ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Слова і пазаслоўнае
У Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка “Шлях да Канстытуцыі”

Ці варта баяцца беларускіх жанчын?

Ці варта баяцца беларускіх жанчын?
Іншыя навіны

Што ў беларускай літаратуры самае цікавае?

Героі? Шматтомныя апісанні прыроды? Патрыятычная лірыка?

Жанчына.

Яркая, гордая, незалежная, сексуальная, бясконца прыцягальная, парадаксальная – вось сапраўдны непадманны змест прыгожага пісьменства, да якога хочацца вяртацца неаднаразова.

Жанчына ў творах нашых літаратараў амаль заўсёды мацнейшая за мужчыну.

Макаёнак у “Трыбунале” гэта паказаў з гратэскнай насмешлівасцю: твор заканчваецца тым, што героя, як таго непатрэбнага шчанюка, сямейнікі па загадзе яго жонкі садзяць у мяшок, каб патапіць.

Янка Купала выяўляў моц жанчыны з дыяметральна супрацьлеглых бакоў.

Паўлінка, Бандароўна, Алеся (з аднайменнага верша) – гэта ўвасабленне духоўнай і энергетычнай моцы. Гераіні здзіўляюць навакольнае падкрэслена-прыземленае асяроддзе нязломным духам, жаданнем быць не такімі, як усе, сваёй неардынарнасцю.

Паэт не толькі любіць такіх сваіх гераінь, але і… зайздросціць ім. Бо і сам хацеў быць энергетычна і духоўна нязломным не толькі ў сваіх шэдэўрах, але і ў рэальным жыцці.

Менавіта жанчыны ў Янкі Купалы здатныя на сапраўдны ўчынак.

Паўлінка не баіцца парваць са сваім дробнашляхецкім укладам і сігануць у змрок ночы, у поўную невядомасць (о, як хацелася неаднаразова і самому паэту зрабіць гэтак жа!). Бандароўна дзеля захавання гонару гатовая ахвяраваць сабой. Алеся з апантанасцю Гурына Маразоўскага марыць пра авіяцыю. Ніхто не разумее падобных жаданняў, але гераіню гэта не хвалюе. Яе ўнутраная незалежнасць і ўпэўненасць мацнейшая.

Янка Купала, як ніхто з беларускіх пісьменнікаў, умеў апісваць і жанчын-дэманаў.

Чытаеш “Сон на кургане”, і галоўны герой раствараецца, становіцца больш прывідным у сваёй бяздзейнасці, чым істэрычна-вясёлыя і вельмі ж небяспечныя русалкі. Вар’ятка з нажом на фоне ўсеагульнага пажара становіцца сімвалам бескантрольнай падсвядомай агрэсіі, якая скрышыць, знішчыць любога. Адзін з самых цікавых вобразаў – Наталька з “Магілы льва”. Напачатку гэта лірычная гераіня, каханая Машэкі. Затым яна ператвараецца ў ахвяру (спярша пана, а затым і былога каханага, які стаў разбойнікам), а пасля становіцца каварнай забойцай, калі, залагодзіўшы галоўнага героя, топіць у яго шыі нож. Мужчыны нічога не могуць зрабіць супраць такіх фатальных асоб. Падпадаюць пад іх чары. Становяцца бязвольнымі амёбамі, ахвярамі.

Янка Купала баіцца падобных жанчын, бо сутыкаўся з імі ў рэчаіснасці, – і таму выяўляе з усім экспрэсіяністычным болем і праўдзівай выразнасцю. Таму фантомныя русалкі, казачна-напаўлегендарныя Наталькі выглядаюць больш рэалістычнымі, чым ідылічная Алеся, пра якую паэт пісаў у часы сацыялістычнага рэалізму.

У Янкі Купалы вучыліся.

Асабліва гэта бачна на прыкладзе двух вельмі папулярных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча і Міхася Зарэцкага.

Аўтару “Каласоў пад сярпом тваім” больш блізкі вобраз ідылічных супергераінь.

Наш стваральнік айчыннага гістарычнага дэтэктыва вельмі крыўдзіўся, калі яго называлі рамантыкам, але ж як толькі мог хаваўся ад той хрушчоўска-брэжнеўскай рэчаіснасці, у якой вымушаны быў жыць. Каб маральна і псіхалагічна захавацца, Караткевіч, бы той Толкіен, амаль цалкам выдумаў сваю незвычайную Беларусь. І яго таленту хапіла, каб чытачы паверылі, што гэтая “гістарычная Беларусь” сапраўды існавала.

Караткевіч прыдумаў і насельнікаў гэтай краіны – моцных мужчын і жанчын. Прытым апошнія ў яго атрымаліся ізноў жа настолькі выразныя, адметныя, што нават галоўны герой “Каласоў…” Алесь Загорскі, лічу, губляецца на іх фоне.

Жанчыны Караткевіча – вытанчаныя інтэлектуалкі з “высокімі грудзямі”, жарсныя, смелыя, іранічныя, здзіўляльна мудрыя, бо ўмеюць адначасова ўзвысіць мужчыну і пашкадаваць яго, дараваць і кахаць да бясконцасці.

Адна з самых запамінальных сцэн у “Каласах пад сярпом тваім” – калі самотны Алесь Загорскі (ён пасварыўся з каханай Майкай) сустрэўся з былой прыгоннай актрысай Геленай. Мудрая Гелена, шкадуючы юнака, дорыць яму незвычайную ў пачуццёвасці ноч кахання. А затым, калі зацяжарвае, то нічога не патрабуе і пакідае героя ў спакоі. Уладзімір Караткевіч, якому доўга не шанцавала з каханнем, з падлеткавай апантанасцю фантазіраваў падобных “ідэальных” дзяўчат, і гэта ў яго атрымлівалася бліскуча.

Міхась Зарэцкі не быў такі ўзнёсла-рамантычны. Яму больш імпанавала другая катэгорыя Купалавых жанчын – інфернальных асоб, разбуральніц, дэманаў.

Але калі ў Янкі Купалы падобныя гераіні, на манер самак багамола, нацэлены толькі на знішчэнне мужчын, то ў Зарэцкага яны запраграмаваны таксама і на самаліквідацыю.

Амаль у кожным апавяданні пісьменніка галоўны герой (вонкава дастаткова моцны фізічна і маральна мужчына), які да таго ж займае і нейкую высокую пасаду, сустракаецца з цікавай жанчынай. Неверагодна прыгожай, артыстычнай, эфектнай, шыкоўнай ва ўсіх сэнсах і нацэленай на… смерць.

Калі Янка Купала жахаецца ад падобных спадарынь, то Міхась Зарэцкі… шкадуе іх.

Яго жанчыны з твораў “Дзіўная”, “Кветка пажоўклая” баяцца сям’і і не хочуць працягу роду, не ўмеюць захоўваць доўгатэрміновыя стасункі, не ведаюць, чым заняць сябе, губяць мужчын – але не таму, што іх ненавідзяць, а проста не ведаюць, што з імі рабіць далей.

Жанчыну трэба любіць, старацца зразумець, імкнуцца не падпадаць пад яе чары, але і шкадаваць, падтрымліваць, лічыць пісьменнік. Шкадуючы жанчыну, сам мусіш стаць мацнейшым – філасофія Міхася Зарэцкага.

У многіх пісьменнікаў 60–70-х гг., як, напрыклад, у Міхася Стральцова ці Барыса Сачанкі, – ідэальны вобраз вясковай дзяўчыны выведзены дзеля таго, каб паказаць нікчэмнасць гарадскога хлопца, эгацэнтрычнага і крыўдлівага.

Цяпер, калі агрэсіўныя зыкі гендарнай роўнасці заганяюць слабых мужчын у “мяшкі”, бліжэй да героя з “Трыбунала”, асабліва цягне да эстэтычна блізкіх адно аднаму пісьменнікаў – Адама Міцкевіча і Якуба Коласа.

Іх гераіні пазбаўлены ідэалістычнай ружовасці, але і не маюць дэманалагічных прыкмет. Вясёлыя, у меру капрызлівыя, па-балетнаму лёгкія паненкі з “Пана Тадэвуша”, лірычныя настаўніцы, якія акружаюць Лабановіча, муза Сымона-музыкі натхняюць, ствараюць пачуццё вонкавага і ўнутранага спакою, напаўняюць сэрца гэтак неабходнай радасцю. Той радасцю, калі ёсць неадольнае жаданне ствараць для нашых дарагіх жанчын свята. І не толькі на 8 Сакавіка, але і кожны дзень.

Аўтар публікацыі: Васіль Дранько-Майсюк.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам