ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Візіт намесніка старшыні ўрада Астраханскай вобласці
У чаканні навагодняга дзіва

У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Быкаву

У Мінску хутка можа з’явіцца помнік Быкаву
Іншыя навіны

Некалькі гадоў у творчым тандэме скульптара А. Батвінёнка з архітэктарам А. Сардаравым ішла праца над стварэннем помніка аднаму з самых вядомых у свеце пісьменнікаў-франтавікоў – Васілю Быкаву.


У майстэрні скульптара Аляксандра Батвінёнка – творчы беспарадак. Са стэлажоў на гасцей паглядаюць Тэадор Нарбут (дарэчы, зямляк майстра), Уладзімір Караткевіч і многія іншыя значныя для нашай гісторыі персоны. Нядаўна тутэйшы “пантэон” папоўніўся макетам скульптуры яшчэ адной, без сумнення, выбітнай і легендарнай асобы – народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Цяпер праект фактычна гатовы да рэалізацыі.

Пра гісторыю працы над манументам карэспандэнту “Звязды” распавялі яго аўтары.

Класік, трохі згорбіўшыся, сядзіць у задуменнай позе. Яго рукі, сашчэпленыя разам, ляжаць на рабочым стале ў форме чырвонай пяціканцовай зоркі. Кожная з яе граняў сімвалізуе раскрытую кнігу, унутры якой будуць напісаны цытаты з твораў пісьменніка. На макеце, які знаходзіцца ў майстэрні Аляксандра Батвінёнка, вытрымак, праўда, няма, але калі з’явіцца паўнавартасны помнік…

– За гэтую працу я ўзяўся ў першую чаргу таму, што сама персона Васіля Уладзіміравіча для мяне вельмі шмат значыць, – распавядае Армен Сардараў. – Найперш, гэта маладосць, студэнцкія гады. У далёкія ўжо 60-я ў нас быў сфарміраваны погляд на Вялікую Айчынную вайну, які я назваў бы парадна-пафасным. Не скажу, што гэта дрэннае ўспрыманне, бо ў тагачасным мастацтве ваеннай тэматыкі на першы план выходзіў савецкі народ, што правільна. Але раптам з’явіўся пісьменнік, які паставіў на галоўнае месца ў вайне асобу чалавека. Адчуванне няўпэўненасці, перажыванні, роздумы, уласцівыя ўсім нам, – гэта стала для нас адкрыццём. З таго ўсё пачалося, і творчасць Быкава не пакідае мяне ўсё маё жыццё.

– Творы Васіля Уладзіміравіча – гэта тое, што можна супрацьпаставіць сучаснасці, – кажа Аляксандр Батвінёнак. – Цяпер катэгорыі “чорнага” і “белага” амаль адсутнічаюць у нашым жыцці, мы пра многае гаворым усярэднена. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста і, я лічу, правільна: ты альбо здраднік, або герой, трэцяга не бывае. Можна схавацца, збегчы, але выбар усё адно давядзецца зрабіць. Можа, менавіта з прычыны гэтага ўзнікае такі феномен – творы аўтара з цягам часу не проста захоўваюць актуальнасць, але і набываюць яе. Пісьменнік яскрава паказвае нам шляхі, якія вядуць або да пад’ёму, або да заняпаду, ён – выдатны маральны арыенцір.

Яшчэ ў 1982 годзе скульптар задумаў кампазіцыю – прысвячэнне франтавікам Беларусі ў якасці сваёй дыпломнай працы. У тым варыянце класік быў апрануты па-вайсковаму і быццам бы даваў прысягу. Праца трапіла на выстаўку, дзе яе набыла Акадэмія навук. Сучасны ж праект быў задуманы ўжо як помнік. “Ідэя – у першую чаргу ў папулярызацыі твораў Быкава, – тлумачыць Аляксандр Батвінёнак. – Для гэтага і выкарыстоўваюцца радкі з яго кніг. Гэта праслаўленне Быкава нават не як чалавека, з любымі яго праблемамі і асабістым жыццём, а як аўтара выдатных тэкстаў”.

Адным з ініцыятараў праекта стаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і сябар Васіля Быкава Мікалай Чаргінец. Ён падтрымаў ідэю і дагэтуль аказвае аўтарам самую розную падтрымку. “Як чалавек, які таксама прайшоў вайну, Мікалай Іванавіч не можа не разумець значнасць помніка творчасці Васіля Быкава”, – лічыць скульптар.

Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава. Гэта цэнтр горада, але не самае шматлюднае месца. Чаму?

– Мы вельмі доўга шукалі пляцоўку, на якой Быкаў выглядаў бы арганічна, – кажа Армен Сардараў. – Хадзілі ў раёне парку Горкага, разглядалі фасады. Але найлепшым варыянтам падаўся менавіта гэты. Не сакрэт, што сам Васіль Уладзіміравіч быў вельмі замкнёным чалавекам, можна нават сказаць – пустэльнікам. Жыў у Гродне, а ў Мінск пераехаў толькі напрыканцы 70-х. Рэдка з’яўляўся на публіцы, і калі нешта сапраўды цаніў – то найперш сваіх блізкіх сяброў, калег па пісьменніцкім “цэху”. Таму мы спыніліся на даволі камернай прасторы, без стаметровых плошчаў, на якіх ускладаюць вянкі. Вось тут – зусім побач, у цішыні – гэты чалавек. Думаю, такое месца будзе адпавядаць характару Васіля Уладзіміравіча. Ды і, я ўпэўнены, у такой прасторы гэты вобраз сам пакажа сябе, а пры сваёй архітэктурнай камернасці месца ўсё адно стане знакавым, дзякуючы помніку.

Па словах аўтараў, сваю ролю адыграе і плошча Перамогі, якая знаходзіцца зусім блізка. Там – велізарны манумент, грандыёзны па сваёй сіле, а зусім побач – помнік чалавеку, які паказаў, чаго каштавала Перамога. Па задуме архітэктара, навакольная прастора таксама будзе зменена. У прыватнасці, абрысы зоркі будуць пераходзіць у чырвоны і чорны брук.

Асобна аўтары распавядаюць пра паралелі з папулярнай цяпер вулічнай скульптурай. Па словах Армена Сардарава, выкарыстанне помніка невялікага маштабу дазволіць гаварыць з гарадскімі жыхарамі на прывычнай ім мове і ў той жа час падкрэсліць сакральнасць вобраза Быкава. “Манумент будзе трохі большым за натуру, – кажа Аляксандр Батвінёнак, падымаючы макет вышэй. – Гэта зроблена дзеля таго, каб чалавек мог «размаўляць» з помнікам, не задзіраючы пры гэтым галавы. Рукі класіка будуць знаходзіцца на ўзроўні вачэй чалавека”.

Сам вобраз створаны на аснове асабістых успамінаў аўтараў. Скульптар узгадвае, як хадзіў на творчыя сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам, якія праводзіў іх агульны сябра – Міхаіл Савіцкі. “Адзінае, аб чым шкадую, – кажа майстар, – пасаромеўся пазнаёміцца асабіста. Таму ў асноўным карыстаўся фотаматэрыяламі, відэаздымкамі, хаця і сам я нядрэнна памятаю знешні выгляд Васіля Уладзіміравіча. Калі адзначалася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, мой драўляны макет выстаўляўся на экспазіцыі ў музеі Максіма Багдановіча і мне перадавалі словы ўдавы Быкава Ірыны аб тым, што вобраз атрымаўся вельмі падобным”.

– Я мяркую, што калі цяпер такі помнік у Мінску з’явіцца, гэта стане надзвычай важнай падзеяй, – лічыць Аляксандр Батвінёнак. – На фоне таго, што адбываецца ў нашых суседзяў, калі знішчаецца памяць цэлых пакаленняў, калі слова “фашызм” перастае ўжывацца толькі ў гістарычным кантэксце, вобраз Быкава можа паказаць наша стаўленне да гэтага. Бо Васіль Уладзіміравіч быў самым зацятым барацьбітом з фашызмам, прычым ва ўсіх сэнсах. І самае галоўнае – за аўтара ўсё скажуць словы з яго твораў.

– Вярнуўшыся да вобраза Быкава, мы зможам сказаць пра вельмі важныя рэчы, асабліва нашай моладзі, – дадае Армен Сардараў. – Пры ўсім развіцці новых тэхналогій, дасягненнях прагрэсу, у душах маладых людзей працягваецца ўсё тая ж барацьба, што і заўсёды, – змаганне дабра са злом. І яшчэ адзін аспект – гэта народная памяць. Разбураючы многае ў нядаўнім мінулым, мы не задумаліся аб стварэнні новага. Як прыклад прывяду гісторыю з дэмантажом помніка Леніну ў сталіцы, які планаваўся на пачатку 1990-х – я тады выступіў з асуджальным артыкулам у друку. Нават калі не ўздымаць пытання архітэктуры (а помнік Манізера ў ансамблі Лангбарда выглядае максімальна арганічна), то адмова ад уласнай памяці ні да чаго добрага не давядзе. Змагацца з праблемамі трэба спачатку ўнутры сябе, а не хапацца за помнікі. Падаць на калені ніхто ж не прымушае, але і ломам ламаць… Помнік Быкаву – гэта голас чалавека, які не дасць нам страціць сваю памяць.

Аўтар публікацыі: Яраслаў Лыскавец.

Крыніца: газета "Звязда"

Чытайце таксама:

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам