ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Міцкевіч яднае”: беларуска-польска-літоўскія чытанні ў Мінску
Дзеці за мір!

У Мінск прыедуць “Іліяда” на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць “Іліяда” на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі
Іншыя навіны

Пра сапраўды ўнікальную выстаўку “Беларусь і Біблія”, якая адкрыецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўжо ў гэты чацвер, я даведалася з паведамлення на старонцы ў сацыяльных сетках. “Калі шчыра, я дагэтуль не магу паверыць, што ў Беларусь трапяць каштоўнасці такога ўзроўню! Рарытэтаў такой значнасці ў нас яшчэ ніколі не было!” – захоплена дзяліўся намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце Алесь Суша. Спадар Алесь, які мае да арганізацыі выстаўкі самае непасрэднае дачыненне, паведаміў, што экспазіцыя абяцае быць сапраўды ўнікальнай – упершыню за ўсю нашу гісторыю ў межах адной выстаўкі ў Беларусь трапяць рарытэты сусветнай значнасці, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў. Іх прывязуць з усяго свету – з музеяў, са шматлікіх прыватных калекцый. У адным месцы можна будзе пабачыць напісаныя 5–4 тысячы гадоў таму назад клінапісам на гліняных таблічках тэксты з Ура – радзімы Аўраама; арыгінальны рукапіс “бібліі Антычнасці” – “Іліяды” Гамера, унікальныя скруткі з Мёртвага мора (кумранскія рукапісы), якім больш за 2 тысячы гадоў, і якія захавалі нам самыя раннія тэксты большасці кніг Старога Запавету; самыя старажытныя фрагменты Новага Запавету (ІІ–ІІІ стст. н. э.); біблейскія рукапісы на старажытных мовах; першадрукі многіх народаў і краін, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы; арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютэра і Скарыны; амаль усе пераклады Бібліі на беларускую мову; арыгіналы гравюр Альбрэхта Дзюрэра, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў, зробленыя на біблейскія сюжэты...

Апошнія дні перад адкрыццём самыя адказныя для арганізатараў. Але спадар Суша знайшоў у сваім напружаным графіку час, каб адказаць на пытанні “Звязды”, бо хацелася ж даведацца не толькі пра тое, што будзе на выстаўцы...

– Спадар Алесь, выстаўка называецца “Беларусь і Біблія”. Але скептык спытае: якое дачыненне да Бібліі (ужо не кажучы пра Беларусь) маюць гліняныя таблічкі або “Іліяда”?

– Так, сапраўды, на выстаўцы “Беларусь і Біблія”, якую мы плануем адкрыць 20 верасня, будуць прадстаўлены не толькі ўнікальныя і старажытныя тэксты Бібліі. Справа ў тым, што сама Біблія – гэта незвычайная кніга. Гэта самы капіяваны рукапіс і найбольш часта апублікаваная кніга ўсіх часоў. З перыяду да ўзнікнення кнігадрукавання ў Еўропе захавалася больш за 40 000 рукапісных копій Бібліі, а пасля таго было надрукавана больш за 6 мільярдаў асобнікаў Бібліі. Да таго ж Біблія лічыцца найбольш перакладаемай на розныя мовы кнігай: Біблія або яе часткі перакладзены на 3223 мовы.

Таму Біблію іначай яшчэ называюць “Кнігай Кніг”. І хоць яна налічвае ўжо стагоддзі гісторыі, тым не менш у яе былі папярэднікі. Біблія не ўзнікла на роўным месцы. Больш раннія тэксты ўліліся ў біблейскую традыцыю, дапоўнілі яе, а старажытныя рэлігіі і вераванні паўплывалі на характар іўдаізму і хрысціянства – рэлігій, заснаваных на біблейскім вучэнні.

Менавіта таму мы вырашылі паказаць на выстаўцы і перадгісторыю Бібліі. Гэта будзе невялікая колькасць, але вельмі важных экспанатаў. Сярод іх – адна піктаграфічная і дзве клінапісныя гліняныя таблічкі, якія датуюцца 3000–2000 гадамі да нашай эры. Яны паходзяць з Ура ў Месапатаміі. Як лічыцца, менавіта там з’явіліся першыя помнікі пісьменства. Там людзі навучыліся занатоўваць інфармацыю, што зрабіла першую інфармацыйную рэвалюцыю: з таго часу веды пачалі назапашвацца і ўжо не абмяжоўваліся індывідуальным досведам асобных людзей. Што важна, менавіта ў гэтым горадзе жыў адзін з галоўных персанажаў Бібліі – Аўраам.

Вялікі ўплыў на Біблію аказала інтэлектуальная і духоўная традыцыя Старажытнай Грэцыі. Таму на выстаўцы будзе прадстаўлены адзін з самых важных твораў старажытнагрэчаскай літаратуры – “Іліяда” Гамера. Яна зрабіла такі моцны ўплыў на культуру Міжземнамор’я, што яе нават называюць “Бібліяй” класічнага свету. На выстаўцы можна будзе ўпершыню ў Беларусі пабачыць адзін са старажытных спісаў гэтага знакамітага твора. Гэты папірусны дакумент датуецца першым стагоддзем нашай эры – часам Новага Запавету.

– Не буду пытацца, як удалося сабраць гэтыя і іншыя рарытэты з усяго свету пад дахам Нацыянальнай бібліятэкі, бо несумненна: работа праведзена проста тытанічная. Як увогуле нарадзілася ідэя прывезці такую выстаўку ў Беларусь? Ці не ёсць гэта адгалоскі 500-годдзя нашага кнігадрукавання?

– У вас абсалютна правільнае прадчуванне: мінулагодняе святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мае самае непасрэднае дачыненне да правядзення гэтай выстаўкі. Як памятаеце, Нацыянальная бібліятэка Беларусі летась рэалізавала вельмі шмат цікавых ініцыятыў: факсімільнае выданне, навуковыя і папулярныя публікацыі, міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі, выстаўкі, конкурсы, прэзентацыі і шмат іншага. Такое шырокае святкаванне юбілею стала прычынай знаёмства з многімі міжнароднымі праграмамі і праектамі. Роўна год таму ў пачатку восені 2017 года да нас з прапановай аб сумеснай рабоце звярнулася кіраўніцтва і спецыялісты Міжнароднай недзяржаўнай ініцыятывы, якая называецца “Групай даследавання рукапісаў”. І вось на працягу года мы кантактавалі, перыядычна сустракаліся, абмяркоўвалі дэталі, планавалі гэтую выстаўку, у дэталях звяралі, што і як павінна быць. Спачатку нават не верылася, што такое можа адбыцца ў Беларусі (прызнаюся, што і дагэтуль не да канца веру). Але вось нарэшце мы падышлі да таго дня, калі выстаўку могуць пабачыць тысячы беларусаў.

bez_imeni-4_79.jpg

– Напэўна, у спіс тых, хто дапамагаў дамовіцца з уласнікамі і сабраць экспанаты, першым нумарам варта паставіць Скарыну і яго папярэднікаў і паслядоўнікаў... Не ў кожнай нават еўрапейскай краіне сталася б магчымай такая выстаўка...

– У нейкім сэнсе так. Назва “Беларусь і Біблія” адназначна звязвае нас з родным краем. Сапраўды, беларускія біблейскія помнікі зоймуць на выстаўцы пачэснае месца. І многія з тых помнікаў цесна звязаны з імёнамі беларускіх асветнікаў. Як вядома, з перапісваннем кніг Бібліі і стварэннем на іх аснове ўласных твораў звязаны імёны знакамітых беларускіх асветнікаў ХІІ стагоддзя – Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У далейшым гэта традыцыя працягвала развівацца ў кантэксце поліканфесійнай сітуацыі ў беларускай культуры. Біблейскія тэксты перапісваліся прадстаўнікамі духавенства і вернікамі рознага веравызнання: праваслаўнымі, каталікамі, уніятамі, пратэстантамі, стараверамі, іўдзеямі, мусульманамі. Разнастайнасць гэтых помнікаў сведчыць пра багацце духоўнага жыцця даўняй Беларусі.

Вынаходства кнігадрукавання адкрыла новую эпоху ў культурным развіцці нашага народа. Сімвалічна, што беларускае кнігадрукаванне пачалося з выпуску Францыскам Скарынам кніг Бібліі. Ужо пасля эпохі Францыска Скарыны на беларускіх землях былі заснаваны дзясяткі новых друкарняў, якія ствараліся не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх мястэчках ды прыватных маёнтках. У ХVІ–ХVІІІ стагоддзях друкарскія варштаты працавалі ў Вільні, Заблудаве, Брэсце, Нясвіжы, Заслаўі, Лоску, Любчы, Мураванай Ашмянцы, Еўі, Слуцку, Куцейне, Буйнічах, Магілёве, Полацку, Супраслі і інш. І Святое Пісанне займала выключную ролю ў іх рэпертуары. Варта толькі згадаць, што першая друкарня на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Берасцейская друкарня – праславілася менавіта дзякуючы выданню так званай Радзівілаўскай Бібліі. Можна згадаць таксама, што большасць з вядомых беларускіх асветнікаў і друкароў ХVІ стагоддзя так ці іначай звярталіся да выдання кніг Бібліі – і Сымон Будны, і Васіль Цяпінскі, і Пётр Мсціславец, і браты Мамонічы...

Таму можна ўпэўнена казаць, што кніжная культура Беларусі непарыўна звязана з гісторыяй пашырэння Бібліі на нашай зямлі.

Што ж да краін, то сапраўды падобных выставак ва Усходняй Еўропе я не памятаю. Наогул, унікальнасць выстаўкі палягае якраз у тым, што яна мае міжнародны характар: экспанаты ў Беларусь прывезены з Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі, са шматлікіх прыватных калекцый па ўсім свеце.

– Штосьці з фондаў уласна нашай Нацыянальнай бібліятэкі на выстаўцы будзе экспанавацца?

– Натуральна! Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца самай буйной бібліятэкай краіны і валодае найвялікшым зборам рукапісаў і старадрукаў у краіне. Таму, бясспрэчна, нам было што дадаць да многіх тэматычных раздзелаў выстаўкі. Гаворка ідзе і пра інкунабулы (першадрукі часоў Іагана Гутэнберга), і пра першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, і пра знакамітыя выданні Святога Пісання, і пра цудоўна ілюстраваныя выданні розных часоў.

І, безумоўна, менавіта на фондах нашай бібліятэкі грунтуюцца раздзелы экспазіцыі, якія прэзентуюць беларускія біблійныя рукапісы, айчынныя Бібліі-старадрукі і сучасныя пераклады Бібліі на беларускую мову.

Нам бы хацелася сказаць усім і кожнаму, што Беларусь мае багатую і разнастайную кніжную спадчыну і нам ёсць чым ганарыцца. Шматлікія каштоўнасці, як тыя ж выданні Францыска Скарыны, маюць не толькі нацыянальную, але і міжнародную значнасць.

– Які са старажытных экспанатаў найбольш уразіў асабіста вас?

– Калі шчыра, я даволі даўно вывучаю гісторыю кніжнай культуры, таму многае ведаю і нямала рознага бачыў. І ўсё ж для мяне многае на выстаўцы ўяўляе сабой выключную цікавасць. Напрыклад, мне не даводзілася раней бачыць арыгінальных старажытных рукапісаў “Іліяды” Гамера і “Баек” Эзопа, уражваюць старажытныя папірусы ІІ–ІІІ стагоддзяў – часоў зараджэння хрысціянства, калі Біблія толькі пачала складвацца ў яе сучасным разуменні. Але найбольш мяне ўразілі старажытныя рукапісы Бібліі, пісаныя на розных мовах з розных куточкаў свету – копцкія, самарыцянскія, армянскія, арабскія, арамейскія, эфіопскія і іншыя. Вось гэта пабачыць разам – вялікая ўдача і вялікая радасць.

Наогул жа мяне не перастае радаваць і некалькі здзіўляць сам факт з’яўлення ў Беларусі такой колькасці настолькі каштоўных помнікаў, кожны з якіх мог бы стаць галоўным экспанатам на любой выстаўцы ці нават адзіным экспанатам – на выстаўцы адной кнігі.

У межах выстаўкі, якая пройдзе з 20 верасня да 21 кастрычніка ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, будзе працаваць рукапісная майстэрня, друкарскі варштат часоў Гутэнберга, пройдуць заняткі “Клуба кніжных прафесараў” для дзетак, а таксама навуковы лекторый ад знакамітых замежных і беларускіх даследчыкаў.

Аўтар публікацыі: Алена Ляўковіч.

Крыніца: Звязда

Навіны

Зала дакументаў па мастацтве прапануе:  рубрыка “Асобы. Даты. Падзеі”

18 Кра 2024

Для наведвальнікаў залы мастацтваў (пам. 306) у межах пастаяннай рубрыкі “Асобы. Даты. Падзеі” падрыхтавана новая кніжная экспазіцыя “У казачным кругазвароце Валянціны Шобы”, прымеркаваная да 60-годдзя гродзенскай мастачкі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У бібліятэцы адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя"

17 Кра 2024

16 красавіка ў дзень 90-годдзя з дня заснавання звання "Герой Савецкага Саюза" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар "Імёны Герояў бессмяротныя", прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Патрыятычны дэсант мінскіх школ у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

15 Кра 2024

11 красавіка для навучэнцаў 6-х і 10–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62 г. Мінска прайшлі бібліяграфічныя ўрокі “Даведачная літаратура пра Герояў Вялікай Айчыннай вайны” (6 кл.), “Воіны-інтэрнацыяналісты ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” (10 кл.), “Брэсцкая крэпасць-герой” (11 кл.) з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прапануем новую віртуальную кніжную выставу “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”

17 Кра 2024

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прапануе віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Віртуальныя выстаўкі

Бібліятэкарам