ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Лекцыя “Археалагічныя і рукапісныя сведчанні пра Біблію” Скота Кэрала
Зацверджаны вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”

Сымон Будны

Сымон Будны
Іншыя навіны

Сымон Будны быў бунтаром духу, які рваўся з кайданоў схаластыкі і рэлігійных догмаў. Ён прагнуў пазнання чалавека, Бога і Сусвету. І як мудрэц, ён не засмучаўся ад таго, што яго мала разумеюць. “Выбар зроблены, але я ўсё ж упэўнены, што працу маю лепш ацэняць нашчадкі”, – быў перакананы ён у сваёй праваце, у каштоўнасці зробленага ім.

Гэты мысляр “родам з Літвы” спазнаваў веды ў Кракаўскім і Кёнігсбергскім універсітэтах. Рэфармацыйны дух закрануў яго дапытлівы розум. А калі чалавек пачынае задумвацца, ён бачыць недасканаласць свету, у якім жыве, несправядлівасць яго да чалавека і жадае зрабіць яго хоць на каліўца лепшым. Будны, як шчыры пратэстант, хацеў абнаўлення рэлігійнага жыцця, вяртання да ранніх хрысціянскіх традыцый, калі паміж вернікам і Богам не стаяла царква са шматлікім сонмам сваіх служак. Для многіх з іх вера зрабілася залатой сінекурай, якая забяспечыла ім сытнае жыццё. Для Буднага – гэта сляпцы, якія вялі людзей да духоўнай прорвы. Ён стаў гарачым пашыральнікам хрыстовых запаветаў.

Па запрашэнні пратэстанскага лідара ў ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага Будны ў 1558–1560 гадах выкладае тэалогію ў Віленскім зборы, пасля быў прапаведнікам у Клецкім кальвінісцкім зборы. Адначасова ён піша па-беларуску папулярны і зразумелы простаму народу выклад хрысціянскай навукі. Пры падтрымцы Радзівіла Чорнага Будны і ягоныя паплечнікі Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі заснавалі ў Нясвіжы друкарню, у якой у 1562 годзе яны і надрукавалі “Катихисис, то ест наука стародавная хрістіаньская от Светого Писма, для простых людей языка руского, въ пытаніах и отказех събрана”. У гісторыі беларускай культуры гэтае выданне знамянальная з'ява! Сымон Будны аднавіў беларускае кнігадрукаванне, пачатае ў 1517 годзе Францыскам Скарынам і тым самым працягнуў ягоную асветніцкую місію. У прадмове да княжычаў Радзівілаў Будны заклікаў іх “народу язык миловати”. Гэта быў заклік і да іншых высокіх “милостей” не цурацца роднай культуры, якая духоўна звязвала іх з продкамі. Тое, што не разумелі іх “милости”, добра бачыў Будны – апалячванне вярхоў беларускай магнатэрыі, а за духоўным і культурным заняпадам ішоў і палітычны заняпад краіны.

Шкада, што другая беларускамоўная кніга Сымона Буднага “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам” не дайшла да нашага часу. Яна таксама выйшла ў Нясвіжы ў 1562 годзе. Сама назва інтрыгуе і сведчыць аб смеласці думак беларускага мысляра. Нам невядомы філасофскія апраўданні Будным грэшнага чалавека перад усемагутным Богам. Але знамянальна, што мысляр абараняе чалавека, а ён і кволы, і няшчасны, і грэшны, і замест спачування і даравання часцяком атрымлівае пакаранне. Няма чаму дзівіцца, што падобная кніга не магла ацалець; яе проста знішчылі як ерэтычную і шкодную. За Будным замацавалася чорная слава ерэтыка. Асаблівы шок выклікалі ягоныя сумненні ў бязгрэшным зачацці Дзевы Марыі. Гэтае сцверджанне – не са сферы тэалогіі, а са сферы крытычнага тлумачэння самой падзеі. Яго заклікалі адумацца і пакаяцца, а ён пайшоў шляхам крытычнага пазнання свету. Будны нават далучыўся да радыкальнага крыла рэфарматараў – сацынаў, але і для іх ён быў занадта смелы ў сваіх поглядах – таксама ерэтык. І сапраўды, дапытлівы розум Буднага пранікаў у таямніцы Бібліі. Ён сумняваўся ў догме аб Тройцы, адмаўляючы Божую іпастась Святога Духа. Хрыстос для Буднага не Сын Божы, а выдатны чалавек і прапаведнік маральнай чысціні, і самым гэтым сцверджаннем мысляр узносіў чалавека да “боскасці”. Ён адмаўляў звыклы погляд на душу, для яго “душа – гэта не што іншае, як чалавечае жыццё...”. І пасля смерці чалавека ягоная душа не адчувае ні райскіх асалод, ні пякельных пакут – усё гэта “старечьские басьни”.

Будны, як ідэаліст, марыў аб ідэальным жыцці. “Дай нам, Божа, такую ўладу, пры якой мы не думалі б пра сябе, не прыніжалі іншых, дазвалялі казаць праўду адно аднаму, не лічылі б сябе бязгрэшнымі...” Ён утапіст, калі марыць аб ідэальным уладару – богабаязным, справядлівым, міласэрным... Ён вучыў жыць па-хрысціянску іншых, а сам не змог ужыцца з людзьмі. Ён зрабіўся ізгоем. Нават яго “мілыя браты” – сацыяне, адракліся ад яго. А ягоны апякун Ян Кішка забараніў яму карыстацца друкарняй. У 1582 годзе Сымон Будны “за бязбожныя перакананні і дзеянні” быў зняты з пасады прапаведніка ў Лоскім зборы.

Будны зрабіўся грамадскім ізгоем. Любы мог яго зняважыць і пакрыўдзіць, а то і проста паздзекавацца. Гэтак п'яныя жаўнеры патрабавалі ад яго адрачыся ад сваіх перакананняў і паклясціся аб вяртанні да сапраўднай веры на дзяржанні шаблі. І нібыта ён выракся і пакляўся.

Ён быў даследчыкам. “Неабходна выпрабоўваць усё, з чым вы маеце справу. У адваротным выпадку мы не толькі не пазбавімся памылак, але яшчэ больш увязнем у іх”. Вось і выпрабоўваў усё, вывучаў, аналізаваў, каб пазбавіць іншых ад памылак. Гэтае жаданне прымушала яго не толькі тлумачыць сваё разуменне Святога Пісьма, але і выпраўляць шматлікія памылкі, якія ўнеслі ў кнігу перапісчыкі. Ён узяўся перакласці Святое Пісьмо на польскую мову. Ад напружанай працы Сымон Будны страціў зрок, і тады ён узмаліўся да Бога, каб вярнуць зрок на час перакладу Бібліі. І цуд адбыўся! Ягоны пераклад выйшаў у 1572 годзе, але ад свайго аўтарства Будны адмовіўся з-за рэдактарскіх правак. Ён быў выдатным філолагам, бо ў сваім перакладзе выкарыстоўваў, паводле яго прызнання “словы велікапольскія, мазавецкія, кракаўскія, падляшскія, сандамірскія і вельмі шмат рускіх”. Па сутнасці, гэта была спроба стварэння інтэрнацыянальнай мовы для ўсіх народаў Рэчы Паспалітай – своеасаблівае эсперанта.

І як дысідэнта, яго абвясцілі вар'ятам. Нібыта ён не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Калі перад смерцю яго прасілі звярнуцца да Бога, дык Будны нібыта адказаў: “Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста”. Ягоная магіла ў Вішневе, дзе ён памёр у доме свайго сябра пана Льва Малкона, з часам згубілася. І каб не ягоныя пісьмовыя творы, дык забылася б і само імя. Але жыў ён не дзеля асабістай славы, а дзеля пошуку ісціны, якую так і не знайшоў. Але не быў расчараваны, бо ісціна не ў ісціне... “Шчыра скажу: мне досыць і таго, што не закапаў свайго малога таленту, а прынёс карысць”, – лічыў Сымон Будны.

Аўтар публікацыі: Вітаўт Чаропка.

Крыніца: Звязда


Навіны

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Непаўторная перадваенная вясна фельчара Сашы Траянавай і студэнта Пятра Шапетовіча

19 Кра 2024

16 красавіка для вучняў 9-10 класаў ДУА “Сярэдняя школа № 53 г. Мінска” прайшоў новы бібліяграфічны ўрок “Непаўторная вясна 1940” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Студэнты МЛУ вывучалі рэсурсы і сэрвісы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

22 Кра 2024

16 красавіка ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва адбыліся трэнінг і прэзентацыя інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі для дзвюх зборных груп студэнтаў розных спецыяльнасцей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам