ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Экскурсія для байкераў
“Ніводная кніга ў Беларусі не выходзіла з такім мноствам дамоваў”. Інтэрв’ю з перакладчыцай “Гары Потэра”

Свята пісьменства. Размова з філакартыстам

Свята пісьменства. Размова з філакартыстам
Іншыя навіны

Кожнае свята пісьменства – гэта найперш падарожжа. Праз кіламетры, праз гады. Падарожжа да кніг – і да людзей. Нідзе не бывае столькі цікавых знаёмстваў, як на такіх святах.

Дарога разгортваецца далей і далей, працінае хваёвы лес. У палях па барознах важна ходзяць шэрыя чаплі ды падаюць з неба, мышкуючы, цёмныя ястрабкі. Белыя ветракі прыязна машуць крыламі. Слонім сярод зялёных палёў раскінуўся, як рассыпаныя кавалкі рафінаду, – белы.

На вуліцах шумна і тлумна, сонца пячэ. Сыходзяцца распараныя рыцары ў двубоях, у тэатральным дворыку сустрэліся ажно тры батлейкі. Леў Сапега, застылы ў метале, глядзіць па-над галовамі натоўпу, львіны гарадскі герб залаціцца пад сонцам. Цурчаць фантаны, цурчыць людская плынь. У паштовым дворыку – канверты з унікальнымі штампамі, толькі на сёння, толькі дзеля свята. Абрыўкі песень з усіх бакоў, успышкі апладысментаў з боку галоўнай сцэны.

А па гандлёвай плошчы прамінаеш – і вока чапляецца за гербы на картках: белы насцярожа лук Брэста, слонімскі леў. Побач з карткамі праходжваецца чалавек – усмешлівы, энергічны. Тлумачыць пакупнікам з юначым імпэтам, распавядае цікава і разумна.

Завуць яго Мікалай Малаткоў, яму 72 гады, ён філакартыст, і яшчэ падлеткам пачаў збіраць сваю калекцыю. А вось цяпер, атрымліваецца, не толькі збірае, але і сам стварае.

3_filakart.jpg

– У свяце беларускага пісьменства мы ўдзельнічаем упершыню. І да свята рыхтаваліся: прывезлі карткі, прысвечаныя Слоніму. Напрыклад, з гарадскім гербам. Зрабілі і камплект картак “Пісьменнікі Слонімскай зямлі”. Нам тут дужа дапамог слонімскі пісьменнік Сяргей Чыгрын: ён напісаў уступнае слова, прадаставіў фота, дапамог з укладаннем. Многія пытаюць: а чаму няма ў вас такога пісьменніка або такога? А мы, бачыце, наўмысна да гэтага свята выдалі якраз тых пісьменнікаў, якіх побач з намі болей няма – каб заставалася памяць пра іх, пра іх кнігі.

Першае мерапрыемтва рэспубліканскага ўзроўню ў нас было летась – мы ўдзельнічалі ў святкаванні 220-годдзя Адама Міцкевіча ў Завоссі. І там мы адзіныя з Беларусі гандлявалі тэматычнай прадукцыяй. Прадавалі і календары, і карткі, і кубачкі, і талерачкі, і магніты. І з відамі залаў, і з відамі прыроды, і з партрэтамі Міцкевіча. Адзін турыст з Польшчы прыйшоў, пабачыў гэта ўсё – і адразу дваццаць камплектаў набыў, адзін. Такі быў пачатак.

1_filakart.jpg

А цяпер нас запрашаюць, афіцыйна, на вялікія святы, як вось на Свята пісьменства. Хаця выдавецтва “Фенікс” не дзяржаўнае, прыватнае – Алена Хахол ім кіруе.

А пачалося так: неяк у Баранавічах я пабачыў аб’яву новага выдавецкага салона. Зацікавіўся, прыйшоў туды, так сказаць, у прыватным парадку – надрукаваць колькі картак для сябе. Мне вельмі падабаецца першы народны мастак Беларусі – Юдаль Пэн, таму я хацеў выдаць у такім выглядзе некалькі яго работ. А пасля дырэктар “Фенікса”, Алена, прапанавала супрацоўнічаць. Спытала: “А можа, ёсць у вас якія-небудзь яшчэ ідэі для картак?” А я ж карткамі цікаўлюся яшчэ са школьных гадоў, з восьмага класа.

Калекцыя ў мяне вялікая, больш за 100 тысяч картак. Па беларускай тэматыцы – каля 16 тысяч. Там, канечне, розныя: і мастацкія, і тэматычныя, скажам, прысвечаныя Белавежскай пушчы, Радзівілам. Ёсць яшчэ вельмі цікавы раздзел “Беларуская энцыклапедыя”. Увогуле, збіраю ўсё, што звязана з картамі, у тым ліку і публікацыі. Таму, канечне, вырашыў паспрабаваць. І так, ведаеце, гуляючы. Пазней мы выйшлі на рэспубліканскую краму “Філатэлія”, тады – на “Белкнігу” і “Акадэмкнігу”. Цяпер супрацоўнічаем з усімі гэтымі крамамі. Нашыя карткі можна набыць, скажам, у “Цэнтральнай” кнігарні або ў кніжнай краме “Светач” у Мінску. Канечне, прадаюцца ўсе гэтыя карткі і ў крамах Баранавіцкага раёна.

2_filakart.jpg

А яшчэ мы супрацоўнічаем з музеем-сядзібай Адама Міцкевіча ў Завоссі. Ужо цэлы год яны прадаюць нашу прадукцыю, і па іх просьбе мы нават пераклалі распрацаваны набор картак на польскую мову. Каб турысты з Польшчы набывалі. Літаральна сёння пазнаёміліся з дырэктарам краязнаўчага музея Навагрудка, плануем друкаваць заказы для іх. На чарзе – Навагрудскі музей Адама Міцкевіча, хочам і з імі супрацоўнічаць.

На сёння ў нас працуе чатыры праекты. Першы з іх – “Геральдыка Беларусі”. Тут выдадзена 16 сюжэтаў, плануем выдаць усе 200 гарадоў. На такіх картках змешчаны герб населенага пункта, а з адваротнага боку – тлумачэнне геральдычных сімвалаў.

Другі праект – “Беларусь у аб’ектыве”, тут фота. І тэматыка самая розная, розныя гарады, усялякія цікавосткі.

Трэці – рэтра-карткі. У мяне багатая калекцыя, і з яе я даю рарытэтны матэрыял, які можна перадрукаваць (з указаннем даты арыгінальнага выхаду і аўтарства, канечне).

Чацвёрты ж наш праект, звязаны з Беларуссю, мы толькі-толькі пачалі. Ён называецца “Святыні Беларусі”. Гэта выявы касцёлаў, цэркваў, сінагогаў, увогуле, розных беларускіх храмаў.

У планах на будучыню ёсць і праект “Выдатныя людзі Беларусі”. Пачынаць будзем са сваёй, Брэсцкай вобласці, і цяпер рыхтуем набор, прысвечаны асобе Валянціна Таўлая (ён жа наш зямляк, ураджэнец Баранавічаў). Хочам у такім наборы змясціць 10-12 картак.

Ідэй, адным словам, шмат. Пра ўсё адразу, напэўна, і не раскажаш.

Аўтар: Маргарыта Латышкевіч.

Крыніца: Маладосць


Навіны

Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні

17 Кас 2019

16 кастрычніка ў бібліятэцы ў рамках працы VI Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбылося штогадовае пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Знаёмства будучых бібліятэкараў са спадчынай Яўгена Хлябцэвіча

17 Кас 2019

У рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў 15 і 16 кастрычніка адбылося сумеснае мерапрыемства.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Імпрэза “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры

16 Кас 2019

15 кастрычніка адбылося мерапрыемства “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў”, прымеркаванае да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Бабарэкі (14.10.1899–10.10.1938).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ААН для міру і развіцця

17 Кас 2019

З 17 кастрычніка па 19 лістапада ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “ААН для міру і развіцця”, прысвечаная Дню Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кніжныя выстаўкі

111