ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
QR-код: Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўвядзе новую тэхналогію для аплаты паслуг – пра гэта распавялі ў эфіры АНТ
Беларускі Салжаніцын. 105 гадоў з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага

У сядзібе Завоссе рыхтуюцца адзначыць 220-я ўгодкі Адама Міцкевіча

У сядзібе Завоссе рыхтуюцца адзначыць 220-я ўгодкі Адама Міцкевіча
Іншыя навіны

Завоссе Баранавіцкага раёна, як цяпер прынята гаварыць, малая радзіма велічыні сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча. Той, пра якога Пушкін з гонарам гаварыў: “Ён паміж намі жыў”, вярнуўся ў родны край, куды заўсёды імкнулася яго душа, праз 200 гадоў. Вярнуўся ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. Менавіта да 200-годдзя з дня нараджэння вялікага сына радзіма аддала належнае яго асобе. У 1998 годзе была адноўлена і ўрачыста адкрыта сядзіба, дзе Адам з'явіўся на свет.

Адроджаны маёнтак

Дарэчы, гэта быў першы маштабны культурна-гістарычны праект Брэсцкай вобласці па ўзнаўленні былых маёнткаў. Пазней адраджэнне перажылі сядзібы Касцюшкі, Нямцэвічаў, Ружанскі ды Косаўскія палацы. А тады, роўна 20 гадоў таму, у Завоссі адкрылі музей. Яго стваралі на пустым месцы па малюнках Эдварда Паўловіча і Напалеона Орды. Праўда, падчас раскопак знайшлі частку фундаментаў, якія даволі добра захаваліся. Таму сядзібны дом і іншыя пабудовы стаяць на тых самых падмурках, дзе яны былі два стагоддзі таму.

Музей-сядзібу адкрылі для наведвальнікаў 8 верасня 1998 года. Яна ўяўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ стагоддзя. Дахі драўляных будынкаў пакрылі, як і тады, чаротам. У цэнтры – аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіран, далей абора, гумно, студня-журавель, лазня. Двор абнеслі агароджай, бо ў тыя часы казалі: “Шляхціч у сваёй загродзе роўны ваяводзе”. Сядзіба размешчана паміж палёў побач з гарой Жарнова, якую Міцкевіч згадвае ў сваіх творах. А да 1994 года тут зусім нічога не было, чыстае поле.

Памяць захавала толькі зямля з ацалелымі падмуркамі. А яшчэ засталася старая ліпа. Паводле ацэнак спецыялістаў, ёй не менш за 200 гадоў. Яе пакалечыў удар маланкі, але ад старога камля адрасло новае дрэўца. Так што ліпа, якая адна, відаць, з усяго цяперашняга маёнтка, помніць Адама, здаецца, і адыходзіць у нябыт не збіраецца. Гэтае дрэва абавязкова паказваюць экскурсантам. Цікава, што побач са старой ліпай выраслі клён з бярозай, якія абняліся камлямі. Такія вось дзівосы прыроды параджае тутэйшая зямля. А яшчэ цішыня, спакой, нейкая ўнутраная раўнавага, якая апаноўвае праз некалькі хвілін знаходжання ў фальварку, робяць яго асабліва прывабным. Сюды хочацца зноў вярнуцца, не дарэмна ж паэт у чужых краях пісаў: “Калі ж дазволіш, Божа, мне ў той край вярнуцца, з выгнання горкага, каб дома апынуцца...”

Дом-музей

Загадчык гэтай музейнай установы, якая з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Віктар Дмухоўскі запрашае ў дом-музей. З ганку трапляем у сенцы. Яны дзеляць, як звычайна ў такіх дамах, сядзібу на дзве паловы. Адна палова – жылая, панская, другая – гаспадарчая для чэлядзі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой — сталовую-гасцёўню, далей яшчэ адна гасцёўня і спальня. За ёй ёсць невялікі пакой, дзе, паводле падання, і нарадзіўся будучы паэт. Цяпер у тым пакоі стаіць пісьмовы стол з крэслам ХVІІІ стагоддзя, а сцяну ў гасцёўні ўпрыгожвае вялікі дыван з перакрыжаванымі шаблямі. Інтэр'ер стваралі, кіруючыся апісаннямі з паэмы “Пан Тадэвуш”. Як вядома, у многім гэты твор аўтар пісаў са свайго жыцця.

Цікавы для наведвальнікаў і двухпавярховы свіран. На першым паверсе месцяцца гаспадарчыя прылады і прыстасаванні: бочкі для квашання агуркоў і капусты, кубельцы для сала, засекі для збожжа. На версе – летняя хата, пакойчык Адама, дзе ён начаваў летам, калі прыязджаў сюды на вакацыі ды сустракаўся з любай Марыляй.

У музеі вам абавязкова раскажуць, што менавіта тут напярэдадні Калядаў 1798 года жонка адваката Мікалая Міцкевіча Барбара з роду Маеўскіх нарадзіла сына. Прозвішча Міцкевіч у тутэйшых мясцінах даволі распаўсюджанае. Паходжанне паэта часцей за ўсё вызначаюць так: з апалячанай беларускай шляхты. Сям'я была небагатая, жыла з бацькавых заробкаў. А калі галава сям'і памёр, удава з пяццю дзецьмі пазнала і нястачу. Менавіта маці была першай настаўніцай Адама, яна вучыла сына пісаць і чытаць, прывівала цікавасць да музыкі і паэзіі. А яшчэ яго вучылі нянькі, тутэйшыя жыхаркі. Ад іх ды старога слугі Аблажэя чуў будучы паэт народныя песні, казкі, паданні. З дзіцячых гадоў ён ведаў легенду пра горад, які паглынула возера Свіцязь. Таму ёсць нагода сцвярджаць, што менавіта гэтая зямля зрабіла з яго паэта, бо тут ён спасціг музыку гуку. Варта пачытаць балады “Свіцязянка”, “Свіцязь”, “Рыбка”. Незвычайнае возера славілася не толькі сваёй крыштальнай чысцінёй, але і гаючай сілай, яно параджала легенды. У яго ваколіцах кожны станавіўся крыху паэтам.

Найлепшыя гады і вечны сум

А ў Туганавічах, зусім недалёка ад Свіцязі, жыла прыгажуня Марыля Верашчака, першае і, магчыма, адзінае светлае ўзнёсла-рамантычнае пачуццё паэта. Каханне, якому, на жаль, не суджана было збыцца. Калі яны пазнаёміліся, Марыля была заручаная з графам Путкамерам. Перажытыя імгненні шчасця ператварыліся ў вечны сум. У большасці твораў паэта, напісаных цягам усяго жыцця, можна знайсці водгукі таго кахання. Можа яшчэ і таму ён усёй душой імкнуўся ў родныя мясціны падчас свайго доўгага выгнання.

Ёсць меркаванне, што менавіта ў Завоссі Адам Міцкевіч пражыў свае найлепшыя гады. Усё яго далейшае жыццё шчаслівым бадай што не назавеш. Забягаючы крыху наперад, працытую Герцэна. У “Былым і думах” чытаем: “Мяне ўласна цікавіла адна асоба – Адам Міцкевіч; я яго ніколі раней не бачыў. Ён стаяў ля каміна абапёршыся локцем на мармуровую дошку. Хто бачыў яго партрэт, прыкладзены да французскага выдання і зняты, здаецца, з медальёна Давіда д'Анжэ, той мог адразу пазнаць яго, нягледзячы на вялікія змены, унесеныя гадамі. Шмат думак і пакутаў адлюстраваліся ў яго твары, хутчэй літоўскім, чым польскім. Агульная выява яго фігуры, галавы з пышнымі сівымі валасамі і стомленым поглядам выражала перажытае няшчасце, знаёмства з унутраным болем, экзальтацыю нягод, гэта быў пластычны вобраз лёсаў Польшчы”.

zavosse1.jpg

Выгнанне

У 1815 годзе Адам стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Там ён сустрэў сяброў-аднадумцаў, з імі марыў аб служэнні радзіме. У 1817 годзе разам з таварышамі яны стварылі тайнае маладзёжнае “таварыства філаматаў”, што азначала “аматараў навукі”. З часам суполка перайшла ад сяброўскіх сходаў, дзе чыталіся вершы, апавяданні, вяліся спрэчкі да смелых планаў па падрыхтоўцы моладзі да патрыятычнай барацьбы. Ужо ў студэнцкія гады яго справай душы становіцца паэзія, у 1822 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік. А ў 1823 годзе на той час малады ковенскі настаўнік становіцца паэтам агульнанацыянальнага значэння. Выходзяць у свет паэмы “Дзяды”, “Гражына”. Але тут здарылася няшчасце. Улады выйшлі на след нелегальных гурткоў. Паэт быў арыштаваны і змешчаны ў келлю віленскага манастыра, які ператварылі ў турму. Тады яго таварышы атрымалі суровыя прысуды: крэпасць, ссылка, салдатчына. Міцкевіча сябры старанна выгароджвалі, таму яго пакаранне было дастаткова мяккім: высылка з Літвы ва “ўнутраныя” губерні Расіі. У кастрычніку 1824 года ён пакінуў родны край, як аказалася, назаўсёды.

Але рускае грамадства прыняло выгнанніка надзвычай прыязна. У Маскве ў салоне княгіні Валконскай наш зямляк сышоўся з вядомымі літаратарамі, а ў 1826 годзе адбылася яго сустрэча з Пушкіным. Паэты сталі сябрамі, разам бывалі на літаратурных вечарынах, перакладалі адзін аднаго.

Але і рускі перыяд жыцця паэта быў нядоўгім. Над сумным рамантыкам зноў збіраліся хмары, і ў 1829 годзе ён выехаў за мяжу, каб ніколі ўжо не вярнуцца на радзіму. Большая частка еўрапейскага перыяду жыцця прайшла ў Парыжы, там ён і быў пахаваны. Потым рэшткі перавезлі ў Кракаў.

Радзіма ў творах Міцкевіча

Міцкевіч заўсёды называў сваёй радзімай “Літву” і пра беларускую мову выказваўся з нязменнай павагай. А польскую паэзію ён зрабіў вядомай усяму свету, вывеў яе з палацаў і салонаў і загаварыў простымі пранікнёнымі словамі, якія жылі нават у сялянскай хаце. Ён піша пра чалавечыя справы і пачуцці, пра людзей, што жывуць побач.

А паэма “Пан Тадэвуш”?! Цудоўны гімн цяперашнім Навагрудчыне і Баранавіччыне, лясам і палям, працавітым людзям. У паэме выкарыстаны мясцовыя казкі і легенды. Тут шмат беларускіх слоў (покуць, вырай, рунь), ёсць і мясцовыя дыялекты, якія да гэтай пары жывуць у краі Міцкевіча. Ну, напрыклад, выраз “ачамярэў ты мне” сустракаецца ў рэпліках герояў “Пана Тадэвуша”. Так гавораць і ў навакольных вёсках пра таго, хто надта надакучыў. Супрацоўніца музея Таццяна Калоша кажа, што ў творах паэта вялікае мноства мясцовых слоў і выразаў.

Пад вечным небам паэта

У суботу, 29 верасня, адбудзецца вялікая імпрэза з нагоды 220-й гадавіны з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Са старшынёй Сталовіцкага сельскага Савета Мікалаем Грыбавым заязджаем у сядзібу, калі там поўным ходам ідуць работы па добраўпарадкаванні.

– Тут заўсёды чысціня і парадак, – расказвае Мікалай Уладзіміравіч, – але перад прыездам гасцей хочацца зрабіць яшчэ лепш. Баранавіцкі лясгас праводзіць замену агароджы, за 20 гадоў яна папсавалася, жыллёва-камунальная служба дала тэхніку і людзей, каб скасіць траву, тут жа вялікія плошчы, ААТ “Птушкафабрыка «Дружба»” таксама дапамагае ў добраўпарадкаванні.

Вялікая работа тут была праведзена ў 2015 годзе, напярэдадні мерапрыемства па лініі ААН, – працягвае кіраўнік мясцовай улады. – І тады і цяпер штаб па правядзенні работ узначальваў старшыня райвыканкама Васіль Хвацік. Другога падобнага аб'екта няма ў раёне, таму можна сказаць, што мы ўсім раёнам любім гэты музей і праяўляем адпаведны клопат. Думаю, што госці, якія прыедуць сюды ў суботу, застануцца задаволеныя.

Загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры Эліна Свірыдовіч расказала, што літаратурна-мастацкае свята, якое рыхтуецца ў музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе”, назвалі “Адамаў шлях пад вечным небам”:

– Паэт напісаў некалі: “Як Богу – божы свет, так мой уласны дом на радзіме быў шырокім светам усіх маіх вытокаў...” і яшчэ: “Вялікае шчасце было нарадзіцца на гэтай зямлі” – так ён казаў пра сваё Завоссе, месца вядомае ў Беларусі і за яе межамі. Імя славутага земляка, слава і творчасць класіка сусветнай літаратуры яднае культурныя прасторы краін. Завоссе стала месцам сумеснай памяці суседніх з намі народаў, якія таксама лічаць Міцкевіча сваім паэтам. Адам Міцкевіч не дзеліць нас, а аб'ядноўвае, пашырае сяброўскае паразуменне народаў у культурным дыялогу.

У праграме свята значыцца канцэрт “Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў”, экскурсіі па сядзібе, выстаўка “«Дзяды» Адама Міцкевіча: гісторыя душы”, літаратурна-грамадская акцыя “Чытаем класіка разам”, “Горад майстроў”, “Бібліятэчны марафон”, займальныя квэсты, гульні, заняткі на дзіцячай інтэрактыўнай пляцоўцы.

Ёсць магчымасць паехаць на свята з Мінска. Ад'езд у 8.30 ад Траецкага прадмесця каля Вострава слёз.

Аўтар публікацыі: Святлана Яскевіч.

Крыніца: Звязда

Чытайце таксама:


Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам