ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Прыехаў Купала…”
Льюцца гукі, пяшчотныя, мяккія, узнёслыя

Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2012”

Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2012”
Іншыя навіны

27 ліпеня веселуны з Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці чакаюць гасцей на VII Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі”, пад час якога будзе адкрыты доўгачаканы музей гумару “Сядзіба Каласка і Калінкі”.


Найпершы жарт аўцюкоўцаў у тым, што Малыя большыя за Вялікія Аўцюкі на сто хат.

Бамбіць усіх “забамбонамі”
Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, ідэйны лідар і старшыня журы фестывалю Уладзімір Ліпскі падкрэслівае, што гумар у Вялікіх і Малых Аўцюках менавіта народны: “Ён не прыдуманы пісьменнікамі, не прыйшоў да нас з-за мяжы па Інтэрнэце, а самі людзі як нешта скажуць, дык “прыпячатаюць”. Я іх жарты як толькі ні называў: анекдоты, падколкі і прыколкі, забабоны. Прыдумаў ім нават новае вызначэнне – “забамбоны”. Яны ж могуць “забамбіць” такі жарт, што рагочуць усе”.

Гараваць і жартаваць
Калі задацца пытаннем, чаму менавіта аўцюкоўцы гэткія каларытныя і самабытныя, то трэба ўзгадаць гісторыю тых мясцін. Недалёка ад Аўцюкоў знаходзяцца Юравічы. Гэта пасяленне першабытных людзей. 20 тысяч гадоў таму там жылі людзі. І можа, з тых часоў асела ў іх памяці і душы патрэба не толькі гараваць, але і жартаваць.

– Менавіта спалучэнне гэтых паняццяў даюць людзям магчымасць выжыць, быць аптымістамі, – адзначае Уладзімір Сцяпанавіч. – Яны могуць высмейваць адзін аднаго, праўду казаць у вочы, але гэта будзе не балючая, злосная крытыка. Бо любы канфлікт можна вырашыць не лямантуючы, не беручыся за косы і чубы, а мудра і дасціпна.

Напрыклад, возьмем даволі распаўсюджаную сітуацыю, калі суседскія куры ўвесь час корпаюцца ў агародзе. Калі добра пагарачыцца, то можна застацца ворагамі на ўсё жыццё. Але можна і з розумам падысці. І што ж адна Калінка (так завуцца ўсе аўцюкоўскія жанчыны, а мужчыны – Каласкі) прыдумала, каб адвадзіць курэй. Зрабіла курынае гняздо, паклала туды дзясятак сваіх яек і паказала суседцы са словамі:

– Слухай, дык добра, што яны ходзяць у мой агарод.

Тая задумалася і... перастала пускаць сваіх курэй за чужы плот.

“Рагатуха. АўціЛіпская”
Любоў аўцюкоў да Уладзіміра Сцяпанавіча ўзаемная. Есць у Аўцюках конь Ліпскага, сёлета зрабілі печ Ліпскага... любяць з ім пасядзець, пабалакаць.

– Пытаюся ў адну такую сустрэчу (узгадвае мой субяседнік):

– Гоніце?

– Не, – адказваюць.

– А прадаеце?

– Ага.

– Ну а ў каго ж лепшая самагонка.

А стаяла там адна бабка... адзін зуб тырчыць, хустка завязана пад бараду вузлом – і кажа:

– А самая лепшая самагонка, Каласок-Ліпскі, у нашага ўчастковага.

Дарэчы, яны мяне папрасілі прыдумаць назву мясцовай гарэлцы і наклейку. Атрымалася “Рагатуха. АўціЛіпская” і памятка дадаецца для тых, хто пры памяці: “Ужывай гарэлку ў меру, не трапляй на вочы мэру.

Каля збярэшся з духам, – налягай на Рагатуху. П’еш – не кайся, напіўся – не пахмяляйся. Падробка пад Бульбулятар нумар адзін караецца аўцюкоўскім венікам”.

Справа аўцюкоўцаў жыве!
Прыехаць на свята плануюць дэлегацыі з усіх абласцей. І калі ўсе госці, сярод якіх багата жартаўнікоў, збіраюцца разам, то відавочна ўсім, што справа Аўцюкоў распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі. А прыкладаў дастаткова: вёска Спорава Бярозаўскага раёна, дзе праходзяць абласныя фестывалі гумару; вёска Баянічы Любанскага раёна, якая ладзіць свае раённыя Баяніцкія фестывалі; цікавы творчы калектыў склаўся ў вёсцы Дубіна Валожынскага раёна; у Капылі праходзяць фестывалі Мінскай вобласці. На фестывалі жыхары гэтых вёсак уступяць у спаборніцтва з аўцюкоўцамі. А яшчэ дэлегацыі прывязуць экспанаты для музея.

Чаго чакаць?
У першы дзень, пасля адкрыцця музея, дэлегацыі гумарыстаў, журы і госці фестывалю будуць “швэндацца” па вёсках і вызначаць лепшы падворак, найбольш гаспадарлівыя сем’і, самую адмысловую кухарку. Вынікі гэтых вандровак падвядуць вечарам, прылюдна. Адбудзецца ўзнагароджанне лепшых гаспадароў. У іх гонар – канцэрт і салют. Другі дзень свята гумару адбудзецца ў саміх Калінкавічах. На цэнтральнай плошчы пройдуць конкурсныя выступленні ўсіх беларускіх каманд і нават гасцей-гумарыстаў з Расіі і Украіны.

Абяцаюць, што сюрпрызаў на фестывалі будзе шмат. Гульні прадугледжаны не толькі для дарослых, але і для дзяцей у парку. На плошчы-ярмарцы гумару можна будзе набыць смешныя сувеніры, зазірнуць у гумарыстычнае фотаатэлье, наведаць аўцюкоўскі цір, пабываць на футбольным матчы паміж Каласкамі і Калінкамі. Заўсёды цешыцца старшыня журы з жывёлагадоўчай латарэі.

– Хто-небудзь выйграе гусака і ходзіць з ім цэлы дзень. Поіць, корміць. А іншаму дастанецца парася. Дык той ад сонца на яго завяжа хустку. Відовішча незвычайнае – кожны са сваёй жывёлай. І з рук немагчыма выпусціць, і нікуды не дзенеш – выйграў.

Карацей, калі хочаце атрымаць зарад добрага настрою, прыязджайце на фестываль. Дарэчы, тым, хто збіраецца на свята, арганізатары раяць вывучыць хаця б дзясятак дасціпных народных анекдотаў, каб не мець праблемы на аўцюкоўскай мытні.

Аўтар публікацыі – Святлана Дзявяткава, “НГ”.

Крыніца: Народная газета

Навіны

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам