ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Формула бессмяротнасці, або Медыцынская картка Максіма Багдановіча
Запрашаем да супрацоўніцтва

Ташкенцкі перыяд у біяграфіі народнага песняра. Больш за два гады Якуб Колас пражыў ва Узбекістане

Ташкенцкі перыяд у біяграфіі народнага песняра. Больш за два гады Якуб Колас пражыў ва Узбекістане
Іншыя навіны

Асаблівае месца ў біяграфіі Якуба Коласа займае ташкенцкі перыяд яго жыцця і дзейнасці (14 жніўня 1941 года – 1 лістапада 1943 года), які ахопліваў больш за два гады і два з паловай месяцы. У мемуарах сына Якуба Коласа Данілы Міцкевіча «Любіць і помніць» ёсць такія радкі: «7 жніўня 1941 года Колас выязджае з сям’ёй з Масквы ў Ташкент. Прыехаў ён туды 14 жніўня. Некалькі дзён жыў у гасцініцы “Узбекістан”. Да 8.10.41 г. жыў у невялікім пакоі на ўскраіне Ташкента на вуліцы Фаменка, пасля на вуліцы Пушкінскі праезд, 13, а з пачатку студзеня 1942 года і да канца побыту ў Ташкенце жыў у 4-павярховым доме па Пушкінскай вуліцы, 84 у пакоі на трэцім паверсе. Яму вылучылі для працы яшчэ адзін пакой на чацвёртым паверсе (№ 44). У доме жылі эвакуіраваныя ў час вайны відныя вучоныя з Масквы, Ленінграда, Беларусі, дзеячы культуры, сем’і адказных работнікаў».

Бюст Якуба Коласа ў Ташкенце. Фота з сайта podrobno.uz
Бюст Якуба Коласа ў Ташкенце

З многімі з іх Колас сустракаўся, а з некаторымі і пасябраваў. Месца жыхарства было зручным для працы і адпачынку. Яно знаходзілася параўнальна блізка ад Саюза пісьменнікаў Узбекістана, рэдакцый газеты «Фрунзевец» (орган Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі) і рэспубліканскай рускамоўнай газеты «Правда Востока», з якімі Канстанцін Міхайлавіч супрацоўнічаў, з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі. Побач знаходзілася некалькі паркаў, дзе ён часта прагульваўся, асабліва падабаўся парк імя Тэльмана. Там працякала рака Салар, апетая пазней Якубам Коласам.

За час знаходжання ў Ташкенце народны паэт стварыў значную колькасць вершаў, паэму «Суд у лесе» і дванаццаць (з дваццаці чатырох) раздзелаў паэмы «Адплата». У Ташкенце выйшлі зборнікі «Голос земли» на рускай мове і «Выбранае» (на узбекскай), а ў Ашхабадзе – зборнік выбраных вершаў на туркменскай. Канстанцін Міхайлавіч напісаў там і чатыры апавяданні і каля 30 публіцыстычных артыкулаў, якія былі апублікаваны ў мясцовых, цэнтральных і падпольных органах друку.

У 1946 годзе за цыкл вершаў, створаных у Ташкенце, Якубу Коласу была прысуджана Сталінская прэмія І ступені. Канстанцін Міхайлавіч пісаў шмат пісем: на фронт, у Маскву і іншыя рэгіёны СССР, за лінію фронту. Некоторыя з іх да сённяшняга дня не выяўлены. У Ташкенце Якуб Колас сустракаўся з многімі пісьменнікамі. З беларускіх – са Сцяпанам Ліхадзіеўскім, былым сваім вучнем, які даўно жыў і працаваў ва Узбекістане, з Уладзімірам Агіевічам, Эдзі Агняцвет, Міхасём Модэлем, якія прыехалі сюды ў час вайны. Бачыўся са сваім сябрам перакладчыкам, рускім паэтам Сяргеем Гарадзецкім, з мясцовымі рускімі паэтамі Святланай Сомавай, Уладзімірам Ліпко, Міхаілам Шавердзіным (двое першых перакладалі вершы Коласа на рускую мову, а са Святланай Сомавай наладзілася ў далейшым шматгадовая перапіска). Пазнаёміўся і падтрымліваў сяброўскія адносіны з шэрагам узбекскіх літаратараў – Хамідам Алімджанам, Зульфіёй, Гафурам Гулямам, Уйгунам, Мірцямірам і іншымі, прымаў удзел у рабоце Саюза пісьменнікаў Узбекістана, часта бываў на пленумах.

14 сакавіка 1942 года Старшыня Саўнаркама БССР І.С. Былінскі паслаў урадавую тэлеграму ў Казань (у абкам партыі. – Э.І.) свайму намесніку І.А. Крупеню. У ёй паведамлялася: «Местонахождение Президиума Академии (наук БССР. – Э.І.) решено Ташкент. [По] окончании сессии (Академии наук БССР. – Э.І.) выезжайте в Москву вместе с Коласом, Горевым, Леоновым, Кедров-Зихманом [по] вопросу дальнейшей работы Академии. Пред. Совнаркома Белоруссии Былинский».

З ташкенцкім перыядам біяграфіі Я. Коласа звязана яго даволі паспяховая навуковая дзейнасць. Справа ў тым, што як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР ён прыкладаў усе намаганні, каб адрадзіць навуковую дзейнасць установы ў Ташкенце і Самаркандзе. Разам з другім віцэ-презідэнтам АН БССР С.М. Ліпатавым ён шукаў беларускіх вучоных, якія змаглі эвакуіравацца з Мінска і пражывалі ў розных рэгіёнах СССР. Канстанцін Міхайлавіч аказваў ім дапамогу ў навуковай дзейнасці, імкнуўся забяспечыць жыллём, неабходным абсталяваннем.

На сесіі АН БССР, якая праходзіла ў Казані, Якуб Колас выступіў з дакладам «О работе Академии наук БССР за 1941 год». 7 ліпеня 1942 года на сесіі ў Ташкенце, прысвечанай памяці Янкі Купалы, – з дакладам «Янка Купала и его поэзия». На другой сесіі АН БССР, якая праходзіла ў Ташкенце з 29 лістапада да 1 снежня 1942 года, зрабіў даклад на тэму «Вековая дружба белорусского и русского народов и их совместная борьба против немецкой агрессии». 27 чэрвеня 1943 года адкрыў пасяджэнне АН БССР, Саюза пісьменнікаў Узбекістана і філфака Сярэднеазіяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прысвечанае гадавіне з дня смерці Я. Купалы.

У Год гістарычнай памяці дарэчы нагадаць, што Канстанцін Міхайлавіч, знаходзячыся ў Ташкенце, вёў вялікую грамадска-палітычную і ваенна-патрыятычную работу. 3 лістапада 1942 года ў Доме Чырвонай Арміі ў Ташкенце прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 60-годдзю Якуба Коласа, якое адкрыў прэзідэнт АН БССР К. Гораў. Юбіляра віталі таксама старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н. Наталевіч, акадэмік У. Пічэта, паэты І. Сяльвінскі, Г. Гулям, Х. Алімджан. Ад Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзэ – палкоўнік Я. Леашэня. На вечары прысутнічалі вядомыя савецкія пісьменнікі і літаратуразнаўцы М. Пагодзін, Б. Лаўранёў, У. Лугоўскі, М. Цярэшчык, Д. Благой, К. Зялінскі. Пасля пасяджэння адбыўся вялікі канцэрт з удзелам дырэктара Маскоўскай кансерваторыі, выдатнага піяніста, педагога, кампазітара, доктара мастацтвазнаўства, прафесара, народнага артыста РСФСР А.Б. Гальдэнвейзера.

Ва ўспамінах 1962 года пад назвай «У дні цяжкіх выпрабаванняў» Эдзі Агняцвет пісала: «Я ўдзячна лёсу за тое, што была ў ліку першых слухачоў тагачасных вершаў Якуба Коласа. Людзі Узбекістана, і ў першую чаргу пісьменнікі, шчыра палюбілі народнага паэта Беларусі. Неаднаразова я чула ад такіх паэтаў Узбекістана, як Гафур Гулям, Айбек, Хамід Алімджан. Зульфія, Уйгун, што яны ганарацца сваім знаёмствам і дружбай з Якубам Коласам. У канцы 1941 года і ў 1942 годзе Якуб Колас сем разоў выступаў па радыё са сваімі новымі творамі.

Зямля, мая маці.
Радзіма мая ты!
Гарой пастаім за цябе.
Варожыя раці
Вампіраў заклятых
Змяцём у святой барацьбе.

З далёкага Ташкента па радыёхвалях ішлі гарачыя словы, поўныя болю, любові і нянавісці. Якуб Колас чытаў такія вершы, як “Адпомсцім”, “Душою і сэрцам мы з вамі”, “Героі”, “Голас ветру”, “Байцам-камсамольцам”, урыўкі з паэмы “Суд у лесе” і іншыя…

3 лістапада 1942 года грамадскасць Узбекскай ССР разам з Беларускай акадэміяй навук адзначала 60-годдзе Якуба Коласа. На юбілей прыехаў у ваенным шынялі Кандрат Крапіва, якому даручана было зрабіць даклад на ўрачыстым вечары ў Ташкенце ў доме Савецкай Арміі. Віншаваць народнага паэта БССР сабраліся пісьменнікі Масквы, Ленінграда, Узбекістана, Беларусі, Украіны… Запоўнілі залу студэнты, ваенныя, рабочыя ташкенцкіх заводаў. Было тут нямала нашых узбекскіх сяброў, якія з усёй братняй любоўю падрыхтаваліся да юбілею на старонках газет “Правда Востока” і “Кызыл Узбекистон”, з’явіліся артыкулы, прысвечаныя творчай і грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, вершы паэта ў перакладзе на рускую і ўзбекскую мовы. Радыёкамітэт наладзіў вялікую літаратурную перадачу “Народны паэт Беларускай ССР”.

Юбілейны вечар Якуба Коласа прайшоў надзвычай шчыра і цёпла. Твар паэта быў прасветлены і шчаслівы. На вечары прагучала прывітанне ЦК КП Беларусі і ўрада Беларускай ССР. Паэта віталі рускія, беларускія, узбекскія паэты, удзячныя Якубу Коласу за яго вялікі талент, за мудрую прастату і народнасць яго твораў, поўных любові да Савецкай Радзімы. Урад Узбекскай ССР наладзіў прыём у гонар Якуба Коласа. Знаходзячыся далёка ад беларускай зямлі, народны паэт яшчэ раз адчуў усю цеплыню і сапраўдную дружбу, якія саграваюць чалавечае сэрца. У час прыёму было паднята нямала задушэўных, гарачых тостаў за нашага слаўнага юбіляра…

Якуб Колас вёў у Ташкенце вялікую грамадскую работу, яго можна было сустрэць на літаратурных вечарах у педінстытуце, у ваеннай акадэміі, у воінскай часці… За тыдзень да ад’езду Якуб Колас з Марыяй Дзмітрыеўнай былі запрошаны на развітальны абед да Зульфіі і Хаміда Алімджана». 9 красавіка 1943 года ў Ташкенцкім педагагічным інстытуце адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны Я. Коласу. Мерапрыемства адкрыў вядомы савецкі літаратуразнавец прафесар Д. Благой. З дакладамі выступілі паэты С. Ліхадзіеўскі, У. Агіевіч. У вечары таксама прынялі ўдзел С. Гарадзецкі, С. Сомава, Э. Агняцвет, украінскі пісьменнік М. Цярэшчанка. Чыталіся вершы паэта на беларускай, рускай і ўзбекскай мовах. Выступіў і сам Якуб Колас.

15 красавіка 1943 года, напярэдадні свайго ад’езду ў Маскву, Канстанціна Міхайлавіча наведаў ураджэнец пасёлка Альберцін Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці начальнік кафедры інжынерных войск Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзэ палкоўнік Яўген Леашэня. У час гутаркі з ім Я. Колас сказаў: «Не хачу паміраць тут! Так хочацца хутчэй дадому! Веру, спадзяюся і чакаю. І гэта надае мне сілы і ўпэўненасць убачыць родную Беларусь. Пішыце мне».

Перапіска Я. Коласа і Я. Леашэні працягвалася ў 1944 годзе, калі апошні быў начальнікам штаба інжынерных войск 1-га Беларускага фронту, і аднавілася ў 1954 годзе. У 1955-м Я. Леашэню было прысвоена званне генерал-лейтэнанта інжынерных войск. Пазней Яўген Варфаламеевіч прыгадваў: «Через письма он (Я. Колас. – Э.І.) познакомил меня с академиком Пичетой, с которым я консультировался по разным вопросам, которые касались истории Беларуси».

У апошні дзень знаходжання ў Ташкенце – 31 кастрычніка 1943 года – Я. Колас разам з Марыяй Дзмітрыеўнай наведаў сям’ю Эдзі Агняцвет і нанёс развітальны візіт старшыні праўлення СП Узбекістана Х. Алімджану. 1 лістапада 1943 года Якуб Колас разам з сям’ёй выехаў з Ташкента ў Маскву, а адтуль – у Клязьму.

Праз тры гады пасля смерці Якуба Коласа, у 1959-м, беларускі паэт Сцяпан Ліхадзіеўскі ў матэрыяле «Радасць сустрэч» пісаў: «Я хаджу па коласаўскіх мясцінах у Ташкенце і выклікаю з мінулага жывы вобраз паэта. Іду па цяністай вуліцы Якуба Коласа (былая Асакінская), якая ўліваецца ў Пушкінскую. А другім канцом – у вуліцу Карла Маркса. У адным месцы яна злучаецца з вуліцай Маякоўскага. На вуліцы Якуба Коласа, якую перасякае быстрацечная рэчка Салар, апетая Коласам у аднайменным вершы, знаходзіцца галоўны ўваход у парк Тэльмана, адзін з самых прыгожых паркаў горада. На вуліцы Якуба Коласа высіцца будынак Політэхнічнага інстытута, і цяпер тут бушуе паводка моладзі, шукаючы дарогі ў шырокае студэнцкае мора. Тут жа будуецца Інстытут воднай гаспадаркі Акадэміі навук УзССР. Непадалёку стаіць прыгожы чатырохпавярховы будынак, дзе жыў паэт у гады вайны. Імя Якуба Коласа не толькі на таблічках дамоў – яно ў сэрцах савецкіх людзей – і беларусаў, і рускіх, і ўзбекаў».

Аўтар публікацыі: Эмануіл Іофе.
Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Паслугі па рэстаўрацыі папяровых дакументаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

19 Кра 2024

У аддзел рэстаўрацыі і кансервацыі бібліятэчных дакументаў паступілі на рэстаўрацыю на платнай аснове сямейныя дакументы – “Метрическая выписка, 1889 г.” і “Выписка из метрической книги 1916 г.”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам