ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Самаму смешнаму і “калючаму” беларускаму часопісу – 80 гадоў!
Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння Ф.М. Дастаеўскага

Ура! Кніжны дождж прайшоў!

Іншыя навіны

Мы так часта ўжываем слова “культура”, што іншым разам не задумваемся над глыбінным сэнсам паняцця. І дарэмна. Напэўна, у гэтым прычына не надта вялікай чысціні нашых ліфтаў і душ. А таксама – не вельмі добрага ведання роднай гісторыі ды імя продка ў пятым калене. А сапраўды, што за паняцце такое – культура?

Звернемся да цытат. Наш Васіль Быкаў, да прыкладу, сцвярджаў, што “аснова беларускай культуры – мова”. Ці не за век да Быкава расійскі журналіст Рыгор Ландау заўважыў: “У культуры асновай з’яўляецца вяршыня”. Геніяльна! Лагічны працяг усяго згаданага ў тым, што без нацыянальнай мовы і гаворкі няма пра нацыянальную культуру. І не толькі пра культуру. Пацвярджаюць думку Рыгор Барадулін: “Без мовы я – нішто” і Пімен Панчанка: “Я – сірата без маёй Беларусі”. Мова атаясамліваецца з Бацькаўшчынай. Культура гарантуе захаванне і першага, і другога. У доказ – выказванне аднаго з вядучых кардыёлагаў планеты Себасціяна Кербера: “Карціна не можа спыніць кулю, але можа спыніць таго, хто страляе”. Трапна і ёміста. А як разумееце слова “культура” вы, яе носьбіты і чытачы “К”?

Knizny-dozdz.jpg

Сённяшні агляд пачнём з самага галоўнага. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі Вольга Жых тлумачыць, за што яе ўстанова перамагла ў XXIX рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і атрымала дыплом у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Спадарыня Вольга не толькі згадвае дзейнасць рэтра-фотаатэлье, але і распавядае пра іншыя праекты: “Бібліятэка займаецца не толькі выдачай кніг. Яе функцыянал дзівіць уяўленне. А нашы праекты робяць Навагрудак больш культурным, адукаваным і дабрэйшым. Выставачны праект “У нас у гасцях пісьменнікі і кнігі ладзіць каманда аўтабібліятэкі. Маршрут інфармацыйна-краязнаўчага тура ўключае наведванне аддаленых маланаселеных вёсак. Апошні наш візіт – у Панямонь, Нізаўцы і Рахавец. А ёсць яшчэ і музычны праект “Зямлі роднай многагалоссе”. Сваіх чытачоў райбібліятэка запрасіла да ўдзелу ў чэленджы #Гродзеншчына, якая чытае. Установа прапаноўвае інтэрактыўную праграму “Рэтра-падарожжа з навагрудскай гараджанкай”. Маршрут уключае наведванне міні-музея, дзе экспануецца макет Рынкавай плошчы”. Вось каб усе лісты ў нашу рэдакцыю былі б такімі ёмістымі!

Зэльва таксама працягвае радаваць. Вольга Камякевіч – намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі – распавядае пра тое, што ў Елкаўскай сельскай бібліятэцы можна апынуцца пад “Кніжным дажджом”. Так называецца выстава, размешчаная пад вялізным парасонам. У неверагодную ліпеньскую спёку такі “дождж” – збавенне для чытача. Вось што значыць дакладная назва для творчай акцыі!

Па першым часе маё пытанне “А што ў вас ёсць такога, чаго нідзе няма?” вясковых работнікаў культуры, мякка кажучы, здзіўляла. Прайшоў час. Цяпер сотні беларускіх паселішчаў маюць свае брэнды. Пра іх зараз і гаворка.

Дзень рыбака прайшоў у аграгарадку Варонча Карэліцкага раёна. Самая лепшая юшка атрымалася ва Уладзіміра Гацко з Варончы. Прынамсі, менавіта да яго выстраілася вялікая чарга. А яшчэ былі тэатралізацыя, канцэрт і самае галоўнае – рыбалка. Кілаграмовага карпа выцягнуў 13-гадовы Вадзік Ціхановіч, які прыехаў да бабулі і дзядулі з горада. Уяўляю шчасце мальца!

Акцыі, прысвечаныя кветкам, прайшлі на Астравеччыне і Ашмяншчыне. Бібліятэкар па сувязях з грамадскасцю аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская напісала аб праекце сваёй установы “Кветкі – вершы прыроды” (назва – супер!), а Ірына Бразоўская распавяла пра свята кветак у аграгарадку Кракоўка, якое ладзілі мясцовыя клубнікі. Не паспеў я гэтыя радкі напісаць, як прыйшла навіна з Ваўкавыска. Аказваецца, тамтэйшыя метадысты таксама любяць кветкі. Супрацоўнікі ДК назвалі свой праект “Гнезнаўскі букет красак”.

Бачыў на “Беларусьфільме”, як робяць мульцікі, выкарыстоўваючы для малюнка пясок. Уразіўся тады бясконца. Таму і ліст Алены Цярэшка, загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі лічу выключным па змесце. Справа ў тым, што ўстанова мае гульнявы пакой, дзе вялікай папулярнасцю карыстаецца пескаграфія, якую з поспехам асвоілі бібліятэкары. Аказваецца, гэты від мастацтва называецца, па словах Алены, sand art. А вось хто навучыў пескаграфіі саміх супрацоўнікаў установы, аўтарка, на жаль, не паведамляе. Неаспрэчна адно: бібліятэка мае свой непаўторны брэнд, а любы чытач можа намаляваць пяском ілюстрацыю да ўпадабанага твора.

Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Высоцкага сабраліся ў чарговы раз на возеры Літоўка Навагрудскага раёна. Фэст бардаўскай песні даўно стаў сталым брэндам раёна. Гэтыя мясціны Уладзімір Высоцкі наведваў у 1969 годзе, калі тут праходзілі здымкі фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой”. Мясцовыя жыхары на гэты факт не забыліся. Нагадаю, што ў навагрудскім гатэлі ёсць “імянны” нумар Высоцкага.

Сёлета спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння нашай славутай зямлячкі Алаізы Пашкевіч, – распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Таццяна Красінская. – З гэтай нагоды па ўсім раёне прайшлі літаратурна-паэтычны тыдзень, паэтычнае свята, літаратурныя чытанні… А 13 ліпеня наша ўстанова ладзіла творчыя сустрэчы, прысвечаныя 145-годдзю Цёткі і 150-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі. Таццяна Анатольеўна ўпершыню напісала ліст у “Культуру”. Вельмі спадзяюся, што газета займела чарговага шчырага сябра.

Загадчыца Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі Таццяна Стахейка піша пра сустрэчу з вядомай паэткай Століншчыны Галінай Бабарыка. “Галіна Сідараўна, – распавядае аўтар, – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шэрагу літаратурных конкурсаў”.

Акцыя “З клопатам пра бяспеку малой Радзімы” ладзіцца ў два этапы: з 1 ліпеня па 16 жніўня і з 13 верасня па 4 кастрычніка. Мэта – папярэджанне пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём і гібелі на іх людзей сталага ўзросту. Пра гэта напісала Таццяна Бычанок – спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Мінска. Чарговая акцыя “Вакацыі без дыму і агню” ладзіцца з чэрвеня па жнівень. Далей спадарыня Бычанок распавядае аб правілах паводзін на вадзе. У першую чаргу гэта тычыцца дзяцей. У ваду неабходна заходзіць паступова, не варта купацца нашча ці адразу пасля прыёму ежы, нельга знаходзіцца ў вадзе падчас навальніцы. Даволі частая падзея – сутарга. Яна можа ўзнікнуць (часцей на лыткавай цягліцы) калі заўгодна. Трэба не панікаваць, зрабіць глыбокі ўздых і апусціцца пад ваду з галавой, моцна ўхапіць рукой вялікі палец нагі і цягнуць ступню на сябе.

Беражыце сябе, шаноўныя чытачы. Пішыце пра цікавае і здзіўляйце!

Аўтар публікацыі: Яўген Рагін.
Крыніца: Культура

Навіны

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Гімназістам і школьнікам аб маленькіх і дарослых салдатах Вялікай Айчыннай вайны

18 Кра 2024

15 красавіка для навучэнцаў 5–6-х і 9-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 153 і гімназіі № 11 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Брэсцкая крэпасць-герой” (5–6 кл.), “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (9 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Пазнавайце Беларусь разам з намі: Пінск і цюльпанавыя палі

22 Кра 2024

Работнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі наведалі адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі – Пінск, які з’яўляецца другім па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

23 Кра 2024

З 23 красавіка па 28 мая ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаная Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам