ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
"Слова «Глуск» было паролем": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя
Невядомыя творы класікаў у франтавой газеце

"У сібірскай ссылцы маці дабілася для бацькі права выкладаць у школе": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя

"У сібірскай ссылцы маці дабілася для бацькі права выкладаць у школе": пра Сяргея Грахоўскага распавядаюць яго дачка Таццяна і ўнучка Марыя
Іншыя навіны

Паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, крытык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, заслужаны работнік культуры. Гэта ўсё – Сяргей Грахоўскі.

Лёс адмераў пісьменніку амаль 90 гадоў жыцця, у якім хапала і трагічнага, і шчаслівага. У 1936 годзе Сяргея Грахоўскага несправядліва абвінавацілі і асудзілі, ён апынуўся ў лагеры НКУС, потым – вызваленне, зняцце судзімасці. Ды зноў – арышт. Праз гады – рэабілітацыя. Але Сяргей Грахоўскі выстаяў, прайшоў усе выпрабаванні і годна вярнуўся ў вялікую літаратуру.

Вершы паэта ўвайшлі ў школьныя падручнікі, па яго творах  пастаўлены спектаклі, зняты  кінафільм “Рудабельская рэспубліка”. Творы Сяргея Грахоўскага “Такія сінія снягі”, “Зона маўчання”, “З воўчым білетам” лічацца беларускімі адпаведнікамі кнігі “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына.

– Таццяна Сяргееўна, раскажыце, калі ласка, пра сям’ю бацькі.

– Яго маці, маю бабулю, клікалі Ганна Парамонаўна Бобрык. Яна родам з Глуска і ў час Грамадзянскай вайны трапіла да родзічаў мужа – Івана Аляксандравіча Грахоўскага – у мястэчка Нобель Зарачнянскага раёна Ровенскай вобласці.  Там мой бацька і нарадзіўся. Пасля, калі ён быў яшчэ зусім малы, бабуля пераехала з ім у Глуск.

Маці і бацька Сяргея Іванавіча былі беднымі местачковымі людзьмі. Ганна Парамонаўна мела два-тры класы адукацыі. Яна ўмела чытаць і не больш таго. Зарабляла падзённай працай. У дзяцінстве майго бацьку выхоўвала толькі яна. Іван Аляксандравіч, мой дзед, у Грамадзянскую вайну быў на фронце, потым лячыўся ў шпіталях. Наогул, ён не спяшаўся вяртацца дадому, быў не вельмі сямейны, заўсёды некуды з’язджаў, шукаў лёгкага хлеба. Яму здавался, што недзе лепей, чым дома. Дзед быў дробным чыноўнікам на ўзроўні мястэчка, сельсавета. Адзін час працаваў лесніком у Глускім лясніцтве.

Hrachouski-1.jpg

Дачка і ўнучка Сяргея Грахоўскага Таццяна і Марыя

Сяргей Іванавіч гадаваўся ў Глуску ў свайго дзядзькі, брата маці – вядомага каваля. Там у яго была вялікая сям’я. Звалі каваля Іван Парамонавіч Бобрык. У яго было чацвёра дзяцей, блізкія па ўзросце да бацькі. Сям’я была вельмі таленавітая. Стрыечны брат бацькі Іван Бобрык стаў літаратарам, загінуў у час блакады ў Ленінградзе. Мікалай Іванавіч Бобрык быў славутым хірургам, пасля вайны ўзначальваў Віцебскі медінстытут, потым у Мінскім медінстытуце загадваў кафедрай хірургіі.

Дзве дачкі Івана Парамонавіча былі таксама медыкамі. Адна памерла маладой, другая, Марыя Іванаўна, усё жыццё працавала ў Старобіне.

Наогул, Сяргей Іванавіч вельмі шчыра ставіўся да радні, даражыў радством. Родзічы – гэта заўсёды было святое. І яны вельмі дапамагалі майму бацьку.

Бабуля Ганна Парамонаўна памерла  ад тыфу, ёй было гадоў сорак сем. Бацьку было 22 гады, калі ён страціў маці. Ён ужо жыў у Мінску, быў літаратарам. І ледзь не ў той жа год яго і пасадзілі. Але бабуля не дажыла да гэтай трагедыі.

– А колькі дзяцей і ўнукаў у Сяргея Грахоўскага?

– Дзяцей – двое. Я і Аляксандр. У мяне сын Андрэй. У яго ёсць Іван і Марта. У Аляксандра  – дачка Марыя, якая прыйшла сёння са мной. Яна яшчэ не замужам.

– Да літаратуры хто-небудзь з нашчадкаў Сяргея Іванавіча мае дачыненне?

– Ніякага. Я скончыла фізфак БДУ, у большай частцы працавала на мінскіх заводах, апошні год – у інстытуце інфармацыі. Самая цікавая частка майго жыцця – завод “Інтэграл”.

Аляксандр быў друкаром. Некалі працаваў на паліграфкамбінаце.

Мой сын Андрэй скончыў інстытут замежных моў і эканамічны ўніверсітэт. Марыя працуе ў медыцынскай сферы. Мой унук ходзіць у школу, унучка – маленькая.

– Марыя, вы жылі разам з дзядулем у адной кватэры, якія ў вас аб ім самыя яркія ўспаміны?

– Яго самым любімым словам было “сумленне”, хаця ў наш час гэта слова ўспрымаюць як архаізм. Але, калі чытаеш кнігі дзеда, яно сустракаецца амаль на кожнай старонцы. Для яго дабрыня і сумленне былі самымі важнымі якасцямі ў любым чалавеку. Мне здаецца, ён вельмі спадзяваўся, што яго дзеці, унукі і праўнукі будуць сумленнымі беларусамі. 

– Ён з вамі гуляў, кніжкі чытаў?

– Так. Але я была маленькая і не была гатова ўспрымаць тое, чым  ён хацеў са мной падзяліцца. І гэта ў нейкай ступені мая віна. Я расла трохі ў іншы час, нарадзілася ў канцы васьмідзясятых, была дзіцём  іншага пакалення. А яму на той момант было дастаткова многа гадоў. Але, безумоўна, гэта цёплыя ўспаміны...

Hrachouski-2.jpg

У цэнтры – бабуля Сяргея Грахоўскага з дачкой Ганнай Парамонаўнай Бобрык (маці паэта), з сынам Іванам Парамонавічам і нявесткай Зосяй, а таксама ўнукамі

У дзеда была проста выключная эрудыцыя. Вельмі любіў са мной дзяліцца ведамі. Калі прасіла дапамагчы з хатнім заданнем, то, безумоўна, такая дапамога пераходзіла далёка за рамкі школьнай праграмы. Яна была настолькі маштабная па сваёй якасці і ўзроўню. Яго шчодрасць і душэўнасць уражвалі.

– Таццяна Сяргееўна, а вы чым дапоўніце аповед Марыі?

– Бацька любіў гасцей. Як і рабіць падарункі, сюрпрызы. Праўда, не заўсёды ён трапляў у наш густ, не заўсёды гэта ўспрымалася так, як яму хацелася. Часы ж былі такія, што нічога не купіш. А ён  так любіў прыгожае, так любіў парадаваць. Калі мы, дзеці, робім урокі, у нас заўсёды поўны дом гасцей, маіх сябровак... Кватэра ў нас была лепшая, чым у іншых, я гэта цяпер разумею, а тады не заўважала. Сям’я была забяспечана  матэрыяльна больш добра, чым у іншых, і таму ў мяне абедалі, вячэралі, пілі гарбату паўкласа, а потым студэнцкай паўгрупы. Робім урокі, а бацька ўжо пабег у “Сталічны”, ціхенька прынёс нейкія прысмакі. Накрылі сталы: “Ну, дзяўчаткі, пайшлі гарбату піць.” І заўсёды праводзіць маіх дзяўчатак, пагаворыць, раскажа нешта. Наогул, кожнае застолле пераўтваралася ў літаратурныя, культурныя ўніверсітэты. На святы абавязкова чытаў вершы, у тым ліку і свае. Дзякуючы яму, мы больш-менш ведалі паэзію і Мандэльштама, і Цвятаевай. Вельмі любіў творчасць Пастэрнака. І мы любілі і часта прасілі: “Пачытай”.

Наогул, у бацькі памяць была цудоўная, унікальная. Яна дапамагала яму выжыць у лагеры, ён там быў хадзячы камп’ютар. Памятаў справы тысяч людзей, якія там знаходзіліся. Чытаў асуджаным паэмы, вершы Ясеніна, Блока, Пушкіна, Лермантава. Яго слухалі нават крымінальнікі, рэцыдывісты, злодзеі і забойцы...

Бацька быў сапраўды шчодры. Калі ж нам нечага захацелася, ніколі не гаварылі: “Хачу”. Але ціхенька казалі: “Ой, там у ЦУМе ёсць тое і тое. Так прыгожа!” І ён у адказ: “Вось табе грошы, ідзі, купі сабе і маме”.

Наогул, ён любіў купляць. Фактычна выйшаў жа з жабрацкага дзяцінства і ў Мінск пасля лагера прыехаў у 43 гады, толькі тады і пачаліся нейкія заробкі. Бацька вельмі многа друкаваўся, выдаваўся. Шмат працаваў. І пераклады рабіў, сядзеў начамі. Я цяпер разумею, што ён зарабляў грошы, каб падняць сям’ю. Мы ж з сібірскай ссылкі прыехалі ў чым стаялі. І калі бацька выбіўся з гэтага жабрацтва, яму проста было прыемна, што ён можа пайсці і купіць усё, што яму падабаецца, усё, што яму хочацца. Вельмі любіў сам працэс – купляць. Купіць, бывала, і тое, што трэба, і што не трэба. Маці нават наракала: “Куды ты столькі цягнеш?  У нас халадзільнік забіты”. Бацька ласун быў. Вельмі любіў салодкае, марожанае.

– З якога ўзросту вы яго памятаеце?

– Я ж нарадзілася ў лагеры… Мая маці, Валянціна Міхайлаўна,  жыла ў Ліхаслаўскім раёне Калінінскай вобласці і паехала выправіць дакументы аб тым, што вучылася да вайны ў інстытуце. І тут яе арыштавалі. Маці правяла некалькі месяцаў у турме, потым яе адправілі ў лагер. Наогул, ёй не прад’яўлялі ніякага абвінавачання, яе не судзілі, нічога ёй не інкрымінавалі. І такіх людзей было шмат. Іх называлі “падследныя”. Бацька казаў, што калі вызвалілі Калінін ад акупацыі, у лагер прыйшоў калінінскі этап: “Такія дзяўчаты! Прыгажуні. Адна другой лепш. Ну а я выбраў самую маленькую, самую кволенькую, самую няшчасную”. І так ён маю маці пачаў апякаць з першага дня. Таму што лагер мог растаптаць, размалаціць ушчэнт гэта дзяўчанё, маленькага шпачка. І там нарадзілася я. І ў 1945 годзе мне было 1,5 месяца, калі здарыўся цуд – маці вызвалілі. Дабіўся гэтага яе бацька – мой дзед. Ён усюды пісаў. І што яе вызвалілі, гэта быў, мабыць, адзіны выпадак на многа тысяч. Маці са мной з’ехала з лагера, і потым ужо мы чакалі мужа і бацьку ў яе бацькоў. Яны з Расіі, жылі за трыста кіламетраў ад Масквы. Калі ехаць па чыгуначнай трасе Масква–Санкт-Пецярбург, ёсць такая станцыя Калашнікава. Там вельмі знакаміты яшчэ з дарэвалюцыйных часоў гутны завод. І дзед па лініі мамы быў гутнікам вельмі высокай кваліфікацыі. А бабуля не працавала, яна  хварэла і таксама рана памерла... 

Бацька прыехаў да нас у канцы 1946 года. І гэту першую сустрэчу з ім я памятаю і сёння. Як ён падышоў да ложка, дзе я спала. Мне не было яшчэ двух гадоў. Ён узяў мяне на рукі і сказаў з замілаваннем: “Дачушка”. І я прыадчыніла адно вока і перадражніла яго: “Дачушка!” Ужо ў два гады ўмела размаўляць, была балбатухай.

А мой брат Аляксандр нарадзіўся ў Сібіры, у сяле Біяза Новасібірскай вобласці. Туды маці паехала за бацькам, калі яго арыштавалі другі раз. Такіх як ён звалі “паўторнікі”. Маці паехала адведаць бацьку, і так склалася, што не змагла адтуль выехаць. І потым дзядуля мяне да іх адвёз. І ўжо там мы і жылі.

– І як там жылося?

– Нам, дзецям, добра. Мы не засталі першы год, калі бацька ў Сібіры вельмі пакутаваў. Яму не было як зарабіць. Таму было вельмі цяжка. Але потым прыехала маці. Яна дабілася для бацькі права выкладаць у школе. Гэта таксама быў унікальны выпадак. У яго было зняцце судзімасці паміж лагерам і ссылкай. І гэта паперка добра дапамагла.

У Сібіры было многа розных прыгод. Бацьку і маці кожны год здымалі з працы. У верасні здымалі, а потым аднаўлялі. Бо яны зноў і зноў тэлефанавалі ў Новасібірск, у абкам партыі, дабіваліся аднаго чалавека. Шкада, што яго прозвішча я дакладна не памятаю, але бацька быў яму ўдзячны ўсё жыццё. Той чалавек пашкадаваў маю маці, калі яна да яго неяк прабілася, і даў бацьку магчымасць працаваць. Потым і маці таксама ўзялі ў школу…

А калі мы прыехалі ў Сібір, што мы, дзеці, разумелі? Было цяжкавата, але потым сям’я неяк стала на ногі. Бацька пабудаваў дом. У яго і маці былі такія думкі: “Толькі б нас ужо не чапалі, далі нам тут дажыць”.

У Біяза бацькі як настаўнікі карысталіся павагай. Вёска была вялікая. Там размяшчаўся дзіцячы дом, дзе жылі і сіраты вайны, і дзеці рэпрэсаваных бацькоў, і немцаў Паволжа, і з Крыма, і з Карачаева-Чаркесіі…

Калі ў 1955 годзе пачалася эпапея з рэабілітацыяй, з паслабленнем сталінскага рэжыму, бацьку  ў апошні год дазволілі выкладаць літаратуру, рускую мову, да гэтага ён выкладаў нямецкую мову, чарчэнне, маляванне. Займаўся школьнай самадзейнасцю.

Маці была адным з лепшых матэматыкаў свайго часу і там, у Сібіры, і тут, у Мінску. Калі прыехала сюды, трапіла ў адну з лепшых школ – нумар 50.  І тое, што ёй не далі высокіх настаўніцкіх званняў, гэта таксама анкета “не дазволіла”.

Дарэчы, калі мы яшчэ ў Сібіры жылі, маці завочна вучылася ў інстытуце. Ездзіла на сесіі, не маючы ні бібліятэкі, ні адпаведных падручнікаў.

(Працяг будзе.)

Пра літаратуру і літаратараў 1920–1930-х гг. чытайце ў праекце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваным да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928).

Аўтар публікацыі: Гнілазуб Вера Васільеўна.
Фота аўтара і з архіва сям’і Сяргея Грахоўскага.

Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам