ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
18 сакавіка 1945 года. 53 дні да Перамогі
Шлях да Перамогі: у бібліятэцы адкрылася новая выстава

Ці трэба малюнкі, як рэагаваць на смерць герояў, каго чытаць. Наіўныя пытанні пра літаратуру для дзяцей

Іншыя навіны

Кожны раз губляецеся ў кнігарні, калі неабходна набыць кнігу ў падарунак дзецям сяброўкі, што маюць розны ўзрост? Ці ўспамінаеце, як у дзяцінстве плакалі над дзяўчынкай з запалкамі, што назаўжды замерзла ў Андэрсена, і зараз баіцеся, каб гэта сітуацыя не паўтарылася з вашымі сынамі? А можа, вы марыце стаць дзіцячым пісьменнікам, але не ведаеце, з чаго пачаць? TUT.BY папрасіў пісьменніцу і літаратуразнаўцу Алену Масла адказаць на самыя папулярныя пытанні пра дзіцячую літаратуру.

Каб быць дзіцячым пісьменнікам, трэба спецыяльная адукацыя або/і ўласныя дзеці?

Льюіс Кэрал быў матэматыкам, Антуан Экзюперы – лётчыкам. Першая кніга ў Астрыд Ліндгрэн выйшла, калі ёй споўнілася 37 гадоў. Да гэтага будучая знакамітая пісьменніца працавала сакратаркай. Сэльма Лагерлёф – першая жанчына, якая стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, – настаўніца.

Калі згадваць беларусаў, то Уладзімір Мацвеенка ўсё жыццё працаваў зубным тэхнікам, аднак напісаў шмат вершаў і выдаў цудоўныя кнігі для дзяцей. Папулярныя сярод падлеткаў Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак (па адной з іх кніг пастаўлены спектакль «Паводле мёртвых душ» у сталічным ТЮГу) па адукацыі фізікі, Надзея Ясмінска – маркетолаг, Уладзімір Ліпскі – харчовы тэхнолаг па першай і журналіст па другой адукацыі.

З іншага боку, сярод пісьменнікаў ёсць і выпускнікі маскоўскага Літаратурнага інстытута. Галоўнае, каб у пісьменніка (дарослага і дзіцячага) было жаданне выказацца і меўся талент, каб ствараць штосьці цікавае чытачу.

Што тычыцца дзяцей, то ў Ганса Хрысціяна Андэрсена іх не было, аднак яго казкі чытаюць хлопчыкі і дзяўчынкі па ўсім свеце. А вось Астрыд Ліндгрэн сваю знакамітую «Піпі Доўгаяпанчоха» спачатку распавядала сваёй дачцэ Карэн, а потым ужо вырашыла надрукаваць гэтыя гісторыі пра незвычайную дзяўчынку.

Упэўнена: каб стварыць яркія вобразы і стаць сваім для дзяцей, не так важна быць менавіта бацькам, як трэба прыслухоўвацца да чужых перажыванняў, быць неабыякавым да гора і радасці іншых. І памятаць сябе дзіцём, слухаць сваё ўнутранае дзіця — гэта надзвычай важна.

Выбіраю кнігу для дачкі. Ці дапаможа формула «чым менш узрост, тым танчэйшай павінна быць кніга»?

alena_masla3.png

Алена Масла. Фота: facebook.com/alena.masla

Уявіце, што мы возьмем двух хлапчукоў аднаго ўзросту. Але адзін у свае 8 гадоў праглытнуў шмат чаго з Жуля Верна. А другога можна ўгаварыць толькі на абавязковае чытво са школьнай праграмы. Пры гэтым ён папярэдне падлічыць колькасць старонак.

Або іншы прыклад. Калі ў беларускіх выдавецтвах выходзілі шыкоўна ілюстраваныя кнігі, іх супрацоўнікі прыносілі сігнальныя асобнікі сваім дзецям, якія літаральна растуць сярод кніг. За 10 хвілін яны перагарталі прыгожыя старонкі з невялічкім аб’ёмам тэксту і здзіўлена перапыталі: «І гэта ўсё?» А хтосьці з сённяшніх маладых бацькоў далучаў дзяцей да беларускай мовы менавіта па кнігах, дзе побач з вялікай колькасцю малюнкаў было мала тэксту.

Што з гэтага вынікае? Дзеці маюць права на кнігу, якая адпавядае іх узросту, але адначасова і светаўспрыманню. Згадаем, колькі казалі, што сучасныя дзеці не чытаюць, таму нельга іх палохаць вялізнымі аб’ёмамі. А Джоан Роўлінг перавярнула ўяўленні кнігавыдаўцоў: «Гары Потэра» ў 500 старонак без малюнкаў залпам праглытваюць нават малодшыя школьнікі. Трэба ў кожным асобным выпадку разумець, каму і з якой мэтай патрэбны пэўны асобнік, наколькі тое ці іншае дзіця заахвочана чытаць.

Калі некага палохае аб’ём, можна браць выданні пра папулярных персанажаў, якія ўключаюць у сябе па адной-дзве главы. Напрыклад, у кнігарнях шмат тонкіх асобнікаў пра Падынгтана ці Мумі-Троляў, а для аматараў гэтых персанажаў маецца таўшчэзны том, што ўключае адразу ўсе апавяданні.

Падарылі кнігу з узроставым абмежаваннем 6+, а ў ёй, што ні гісторыя, то герой памірае. Ці не спалохаецца дзіця?

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0868.jpg

Дзіцячы пісьменнік выступае як перакладчык з мовы дарослых на мову, зразумелую дзецям. Засцерагчы малых ад жыцця ва ўсіх яго праявах нельга, таму для аўтара няма забароненых тэм. Як бы нам ні хацелася абараніць дзяцей ад перажыванняў, але свет недасканалы, таму дзеці таксама сутыкаюцца з болем, хваробамі, смерцю. Раю бацькам паглядзець на літаратуру як на канструктар мадэляў паводзін у няпростых сітуацыях, як на нагоду для шчырых размоў з дзецьмі пра іх страхі і перажыванні.

Шчасце, што сёння шмат дзіцячай літаратуры, якая дапамагае раскрыць складаныя пытанні ў тым рэчышчы, якое бліжэй бацькам: філасофскім, духоўным ці навуковым. Падставай пагаварыць з дачкой ці сынам на складаную тэму пра жыццё і смерць, пра каштоўнасці нашай цывілізацыі і сэнс жыцця можа, напрыклад, стаць казка Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» – складаная, але надзвычай загадкавая і захапляльная.

Аднак частка людзей гатовая хутчэй спрачацца з пісьменнікамі, чым абмяркоўваць прачытанае з дзятвой. Неяк адна маладая мама абурана распавяла, як праз маю казку яе дачка плакала. У казцы воблачка паляцела глядзець свет, кінуўшы маці, і пакуль яно гуляла, маці абрынулася на зямлю дажджом – і знікла. Дзіця расхвалявалася. Я нават не ведала, што адказаць на такую прэтэнзію… Хіба дрэнна, калі дзіця можа суперажываць? Мне падаецца, можна толькі парадавацца, што ў гэтай дзяўчынкі чулае сэрца.

Убачыла зборнік класічных казак, у якіх былі адсечаны ўсе сумныя канцоўкі. Гісторыі для дзяцей павінны быць толькі з хэпі-эндам?

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0873.jpg

За такое, шчыра скажу, проста рукі адарвала б. Асабліва подла так рабіць у дачыненні да аўтара, які на цябе нават у суд падаць не можа, бо даўно памёр. Быў бы жывы — дакладна з такім умяшаннем у твор не змірыўся. Недзе ў 2000-х раптам з’явіўся трэнд наракаць, напрыклад, на Андэрсена, што яго творы дэпрэсіўныя. Асабіста я ў ягоных казках бачу імкненне да святла. Між іншым у Швецыі кнігі казак Андэрсена прынята дарыць на хрэсьбіны.

Мяркую, жаданне прыбраць увесь негатыў з дзіцячай літаратуры сведчыць пра чалавечую ляноту. Дарослым хочацца, каб кнігі былі зразумелыя і празрыстыя, каб не выклікалі пытанняў. Аднак ніхто і ніколі не здыме з бацькоў адказнасці тлумачыць дзіцяці незнаёмае, незразумелае, складанае.

У апошні час можна сутыкнуцца не толькі з «барацьбой» з сумнымі фіналамі казак, але і з тым, як сучасныя аўтары пераварочваюць з ног на галаву ўяўленні, хто з казачных персанажаў добры, а хто адмоўны. Падчас леташняй Міжнароднай кніжнай ярмаркі (2019 год) у Мінску французская казачніца, псіхолаг, казкатэрапеўт Ганна Лазоўскі распавядала, што нават UNESCO занепакоілася гэтай праблемай. Сусветная арганізацыя заклікае пісьменнікаў не скажаць традыцыйныя ролі казачных герояў, захоўваць іх міфалагічныя карані, тым самым абараняючы культурную спадчыну сваіх краін.

Ці «абкатвае» сучасны дзіцячы пісьменнік свае творы на фокус-групе?

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0922.jpg

Звычайна пісьменніку дапамагаюць творчыя сустрэчы з чытачамі: па іх пытаннях арыентуешся, што асабіста зачапіла, а якія моманты засталіся па-за ўвагай.

Што тычыцца фокус-групы, асабіста ў мяне такі досвед быў. Арганізатары фестывалю «Горад і кнігі» Вікторыя Каралёва і Вольга Вовк дапамаглі арганізаваць тэставыя чытанні для групы бацькоў і дзяцей па рукапісу будучай кнігі «Мяне завуць Лахнэска». Да майго задавальнення, я дакладна зразумела настрой аўдыторыі і выправіла некаторыя хібы яшчэ да таго, як мне перадалі апрацаваныя бюлетэні з заўвагамі.

Аднак пасля выхаду з друку твор жыве сваім жыццём. Аўтар часам не можа сабе ўявіць, што пабачыць у тваёй казцы чытач, бо ён вымярае тваю гісторыю праз асабісты досвед. Возьмем тую ж «Лахнэску»: я пісала кнігу пра тое, як перастаць ганяцца за нейкімі выдуманымі стандартамі знешнасці і прыняць сябе, пра тое, што свет цудоўны менавіта ў сваёй разнастайнасці. Адзін жа маленькі чытач, учапіўшыся за апошнюю фразу пра здзіўленую карову, што дала малака ў два разы больш, чым звычайна, распавёў: «Гэта кніга пра тое, як павышаць надоі». Ён пабачыў «Лахнэску» праз досвед сваёй сям'і, што мае вялікую асабістую гаспадарку, праз заклапочанасць бацькоў, якія працуюць на жывёлагадоўчай ферме. І такі варыянт чытацкай трактоўкі мае права на існаванне.

З маёй казкай «Пакінутае дзіця» ўвогуле адбылася містычная гісторыя. Яе вельмі па-рознаму ўспрымаюць чытачы: нехта — суперажывае і спачувае. А нехта кажа, што так нельга пісаць для дзяцей. Паводле сюжэта дзяўчынку спачатку не прынялі родныя бацькі, пасля прыёмныя. Гераіня памірае, і Месяц на сваім срэбным ражку вяртае яе на неба, у Даліну Шчасця. Чаму нельга пра гэта гаварыць, хіба ў нас няма пакінутых дзяцей? Хіба дзеці не сыходзяць з жыцця? А праз некалькі гадоў я атрымала ліст, у якім чытачка распавяла, як гэтая казка дапамагла ёй і яе сяброўцы ў цяжкі жыццёвы момант адмовіцца ад аборту.

Як бачым, фокус-групы і камерцыйныя разлікі – гэта магчымая практыка, аднак у тэкстах перш-наперш неабходна заставацца сабой. Інакш і свету не дагадзіш, і сябе згубіш.

Каб кніга дакладна зацікавіла дзяцей, у ёй абавязкова павінны быць ілюстрацыі?

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0933.jpg

Усё залежыць ад канкрэтнага дзіцяці. Напрыклад, майго пляменніка карцінкі ў кнізе толькі раздражнялі. Чытаючы, ён прыдумваў цэлы сусвет, уяўляў, як павінны выглядаць галоўныя героі, таму шчыра абураўся, што мастак «не ўгадвае» яго бачанне гісторыі. Таму я вельмі не люблю памкнення прывесці ўсё да адзінага стандарту: камусьці хочацца толькі тэксту, іншы прагне развароты малюнкаў, трэці збірае асобнікі, дзе ёсць ілюстрацыі з дапоўненай рэальнасцю. Кніг павінна быць многа і розных, каб кожны змог падабраць выданне на свой густ.

Між іншым сярод мастакоў, якія сёння надзвычай запатрабаваныя на сусветным рынку, шмат беларусаў. Замежныя выдаўцы выстройваюцца ў чаргу за Паўлам Татарнікавым, чый талент двойчы быў адзначаны «Залатым яблыкам» – найвышэйшай еўрапейскай узнагародай для кніжных графікаў. Працуе ў Амстэрдаме, аднак працягвае афармляць і беларускамоўныя кнігі пераможца шматлікіх прафесійных конкурсаў Кацярына Дубовік. Вялікі спіс замежных заказаў у Ігара Гардзіёнка, Тамары Шэлест, Уладзіміра Даўгяла. І гэта я толькі пачала пералічаць найлепшых айчынных ілюстратараў.

Кажуць, што замежная літаратура для дзяцей добрая, а ў нас толькі пра вёску і лапці

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0975.jpg

Калісьці ў размове з даследчыкам дзіцячай літаратуры, прафесарам Стакгольмскага ўніверсітэта Янінай Арлоў я запытала: «У Швецыі штогод выдаецца не менш за 1200 кніг для дзяцей. Няўжо яны ўсе добрыя?» Яна засмяялася: «Што вы! Яны розныя, аднак і чытачы таксама рознага ўзроўню, таму кожны знойдзе сваю кнігу».

Тая ж шведская літаратура звышпапулярная ў Беларусі, бо амбасада Швецыі ў нашай краіне актыўна працуе на яе прасоўванне. Колішні амбасадар Стэфан Эрыксан быў заклапочаны, што беларусы ведаюць толькі Піпі Доўгуюпанчоху ды Малога з Карлсанам, а яму хацелася, каб загаварылі і пра сучасных аўтараў. І тады мяне, як прадстаўніка дзяржаўнага выдавецтва, запрасілі ў Швецыю знаёміцца з калегамі, каб знайсці тое, што можа зацікавіць беларускіх дзяцей. З тых часоў у розных айчынных выдавецтвах у перакладах на беларускую і рускую мовы стала выходзяць шведскія кнігі. Але з перакладных кніг мы ведаем лепшыя, якія ўжо заваявалі літаратурныя ўзнагароды, увайшлі ў лідары продажаў у сябе на радзіме.

Што тычыцца беларускай літаратуры, то я чытаю сучасныя літаратурныя часопісы, новыя айчынныя кнігі, таму магу дакладна сказаць: беларуская дзіцячая літаратура розная! Іншая справа, што нас не ведаюць у свеце. Каб ведалі, трэба перакладаць і папулярызаваць – без гэтага нашы кнігі застануцца нібы прыгажуняй з казкі, закратаванай ў высокай вежы: пра яе мо і чулі, але яе прыгажосць ніхто не можа пабачыць.

Хачу набыць беларускае, аднак не ведаю, з чаго пачаць. На што арыентавацца?

knizhnaya_yarmarka_28022018_tutby_brush_phsl--0977.jpg

Мой суб’ектыўны топ-10 кніг для дзяцей наступны:

1. Раіса Баравікова. Казачныя аповесці пра Міжпланетнага пажарніка і іншых Мамурыкаў.
2. Наталля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by.
3. Анатоль Бензярук. Мячы Грунвальда.
4. Змітрок Бядуля. Сярэбраная табакерка.
5. Пятро Васючэнка. Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі.
6. Вольга Гапеева. Сумны суп.
7. Ірына Клімковіч. Калі адчыняюцца нябёсы.
8. Людміла Рублеўская. Прыгоды мышкі Пік-Пік.
9. Андрэй Федарэнка. Шчарбаты талер.
10. Андрэй Хадановіч. Нататкі таткі.

Калі ж ад незнаёмых назваў пойдзе кругам галава, скарыстайцеся надзвычай старадаўнім, таму правераным спосабам: запытайцеся ў бібліятэкараў. Яны ў курсе апошніх навінак, таму могуць параіць нешта, абапіраючыся на спіс вашых пажаданняў. Ці проста назавуць самыя папулярныя на абанеменце кнігі.

Аўтар публікацыі: Настасся Панкратава.
Фота: Дзмітрый Брушко.

Крыніца: TUT.BY

Навіны

1 Кра 2020

Яго імя згадваецца разам з малодшым братам, класікам Максімам Багдановічам. І ролю старэйшага брата ў станаўленні пісьменніка і грамадзяніна недаацэньваць нельга. Менавіта таму супрацоўнікі музея працягваюць пошукі матэрыялаў, звязаных з В. Багдановічам, даследуюць матэрыялы, якія захоўваюцца ў фондах розных музеяў і архіваў.

Навіны бібліятэк

1 красавіка 1945 года. 39 дзён да Перамогі

1 Кра 2020

Дырэктыва Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб правядзенні наступальнай аперацыі на Берлін. Узяцце крэпасці Глогау. Акружэнне саюзнікамі рурскай групоўкі нямецкіх войскаў. Аднаўленне Мінска. Гастролі Дзяржаўнага літоўскага джаз-аркестра. Канферэнцыя бібліятэкараў Масквы. Газеты: “Звязда” (№ 60, 61), “Большэвік Палесся” Палескай (цяпер ліквідаванай) вобласці (№ 151), “Искра” Валожынскага раёна (№ 20).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

31 сакавіка 1945 года. 40 дзён да Перамогі

31 Сак 2020

Указ аб узнагароджанні ордэнам “Перамога”. Наступленне саюзнікаў. Зварот сялян Гродзенскай вобласці. Набор на рабочыя спецыяльнасці. Гастролі Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР. Газеты: “Звязда” (№ 59), “Советская Белоруссия” (№ 58), “Гродненская правда” (№ 43).

Праект “100 дзён да Вялікай Перамогі. Па старонках беларускіх газет 1945 г.”

31 Сак 2020

Ці можа дапамагчы рэальны мінулы ці ўяўны літаратурны досвед нам, сучасным, у разуменні і пражыванні новай паляндры – каранавіруса? Так, напрыклад, французы, італьянцы, бельгійцы перачытваюць А. Камю: як толькі абвясцілі пра новы вірус, узняўся продаж эсэ А. Камю "Паляндра". А што могуць пачытаць беларусы?

Навіны бібліятэк

111