ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Круглы стол "Культура 4.0: на шляху да будучыні"
У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла лекцыя аб амерыканскай вулічнай фатаграфіі

Успаміны пра першую дарогу да Жэні Янішчыц

Яўгенія Янішчыц
Іншыя навіны

У канцы лета 1965 года закончылася мая журналісцкая практыка ў газеце 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі ва Уруччы. Узгадаю, што сяржант гэтай дывізіі ў жніўні 1963 года стаў у Львове курсантам факультэта журналістыкі Вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча СА і ВМФ. Яшчэ вясной 1965 года ўдалося выпрасіцца на стажыроўку ў “родную” мне дывізію, а па праўдзе – насыціцца радзімай.

У Львоў вырашыў вяртацца праз Баранавічы, каб потым у патрэбнай развілцы накіравацца ў бок Пінска. А на Ясельдзе знайсці Жэню Янішчыц. Зацікавілі першыя публікацыі яе вершаў у рэспубліканскім друку, захацелася ўбачыць гэтага незвычайнага самародка.

Як гэта ўсё адбывалася больш як паўсотні гадоў таму, расшыфроўваю зярняткі радкоў з курсанцкай “захаляўнай” кніжыцы.

Дзень першы

7a8c76d93cc498c0d747d48959f781bf-3cu8s.jpg

У Баранавічах – непаразуменне. На галоўнай станцыі – Палескай – цягнік не спыніўся. Завезлі на “Цэнтральную”. Адтуль аўтобусам вярнуўся назад. За Баранавічамі сеў на грузавічок і паехаў да Ляхавіч. Калі праязджаў Шчару, то па абодва бакі было добра бачна, як чарнеюць байніцамі доты. Хлопец-шафёр гаворыць, што тут у часы Першай сусветнай вайны тры гады фронт стаяў:

– Па ўсёй Шчары – такія германскія бункеры!

Шафёр працаваў у леспрамгазе, і калі пілавалі ствалы дрэў, дык піла часценька ўядалася то ў калючы дрот, які завяз у камлі, а то ў асколкі…

Горад Ляхавічы стаіць на рацэ Ведзьма. Бачу, што гэта проста ручаіна з гнілымі берагамі.

– Малая то малая, – прыкмячае вадзіцель, – а летась гэтая Ведзьма чалавека ўтапіла…

На маёй зацяглай дарозе вёска Свяціца – апошні з населеных пунктаў па дарозе ад Ляхавіч да Ліпска. Мяне зацікавіла тая Свяціца вось чаму. У Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва паказалі Біблію Скарыны, мноства беларускіх старадрукаў, якія набыў у свой час Іларыён Свянціцкі, стварыўшы тым самым “Беларускі аддзел”. Распавялі мне пра такі подзвіг вучонага яго дачка Вера Іларыёнаўна, удава Анісся Мацвееўна.

Першапачатковае прозвішча яго – Свяціцкі. Бацька Сямён Свяціцкі служыў святаром. І была згадка, што продкі яго – з ваколіц Выганаўскага возера, якое мела ў ХІХ ст. назву Свяціца. А тут мне напаткалася вёска Свяціца – даўняе ўладанне Радзівілаў.

У Ліпску мяне высадзілі. Да Залужжа – 4 км. Прайшоў спакойна. Мне параілі пазней ісці ў Тухавічы, а пасля кіравацца да 10-га шлюза. Сем кіламетраў да Тухавіч ішоў па лесе. У вёсцы дазволілі пераначаваць на гарышчы. Развітаўся з гаспадыняй хаты і маці дзетак Зінай Пацукевіч. Пачалася новая дарога.

Дзень другі

2475adfad08d0e0520a9b4421c3d532a-4jno5.jpg

І вось я сяджу ў рыбацкай хібары. Хлопчык пакарміў мяне. Мы пакупаліся ў Агінскім канале. Маторная лодка павязе мяне бліжэй да вечара. Прыйшоў час гатаваць перакус. Я наабіраў бульбы. “А яшчэ будзе суп з гарохам”, – кажа мой кармілец.

Маторкай я праехаў 10 км. Далей канал перасох. А да Целяханаў, мне сказалі, дабірацца ажно 12 вёрст. Рушыў у патрэбным кірунку. Дзесьці ў лесе заўважыў вышку. Агледзеў з яе вышыні ўсю мясцовасць. Не так далёка прыкмеціў будыніны. Рукзак скручвае плечы. Не дапамагае і процівага яму – “Спідола”.

Аказваецца, першай вёскай стала перада мной Вулька-Целяханская. Побач – возера. Заначаваў у добрых людзей. Сытна пачаставалі. Адпачываў у ложку. Гаспадары заможныя. Паснедаўшы, адправіўся ў дарогу.

Дзень трэці

0f622e391b0d3e677c18b6fe1baab8cd-mbjpy.jpg

І вось я сяджу каля ліпы ў Цяляханах. Сто вёрст ад Баранавіч – гэта калі напрамкі… Чакаю папутку. З малодшым сяржантам-міліцыянтам даехаў да Лагішына. Далей ён ехаць не заахвоціўся – натросся ў кузаве. А я на спыненай ім машыне даязджаю да Ясельды. Адпраўляюся ў бок Парэчча, на землі Агінскіх-Скірмунтаў. Вёска цікавая, але мне сказалі, што Жэню трэба шукаць у Рудцы, у пяці кіламетрах адсюль…

Прыйшлося мне пешкі вяртацца назад. Па дарозе сустрэўся з аўтобусам, у якім, як пазней даведаўся, ехала Жэня з Рудкі ў Парэчча. А ў вёсцы Рудка я знайшоў яе дом, але Жэні там не аказалася: мы размінуліся. Мяне сустрэла яе мама – лагодная, усмешлівая жанчына. Паказала Жэніны сшыткі. Сяджу, чытаю, перапісваю… Надта ж спадабаўся яе верш “Лівень”. Уразіла:

Я найшчаслівая з самых шчаслівых,
Я – у дарозе вечнай…

Пасля параўнання: “Лівень, лівень! Мой добры хлопчык…” закранула і такое:

Сэрца ў грудзях – маленькі гармонік,
Крыху дзёрзкі і бесклапотны.

Дзяўчыне яшчэ і сямнаццаці няма, а творы вельмі “дарослыя”. Перапісаў радкі з верша “Пісьмо да настаўніцы”:

Абяцаю, што ўсё асілю я,
З непрыкметным не выйду ў свет.
Верце мне, Кацярына Васільеўна,
Без трывогі і без прыкмет.

Я паспеў перапісаць у свой сшытак і такія вершы Жэні: “Хутка вернешся”, “Раўчукі”, “Дарогі”… У апошнім – спадзяванні аўтаркі на будучыню, у якой

…І зайграюць гармонікам
Пасівелыя вёсны.
Верыць аўтар, што прыйдзе час, калі
Раптам сэрцам адчую я,
Як не згасла каханне.

А я што РАПТАМ адчуў? Раптам убягае ў хату дзяўчынка. Спытаў спачатку, агаломшаны: “Жэня?”

Адказвае: “Так!”

Знаёмлюся: “Панізнік…”

Такая жывая, па-добраму смешная дзяўчынка стаяла перада мною. Нават не верылася, што гэта яна, Жэня, можа пісаць такія кранальныя вершы.

Вясёлая! І гаворка вясёлая між намі не спыняецца. Ад Жэні я дазнаўся пра цікавы альманах “Ясельда” і што ў газеце “Полесская правда” за 11 красавіка 1964 года пра яе пісалі як пра маладую паэтэсу, якую любяць “за открытый, восторженный характер”. Пацікавіўся, а з якой нагоды пачалося ў Жэні захапленне вершамі? Дазнаўся, што ў школе рыхтаваліся правесці вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Ёй прапанавалі прачытаць верш народнага паэта. Падумала: надта ж вялікі, цяжка будзе вывучыць на памяць. Лепш я напішу свой! Так і пачалося…

А потым мы сталі чытаць па чарзе вершы. І зараз чую яе шчабятлівы голас:

Прастора і сэрца – насцеж.
Іду, нібыта вясна.
Людзі, бярыце шчасце:
Для вас я яго нясла.

Дзявочыя вершы было надзвычай прыемна слухаць. А па-сапраўднаму таленавітыя – адчуваць на сэрцы свята. Я быў уражаны такому ўваходжанню ў паэзію. Аж зайздрасць брала ад шчаслівасці яе радкоў.

…Потым – палуднавалі. І на Ясельду! Хадзілі па беразе рэчкі з фотаапаратам і “Спідолай”. Гаварылі, пераходзілі кладачку, гаварылі… Мне было вельмі нязвычна, што Жэня называе мяне на “вы”. Колькі ні ўпрошваў – хоць бы што.

234cc4d5f90e78b482f195536d3886f1-6f9wp.jpg

А пад вечар яна мяне праводзіла аж за дзве вёскі. Я узлажыў рукзак за спіну, а яна паехала на веласіпедзе дадому, у Рудку.

Потым у мяне быў Пінск, а к вечару наступнага дня – Львоў. На адрас вучылішча прыходзілі пісьмы з Ясельды, а потым са Свіслачы. Студэнтка БДУ дзялілася і новымі радасцямі, і гаркотаю ад крыўдных неспадзевак. Адразу пасля прыезду з Рудкі я пастараўся перапісаць вершы Жэні і разам з фотаздымкам, дзе яна кладачку пераходзіць, паслаў у газету “Літаратура і мастацтва”.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін заахвоціўся яе паэзіяй, і вялікая падборка вершаў Янішчыц была ім падрыхтавана і апублікавана. На жаль, здымак-ілюстрацыя быў без подпісу. Але “кладачку тоненькую” згадвалі пазней у прэсе А. Лойка, Р. Бярозкін… Віктар Гардзей пісаў: “…Усмешлівая, шчаслівая дзяўчынка ракрыленай птушкай памкнулася кудысьці ўвысь над вясковымі кладкамі”. А я і сёння ўсцешаны як “хросны бацька” той лімаўскай публікацыі.

Перад выпускнымі экзаменамі ў вучылішчы я напісаў верш, Жэні прысвечаны. Львоўскі архіў разам з паўсотняй ненадрукаваных вершаў на дзіва збярогся, і Аўгінін верш праз паўстагоддзе выплывае насуперак лістападу…

cb9ad0dfcd36388163b1fd74beb0d4a5-6s6lj.jpg

А – Я (Аўгінні Янішчыц)

Маленькая дзяўчынка з-за ракі!
Я рады, што на свеце столькі светласці
І ясельдзянскай задумённай ветласці,
І шчырасці – у подыме рукі.
І столькі суму, зменлівых трывог,
І зманлівых сумленне выпадковасцяў…
Асцерагаешся слядоў ад подласцяў?
Пякуцца там, дзе выкінуты Бог…
Маленькая дзяўчынка з-за ракі!
Я рады, што і кладкі робяць хісткімі,
Што смех крынічны надзяляюць віскатам,
Што ходзяць гасцяваць на Саракі.
Што дзесь далёка – не ўсім дайсці,
Як Беларусь мацнее Край – Паэзія.
Што ёсць і праславяншчына: П а л е с с е!
І ўсё, што напаткала ты ў жыцці.
Я рады, што нам столькі выбіраць
І прыбіраць, і нішчыць непатрэбнае…
А сэрцайка ўжо б’ецца не пад рэбрамі,
Калі яму паходняю палаць.
Не мне наказам шчырым паланіцца.
Мне б толькі – у спагадзе – пакланіцца:
– Усё гэта за плечы перакінь,
Маленькая дзяўчынка з-за ракі!

3.VІ.1967, г. Львоў

* * *

Яўгенія Янішчыц

Нарадзілася ў 1948 у вёсцы Рудка Пінскага раёна. Друкавацца пачала ў 17 гадоў. Скончыла філфак БДУ, працавала ў ЦК ЛКСМБ, часопісе “Маладосць”. Выдала паэтычныя зборнікі “Снежныя грамніцы” (1970), “Дзень вечаровы” (1974), “Ясельда” (1978), “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983), “Каліна зімы” (1987). Крытыкі адзначалі глыбокую пачуццёвасць і лірызм яе вершаў, залічвалі да найлепшых паэтаў пакалення. Была замужам за паэтам Сяргеем Панізнікам (1971–1976) разам з ім жыла ў Чэхаславакіі, дзе муж служыў вайсковым карэспандэнтам. Пасля разводу жыла ў Мінску з сынам Андрэем. У 1988 трагічна загінула, выпала з акна сваёй кватэры на Старажоўскай.

Аўтар публікацыі: Сяргей Панізнік

Крыніца: Наша ніnа

Чытайце таксама:

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам