ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Мінск Анатоля Дрыбаса: погляд праз фотааб’ектыў
Дзіцячы пакой запрашае

У моры бібліятэчнай статыстыкі

У моры бібліятэчнай статыстыкі
Іншыя навіны

Невялікі аналіз лічбаў з Інтэграванага банка даных устаноў культуры.


Як сведчыць статыстыка, апошнім часам у публічных бібліятэках краіны, на жаль, змяншаецца не толькі колькасць наведвальнікаў, але і колькасць кніжнага фонду ды кнігавыдача, а таксама змяняюцца не ў лепшы бок многія іншыя паказчыкі.

Пра ўсё гэта можна даведацца з Дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы “Інтэграваны банк даных устаноў культуры”. Напрыклад, возьмем статыстыку па публічных бібліятэках краіны, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за 2015 і за 2016 гады, каб паглядзець, якія тут адбыліся змены цягам мінулага года. Праўда, у прадстаўленыя статыстычныя паказчыкі не ўключаны вынікі дзейнасці бібліятэк, закрытых у гэты час, а таксама Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Калі ў 2015-м годзе агульны кніжны фонд публічных бібліятэк краіны складаў 49 мільёнаў 393,5 тысячы экзэмпляраў, дык летась – толькі 46 мільёнаў 993 тысячы экзэмпляраў. А гэта значыць, што ў публічных бібліятэках за год недалічыліся 2 мільёнаў 400 тысяч экзэмпляраў кніг і часопісаў.

У першую чаргу гэта звязана з аптымізацыяй сеткі бібліятэк Беларусі, пра што “К” ужо неаднойчы пісала. Таму агучаныя лічбы – цалкам заканамерныя і адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў, звязаны як са змяншэннем колькасці сельскага насельніцтва, так і са скарачэннем бюджэтнага фінансавання на ўтрыманне сельскіх бібліятэк.

Найбольшыя страты ў фондах панеслі раённыя публічныя кніжніцы нашай краіны: яны сышлі ў “мінус” на 2 мільёны 370 тысяч экзэмпляраў. Абласныя бібліятэкі Беларусі ж, наадварот, пакуль “трымаюць марку”: тут скарачэнне за мінулы год было ўсяго толькі на 30 тысяч экзэмпляраў.

Не зусім добра ў параўнанні з ранейшым часам праводзілася і камплектаванне публічных бібліятэк. Калі ў 2015-м сюды паступіла 2 мільёны 82,2 тысячы новых экзэмпляраў кніг і часопісаў, дык летась ужо на 439 тысяч меней (1 мільён 643,17 тысячы экзэмпляраў). Найбольш пацярпелі ў гэтым плане таксама раённыя кніжніцы: паступленні ў іх скараціліся за год на 385 тысяч экзэмпляраў.

Няма пазітыву і ў лічбах, якія адлюстроўваюць стан кнігавыдачы ў публічных бібліятэках краіны. Напрыклад, у 2015 годзе чытачам было выдана на рукі 57 мільёнаў 723,6 тысячы экзэмпляраў газет і часопісаў, а ў 2016 – толькі 55 мільёнаў 485,7 тысячы экзэмпляраў. Такім чынам, кнігавыдача скарацілася за год на 2 мільёны 237,9 тысячы экзэмпляраў. І з якой прычыны гэта адбываецца – цяжка сказаць адназначна. Гэта можа быць звязана і з імклівым распаўсюджваннем інтэрнэту ў самых аддаленых кропках Беларусі, і са скарачэннем сеткі бібліятэчных устаноў, і з ужо агучаным вышэй змяншэннем колькасці новых паступленняў кніг і часопісаў… Апошні аргумент бачыцца найбольш праўдападобным, але каб сцвердзіць гэта дакладна, трэба правесці спецыяльнае сацыялагічнае даследаванне.

Агучанае скарачэнне кнігавыдачы закранула не толькі бібліятэкі ў раёнах, але і абласныя кніжніцы. У сетцы публічных бібліятэк Беларусі кнігавыдача зменшылася на 2 мільёны 107,51 тысячы экзэмпляраў, а ў абласных бібліятэках – на 130,42 тысячы экзэмпляраў. І гэта прытым, што ў абласных гарадах колькасць людзей, якія “сябруюць” з кнігай, зазвычай застаецца нязменнай ці ўвогуле расце год ад года. Так што прыведзеныя лічбы – сапраўдны трывожны “званочак” і прычына задумацца пра наладжванне “агрэсіўнага” маркетынгу сярод як сталых, так і новых чытачоў абласных бібліятэк.

У “Інтэграваным банку даных устаноў культуры” таксама змяшчаецца і статыстыка пра кадравы патэнцыял публічных бібліятэк Беларусі. Напрыклад, калі ў 2015-м годзе ў бібліятэках краіны працавала 7 тысяч 455 бібліятэкараў, дык летась у іх было задзейнічана на 254 чалавекі меней (7 тысяч 201 бібліятэкар). Колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у бібліятэчных установах за мінулы год вырасла на 35 чалавек (з 2 тысяч 644 да 2 тысяч 679). А вось спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй паменела на 49 асоб – з 2 тысяч 678 да 2 тысяч 629.

Апошнія лічбы ўнушаюць аптымізм: айчынныя бібліятэкі ўсё больш камплектуюцца супрацоўнікамі з вышэйшай адукацыяй, значыць, патэнцыял для росту і развіцця ў іх яшчэ досыць вялікі. А гэта і правядзенне новых мерапрыемстваў з аглядкай на моладзь (накшталт “Ночы бібліятэк”, квэстаў і разнастайных кніжных конкурсаў), і піяр бібліятэчнай установы праз сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт ды сацыяльныя сеткі (дзякуючы, у першую чаргу, стварэнню сайта ці блога), а таксама ўдзел у навуковых канферэнцыях, семінарах і круглых сталах ды, магчыма, стварэнне арыгінальных праектаў з прыцэлам як на бюджэтнае фінансаванне, так і на пошукі айчыннага ці замежнага спонсара.

Без усіх пералічаных высілкаў і акцый айчынныя бібліятэкі рызыкуюць застацца на ўзбочыне культурнага жыцця краіны. І тады сённяшняя сухая статыстыка будзе здавацца больш аптымістычнай за заўтрашнюю. Чаго, зразумела, не хочацца ні бібліятэкарам, ні чытачам, ні журналістам...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Крыніца: газета "Культура"

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам