ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Экалагічны менеджмент як элемент устойлівага развіцця арганізацыі
ТІБО-2013

Усе ўзросты "Маладосці"!

Усе ўзросты "Маладосці"!
Іншыя навіны

Парадаксальна, але факт: часопісу "Маладосць" сёлета спаўняецца 60 гадоў.


Як заставацца маладым, нягледзячы на ўзрост, як вытрымліваць канкурэнцыю з "Фэйсбукам" і чаму жанчын у літаратуры становіцца больш – пра гэта напярэдадні дня народзінаў выдання (святкуецца 23 красавіка) разважае Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар штомесячнага літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага ілюстраванага часопіса "Маладосць".

Вытрываць канкурэнцыю
– Часопісу сёлета спаўняецца 60 гадоў, а называецца ён "Маладосць". Якім чынам можна гэта спалучыць?
– Я вельмі шмат пра гэта думала апошнім часам, таму што даводзілася ў сувязі з юбілеем выдумляць рэкламныя слоганы і пісаць лісты якраз з такім дзіўным спалучэннем паняццяў. Я нават абуралася: калі 60 гадоў таму новаму часопісу зычылі доўгага жыцця, ці можна было называць яго словам, з-за якога паслядоўнікі сутыкнуцца з праблемамі такога кшталту?! А літаральна днямі на сустрэчы са студэнтамі Лінгвістычнага ўніверсітэта раптам убачыла, што гэтае спалучэнне ўсё ж магчымае. І выдатна, што магчымае! У каго як, а ў маім асабістым разуменні маладосць – з’ява вечная. І даць часопісу такую назву – вельмі мудрае рашэнне. Значыць, "Маладосці" прагназавалася вечнае існаванне! Хто аўтар назвы? Калі мы рыхтавалі юбілейную кнігу, я задавала гэтае пытанне многім. Але ніхто не адказаў.
Увогуле, аўтарам ідэі стварэння часопіса быў Пётр Міронавіч Машэраў. Магчыма, і назва таксама сыходзіла ад яго. Пры тым, што гэты чалавек ужо тады займаў высокую пасаду (узначальваў беларускі камсамол), ён не цураўся самых дробных арганізацыйных момантаў. Напрыклад, першага фатографа "Маладосці" – Аляксандра Сяргеевіча Дзітлава – запрасіў менавіта Машэраў. А калі Дзітлаў пацікавіўся, чаму менавіта ён, то дасціпны Машэраў адказаў: "А ты выгадны супрацоўнік – і пішаш, і фатаграфуеш, таму будзеш за дваіх працаваць". Дачка Дзітлава Вольга Аляксандраўна ў сваіх успамінах для кнігі ўдакладняе, што бацька быў яшчэ больш выгадным супрацоўнікам – ён меў уласны аўтамабіль і ўсе паездкі здзяйсняў на ім. Увогуле, шмат цікавага з гісторыі "Маладосці" апісана ў гэтай кнізе.

– Ці ставіць часопіс мэту адкрываць новыя імёны? І ці магчыма гэта сёння рабіць наогул?
– Ведаеце, у літаратурнага выдання заўсёды ёсць адначасова некалькі мэт. Прычым нічога новага ў спісе мэт сённяшняй "Маладосці" ў параўнанні з тымі, што былі на самым пачатку, няма. Мы павінны, па-першае, адкрываць новыя імёны. Па-другое, маладым чытачам, у тым ліку і гэтым новым імёнам, дэманстраваць узоры больш сталай і якаснай прозы і паэзіі. Гэта азначае, што "Маладосць" – выданне кшталту расійскай "Литературной учёбы", з якой мы, здаецца, неўзабаве пабратаемся. Між тым, у 1953 годзе часопіс хоць і ствараўся для моладзі, але гэта была не адзіная прычына яго стварэння. Уявіце сабе 1953 год. Пасля вайны ўжо адбудаваліся, пачалася новая хваля – стваральная праца на карысць душы. З вайны прыйшло пакаленне, якому было што сказаць, яны спарадзілі вялікую плынь мастацкіх твораў, пад якія не хапала пляцоўкі часопіса "Полымя", які тады ўжо існаваў.

– А сёння, калі ёсць інтэрнэт, "ЖЖ", "Фэйсбук" ды і колькасць друкаваных літаратурных часопісаў у Беларусі таксама павялічылася, як "Маладосць" падтрымлівае аўтарытэт, каб пісьменнікі хацелі ў вас друкавацца?
– Аўтарытэт менавіта тым і падтрымліваецца, што гэта друкаванае папяровае выданне, а не электроннае. У нашым грамадстве да гэтай пары чамусьці лічыцца, што па-сапраўднаму ты выходзіш у свет са сваім мастацкім творам толькі тады, калі цябе друкуюць на паперы літаратурнага часопіса, а не на яго сайце. Логікі тут я не назіраю, проста канстатую факт: ад людзей, якім раблю прапановы размясціць цікавыя матэрыялы менавіта на сайце, таму што папяровая версія не ўсё можа змясціць, чую нешта накшталт: "А я ж – разумееце? – хачу, каб гэта засталося".
Людзі самі не ўспрымаюць змешчанае ў Інтэрнэце як тое, што захаваецца для нашчадкаў. І гэтым пакуль яшчэ можна карыстацца. А далей... Зноў, спадзяюся, рашэнне падкажа само жыццё.

– Калі зрабіць "камбэк" у мінулае, каго адкрыла "Маладосць" з тых, хто цяпер ужо, можа быць, класік? І якімі маладымі прозвішчамі часопіс можа пахваліцца сёння?
– Рызыкоўная гэта штука – заяўляць пра тое, што літаратурны часопіс можа некага адкрыць. Ці можна сцвярджаць, што "Маладосць" адкрыла Караткевіча, калі ён у ёй – амаль толькі ў ёй – і друкаваўся? Напэўна ж, Караткевіч ствараў бы свае шэдэўры і без "Маладосці". Не трэба падманвацца: таленавіты чалавек адкрые сябе сам. Справа часопіса толькі ў тым, каб гэта адбылося хутчэй. Мы можам толькі паспрыяць раскрыццю, але не адкрыць. Да таго ж пры накладзе ў 2,5 тысячы экзэмпляраў цяжка пахваліцца тым, што мы некага "адкрылі": гэтага "некага" ўсё роўна прачытае толькі вузкае кола асабліва зацікаўленых. Але пахваліцца новымі імёнамі часопіс можа. Вельмі прыемным адкрыццём стала імя Сяргея Маціна. Узрадавала і рэдактараў, і чытачоў імя Уладзіміра Мажылоўскага. Хоць па ўзросце яго нельга залічыць да моладзі, але аповесць "Праклён мітрапаліта Фіяфіла" чытачамі ўжо адзначана. Былі нават тэлефанаванні з пытаннем, ці будзе працяг. Адказваю ўсім: сёлета мы надрукуем яшчэ адзін твор Уладзіміра Мажылоўскага. Акрамя гэтага, у выдавецкім доме "Звязда" рыхтуецца да выхаду яго раман пад рабочай назвай "Нашэсце". Падзеі ў ім звязаны з падзеямі аповесці "Праклён мітрапаліта Феафіла".

Гульня ў часопіс
– Два вашы папярэднікі – галоўныя рэдактары – таксама былі жанчынамі...
– Так, тры апошнія – жанчыны, сем першых – мужчыны...

– Ці сведчыць гэта пра нейкую тэндэнцыю ажаночвання беларускай літаратуры ці менеджараў у літаратуры? Або гэта проста выпадковасць?
– Гэта ні ў якім разе, вядома ж, не азначае, што ў беларускай літаратуры стала больш жанчын або жаночая творчасць узнялася над мужчынскай... Паміж полам галоўнага рэдактара літаратурнага выдання і тымі гендарнымі шалямі, якія ўвогуле існуюць у літаратуры, ніякай залежнасці няма. Тут залежнасць іншая – ад часу. Калі параўноўваць сённяшнюю "Маладосць" з мінулай, няцяжка заўважыць, што раней – прынамсі, да майго прыходу – гэта было выданне, якім у абавязковым парадку кіраваў менавіта пісьменнік, і пісьменнік з імем. І намеснік галоўнага рэдактара, і рэдактары аддзелаў, і адказны сакратар – усе яны былі пісьменнікамі.
Сёння ж, каб неяк вытрымліваць канкурэнцыю з выданнямі для адпачынку, "глянцавай" прэсай і інтэрнэтам, літаратурныя часопісы павінны мець новыя, некласічныя імідж і напаўненне. Яны павінны гэтаксама хутка прыстасоўвацца да асяроддзя, як і астатнія. А для вырашэння гэтай задачы ўвесь час патрэбна нейкая гульня. Пісьменніку гуляць у часопіс складана – хаця б таму, што гэта адбірае шмат часу, які яму лепш было б патраціць на ўласную творчасць. Новы кіраўнік павінен быць менеджарам і ведаць рынак друкаваных СМІ. Таму што мы павінны вырашаць звышзадачу: неяк прыцягваць тых, хто ніколі не звяртаўся да чытання літаратурных выданняў.
Мы павінны зрабіць нешта такое, каб далёкі ад літаратуры чалавек падумаў: а што, калі я зазірну пад вокладку гэтага выдання? Што, калі куплю сёння не кніжку, а літаратурны часопіс? Я разумею, што чытацкае кола літаратурных часопісаў вельмі вузкае. Але я хачу, каб гэтае кола складалі не толькі тыя, хто марыць быць пісьменнікамі, але і тыя, хто мае адукацыю тэхнічную, матэматычную – якую заўгодна, а можа, нават, і ніякай не мае, але лічыць сябе сучасным чалавекам. Я хачу, каб літаратурныя часопісы чыталіся сучаснымі людзьмі. Тыя, хто да іх ужо не звяртаецца, як і тыя, хто яшчэ не звяртаецца, – гэта людзі, якія жывуць учарашнім днём. Яны затрымаліся ў ХХ стагоддзі. Час жа, як ведаеце, ідзе па спіралі. І калі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя было модна чытаць літаратурныя выданні, то ў канцы ХХ стагоддзя гэта перастала быць модным. Але сёння, на другім дзясятку ХХІ стагоддзя, гэта зноў выходзіць у авангард.
А наогул, каб быць менеджарам у літаратурным выданні, трэба быць асобай рамантычнай. Як гэта ні парадаксальна гучыць. Таму, напэўна, і прыцягваюцца цяпер у гэту сферу жанчыны. Першай у "Маладосці" была Раіса Андрэеўна Баравікова. Менавіта яна задала тон менеджарскім кірункам і паказала свае менеджарскія якасці. І ёй удалося вывесці часопіс, які друкаваўся на той момант раз на паўгода, на ўзровень якаснага штомесячнага выдання. Мужчына са сваім прагматычным розумам з гэтай задачай – назавем яе маркетызацыяй выдання – наўрад ці справіўся б.

Увага! Акцыя!
– Калі мы ўжо загаварылі пра маркетызацыю, то як вы імкняцеся дабіцца поспеху і пашырэння кола чытачоў? Апошнія гады "Маладосць" пастаянна эксперыментуе з вонкавым выглядам, ці працуе гэта на прыцягненне ўвагі?
– Наконт прыцягнення ўвагі сказаць цяжка, таму што тыя працэсы, якія за ўсё гэта адказваюць, вельмі марудныя. Але наклад часопіса не змяншаецца, а з апошнім рэбрэндынгам цікавасць да яго павялічылася. Тут вялікую ролю сыграла, напэўна, тое, што ў нас з’явіўся ўласны сайт. Хоць пакуль што гэта "трэніровачная версія" – неўзабаве з’явіцца паўнацэнны сайт, створаны па ўсіх законах "жанру". Акрамя гэтага, мы размяшчаем анонсы свежых нумароў на сайтах вядучых універсітэтаў краіны і рэкламуем "Маладосць" у вагонах метрапалітэна – віншуем краіну з днямі нараджэння класікаў. Хутка ў нас распачнецца вельмі цікавая акцыя. Мы запрашаем падпісацца на другое паўгоддзе "Маладосці" і атрымаць у падарунак часопіс з аўтографам вядомага пісьменніка. Будзем дарыць архіўныя часопісы 1950-х гадоў. Гэта цікава.

– А каму ў галаву прыходзяць усе гэтыя ідэі?
– Ідэя архіўнага часопіса – рамантычная менеджарская ідэя. Астатнія супрацоўнікі нашай рэдакцыі па-ранейшаму з’яўляюцца паэтамі і празаікамі. І таму мне нічога не застаецца, як толькі штудзіраваць кнігі па маркетынгу, чытаць артыкулы пра стварэнне часопісаў і кіравацца фразамі кшталту "А колькі свежых ідэй прыйшло ў вашу галаву за апошнія 24 гадзіны?". Можа быць, гэта не шмат, і можна было рабіць больш, але... Па вялікім рахунку, паспяхова мы можам рабіць толькі тое, што нам хочацца рабіць.

Аўтар публікацыі: Зоя Светлая.

Крыніца: газета "Звязда"

Чытайце таксама:
Нараджэнне літаратурных “кветак”

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам