ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Заняткі “Узнікненне і развіццё пісьма”
12 лістапада – 150 гадоў з дня нараджэння першай жанчыны-геолага Ганны Місуны

Унікальныя артэфакты Першай сусветнай вайны прадставілі ў Мінску

Унікальныя артэфакты Першай сусветнай вайны прадставілі ў Мінску
Іншыя навіны

На выставе, прысвечанай падзеям на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы Першай сусветнай вайны, можна ўбачыць фотаздымкі і рэліквіі са збору Нацыянальнай бібліятэкі і прыватнай калекцыі.

Выстава "Беларусь у Вялікай вайне" адкрылася напярэдадні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Карэспандэнт Sputnik Анастасія Ваўчок пабывала ў музеі кнігі і пагутарыла з загадчыкам навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Анатолем Сцебуракам пра тое, як паўплывалі падзеі сусветнага маштабу на нашу краіну.

1038543197.jpgЗагадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатоль Сцебурака

Вялікая вайна

Выстава, на якой прадстаўлены больш за 350 аб'ектаў, з'яўляецца вынікам і падсумаваннем доўгай працы, якая пачалася чатыры гады таму з нагоды круглай даты пачатка Першай сусветнай вайны. Тады Нацыянальная бібліятэка зрабіла электронны праект, прысвечаны яе падзеям.

1038543206.jpgУ экспазіцыі можна ўбачыць кнігі, перыёдыку і дакументы з архіваў Нацыянальнай бібліятэкі

У экспазіцыі можна ўбачыць кнігі і дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама фотаздымкі і артэфакты з прыватнага збору беларускага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава.

Назву выставы можна патлумачыць адразу з двух пунктаў гледжання. Па-першае, вайну 1914–1918 гадоў, пакуль яна ішла, называлі па-рознаму, і еўрапейскі варыянт – Вялікая вайна. У Расійскай імперыі яе называлі Другой Айчыннай, праводзячы паралель з падзеямі 1812 года. Першай сусветнай гэту вайну пачалі называць толькі тады, калі пачалася Другая сусветная вайна.

1038543521.jpgВыстава "Беларусь у Вялікай вайне 1914–1918 гг."

Па-другое, на падзеі Першай сусветнай вайны на гэтай выставе можна зірнуць менавіта з боку беларусаў.

"Мы пастараліся паглядзець на гэтую вайну праз друкаваныя крыніцы, паштоўкі, лісты, усё тое, што было летапісам тых падзей", – гаворыць Анатоль Сцебурака.   

Пачатак нацыянальнага адраджэння

Першая частка выставы складаецца з выданняў, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта тыя часопісы, якія абвясцілі пра пачатак вайны, афіцыйныя выданні, якія адлюстроўвалі падзеі на фронце.

Асобна вылучана частка, прысвечаная мастацкай літаратуры – беларускім пісьменнікам, якія ў сваіх творах перадалі жах тых часоў. Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля – усе яны ў той час знаходзіліся ў Беларусі і так ці інакш былі звязаныя з падзеямі вайны.

1038543228.jpgАсобна вылучана частка, прысвечаная мастацкай літаратуры

У той жа час з'явіліся першыя беларускія школы.

"Да Першай сусветнай вайны ў Беларусі, нягледзячы на пэўную лібералізацыю, усё роўна нельга было стварыць паўнавартаснай беларускай школы. І вось на акупаванай немцамі тэрыторыі, Обер-Ост, з 1915 года пачалі з'яўляцца навучальныя ўстановы", – распавядае Анатоль Сцебурака.

У іх не хапала літаральна ўсяго – не было ні настаўнікаў, ні падручнікаў. Першыя кнігі ва ўкладанні Антона Луцкевіча былі выдадзеныя ў Вільні, там жа з'явіліся настаўніцкія курсы. Гэты час, нягледзячы на вайну, можна назваць пачаткам нацыянальнага адраджэння ў Беларусі.

1038543246.jpg"Гоман" была адзінай газетай на беларускай мове

"На старонках газеты “Гоман”, адзінай газеты на беларускай мове, якая выходзіла падчас акупацыі ў Вільні лацініцай і кірыліцай, асвятляліся сур'ёзныя працэсы, звязаныя са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці", – расказвае Анатоль Сцебурака.

Так, у нумарах за кастрычнік і лістапад паведамляецца, якія загады робіць сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама што з'явіўся беларускі консул у Адэсе. Ім быў Сцяпан Некрашэвіч, чалавек, які пасля стане адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Інбелкульта.

Унікальныя экспанаты

Вельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда. На выставе можна ўбачыць прылады нямецкай і італьянскай вытворчасці, з дапамогай якіх рабіліся ўлёткі, а таксама паходнае крэсла афіцэра нямецкай арміі, на якім падчас працы на станку сядзеў наборшчык.

1038543327.jpgВельмі значнае месца ў друкаванай прадукцыі часоў вайны займала прапаганда

Таксама ў вітрынах прадстаўленыя пісьмовыя прыналежнасці, якія належалі вышэйшаму афіцэрскаму саставу, і прыклады прыватнай перапіскі – ва ўсіх адлюстраваны беларускія сюжэты.

1038543424.jpgПісьмовыя прылады – чарнільніцы ў выглядзе кайзераўскага шлема

Унікальным экспанатам з'яўляецца рэлікварый, знойдзены на месцы баявых дзеянняў каля возера Нарач. 

"Рэлікварый складаецца з трох частак, на ім адлюстравана адна з найбуйнейшых каталіцкіх святынь – санктуарый у Лурдзе, на поўдні Францыі", – расказвае Анатоль Сцебурака.

1038543429.jpgРэлікварый, знойдзены каля возера Нарач

Манаграмы на рэлікварыі гавораць аб тым, што ён быў зроблены яшчэ ў ХІХ стагоддзі: герб Папы Рымскага Пія ІХ і манаграма "NDL" – Нотр Дам дэ Лурд.

Дзіўныя фатаздымкі ў дакументах

Беларусь, падзеленая лініяй фронту, патрабавала сістэмы кантролю, таму асобнае месца ў экспазіцыі належыць пасведчанням асобы. Яны рабіліся на дзвюх мовах: рускай і нямецкай.

"Вы ведаеце, чаму такі дзіўны вузкі фотаздымак у дакуменце? Фотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота", – тлумачыць цікавую асаблівасць Анатоль Сцебурака.

1038543751.jpgФотаздымкі былі дарагімі, таму на лаву саджалі адразу шмат людзей, а потым разразалі фота

На фотаздымках у цэнтральных вітрынах можна ўбачыць паўсядзённае жыццё сялян, кадры падманліва мірныя. На адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы.

1038543915.jpgНа адным са здымкаў нямецкія салдаты катаюць беларускіх дзетак у калясцы

"Да Першай сусветнай наша беларуская вёска была яшчэ некранутая, захоўвала традыцыі. З пачаткам калектывізацыі ўсё гэта знікне, а вось нямецкія салдаты на Палессі заспелі традыцыйную беларускую культуру", – расказвае Анатоль Сцебурака.

1038544069.jpgНа Палессі немцы заспелі традыцыйную беларускую культуру

Такая праблема з бежанцамі Еўропе і не снілася

На апошніх стэндах – падзеі Усходняга фронту. Перамір'е ў Камп'ене было падпісана 11 лістапада 1918 года, але на Усходзе перамовы аб міры пачаліся раней, на гэта паўплывалі падзеі рэвалюцыі 1917 года і абяцанні бальшавікоў – яны казалі, што трэба завяршаць вайну.

"Што прынёс гэты мір Беларусі? Безумоўна, гэта вельмі ганебны і цяжкі падзел нашай тэрыторыі, бальшавікі расплаціліся нашай зямлёй, каб выйсці з вайны, але, тым не менш, значнасць гэтай падзеі мы зменшыць не можам", – падводзіць вынік Анатоль Сцебурака.

1038544221.jpgТэрыторыя Беларусі была падзеленая

Для еўрапейскай свядомасці самай пацярпелай ад вайны краінай з'яўляецца Бельгія, якая фактычна засталася цалкам знішчаная. Але навуковец сцвярджае, што па разбурэннях Беларусь калі не пераўзыходзіць яе, то знаходзіцца вельмі блізка.

"Зараз у Еўропе ў трэндзе праблема бежанцаў – беларусы з ёю сутыкнуліся менавіта ў гэтую вайну. Лічба фантастычная: ад 1,5 да 2,2 мільёна чалавек. Ніколі ні да гэтага, ні пасля столькі беларусаў не пакідала бацькаўшчыну", – распавядае Анатоль Сцебурака.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны людзі не паспелі выехаць з Беларусі з-за бліцкрыгу, а Першая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства, вымушаную эміграцыю.

1038544375.jpgПершая сусветная вайна ішла паступова, таму ў беларусаў быў час на бежанства

"Расійская імперыя вычышчала тэрыторыю каля фронту, трэба было з патрыятычных пачуццяў усё забраць, астатняе знішчыць і ехаць на Усход. Ад Брэста на Кобрын і далей на Усход сотні тысяч чалавек жылі пад адкрытым небам. Гэта была гуманітарная катастрофа, якую немагчыма параўнаць нават з тым, што зараз адбываецца ў Еўропе", – кажа навуковец.

Вырашаць гэту праблему спрабавалі гуманітарныя арганізацыі, такія як Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны і Чырвоны Крыж, але гэта было слабым суцяшэннем. На жаль для нас, значная колькасць тых бежанцаў не вярнулася пасля на Радзіму.

Крыніца: Sputnik

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам