ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Музыка ў нашых сэрцах
Міжнароднаму праекту “Беларусь сёння” 10 гадоў

Цікавыя людзі мы

Іншыя навіны

Свой артыкул “Больш самачыннасці” (1919) публіцыст Купала распачаў так: “Цікавыя людзі мы – беларусы!” Выснову гэтую хачу выкарыстаць не для таго, каб згадаць колішняе, хрэстаматыйнае: “якое б ліха навокал нас і з намі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд – мы гэтага як бы ня бачым, а калі і бачым, то ліха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта нашае ліха пабярэ з сабою”. Пагадзіцеся, выснова трошкі згубіла актуальнасць. А вось словы пра тое, што цікавыя мы, патрабуюць, на мой погляд, больш падрабязнага разгляду… Купалу і што з ім звязана колісь ды цяпер, згадаю яшчэ не раз. Апостал нацыі. І гэта неаспрэчна.

Людзі мы цікавыя. Пайшоў я ў адпачынак у адной краіне, а прыйшоў з яго днямі зусім у іншую. У першай і ўявіць сабе цяжка было, каб наш народ ці не ўвобмірг захацеў стаць нацыяй. І “Магутны Божа” ля Белдзяржфілармоніі стаў гаючым і надаў сілы. А кавярня з разбітым дзвярным шклом? Людзі збіраліся ў чаргу, каб купіць кавы ды хоць нейкім чынам кампенсаваць гаспадарам нечаканыя страты. Натоўп здольны нявечыць, народ замест паходні сагравае любоўю, нацыя мроіць пра Беларусь не толькі ў Год малой радзімы.

Калісьці інсургенты Кастуся Каліноўскага выкарыстоўвалі для сакрэтных стасункаў пароль і адказ: “Каго любіш?” – “Люблю Беларусь!” – “То ўзаемна”. Усё элементарна проста: нельга жыць на зямлі, якую ненавідзіш, немагчыма штосьці давесці людзям, якіх не любіш. На стараверскіх ручніках Веткаўшчыны напісана “Бог – гэта Любоў”. І ўвесь зямны шар услед за Beatles паўтарае: “Усё, што ёсць у свеце – гэта любоў”. Як займацца каханнем, ведаюць усе, любіць здольныя толькі абраныя. Цікавыя мы людзі.

Гадоў дваццаць таму ў “ЛіМ” прыбег раззлаваны Толя Сыс: “Напісаў зварот, апублікуйце!” Апублікавалі. Паэт ганьбіў пару супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра, якія дазволілі сабе “раскошу” дзесьці публічна размаўляць па-руску. Натуральна, публікацыя мела рэзананс і вярнула жадаемае status quo. Купалаўцы былі, ёсць і будуць правапераемнікамі Купалы, які ў 1919 годзе акрэсліў нашу будучыню ў маніфесце “Незалежнасць”.

Правапераемнікамі ў мастацкім слове і грамадзянскім учынку, у мастацкай шчырасці і праўдзівасці. Словам, Купалаўскі тэатр – не толькі галоўная тэатральная пляцоўка краіны. Гэта – эталон беларускага сумлення. Мінскія будаўнікі, відаць, яшчэ доўга будуць перадаваць з вуснаў у вусны тое, што адзін з купалаўцаў змяніў амплуа і ўзводзіў разам з імі дамы. Часова, па прычыне вялікага жадання вывучыць жыццё з яго адваротнага, не вельмі прывабнага боку. Мы людзі цікавыя. Крыху замінае свет паралельных рэальнасцяў. Нацыянальны банк краіны рыхтуе манеты ў гонар стагоддзя Купалаўскага тэатра. Цікава, што на іх будзе адлюстравана.

“Янка Купала” ўрэшце да нас дайшоў. Драма лёсу аднаго выбітнага для Беларусі чалавека – неаспрэчная драма ўсёй краіны. І тутэйшыя ўважліва слухаюць паэта, які стаяў ля вытокаў нашай незалежнасці. Няхай драмы застаюцца толькі на тэатральных сцэнах.

Завітайце таксама на старонку віртуальнага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Класікі сусветнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас"

Аўтар публікацыі: Яўген Рагін.

Крыніца: газета "Культура"

Чытайце таксама: Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы: першыя крокі (20-я гады ХХ ст.)

Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам