ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
“Адысея Саламеі Русецкай” – новы віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі
Заняткі “Узнікненне і развіццё пісьма”

Сяргей Пясецкі: “Зладзеі, якіх я апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы...”

Сяргей Пясецкі: “Зладзеі, якіх я апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы...”
Іншыя навіны

У продажы з’явілася кніга Сяргея Пясецкага “Гляну я ў аконца...” Гэта другі раман “Менскай трылогіі” знакамітага польска-беларускага пісьменніка, які пераклала Марыя Пушкіна, а выпусціла выдавецтва “Логвінаў”. Першы – “Яблычак” у перакладзе Віктара Шукеловіча – выйшаў там жа сёлетняй вясною.

Назву яму, як і “Яблычку”, дала папулярная сто год таму зладзейская песенька.

“Гляну я ў аконца, пагляджу я ў фортку –
Крочаць зладзеі ў расклёшаных портках...
Гальштукі модныя, выпрасаваныя,
Боцікі новыя, лакіраваныя...”

Гэта вострасюжэтны, інтрыгоўны і вясёлы твор пра Мінск пэрыяду ад ранняй вясны 1918-га да жніўня 1919 году. Тады горад часова апынуўся пад нямецкай акупацыяй, якая не перашкодзіла яму стаць месцам з шырокімі магчымасцямі для прафэсійных злачынцаў ды рознага кшталту прайдзісветаў. Сюды сцякаліся авантурысты з розных канцоў былой Расійскай імперыі. Пісьменнік малюе выразныя гарадскія пейзажы, напаўняе іх яскравымі дэталямі і каларытнымі персанажамі.

“Бондараўскі завулак цесны... Цесны, крывы, брудны. Малыя драўляныя дамкі ў пярэпалаху разбегліся ў розныя бакі, прыселі і заплюшчылі вочы. Толькі дзе-нідзе, праз шчыліны ў дзвярах ці аканіцах, праслізгваюць жоўтыя штылеты святла і, быццам у смале, вязнуць у начы... Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця Менска – Камароўкі. Апошняя як з гледзішча разьмяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя, групамі па некалькі або і дзясяткам з гакам чалавек. Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы... Бо і звярына ў іх незвычайная: пільнуюць яе зграі двухногіх дрэсіраваных сабак, закутых у сталь і закон... Сюды паляўнічыя вяртаюцца са здабычай. Або не вяртаюцца доўга, а часам і ніколі не вяртаюцца... Тут жывуць, гуляюць, пакутуюць і кахаюць, але ніколі не паміраюць. Можа, саромеюцца смерці”.

У адным з лірычных адступленняў пісьменнік тлумачыць, чаму героямі ягоных кніг сталі злачынцы. Апісвае ён іх, дарэчы, з заўважнай аўтарскай сімпатыяй.

“Прафесія злодзея асабліва цяжкая. Яна патрабуе ад сваіх адэптаў сапраўднай мужнасці, завостранага ўмення назіраць, хуткасці рашэнняў, вялікага прыроджанага розуму, фантазіі. Гэтых якасцей, якія ў нармальным жыцці ўласьцівыя здольнаму кіраўніку, дэтэктыву, адміністратару, вынаходніку і нават... пісьменніку (элементы фантазіі, талент назіральніка), ледзьве хопіць шараговаму прафесійнаму злодзею. Я ўпэўнены, што Чалавецтва губляе вельмі шмат, спіхваючы найбольш здольных, смелых і цікавых сваіх прадстаўнікоў на ўзбочча жыцця пад злачынны штандар. З-пад гэтага штандару амаль ніхто не вяртаецца. Тыя, хто там апынуўся, з цягам часу пачынаюць пагарджаць светам фраераў, а «шпагат» (інтэлігент) ім агідны як асоба баязлівая, слабахарактарная, з фальшывым сэрцам і фальшывым законам. Зладзеі, якіх я апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы – ейным прадуктам”.

Героі раману час ад часу апынаюцца ў мясцовай турме, якую Сяргей Пясэцкі характарызуе вельмі нечакана.

“Менская турма мела добрую рэпутацыю. Камеры былі светлыя, з вялікімі вокнамі. Былі легематы (асобныя нары, што апускаліся на ноч). Перапоўненасці не было. Турма была разлічаная на пяцьсот вязняў, і прыкладна столькі ўтрыманцаў у ёй і было”.

У адрозьненьне ад “Яблычка”, які напісаны даволі цнатліваю мовай, нават калі паказваюцца брутальныя сцэны з жыцця нецнатлівай публікі, гэты раман густа перасыпаны зладзейскім жаргонам.

“Змрок залівае Камароўку. Дождж сыпле і сыпле. Дзесь далёка неахвотна, нізкім басам адгукаецца сковэр... Без усялякай нагоды, для забавы. Можа, голас спрабуе або падбадзёрвае сябе. Бондараўскім завулкам шыбуе Ісай. Кумпалам ліхтары бʼе, нагамі па брудзе выпісвае, з парканамі вітаецца. Уся вуліца – ягоная. «Скокі» ў яго шэўровыя, гусарскія, гармонікам выбіраюцца ля долу халяваў. Шапка з лакіраваным брыльком па-заліхвацку заламаная набакір, а з-пад яе задзірыста, па-казацку, чубіцца кудзер валасоў. Пінжак расхрыстаны. Рукі – кулакамі, кулакі – у кішэнях. Шалік ззаду развіваецца, быццам пірацкі сцяг. Адразу бачна: керны хойрак плыве”.

Для несвядомых у падобнай лексіцы ў канцы кнігі дададзены слоўнік.

Але перад фіналам пісьменнік вуснамі аднаго з персанажаў нібы прадказвае лёс сваіх герояў.

“...Прыйдуць таварышы – новае жыццё пачнецца... Красці не трэба. Кожнаму дадуць працу. Усё адно, ці мае хто правы, ці не мае. Злодзей, не злодзей – да кожнага свая павага...”

Але гэта ўжо новая гісторыя. У трэцяй кнізе “Менскай трылогіі” “Ніхто дабром не дасць збавення...”

Сяргей Пясецкі (па-польску Sergiusz Piasecki) – адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання ў XX стагоддзі. Нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах у сямʼі беларускі і абруселага паляка. Падчас Кастрычніцкага перавароту ў лістападзе 1917 году апынуўся ў Маскве. А праз некалькі месяцаў вярнуўся на радзіму і далучыўся да беларускага антысавецкага руху “Зялёны Дуб”, а пазней да Літоўска-беларускай дывізіі польскага войска. Пасля вайны быў агентам польскай разведкі. Пазней учыніў некалькі цяжкіх злачынстваў і быў асуджаны на 15 гадоў зняволення.

Пясецкі стаў пісьменнікам выпадкова. Пачаў у турме з аўтабіяграфічнага раману. Ягоная турэмная проза прыцягнула ўвагу слыннага польскага пісьменніка і журналіста Мельхіёра Ваньковіча. Той заахвоціў яго працягваць пісьменніцкія намаганні і дапамог выдаць першую кніжку – “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”. Выданне і нечуваны поспех кніжкі сталіся для Пясецкага ключом, які адчыніў ягоную вязніцу.

Пісаў Пясецкі па-польску, але польская мова не была для яго роднай – роднымі мовамі былі беларуская і руская. Польскай мовай пісьменнік авалодаў ужо ў дарослым веку.

Памёр у 1964-м годзе ва Ўэльсе, Вялікая Брытанія. На ягоным надмагільным камені высечаная Вялікая Мядзведзіца.

Крыніца: Радыё Свабода


Навіны

Скот Кэрал: “Беларусь стала нам вельмі дарагой”

23 Кас 2019

На працягу тыдня знаходзіўся ў нашай краіне з візітам знаны навуковец з ЗША, кіраўнік “Групы даследавання рукапісаў”, гісторык і археолаг, доктар філасофіі Скот Кэрал. Летась ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі паспяхова прайшла міжнародная выстава “Беларусь і Біблія”, куратарам якой ён з’яўляўся.

Навіны бібліятэк

Святло зоркі, вернутае праз стагоддзе

22 Кас 2019

17 кастрычніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася лекцыя Ганны Севярынец “Крытык і сусвет. Адам Бабарэка, літаратура і літаратары”, адна з чатырох запланаваных да 120-годдзя таленавітага літаратуразнаўцы.

Аўтарскі погляд

14 Май 2008

Вялікі ўклад у развіццё літаратурнай бібліяграфіі краіны, распрацоўку яе методыкі, даследаванне жыцця і творчасці славутага беларускага паэта М. Багдановіча ўнесла выдатны бібліёграф, літаратуразнаўца, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Барысаўна Ватацы (14.05.1908 – 03.08.1997).

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

“Мінскае жыццё” на старонках газеты “Звон”

22 Кас 2019

У Беларусь польская інтэрвенцыя пачалася ў канцы лютага 1919 года. Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Польскай дзяржавы на чале з Юзэфам Пілсудскім разглядала Беларусь у якасці яе неад'емнай часткі. Ужо ў першай палове сакавіка 1919 г. польскімі войскамі былі захоплены гарады Брэст, Слонім, Ваўкавыск, Скідзель, Шчучын, Пінск. Праз месяц польскія войскі ўзнавілі наступленне. У ноч на 17 красавіка яны прарвалі Заходні фронт і захапілі Ліду і Баранавічы, а 21 красавіка – Вільню.

Праект “Сведкі эпохі: Беларусь на старонках газет 100-гадовай даўніны”

“Гадзіна музыкі” адкрывае новы сезон

21 Кас 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі ў рамках “Гадзіны музыкі” адкрываюць новы сезон інтэрактыўных лекцый “Беларуская музыка ў сусветнай мастацкай прасторы”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111