Навуковыя дысертацыі па творах сучасных беларускіх аўтараў, на жаль, зараз з’ява даволі рэдкая. І тым больш ухваляецца ініцыятыва прыхільнікаў айчыннай літаратуры да больш усебаковага вывучэння літаратурнага працэсу і яго стваральнікаў.
Людміла Іконнікава прадстаўляе Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У полі яе зроку – творчасць Георгія Марчука, якую навукоўца разглядае з пункту гледжання жанрава-стылёвых пошукаў пісьменніка. Пра значнасць постаці аўтара, які заявіў аб сабе ў другой палове ХХ стагоддзя, сведчыць як яго багатая літаратурная спадчына, што знайшла ўвасабленне ў розных літаратурных кірунках: прозе, драматургіі, дзіцячай літаратуры, – так і інтарэс да яго твораў з боку навукоўцаў, літаратурных крытыкаў.
Яны падкрэсліваюць уласцівыя Г. Марчуку пошукі ўласнага месца ў свеце, ідэнтыфікацыі сябе са сваім родам, нацыяй, складанымі перыпетыямі існавання народа на зломах часу. Добра распрацаваныя сюжэты яго твораў прыцягваюць увагу чытача, а схільнасць да філасофскай заглыбленасці і псіхалагічнай дакладнасці ў паказе характару выклікаюць роздум і глыбокі аналіз жыццёвых з’яў, што спрыяе росту цікавасці з боку чытача і гледача.
– Нягледзячы на імкненне навукоўцаў і крытыкаў прааналізаваць створанае пісьменнікам, раскрыць ідэйна-тэматычную праблематыку напісанага ім, паказаць шырыню жанрава-тэматычнага дыяпазону, некаторыя стылёвыя адзнакі асобных твораў і цыклаў, спадчына літаратара не даследуецца як мастацкая сістэма, – даводзіць Людміла Іконнікава.
Гэтым і тлумачыцца стараннае вывучэнне Людмілай Іконнікавай асноўных дамінант, якія фарміравалі асобу і стыль пісьменніка. Створанай дысертацыяй яна прэтэндуе на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.
Аўтар публікацыі: Марыя Ліпень.
Крыніца: Звязда