ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Тэставы доступ да часопісаў выдавецтва DeGruyter
Парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь: шляхі ўдасканалення

Уладзімір Дубоўка: “Мяне вабіў вобраз той Беларусі, якой яна ўяўлялася мне ў 1925 годзе”

Уладзімір Дубоўка: “Мяне вабіў вобраз той Беларусі, якой яна ўяўлялася мне ў 1925 годзе”
Іншыя навіны

Iншы раз даводзіцца чуць, што, маўляў, Уладзімір Дубоўка, выбітны паэт драматычнага лёсу, вярнуўся з ГУЛАГу зламаным. Дзіва што: дваццаць восем год у высылках і лагеры. Нібыта і тосты за кампартыю прамаўляў, і электрычныя разеткі ў хаце пры сяброўскіх размовах галёшамі прыкрываў, і слова супраць сістэмы пасля рэабілітацыі ніводнага разу не ўзняў. Пакінем гэтыя развагі на сумленні тых, хто, не зведаўшы сталіншчыны, чакаў ад былых вязняў сцягоў, барыкад і гарачых прамоў. А самі ўчытаемся ў адзін з артыкулаў Дубоўкі, які захаваўся ў асабістым архіве паэта. Вядома ж, ніхто з рэдакцыйных смельчакоў, што вінілі Дубоўку ў “паламанасці”, надрукаваць такі артыкул не асмеліліся, негледзячы на тое, што быццам бы нічога “гэткага” ў ім не было. Здаецца, такая бяскрыўдная нататка з творчай майстэрні пісьменніка. Здаецца, проста сабе гісторыя знакамітага хрэстаматыйнага верша “О Беларусь, мая шыпшына”. Здаецца, нічога асаблівага: пажылы паэт нейкім прыдуркаватым тонам расказвае пра тое, як ён пад кіраўніцтвам надзейных сяброў перапраўляе свой стары верш на патрэбу новаму часу.

Але гэта калі не ведаць Дубоўку. Загартаваны ў гарачых літаратурных дыскусіях дваццатых, ён бездакорна валодаў іроніяй, навучаны паўсядзённасцю ідэалагічнага пераследу, найлепш за ўсе мовы свету ведаў мову эзопаву – мову іншасказання, мову прыхаванага сарказму, мову афарыстычнай байкі. Увесь тагачасны літаратурны працэс, з ягоным крывадушшам і фальшам, танным коштам паэтычнага радка, прыстасаванствам творцаў і немагчымасцю вольнага слова паўстае перад намі ўва ўсім сваім цвеце. Без сцягоў, барыкад і змагарскага пафасу. Тонам вясковага дурылкі.
І яшчэ важна. Такія артыкулы – а Дубоўка быў вялікім майстрам гэткіх артыкулаў, і некаторыя з іх яму нават удавалася “праціснуць” у друк там, дзе ў рэдакцыях сядзелі людзі, глухія да іроніі, – былі адзінай магчымасцю працытаваць уласныя вершы, адзначаныя кляймом “нацдэмаўшчыны”. Тую, сапраўдную, неперапрацаваную “Маю шыпшыну” Дубоўка не мог надрукаваць у 60-я гг. ані ў адным са зборнікаў, ані ў адной з газет. Хіба толькі пад такім вось соусам.

(Без назвы. З асабiстага архiва Уладзіміра Дубоўкi)

Я ніколі не задумваўся над такім пытаннем: як часам выпадковая з’ява дае пачатак новаму твору, дапамагае яму з’явіцца на свет і як часам якая-небудзь нечаканасць знішчае ў тваёй памяці і тваім уяўленні ўжо зусім гатовы, выспелены тваім сэрцам твор, калі заставалася толькі ўзяць у рукі пяро і запісаць яго на паперу.

Прышла гэтая нечаканасць, перабіла ўсе твае думкі, настроі і, як ты не стараешся прыгадаць тое, што было ўжо сфармавана ў нейкую цэльнасць – няма яе і ніколі не будзе.

У звязку з рэдагаваннем, падрыхтоўкай да друку выбраных твораў мне давялося пазнаёміцца з выдатнымі знаўцамі нашае кнігі і літаратуры: З.П. Матусавым, М.І.Татурам, І.Д. Казекам, А.Е. Кучарам.
У працэсе гэтай падрыхтоўкі і звязаных з ёй таварыскіх гутарак з гэтымі таварышамі, а таксама і з другімі, пра якіх я кажу крыху пачакаўшы, з’явіўся ў мяне зусім новы твор.

Для мяне гісторыя напісання яго з’яўляецца настолькі незвычайнай у маёй творчай практыцы, што я надумаў запісаць пра гэта на паперу.

А пачалося так. Рукапіс маёй кнігі быў у тав. З.П. Матусава, як у самага адказнага за выданне ўсяго, што б там ні было, у самым канцы 1958 г.

Як звычайна, у канцы года ўва ўсіх адказных і нават неадказных працаўнікоў – вельмі многа работы: заканчэнне аднаго і падрыхтоўка да другога года. Тут і каштарысы, тут і пляны, тут і справаздачы…

Пры выпадковым спатканні з З.П. Матусавым, каб прыспешыць рух рукапісу, што мяне цікавіла асабіста як аўтара, я падаў думку даць мне гэты рукапіс на дадатковае маё рэдагаванне, паколькі да гэтага рукапісу былі зроблены ўжо заўвагі таварыскага парадку І.Д. Казекам.

З.П. Матусаў так і зрабіў. Узяўшы гэты рукапіс дадому, я звярнуў увагу на тое, што да верша “О Беларусь, мая шыпшына”, напісанага мною ў 1925 г., зроблена зусім трапная заўвага наконт таго, што слова “пройма” з’яўляецца малапашыраным і што для паляпшэння гучання ўсяго вершу варта было б падумаць наконт падшукання нейкага іншага слова замест гэтага.

Дарэчы, увесь твор гучыць так:

О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
Пялёсткамі тваімі стану,
На дзіды сэрца накалю,
Тваіх вачэй, пад колер сталі,
Праменне яснае люблю.
Ніколі пройме з дзікім ветрам
Не развіваць дзявочых кос.
Імкнешся да Комуны Свету,
Каб радасць красавала скрозь.
Варожасць шляху не зачыніць,
У перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!

Узяўшы слова “пройма” – я пачаў думаць, чым яго лепш замяніць. Якія словы мне не прыходзілі на памяць, яны пачалі цягнуць за сабой у радок новыя. А паколькі так, перабудоўвалася ўся страфа. А паколькі перабудоўвалася адна страфа, яна прымушала мяне пераглядаць і суседнія строфы, каб даць пэўную цэльнасць.

Адным словам, зусім натуральна паўстала пытанне наконт перагляду ўсяго твору. Мінула 33 гады, калі ён быў напісаны і надрукаваны. Мінула цэлая вялікая эпоха, Беларусь з лапатнай і сярмяжнай, якой яна была тады, вырасла ў індустрыяльную. На яе прасторах з’явіліся волаты-заводы: аўтазавод, трактарны завод і многа, многа іншых, не менш вялікіх і важных.

Мне і падумалася, што на фоне усяго сучаснага жыцця, на фоне гэтай панарамы і яшчэ больш чараўнічай перспектывы – мой гэты верш, няхай сабе і ў кнізе выбраных твораў, з’яўляўся б нечым падбным да той пастушковай дудкі-жалейкі, на якой і я граў у сваім малецці.

Патрабуецца нешта іншае, нешта больш суцэльнае, што ў якой-небудзь меры было б у гармоніі з Беларуссю сёнешней.

Мяне ўсё ж вабіў яшчэ вобраз той Беларусі, якой яна ўяўлялася мне ў 1925 г., пасля разрухі і руін грамадзянскай вайны – вобразу прыгожай, цудоўнай кветкі нашых лясоў, шыпшыны.

Узяўшы ў рукі пяро, я запісаў на паперу новы адменнік, у якім слова “шыпшына” замяніў “лясной ружай”. Новы адменнік гучаў так:

О Беларусь, лясная ружа,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
Хадой упэўненай і дужай
Ідзеш ты ў шырокі свет.
Над шляхам ясна свецяць зоры
З муроў прадвечнага Крамля.
Нагоджы знішчаны і гора,
Красуе родная зямля.
Варожасць шляху не заслоніць,
Мацнее дух ад перашкод.
Тваё шчаслівае “сягоння”
Стварыў упарты наш народ.
Цябе вітаем шчырай песняй,
І сонцам ясным і зарой,
І кожнай лісцінкай ў лесе,
І кожнай кветкай лугавой.
Пакуль на небе сонца свеціць,
Дакуль існуе светам свет –
Нас не развее дзікі вецер,
Не замяце твой ясны след.
Мы загартуем нашы душы,
А ў час, калі апошні бой –
Непераможнай хваляй рушым,
Цябе заслонім мы сабой.
Пялёсткамі тваімі станем,
Каб вечна красавала ты
І каб шумелі вечна з намі
Твае зялёныя лісты.
О Беларусь, лясная ружа,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У грамадзе савецкай, дружнай
Ты і знайшла свой новы свет.

Адразу ў мяне самога паўстала пытанне: а дзе ж гучанне нашае індустрыі? Зусім такое ж пытанне задаў мне і І.Д. Казека, калі я паказаў яму гэты новы адменнік.

Ізноў я бяру пяро ў рукі і дадаю замест чацвёртае страфы новую:

Цябе вітаем працай плённай,
Няспынным рокатам машын,
Сям’ёй усёй шматміліённай
Цябе вітаем як адзін.

Наш вельмі ўдумчывы паэт Васіль Вітка парадзіў памяняць у гэтай страфе радкі: першыя два на месца апошніх.

Максім Танк сказаў, што яму не падабаецца страфа “Пялёсткамі тваімі станем”… цалкам, бо яна выбіваецца з агульнага тону верша, што яму не падабаецца вобраз “лясная ружа”, “ясна свецяць”, “мацнее дух ад перашкод”, прыблізна тое самае сказаў і Анатоль Вялюгін.

Узяўшы да сэрца і ўвагі ўсе гэтыя сяброўскія парады, я вярнуўся ізноў да свайго пяра і паперы, прадумаў увесь верш нанова і даў яго канчаткова ў такім выглядзе:

О Беларусь, мая айчына,
Ідзеш ты праз шырокі свет.
Красуе сцяг твой, як шыпшына,
Зелёны ліст, чырвоны цвет.
Над шляхам не пагаснуць зоры,
З крамлёўскіх векавечных веж.
Нядолю знішчыўшы і гора,
Да камунізма нас вядзеш.
Варожасць шляху не заслоніць,
Не спыніць пераможны ход.
Твоё шчаслівае сягоння
Стварыў упарты наш народ.
Сям’ёй усёй шматміліённай
Цябе вітаем, як адзін.
Цябе вітаем працай плённай,
Няспынным рокатам машын.
Дакуль на небе сонца свеціць,
Дакуль існуе светам свет, –
Нас не развее дзікі вецер,
Не замяце твой ясны след.
Мы загартуем нашы душы,
А ў час, калі апошні бой –
Непераможнай хваляй рушым,
Цябе заслонім мы сабой.
О Беларусь, мая айчына,
Ідзеш да найвялікшай з мэт,
Красуе сцяг твой, як шыпшына –
Зялёны ліст, чырвоны цвет.

Калі я паставіў апошнюю кропку каля гэтага апошняга адменніка, я і задумаўся.

Мне невядома, як спаткаюць гэты мой твор чытачы. Можа, яны яго зганяць…

Але – ці з’явіўся б ён на свет, каб З.П. Матусаў не даў мне мой рукапіс на дадатковы прагляд у той дзень, калі я пра гэта прасіў? Каб І.Д. Казека, В. Вітка, М. Танк і А. Вялюгін не выказалі сваіх сяброўскіх заўваг наконт яго зместу і афармлення? Безумоўна, не. Вось чаму, паколькі гэта першы выпадак такога калектыўнага абмеравання ў маёй практыцы – я і надумаў запісаць усё гэта сабе на памяць і дадаць пры гэтым: калі што добрае будзе сказана пра гэты мой твор, няхай яно, разам з маёй шчырай падзякай, і пойдзе да гэтых таварышаў, бо без іх, як ужо даведзена вышэй, яго і на свеце не было б.

26–27.12.1958, Мінск

Ул. Дубоўка.

Аўтар: Ганна Севярынец, belgazeta.by

Крыніца: budzma

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам