-праекта "Naka Piano", прэзентаваўся віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” і зладжана была экскурсія па спецыяльна адкрытай выставе з кніг і асабістых рэчаў паэтаў “Маладняка”. На вечары выступілі дырэктар БДАМЛМ Ганна Запартыка, дырэктар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка, і вядомая настаўніца, даследчыца літаратуры Ганна Севярынец. У канцы кожны, хто правёў гэты дзень з “Маладняком” у Нацыяналцы, мог пакінуць свой водгук пра яго. Ад “Маладосці” было напісана: “Ганарымся далучанасцю, удзячныя за супрацоўніцтва”. Ну, ці нешта падобнае. Бо на працягу дня шмат разоў прагучала пра пераемнасць і спадчыну ў звязцы “Маладняк” – “Маладосць”.

“Праект чатырох” працягваецца!

Аўтар публікацыі: Святлана Воцінава.

Крыніца: часопіс “Маладосць”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам